КУ́РЭССААРЭ (Kuressaare),

горад у Эстоніі, на Пд в-ва Саарэмаа. Каля 16 тыс. ж. (1995). Знаходзіцца на беразе Рыжскага зал., за 5 км ад порта Роамассаарэ. Прам-сць: мясная, малочная, лясная, дрэваапрацоўчая. Краязнаўчы музей. Замак (14—15 ст.), ратуша (17 ст.), царква св. Мікалая (18 ст.). Гразевы і кліматычны курорт.

Вядомы з 12 ст. пад назвай Арэнсбург (да 1917). Насялялі эсты-мараплаўцы. Пасля захопу датчанамі кароль Вальдэмар II у 1205 пабудаваў тут драўляны горад, які хутка згарэў У 1221 адбудаваны, засн. епіскапства. У 1334 рыжскі епіскап пабудаваў у К. каменную крэпасць, рэзідэнцыю лівонскіх епіскапаў. З 1561 уладанне Даніі, з 1645 — Швецыі. У 1563 атрымаў гар. правы. У Паўн. вайну 1700—21 заняты (1710) войскам Пятра I, у 1721 далучаны да Расіі, пав. горад Ліфляндскай губ. Да 1836 важная крэпасць Расіі на Балтыйскім м Вядомы курорт (у 1840 адкрыта гразелячэбніца). З 1919 у складзе Эстоніі. У 1941—44 акупіраваны ням.-фаш. войскамі. У 1952—88 наз. Кінгісеп.

т. 9, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЗА́НА (Lausanne),

горад на ПдЗ Швейцарыі. Адм. ц. кантона Во. 123 тыс. ж., з прыгарадамі больш за 250 тыс. ж. (1992). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на Жэнеўскім возеры. Прам-сць: маш.-буд., металаапр., паліграф., швейная, харчасмакавая, у т. л. тытунёвая, вінаробчая. Ун-т. Штаб-кватэра Міжнар. Алімпійскага к-та. Музеі: алімпійскі, выяўл. мастацтваў, археалогіі і гісторыі, дэкар. мастацтваў і інш. Арх. помнікі 12—18 ст. Шматлікія масты і фунікулёры. Турызм. Курорт.

У старажытнасці паселішча, якое рымляне наз. Лаўзоніум. З 590 цэнтр епіскапства (улада належала сеньёру-епіскапу), якое ў 1536 скасавана ў выніку Рэфармацыі. У 13—14 ст. горад залежаў ад Савойскага графства, у 1536—1798 — ад Берна. У 1537 засн. пратэстанцкая акадэмія (з 1891 ун-т). У 1798 сталіца Леманскай рэспублікі. З 1803 у складзе Швейцарыі, сталіца кантона Во (Ваат). У Л. знаходзіцца федэральны трыбунал (з 1874), праводзяцца шматлікія міжнар. канферэнцыі, у т. л. Лазанская канферэнцыя 1922—23. Сусветна вядомы курорт.

т. 9, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАКУРЫЯ́НІ,

горнакліматычны курорт у Грузіі. Непадалёку ад курорта Баржомі, на Бакурыянскім плато на выш. 1700 м. Умераны клімат, сонечнае лета, мяккая зіма з вял. колькасцю сонечных дзён і ўстойлівым снегавым покрывам (снежань—красавік), хвойная расліннасць спрыяюць лячэнню бранхіяльнай астмы і інш. хвароб органаў дыхання, аздараўленчаму і прафілактычнаму адпачынку. Санаторыі, пансіянаты, турбазы, гасцініца. Батанічны сад, горнае возера. Цэнтр гарналыжнага спорту.

т. 2, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЛАТАНФЮРЭД (Balatonfüred),

бальнеакліматычны курорт у Венгрыі. На ПдЗ ад Будапешта, у зоне воз. Балатан. Развіваецца з 18 ст. Лечаць сардэчна-сасудзістыя хваробы, парушэнні абмену рэчываў. Клімат умерана кантынентальны з мяккай зімой, цёплым летам, вял. колькасцю сонечных дзён. Крыніцы мінер. водаў на пітное лячэнне, гразелячэнне. Санаторыі, дамы адпачынку, гасцініцы. Шмат арх. помнікаў, помнікі прыроды. Цэнтр воднага спорту і турызму.

т. 2, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТЭ́НДЭ (Ostende),

горад на ПнЗ Бельгіі, у правінцыі Зах. Фландрыя. 69 тыс. ж. (1993). Трансп. вузел — канцавы пункт трансеўрапейскіх аўтадарог і чыг. магістраляў; важны порт на Паўночным м. (паромам звязаны з г. Дуўр, Вялікабрытанія). База рыбалавецкага флоту. Суднабудаванне і суднарамонт, хім., харч. прам-сць. Вытв-сць сетак і канатаў. Развядзенне вустрыц. Музеі. Буйны прыморскі кліматычны і бальнеалагічны курорт краіны.

т. 2, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГУАСКАЛЬЕ́НТЭС (Aguascalientes),

горад у Цэнтр. Мексіцы. Адм. ц. штата Агуаскальентэс. Размяшчаецца на плато на выш. каля 2 тыс. м над узр. м. Засн. ў 1575. 506 тыс. ж. (1990). Чыг. вузел. Шарсцяная, баваўняная, харч. (мукамольная, плодакансервавая і інш.), тытунёвая, вінаробчая, нафтаперапр. прам-сць. Вытв-сць керамікі. Ун-т. Арх. помнікі 18 ст. Каля Агуаскальентэса бальнеалагічны курорт.

т. 1, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫ́Б (Antibes),

кліматычны курорт у Францыі. На У ад Канаў, на ўзбярэжжы Міжземнага мора, каля падножжа Прыморскіх Альпаў. Развіваецца з пач. 20 ст. Субтрапічны клімат з гарачым сухім летам і мяккай вільготнай зімой, хваёвыя лясы, пясчаны пляж спрыяльныя для адпачынку і лячэння агульнасаматычных хвароб. Буйны цэнтр маст. керамікі, кветкаводства і міжнар. турызму. Музеі, бат. сад, цэнтр зімовага спорту.

т. 1, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРО́ЗАЎСКІЯ МІНЕРА́ЛЬНЫЯ ВО́ДЫ,

бальнеалагічны курорт на Украіне. За 25 км на З ад г. Харкаў. Клімат умерана кантынентальны, з мяккай зімой, цёплым, сухім летам, вял. колькасцю сонечных дзён. Крамяністыя гідракарбанатныя кальцыева-натрыева-магніевыя воды (мінералізацыя 0,76 г/л), вядомыя з 1862, выкарыстоўваюць на пітное лячэнне хвароб страўніка, кішэчніка, печані і жоўцевых шляхоў, мачавых шляхоў, парушэнняў абмену рэчываў.

т. 3, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАНАДЗО́Р (да 1935 Каракліс, да 1993 Кіравакан),

горад у Арменіі. Засн. ў 1826. 173 тыс. ж. (1995). Чыг. станцыя. Хім. (хім. валокны), машынабуд. (станкі, электратэхн. вырабы і інш.), харч., лёгкая (тэкст., трыкат., швейная, прадзільная), мэблевая прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў. Пед. ін-т. Т-р. Краязнаўчы музей. Горнакліматычны курорт. Моцна пацярпеў ад землетрасення ў снеж. 1988.

т. 3, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІЯ ЛЁТЦЫ,

вёска ў Віцебскім р-не, на аўтадарозе Віцебск—Полацк. Цэнтр Лятчанскага с/с. За 14 км на З ад г. Віцебск, 2 км ад чыг. ст. Лётцы. 524 ж., 163 двары (1996). Сярэдняя школа і школа-інтэрнат, б-ка, аддз. сувязі. За 3 км ад вёскі кліматычна-бальнеагразевы курорт «Лётцы» на базе Ляшчанскага радовішча мінер. вод.

т. 4, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)