Рэспубліка Джыбуці (Republique de Djibouti), дзяржава на ПнУ Афрыкі. Мяжуе на Пн з Эрытрэяй, на З і Пд з Эфіопіяй, на ПдУ з Самалі. На У абмываецца Баб-эль-Мандэбскім пралівам і Адэнскім зал. Індыйскага ак. Падзяляецца на 5 акруг. Пл. 22 тыс.км². Нас. 557 тыс.чал. (1993). Сталіца — г.Джыбуці. Афіц. мова — арабская і французская.
Нац. свята — Дзень незалежнасці (27 чэрв).
Дзяржаўны лад. Дж. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1992. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 6 гадоў. Вышэйшы прадстаўнічы орган — аднапалатны Нац. сход (65 дэпутатаў), выбіраецца насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Для рэльефу характэрна чаргаванне горных масіваў з патухлымі вулканамі і нізкіх лававых плато. Цэнтр.ч. краіны займаюць камяністыя, пясчаныя або гліністыя раўніны. На ПнУ адгор’і хр. Данакіль (г. Муса-Алі, 2022 м). У глыбокай тэктанічнай упадзіне воз. Асаль (на 153 м ніжэй узр. м.). Клімат трапічны, сухі і гарачы. Сярэднямесячныя т-ры 27—35 °C. Ападкаў 45—130 мм за год. Пастаянных рэк няма. Расліннасць пустынная і паўпустынная. Нац. паркі Дай, Маскалі-Мусша, некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва Рэспубліку насяляюць 2 народы, якія размаўляюць на мовах кушыцкай групы семіта-хаміцкай сям’і: іса (блізкія да самалійцаў, 50%) і афары (40%). Жывуць таксама самалійцы, арабы, выхадцы з Еўропы (французы, грэкі, італьянцы) і інш. 94% вернікаў мусульмане. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 25,3 чал. на 1 км². 82% яго пражывае ў гарадах і пасёлках на ўзбярэжжы і на ПдУ, у т. л. больш за палавіну ў г. Джыбуці. Ва ўнутр. раёнах пераважаюць качэўнікі і паўкачэўнікі.
Гісторыя. У 1880-я г.тэр. п-ва Самалі падзелена паміж Англіяй і Францыяй. Калонія Франц. Самалі ў 1946 атрымала статус «заморскай тэр. Францыі», у 1956 — частковую аўтаномію. У ходзе рэферэндуму 1967 большасць насельніцтва выказалася за аўтаномію ў рамках Франц. Рэспублікі і краіна з чэрв. 1967 стала афіцыйна наз.Франц.тэр. афараў і іса. У 1970-я г. ў краіне і за мяжой узнік моцны незалежніцкі рух сярод іса, дыскрымінаваных французамі на карысць афараў. У 1972 створана Афр.нар. ліга (з 1975 Афр.нар. ліга за незалежнасць). У эміграцыі дзейнічалі вызв. партыі, у т. л. тыя, што выступалі за аб’яднанне з Самалі ці Эфіопіяй.
8.5.1977 абвешчана незалежная дзяржава пад назвай Рэспубліка Джыбуці; ролю канстытуцыі ў краіне выконвалі «арганічныя законы». Унутрыпаліт. напружанасць у 1990—92 выклікала сутыкненні кланава-племянных інтарэсаў афараў і іса. Афарская апазіцыя стварыла Фронт за аднаўленне адзінства і дэмакратыі, разгарнула антыўрадавыя ўзбр. выступленні. У чэрв. 1992 гэты Фронт разам з інш. апазіцыйнымі партыямі і рухамі, у т. л. і прадстаўнікамі інтарэсаў іса, утварылі Аб’яднаны фронт апазіцыі. 4.9.1992 на рэферэндуме ўпершыню прынята канстытуцыя. У маі 1993 прэзідэнтам краіны выбраны Х.Гулед Апцідон. Дж. — чл.ААН з 1977. Паліт. партыі — Нар. аб’яднанне за прагрэс (правячая), Партыя дэмакр. абнаўлення, Нац.-дэмакр. партыя.
Гаспадарка. Дж. — адна з найменш развітых краін свету. Штогадовы даход на душу насельніцтва каля 300 долараў. Гасп. дзейнасць абмежавана неспрыяльнымі прыроднымі ўмовамі. Доля ў валавым унутр. прадукце: транспарту і сферы паслуг — каля 85%, прам-сці — каля 10%, сельскай гаспадаркі — каля 4%. Найб. развіта абслугоўванне трансп. аперацый праз порт Джыбуці, дзе канчаецца чыгунка і аўтадарога, якія злучаюць Эфіопію з узбярэжжам. 3/4 грузаабароту порта — транзітныя грузы, праз яго праходзіць каля палавіны знешняга гандлю Эфіопіі. Даўж. чыгункі 106 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 283 км. Каля г. Джыбуці міжнар. аэрапорт. Прам-сць прадстаўлена невял. паўсаматужнымі прадпрыемствамі па вытв-сці харч. прадуктаў, скураных вырабаў, буд. матэрыялаў, мех. і швейнымі майстэрнямі. Ёсць некалькі невял. электрастанцый, з-дмінер. вод, малаказавод, камбікормавы з-д, тэкст. прадпрыемствы. Суднарамонт і буд-ва невял. суднаў. Лоўля рыбы і крабаў, збор жэмчугу і перламутру, каралаў, губак. Здабыча кухоннай солі з марской вады, вапняку, перліту. Саматужныя промыслы: ювелірны (вырабы з серабра, упрыгожаныя жэмчугам, перламутрам, караламі), гарбарны (вырабы з ціснёнай скуры — сёдлы, збруя, бурдзюкі і інш.). Гал. крыніца існавання сельскага насельніцтва — качавая і паўкачавая жывёлагадоўля. Пагалоўе (тыс.гал.): авечак і коз каля 1000, вярблюдаў каля 40, буйн. раг. жывёлы каля 50. Пад пашай каля 12% тэрыторыі. Выкарыстоўваюцца таксама сезонныя пашы па-за межамі краіны, пераважна ў Эфіопіі. Для земляробства прыдатныя толькі 7 тыс.га зямель у аазісах. Вырошчваюць фінікавую пальму, каву, агародніну. Дж. экспартуе жывёлу і скуры, імпартуе харч. і прамысл. тавары. Імпарт перавышае экспарт у 10 разоў. Асн.гандл. партнёры: Францыя (57% экспарту, 26% імпарту), Йемен, Саудаўская Аравія. Краіна атрымлівае штогадовую дапамогу ад міжнар. арг-цый і Францыі. Грашовая адзінка — джыбуційскі франк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТО́ЎСКА-БЕЛАРУ́СКАЯ САВЕ́ЦКАЯ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ РЭСПУ́БЛІКА (Літоўска-Беларуская ССР, Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Літвы і Беларусі, Літбел). Існавала ў гады грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі 1918—20. Утворана ў адпаведнасці з рэкамендацыямі ЦК РКП(б) у лют. 1919 шляхам аб’яднання БССР і Літ. ССР (рэзалюцыі аб аб’яднанні зацверджаны рашэннямі I Усебел. з’езда Саветаў і з’езда Саветаў Літвы). Вырашальную ролю ў справе ўтварэння рэспублікі адыграла падрыхтоўка Польшчы да вайны з Сав. Расіяй. 27.2.1919 на сумесным пасяджэнні ЦВК рэспублік створаны ўрад (СНК) Літбела на чале з В.С.Міцкявічусам-Капсукасам і агульны ЦВК на чале з К.Г.Цыхоўскім. 28.2.1919 зацверджаны афіц. назва («Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Літвы і Беларусі») і сімволіка рэспублікі. У склад Літбела ўвайшлі тэр. Віленскай, Мінскай, часткі Ковенскай і Гродзенскай губ. На тэр. Мінскай губ. і Вілейскага пав. Віленскай губ. дзейнічаў Мінскі губернскі ваенна-рэвалюцыйны камітэт. Плошча Літбела складала каля 207 тыс.км², насельніцтва — каля 4 млн.чал.Адм. цэнтр — г. Вільня (цяпер Вільнюс). Вядучай партыяй у рэспубліцы была Камуністычная партыя (бальшавікоў) Літвы і Беларусі [КП(б)ЛіБ, утворана ў сак. 1919]. Дазвалялася дзейнасць партый, якія прадстаўлялі яўр. насельніцтва (Бунд, Паалей Цыён, Яўр.камуніст. саюз) і польск. камуніст. групы. Дзейнасць інш. партый забаранялася. Рэсп. органамі ўлады былі прыняты інструкцыі аб валасных, гар. і пав. Саветах, дэкрэты пра арганізацыю сав. міліцыі і суда, раўнапраўе ўсіх мясц. моў, ураўнаванне жанчын у правах з мужчынамі, скасаванне саслоўяў і тытулаў. У пач.крас. 1919 царква была аддзелена ад дзяржавы. Да мая 1919 Прэзідыум ЦВКЛіт.-Бел. ССР распрацаваў праект рэсп.Канстытуцыі (моцы не набыў). Зямельны фонд, лясы, нетры, воды, сродкі зносін і банкі абвяшчаліся агульнадзярж. уласнасцю. 16.2.1919 СНКБССР выдаў пастанову аб нацыяналізацыі прамысл. прадпрыемстваў. Прамысл. і харч. тавары размяркоўваліся па картачнай сістэме і ў выглядзе пайка. Збор прадуктаў праводзіўся шляхам прымусовай харчразвёрсткі. Урад Літбела імкнуўся да стварэння саўгасаў, камун і сельгасарцелей на базе былых памешчыцкіх маёнткаў. 11.4.1919 уведзена ўсеагульная працоўная павіннасць. У галіне культуры і адукацыі ўрад Літбела выдаў дэкрэты аб абавязковым бясплатным навучанні дзяцей і моладзі ва ўзросце ад 7 да 18 гадоў (24.3.1919), адкрыцці нар. ун-та ў Вільні (10.3.1919), стварэнні гіст.-этнагр. музея (25.3.1919) і музея прыкладнога мастацтва (26.3.1919) у Вільні. Выдавалася 6 газет (2 на рус., па адной на літ., бел., польск. і яўр. мовах). 28.2.1919 ЦВК Літбела прыняў дэкларацыю аб знешняй палітыцы, у якой прапанаваў усім народам і іх урадам прызнаць Літ.-Бел. ССР, дэклараваў гатоўнасць «вырашыць усе спрэчныя пытанні палюбоўна і міралюбіва». У сувязі з польск. інтэрвенцыяй шмат увагі аддавалася мерапрыемствам у ваен. галіне. Ва ўмовах актывізацыі баявых дзеянняў на Зах. фронце 13.3.1919 Зах. армія перайменавана ў Беларуска-літоўскую армію. 8.4.1919 ЦВК Літбела абвясціў у рэспубліцы ваен. становішча. 19.4.1919 створаны Савет абароны Літвы і Беларусі, які валодаў усёй паўнатой ваен. і дзярж. улады (старшыня Міцкявічус-Капсукас). 12.4.1919 органы ўлады Літбела пераехалі ў Дзвінск (цяпер Даўгаўпілс), 28.4.1919 — у Мінск, 19.5.1919 — у Бабруйск. 2.5.1919 Савет абароны абвясціў усеагульную мабілізацыю ва ўзбр. сілы Літбела, 31.5.1919 падтрымаў прапанову ЦК РКП(б) аб стварэнні ваен. саюза паміж сав. рэспублікамі. 21.6.1919 ЦВК Літбела адобрыў дагавор аб ваенна-паліт. саюзе сав. рэспублік. У крас.—вер. 1919 значная частка Літбела (у т. л. Вільня і Мінск) акупіравана польск. войскамі. 14.7.1919 ЦК РКП(б) вырашыў ліквідаваць СНК і Савет абароны Літбела, але захаваць рэсп.ЦВК. 17.7.1919 Савет абароны ліквідаваны, наркаматы Літбела перайменаваны ў аддзелы Мінскага губ.ВРК. У вер. 1919 ЦК КП(б)ЛіБ і Мінскі губ.ВРК пераведзены ў Смаленск. Пасля падпісання мірнага дагавора паміж РСФСР і Літвой (12.7.1920) і абвяшчэння незалежнасці БССР (31.7.1920) Літбел юрыдычна спыніла існаванне.
Кр.: Борьба за Советскую власть в Литве в 1918—1920 гг.: Сб. док. Вильнюс, 1967; Борьба за Советскую власть в Белоруссии, 1918—1920 гг.: Сб. док. и материалов. Т. 1—2. Мн., 1968—71; Идеологическая деятельность Компартии Белоруссии, 1918—1945: [Сб. док.]. Ч. 1. Ми., 1990; Знешняя палітыка Беларусі: Зб. дак. і матэрыялаў Т. 1. Мн., 1997.
Літ.:
Шкляр Е.Н. Борьба трудящихся Литовско-Белорусской ССР с иностранными интервентами и внутренней контрреволюцией (1919—1920 гг.). Мн., 1962;
Великий Октябрь в судьбах белорусского и литовского народов: (Материалы межресп. науч. конф., посвящ. 60-летию образования Литовско-Белорусской ССР): Мн., 1981;
Селиванов П.А. Укрепление тыла Красной Армии: Деятельность Советов и ревкомов Белоруссии (1918—1920 гг.). Мн., 1987;
Платонов Р., Сташкевич Н. К вопросу о становлении белорусской национальной государственности // Октябрь 1917 и судьбы политической оппозиции. Гомель, 1993. Ч. 2;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 2. Мн., 1995;
Гісторыя Беларусі. Ч. 2. Мн., 1998;
Круталевич В.А. История Беларуси: Становление национальной державности (1917—1922 гг.). Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБХА́ЗІЯ, Абхазская Аўтаномная Рэспубліка. Размешчана ў паўн.-зах.ч. Закаўказзя, на Чарнаморскім узбярэжжы Каўказа. Пл. 8,6 тыс.км². Нас. 533,8 тыс.чал. (1991), гарадскога 48%. Нац. склад у 1989: грузіны (25%), абхазы (18%), армяне (15%), рускія (14%), грэкі, украінцы і інш. Сярэдняя шчыльн. 61 чал. на 1 км², найб. 150—200 чал. на нізінах і ў перадгор’ях (93% усяго насельніцтва). Сталіца — г.Сухумі, найб. гарады Ткварчэлі, Гагра, Ачамчыра, Гудаута, Галі.
Прырода. Большая ч.тэр. на паўд. схілах Галоўнага, ці Водападзельнага, хрыбта (найвыш. пункт г. Дамбай-Ульген, 4046 м), які акаймоўвае Абхазію з Пн. Найбуйнейшыя адгор’і: Гараўскі, Бзыбскі, Абхазскі, Кадорскі хрыбты. Пашыраны карставыя з’явы, шмат пячор (найб. і найдаўжэйшая Новаафонская). На ПдУ Калхідская нізіна. Радовішчы каменнага вугалю (Ткварчэлі), поліметал. руд, ртуці (Авадхарскае), барыту (Піцыкварскае, Апшрынскае); выхады мінер. крыніц (Ткварчэлі, Рыца, Авадхара і інш.). Клімат на нізінах і ў перадгор’ях субтрапічны, вільготны, у гарах умерана цёплы і халодны, снегавое покрыва ляжыць 2—3 месяцы. Сярэдняя т-растудз. на ўзбярэжжы 4—7 °C, у гарах ад 2 да -2 °C, ліп. адпаведна 22—24 °C і 16—18 °C. Сярэднегадавая колькасць ападкаў на нізіне і ў перадгор’ях 1300—1500, у гарах да 2000—2400 мм за год. Безмарозны перыяд у прыморскай паласе 250—300 дзён. Найб. значныя рэкі — Кадоры, Бзыб, Келасуры, Гуміста — шматводныя, багатыя гідраэнергіяй; пераважае дажджавое і снегавое жыўленне. На выш. 882 мвоз. Рыца. Глебы на нізінах балотныя, у перадгор’ях падзолістыя, чырвана- і жаўтазёмныя. Пад лесам больш за 55%. На нізінах і ў цяснінах невял. масівы шыракалістых лясоў (граб, дуб, каштан і інш.), у перадгор’ях букавыя, у верхняй ч. гор піхтавыя лясы, вышэй за 2000 м субтрапічнае крывалессе, альпійскія лугі. На мысе Піцунда захаваўся гай рэліктавай хвоі. На ўзбярэжжы субтрапічная расліннасць (пальмы, магноліі, кіпарысы, эўкаліпты). У лясах трапляюцца высакародны алень, казуля, кабан, рысь, на нізінах — шакал. Запаведнікі: Гумісцінскі, Піцундскі, Псхускі, Рыцынскі.
Гісторыя. Найб.стараж. паселішчы чалавека на тэр. Абхазіі адносяцца да эпохі палеаліту і неаліту. Продкі абхазаў належалі да абарыгенаў Зах. Каўказа. У асірыйскіх надпісах яны ўпамінаюцца як абышлы, у антычных крыніцах — як абазгы (на Пн) і апсілы (на Пд). З сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. Абхазія ўваходзіла ў Калхідскае царства, у 6—5 ст. да н.э. на яе марскім узбярэжжы ўзніклі грэч. калоніі Дыяскурыяда, Пітыунт і інш. У 1 ст.н. э. тут утварыліся раннефеад. княствы, залежныя ад Рыма. З 4 ст.тэр. Абхазіі ў складзе царства Лазіка. У 6 ст. пад уплывам Візантыі тут афіцыйна прынята хрысціянства. У перыяд Абхазскага царства ў 8—10 ст. завяршылася аб’яднанне стараж.абх. плямёнаў у адзіную народнасць. З 975 Абхазія ў складзе аб’яднанай Грузіі, на мяжы 16—17 ст. самастойнае княства, у 17—18 ст. пад уладай Турцыі, ч. насельніцтва перайшла ў мусульманства (канфесійная неаднароднасць захавалася і цяпер). Супраць тур. панавання абхазы паўставалі ў 1725, 1728, 1733, 1771, 1806. Пасля далучэння ў 1810 да Рас. імперыі ў Абхазіі захоўвалася ўнутр. самакіраванне. Пасля Каўказскай вайны 1817—64 княжацкая ўлада ліквідавана, на тэр. Абхазіі ўтвораны Сухумскі ваенны аддзел, пазней — ваенная акруга. Частка абх. насельніцтва перасялілася ў Турцыю і на Б. Усход. У 1866 аўтахтоннае насельніцтва на тэр. Абхазіі складала больш за 85%, у 1876 — 55,3%, затое доля груз. насельніцтва вырасла больш як у 4 разы — 24,4%. 10.3.1917 у Абхазіі створаны К-т грамадскай бяспекі — орган часовага кіравання, у ліст. — Нар. Савет. У чэрв. 1918 Абхазію занялі груз. войскі, матывуючы гэта барацьбой супраць бальшавізму. Пасля ўстанаўлення ў лютым 1921 сав. улады ў сак. Абхазія абвешчана сав.сацыяліст. рэспублікай. 16.12.1921 яна на дагаворнай аснове ўвайшла ў Груз. ССР, а ў снеж. 1922 як састаўная яе частка ў складзе ЗСФСР увайшла ў СССР. 1.4.1925 прынята 1-я Канстытуцыя Абхазіі. З лют. 1931 Абхазія — аўт. рэспубліка ў складзе Груз. ССР. За гады сав. улады доля тытульнага насельніцтва рэспублікі працягвала зніжацца, што вяло да напружання ў груз.-абх. адносінах; мелі месца антыгруз. масавыя хваляванні (1964, 1967, 1978, 1989). Найб. вастрыні гэтыя супярэчнасці дасягнулі ў 1992, калі Вярх. Савет Грузіі прыняў рашэнне аб вяртанні да КанстытуцыіГруз.Дэмакр. Рэспублікі 1921, у якой Абхазія як суб’ект дзярж. прававых адносін не згадваецца. У адказ Вярх. Савет Абхазіі пастанавіў вярнуцца да Канстытуцыі рэспублікі 1925, якая абумоўлівала дагаворныя адносіны паміж Абхазіяй і Грузіяй. Летам 1992 разгарэўся ўзбр.грузіна-абхазскі канфлікт 1992—94. У канцы 1993 пачаліся груз.-абх. перагаворы пад эгідай ААН. 4.4.1994 груз. і абх. дэлегацыі падпісалі ў Маскве пагадненні аб мерах па паліт. урэгуляванні. У зону груз.абх. канфлікту ўведзены міратворчыя сілы Расіі. 26.11.1994 Вярх. Савет абвясціў дзярж. незалежнасць рэспублікі, прыняў новую Канстытуцыю і абраў першага прэзідэнта — У.Ардзынбу.
Гаспадарка. Абхазія — раён вырошчвання субтрапічных цытрусавых культур, тытуню, чаяводства. Прамысловасць звязана пераважна з перапрацоўкай с.-г. сыравіны (60% ад агульнай вытв-сці прамысл. прадукцыі); чайная, тытунёвая, вінаробная, рыбная, кансервавая прам-сць. Прадпрыемствы машынабуд., металаапр., абутковай, швейнай, дрэваапр. прам-сці. Сухумская ГЭС і Ткварчэльская ДРЭС. Важныя галіны сельскай гаспадаркі — тытуняводства (жоўты тытунь «Самсун»), чаяводства, вырошчванне цытрусавых, тунгу, эфіраалейных. Развіты вінаградарства і пладаводства. Жывёлагадоўля пераважна малочнага і мяса-малочнага кірунку. Вялікае эканам. значэнне мае курортная гаспадарка і турызм. Курорты — Гагра, Піцунда, Новы Афон, Гудаута, Сухумі, Гульрыпш. Сухумі — адзін з буйнейшых партоў Закаўказзя. Па прыморскай паласе праходзіць чыг. Туапсэ—Сухумі—Самтрэдыя і аўтадарога Новарасійск—Сухумі—Батумі.
Культура. У 1988 у Абхазіі больш за 210 дашкольных устаноў (16,7 тыс. дзяцей), 319 агульнаадук. школ (84,6 тыс. вучняў); 7 сярэдніх спец.навуч. устаноў (2,1 тыс. навучэнцаў), 2 ВНУ (Абхазскі ун-т і ін-т субтрапічнай гаспадаркі), сухумскі ф-тГруз.тэхнал. ун-та (усяго 7,7 тыс. студэнтаў); 391 б-ка з кніжным фондам 4,3 млн.экз. Абхазскі дзярж. музей, Музей абхазскай зброі, Музей-выстаўка ў Піцундзе. Навук. даследаванні вядуцца ў Ін-це эксперым. паталогіі і тэрапіі, Абхазскім філіяле НДІ курарталогіі і фізіятэрапіі, НДІ турызму, Сухумскім бат. садзе.
Радыё і тэлебачанне вядуць перадачы на абх., груз. і рус. мовах. Рэтрансліруюцца радыё- і тэлепраграмы з Тбілісі, Сочы, Масквы.
Вытокі абх. літаратуры ў нар. творчасці, у багатым фальклоры, які ўключае шматлікія жанры — ад гераічных эпічных паданняў пра волатаў-нартаў і багаборца Абрскіла (эпас «Абрскіл» запісаны ў 19 ст.) да лірычных песень і мудрых афарызмаў. Першую спробу скласці абх. алфавіт на рус. графічнай аснове зрабіў у 1862 рас. мовазнавец П.К.Услар. Першы буквар выд. ў 1865. Заснавальнік маст. л-ры Дз.Гулія. Пад яго рэдакцыяй выходзіла першая абх.газ. «Апсны» («Абхазія», 1919—20). Першую абх. драму («Махаджыры», 1920) напісаў С.Чанба. Вядомасць набыла творчасць паэтаў І.Кагонія, Л.Квіцынія, К.Агумаа, Б.Шынкубы, Ш.Цвіжбы, А.Ласурыя і інш. У 1930-я г. пачала фарміравацца проза: раманы І.Папаскіры і Гулія, аповесці Чанбы, У.Агрбы, Цвіжбы, апавяд. М.Хашбы. У пасляваеннай прозе вызначаюцца раманы І.Папаскіры «Шлях Хімур», «Каля падножжа Эрцаху», «Жаночая годнасць», аповесці Агумаа, М.Хашбы, П.Чкадуа, М.Папаскіры, А.Гогуа, вершы, паэмы, апавяданні Квіцынія, Л.Лабахуа, Агумаа, Д.Дарсалія, С.Кучберыя, П.Чкадуа, раманы ў вершах «Мае землякі» і «Песня пра скалу» Шынкубы, творы І.Тарбы, М.Лакербая, А.Ласурыя, А.Джонуа, К.Ломія, К.Чачхалія, Г.Гублія, У.Анквабы. Уклад у абх. л-ру зрабілі Н.Тарба, Гогуа, Ш.Чкадуа, Д.Ахуба і інш. У дзіцячай л-ры плённыя набыткі ў Д.Тапагуа, Г.Папаскіры; у крытыцы — у Ш.Інал-Іпы, Х.Бгажбы, М.Дзелбы, Ш.Салакія і інш. У перакладзе на бел. мову выйшлі кніга Гулія «Выбранае» (1974) і раман Тарбы «Сонца ўзыходзіць у нас» (1979).
З найб.стараж. твораў выяўл. мастацтва на тэр. Абхазіі вядома кераміка, жаночыя статуэткі з Ачамчырскага селішча, Эшэрскі і Ангарскі дальмены. Да ант. помнікаў адносіцца Сухумская крэпасць (2—3 ст.), разнастайныя ўзоры прыкладнога мастацтва. З сярэдневяковай архітэктуры вылучаюцца базіліка ў Піцундзе, храмы ў сёлах Бедыя і Лыхны, «замак Баграта» ў Сухумі, Беслецкі мост, а таксама разны іканастас у царкве с. Ольгінскае, залаты абраз св. Кацярыны, каляровыя малюнкі на керамічным посудзе і інш.Нар. мастацтва Абхазіі—разьба і інкрустацыя па дрэве, гравіроўка па метале, ткацтва дываноў, вышыўка, пляценне паясоў. У канцы 19 — пач. 20 ст. пабудаваны гасцініцы і палац у Гагры, дом Алаізі ў Сухумі, закладзены паркі ландшафтны і прыморскі ў Гагры, дэндралагічны ў Сухумі. Сярод сучасных буйнейшых збудаванняў: ін-т субтрапічнай гаспадаркі ў Сухумі, санаторый «Расія», курортны комплекс у Піцундзе. Жывапісцамі (С.Габелія, Х.Авідзба і інш.) створаны карціны на гіст. тэмы, пейзажы, партрэты, нацюрморты; развіваюцца скульптура (В.Іванба, Ю.Чкадуа і інш), графіка (Т.Ампар, З.Джынджаліа і інш.), тэатр.-дэкар. (Т.Жванія) і дэкар.-прыкладное (В.Шэнгелая, В.Хурхумал і інш.) мастацтва. У 1939 заснавана Абх.аддз. Саюза мастакоў Грузіі, у 1946 — Абх.аддз. Саюза архітэктараў Грузіі.
Муз. фальклор Абхазіі захаваў стараж. ўзоры абрадавых, сямейна-быт., гіст.-гераічных песень, танцаў, інстр. найгрышаў. Пераважае 2- і 3-галоссе; сустракаюцца ўзоры антыфоннага спявання, гетэрафоніі і інш. Сярод традыц. інструментаў: струнна-смычковы апхерца; струнна-шчыпковыя — аюмаа (тыпу арфы), ахымаа; духавыя — ачарпын, абык; ударны — адаул; самагучальны — акапкап (трашчотка). Першыя збіральнікі нар. песень К.Ковач, К.Дзідзарыя (1920-я г.). Прафес. музыка фарміруецца з 1930-х г. Творы буйных форм стварылі Дз.Шведаў, А.Чычба, Р.Гумба, М.Берыкашвілі і інш. Працуюць (1988): філармонія, сімф. аркестр, хар. капэла, Дом нар. творчасці, Ансамбль песні і танца Абхазіі, ансамбль доўгажыхароў «Нартаа». Муз. вучылішча (1930). У 1971 засн. Саюз кампазітараў Абхазіі.
Вытокі тэатр. культуры абхазаў у нар. гульнях, абрадах, вуснай нар. творчасці. З 1915 у Сухумі ставіліся аматарскія спектаклі. У 1921 створана абх. вандроўная трупа пад кіраўніцтвам Дз.Гулія. З 1928 працаваў драм.т-р у Сухумі (абх. і груз. трупы). На базе абх.драм. студыі ў 1930 у Сухумі адкрыты Абх.нац.т-р (з 1967 імя С.Чанбы). У яго рэпертуары нац. драматургія, інсцэніроўкі нар. паданняў і легендаў, сучасныя і класічныя п’есы.
Літ.:
Лакоба С.З. Очерки политической истории Абхазии. Сухуми, 1990;
Марыхуба И.Р. Об абхазах и Абхазии: Ист. справка. Сухум (Акуа), 1993;
Очерки истории Абхазской АССР. Ч. 1—2. Сухуми, 1960—64.
дзяржава ў Цэнтр. Еўропе ў 1949—90. Пл. 108 333 км², нас. 16,64 млн.чал. (1985). Сталіца — г.Берлін (Усходні). Уключала сучасныя землі ФРГ: Берлін (часткова), Брандэнбург, Мекленбург-Пярэдняя Памеранія, Саксонія, Саксонія-Ангальт, Цюрынгія. Узнікла ва ўмовах «халоднай вайны» на тэр.Усх. Германіі, што знаходзілася ў сав. зоне акупацыі, пасля таго, як на зах.-герм. землях была ўтворана ФРГ (вер. 1949). Абвешчана 7.10.1949 Ням.нар. саветам (створаны ў выніку дзейнасці Нямецкага народнага кангрэса), які прыняў рэсп. канстытуцыю (праект зацверджаны 30.5.1949) і канстытуіраваўся як часовая Нар. палата (парламент). 10.10.1949 сав.ваен. адміністрацыя абвясціла пра перадачу функцый кіравання ўладам ГДР. 11.10.1949 прэзідэнтам краіны выбраны В.Пік, урад узначаліў О.Гротэваль. 6.7.1950 у г. Гёрліц падпісана пагадненне з Польшчай аб прызнанні міждзярж. граніцы па лініі Одэр—Нейсе. У ходзе 2-гадовага плана (1949—50) у асноўным адноўлена гаспадарка краіны. Гэтаму садзейнічалі эканам. дапамога СССР і ўступленне ГДР у 1950 у Савет Эканамічнай Узаемадапамогі (СЭУ). На II канферэнцыі кіруючай леваарыентаванай Сацыяліст. адзінай партыі Германіі (САПГ; створана ў 1946) прынята праграма пабудовы сацыялізму на ўзор СССР. У 1952 праведзена адм. рэформа: замест 5 зямель створаны 14 новых акруг. Фарсіраванне эканам. працэсаў адм. метадамі з боку САПГ (у т. л. павышэнне рабочых нормаў пры фактычным памяншэнні ўзроўню зарплаты) выклікалі дэманстрацыі пратэсту рабочых у шэрагу буйных гарадоў і паўстанне 17.6.1953 у Берліне, якое ліквідавалі сав. войскі і ўлады ГДР. Пасля ўваходжання ФРГ у НАТО ГДР уступіла ў Арг-цыю Варшаўскага дагавора (гл.Варшаўскі дагавор 1955), падпісала 20.9.1955 Дзярж. дагавор з СССР аб прызнанні поўнага суверэнітэту краіны і скасаванні пасады сав. вярхоўнага камісара, у 1957 — пагадненне пра ўмовы часовага знаходжання сав. войск на тэр. ГДР. У 1956 пачата фарміраванне Нац.нар. арміі, у 1962 уведзены ўсеагульны воінскі абавязак. Ва ўмовах эскалацыі «халоднай вайны» ў жн. 1961 улады ГДР закрылі мяжу з Зах. Берлінам і пабудавалі Берлінскую сцяну. На плебісцыце 6.4.1968 прынята новая канстытуцыя, паводле якой замацавана кіруючая роля САПГ. З 1971 пры новым кіраўніцтве САПГ на чале з Э.Хонекерам (з 1976 і кіраўнік дзяржавы) ва ўласнасць дзяржавы канчаткова перайшлі прыватныя і напаўдзяржаўныя прамысл. прадпрыемствы і рамесныя кааператывы, узмоцнена роля цэнтр. органаў кіравання і планавання нар. гаспадаркі, створаны буйныя прамысл. і аграпрамысл. камбінаты, праводзілася сац. палітыка з ухілам на вырашэнне жыллёвай праблемы і павышэнне даходаў насельніцтва. Ва ўмовах разрадкі міжнар. напружанасці пачалася нармалізацыя адносін паміж дзвюма герм. дзяржавамі (у канцы 1972 падпісаны Дагавор аб асновах адносін паміж ГДР і ФРГ), што садзейнічала міжнар. прызнанню ГДР, якую раней прызнавалі пераважна краіны сацыяліст. лагера (да 1989 устаноўлены дыпламат. адносіны са 135 дзяржавамі). У 1973 ГДР і ФРГ прыняты ў ААН. У 1974 у канстытуцыю ГДР унесена палажэнне аб узнікненні ў краіне асобнай «сацыяліст.ням. нацыі», што здымала пытанне аб герм. адзінстве. Паводле канстытуцыйных змен і дапаўненняў 1974 САПГ атрымала яшчэ большыя ўладныя паўнамоцтвы, значна павялічылася колькасць членаў партыі (больш за 2 млн.), Дэмакр. блок партый і масавых арг-цый налічваў каля 350 тыс.чл. (створаны ў 1945). Да канца 1970-х г. у эканоміцы ГДР адбыліся значныя зрухі (краіна ўвайшла ў лік 10 найб. прамыслова развітых дзяржаў свету), па ўзроўні жыцця яе насельніцтва займала вядучае месца сярод краін — членаў СЭУ. Да пач. 1980-х г. эканоміка ГДР вычарпала экстэнсіўныя магчымасці свайго развіцця, таму эканам. стратэгія кіраўніцтва краіны прадугледжвала жорсткую эканомію і рэсурсазберажэнне, стымуляванне навук.-тэхн. прагрэсу, больш актыўную інтэграцыю ў межах СЭУ. Пазнейшыя эканам. цяжкасці (зніжэнне жыццёвага ўзроўню насельніцтва, павелічэнне знешняга доўгу з 10 млрд.дол. у 1981 да 21 млрд. у 2-й пал. 1980-х г.) суправаджаліся ростам напружанасці і апазіц. настрояў у грамадстве. У час святкавання 40-годдзя ГДР у Берліне, Дрэздэне, Лейпцыгу і інш. гарадах прайшлі масавыя дэманстрацыі з патрабаваннем рэформаў. У гэтых умовах адбылася адстаўка Хонекера і перадача ўлады Э.Крэнцу. Пасля дэмантажу Берлінскай сцяны (9.11.1989) распаўся Дэмакр. блок, узніклі новыя паліт. партыі і рухі (каля 100), быў сфарміраваны кааліцыйны ўрад на чале з Г.Модравам. Зноў актуальнай стала ідэя аб’яднання Германіі. Урад Модрава прапанаваў план паступовага стварэння канфедэратыўнай дзяржавы з наступным зліццём. Большасць паліт. партый і рухаў падтрымалі план канцлера ФРГ Г.Коля (хуткае аб’яднанне Германіі на аснове канстытуцыіФРГ). У пач. 1990 САПГ перайменавана ў Партыю дэмакр. сацыялізму. На выбарах у Нар. палату ў сак. 1990 перамог блок кансерватыўных партый на чале з Хрысц.-дэмакр. саюзам. У крас. сфарміраваны новы кааліцыйны ўрад на чале з Л. дэ Мезьерам. 1.7.1990 набыў сілу Дагавор аб эканам., валютным і сац. саюзе паміж ГДР і ФРГ. У вер. падпісаны Дагавор аб аб’яднанні Германіі (да яго набыцця сілы Нар. палата ўнесла змены ў канстытуцыю ГДР, быў зменены адм.-тэр. падзел краіны). 12.9.1990 прадстаўнікі ГДР, ФРГ, ЗША, СССР, Вялікабрытаніі і Францыі падпісалі Дагавор аб канчатковым урэгуляванні адносна Германіі. ГДР спыніла членства ў Варшаўскім дагаворы і СЭУ. 3.10.1990 у Берліне адбыліся ўрачыстасці з нагоды набыцця сілы апошняга дагавора (у цяперашняй ФРГ 3 кастр. святкуецца як нац. свята — Дзень ням. адзінства).
Літ.:
Дернберг С. Краткая история ГДР: Пер. с нем. 2 изд. М., 1971;
История Германской Демократической Республики, 1949—1979. 2 изд. М., 1979;
Потапов А.В. Кризис ГДР в 80-х годах и объединение Германии // Новая и новейшая история. 1991. № 5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕСО́ТА (Lesotho),
Каралеўства Лесота (сесута ’Muso oa Lesotho, англ. Kingdom of Lesotho), краіна на Пд Афрыкі, анклаў на тэр.Паўд.-Афр. Рэспублікі (ПАР). Пл. 30,35 тыс.км². Нас. 2007,8 тыс.чал. (1997). Дзярж. мова — сесута і англійская. Сталіца — г.Масеру. Краіна падзяляецца на 10 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (4 кастрычніка).
Дзяржаўны лад. Л. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1993. Кіраўнік дзяржавы — кароль. Вышэйшы заканад. орган — парламент, які складаецца з Сената (верхняя палата) і Нац. Асамблеі (ніжняя палата). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Большую частку краіны займае базальтавае нагор’е Басута, выш. 2000—3000 м, парэзанае глыбокімі далінамі рэк. На У і Пд яго абмяжоўваюць Драконавы горы (г. Тхабана-Нтленьяна, 3482 м), на Пн — горы Малуты (г. Шампейн-Касл, 3276 м). Карысныя выкапні: алмазы, буд. матэрыялы. Клімат рэзка кантынентальны субтрапічны. Сярэдняя т-ра на нагор’і студз. 25 °C, ліп. 15 °C. Зімой бываюць замаразкі, у гарах выпадае снег. Ападкаў за год у гарах на У каля 1000 мм, на астатняй тэрыторыі каля 700—500 мм. Гал. рака Аранжавая з прытокам Каледан. Пераважае сухая стэпавая расліннасць, у гарах — сухалюбныя хмызнякі, альпійскія лугі. Нац. парк Сехлабатэбе.
Насельніцтва. 99,7% складае народ басута. Ёсць еўрапейцы (каля 1,6 тыс.) і выхадцы з краін Азіі (каля 0,8 тыс.). Сярод вернікаў пераважаюць хрысціяне (80%, католікі і пратэстанты), астатнія вызнаюць традыцыйныя мясц. вераванні. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 2,4%. Сярэдняя шчыльн. 66,1 чал. на 1 км². Большая шчыльнасць на З і ў цэнтры краіны. У гарадах жыве 23% насельніцтва. У г. Масеру 400,2 тыс.ж. (1995). У сельскай гаспадарцы занята 86,2% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 7%. Сезонна (ад 6 да 9 месяцаў за год) 60% мужчын працуе на шахтах і фермах ПАР.
Гісторыя. Старажытнымі насельнікамі Л. былі бушмены і кой-коіны (гатэнтоты), якіх у 17 ст. выцеснілі плямёны басута з групы банту. У пач. 19 ст. адзін з правадыроў басута Машэш I аб’яднаў разрозненыя плямёны ў адзіную дзяржаву. Пад пагрозай заваявання бурамі ён заключыў у 1868 з Вялікабрытаніяй дагавор аб пратэктараце. У 1871—84 Л. ў складзе брыт. Капскай калоніі, з 1884 пратэктарат Басуталенд. У 1952 створаны Афр. кангрэс Басуталенда (з 1959 партыя кангрэса Басута, ПКБ), цесна звязаны з Афрыканскім нацыянальным кангрэсам, у 1959 — Нац. партыя Басута (НПБ), якая адлюстроўвала інтарэсы племянных вярхоў. Паводле канстытуцыі 1965 Л. атрымала ўнутр. самакіраванне. На першых усеагульных парламенцкіх выбарах у 1965 перамагла НПБ, яе лідэр Л.Джонатан стаў прэм’ер-міністрам урада.
4.10.1966 абвешчана незалежнасць Басуталенда, які атрымаў назву каралеўства Л. (кароль Машэш II). Пасля перамогі ПКБ на парламенцкіх выбарах у студз. 1970 Джонатан ануляваў іх вынікі і ўвёў надзвычайнае становішча (адменена ў 1973). У выніку перавароту ў студз. 1986 улада перайшла да Ваен. савета, які забараніў усе паліт. партыі, а ў 1990 скінуў караля Машэша II і абвясціў каралём яго сына Летсі III. Пасля перавароту ў крас. 1991 дзейнасць паліт. партый адноўлена. На парламенцкіх выбарах у сак. 1993 перамагла ПКБ, а яе кіраўнік Н.Махеле стаў прэм’ер-міністрам. Л. — чл. Садружнасці, ААН (з 1966), Арг-цыі афр. адзінства. Дзейнічаюць Партыя кангрэса Басута, Нац. партыя Басута, Партыя свабоды Марэматлу.
Гаспадарка. Л. — агр. краіна, у ліку 25 найменш эканамічна развітых краін свету. Знаходзіцца ў поўнай эканам. залежнасці да ПАР. Валавы нац. прадукт на душу насельніцтва складае каля 580 дол. за год. Сельская гаспадарка дае каля 80% даходу краіны, прам-сць — каля 10%. Пад с.-г. ўгоддзямі 2,3 млн.га (76% тэрыторыі), пераважаюць натуральныя лугі і паша (каля 2 млн.га). Апрацоўваецца каля 300 тыс.га зямлі. Пераважаюць дробныя натуральныя і паўнатуральныя сялянскія гаспадаркі на абшчынных землях. На рынак паступае толькі частка прадукцыі — воўна і высакаякасны махер. Найб. развіта жывёлагадоўля. Пагалоўе (тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы — 640, авечак — 1500, коз — 1000; ёсць коні, мулы, аслы. Вырошчваюць кукурузу (займае палавіну пасяўной плошчы), сорга, пшаніцу, ячмень, агародніну. Значныя пасевы гароху і фасолі. З тэхн. культур вырошчваюць джут. У перадгор’ях цэнтр.ч. краіны развіта земляробства, у гарах — адгонна-пашавая жывёлагадоўля. У горных раёнах пашырана тэраснае земляробства. У нязначнай ступені развіты горназдабыўная і апрацоўчая прам-сць; здабыча алмазаў (каля 50 тыс. каратаў у год, значна вагаецца ў асобныя гады, кантралюецца канцэрнам «Дэ Бірс», ПАР), буд. матэрыялаў. Уся электраэнергія паступае з ПАР. Вядзецца апрацоўка воўны і скур, вытв-сць махеру, тканін, дываноў, адзення і абутку. Шмат дробных паўсаматужных прадпрыемстваў харч. прам-сці. Транспарт пераважна аўтамабільны. Аўтадарог 5,2 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 2,1 тыс.км. Адзінае чыг. адгалінаванне (1,6 км) звязвае г. Масеру з чыгункамі ПАР.
У г. Масеру міжнар. аэрапорт. Гандл. баланс адмоўны. У 1992 экспарт склаў 109 млн.дол., імпарт — 964 млн. долараў. Краіна экспартуе воўну, махер, буйн. раг. жывёлу, скуры, імпартуе харч. і прамысл. тавары, паліва і інш. Асноўны гандл. партнёр — ПАР (42% экспарту і 94% імпарту). Дадатковыя крыніцы даходаў насельніцтва — сезонная работа ў ПАР (каля 40% даходу краіны) і замежны турызм (штогод краіну наведвае каля 200 тыс. турыстаў пераважна з ПАР). Л. атрымлівае дапамогу і субсідыі ад міжнар. арг-цый і асобных краін. Грашовая адзінка — лоці.
І.В.Загарэц (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎСТА́ННЕ 1830—31у Польшчы, Беларусі і Літве, Лістападаўскае паўстанне,
нацыянальна-вызваленчае паўстанне за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772. Выклікана парушэннямі з боку царызму аўтаноміі Каралеўства Польскага і польскай канстытуцыі 1815, паступовай ліквідацыяй дзяржаўнасці і аўтаноміі Польшчы, намаганнем шляхты Беларусі і Літвы аднавіць дзяржаўнасць і свае паліт. правы кіравання ў незалежнай дзяржаве, што раней выявілася ў праектах аўтаноміі ВКЛ у складзе Рас. імперыі, у т. л. ў праекце аўтаноміі М.К.Агінскага. Падрыхтавана тайнымі арг-цыямі, у т. л.Патрыятычным таварыствам і Таварыствам падхарунжых. Пачалося ў Варшаве ў ноч на 29.11.1830. Паўстанцаў падтрымалі жыхары Варшавы і польскія вайск. часці. 30.11.1830 паўстанцы авалодалі Варшавай. Рас. войскі вымушаны былі адступіць з Варшавы, а да пач.снеж. 1830 — і з Польшчы; значная частка іх сканцэнтравалася на Беларусі. У Варшаве быў сфарміраваны Часовы ўрад, у склад якога ўвайшоў і прадстаўнік дэмакр. сіл І.Лялевель, але з 5.12.1830 да 17.1.1831 улада была перададзена вайск. дыктатару ген. Ю.Хлапіцкаму. 20.12.1830 польскі сейм апублікаваў «Маніфест польскага народа», у якім абвясціў мэты П. і заклікаў насельніцтва далучыцца да яго. На Беларусь, Літву і Украіну былі накіраваны эмісары, каб узняць там паўстанне. Па ініцыятыве Лялевеля ў Варшаве быў заснаваны клуб з прадстаўнікоў шляхты і інтэлігенцыі Беларусі, Літвы і Украіны («Клуб злучаных братоў»), які звярнуўся ў сейм з заявай пра далучэнне бел., літ. і ўкр. зямель да паўстання. Лялевель і інш. шляхецкія рэвалюцыянеры выступалі за надзяленне сялян зямлёй і паляпшэнне іх становішча. 13.12.1830 рас. ўрад абвясціў ваеннае становішча ў Зах. Беларусі, Літве і Правабярэжнай Украіне.
У студз.—лютым 1831 на Беларусі і Літве быў створаны падпольны Віленскі цэнтральны паўстанцкі камітэт, у якім пераважалі кансерватыўныя элементы. К-т падтрымліваў сувязі з Варшавай і павятовымі к-тамі Беларусі і Літвы. Аднак у цэлым палітыка Віленскага к-та была нерашучай. У сак.—крас. 1831 паўстанне ахапіла Ашмянскі, Браслаўскі, Віленскі, Дзісенскі, Свянцянскі пав., у кожным з іх ствараліся ўрады (к-ты), якія праводзілі рэкруцкі набор у войска. Усяго ў гэтых паветах было каля 10 тыс. паўстанцаў. У крас.—маі 1831 каля Глыбокага адбыліся баі. Да канца мая 1831 у Віленскай і Мінскай губ. П. было задушана, але яно працягвалася ў Гродзенскай губ., што перашкаджала рас. войскам наступаць на Польшчу. У Польшчы дыктатура Хлапіцкага 18.1.1831 заменена кансерватыўным нац. урадам кн. А.Чартарыйскага. Рас. армія пад камандаваннем ген.-фельдмаршала І.Дзібіча-Забалканскага ўвайшла на тэр. Польшчы, але ў бітвах пад Сточакам, Ваўрам і 25.2.1831 пад Грохавам польскае войска спыніла наступленне рас. арміі. Контрнаступленне польск. войска вынікаў не дало. 26.5.1831 у бітве пад Астралэнкай яно панесла значныя страты. У маі 1831 з Варшавы на тэр. Гродзенскай губ. прыбыў атрад ген. Д.Хлапоўскага (820 чал.). У пач.чэрв. 1831 ён злучыўся ў Літве з мясц. атрадамі і 12-тыс. корпусам ген. А.Гелгуда (гл. ў арт.Гелгуды), які стаў галоўнакамандуючым у Літве і Беларусі. Пры яго штабе быў створаны часовы цэнтр. ўрад. 19.6.1831 корпус Гелгуда падышоў да Вільні, на Панарскіх узгорках адбыўся бой. 26-тысячнае рас. войска нанесла паражэнне аб’яднаным сілам паўстанцаў, якія адступілі і ў сярэдзіне ліп. перайшлі прускую граніцу і склалі зброю. Толькі ген. Г.Дэмбінскі з 4-тыс. корпусам адступіў у Польшчу. Пры набліжэнні корпуса Дэмбінскага ў Навагрудскім і Слонімскім пав. пачалося П. пад кіраўніцтвам шляхецкага павятовага маршалка Я.Кашыца, які ўзначаліў атрад у 400 чал. У чэрв.—ліп. 1831 паўстанцкія ачагі ўзніклі ў Пінскім, Мазырскім, Рэчыцкім, Навагрудскім пав., а таксама на тэр. Магілёўскай і Віцебскай губ. У жн. 1831 П. на Беларусі і Літве пацярпела паражэнне, хоць асобныя атрады Зах. Беларусі дзейнічалі і ў верасні. У канцы ліп. 1831 новы камандуючы рас. арміяй у Польшчы ген. І.Ф.Паскевіч сканцэнтраваў войскі на Пн Польшчы і пачаў наступленне ад Пултуска да Плоцка. Пад Торунем рас. войска пераправілася цераз Віслу. У Варшаве быў утвораны новы кансерватыўны ўрад на чале з ген. Я.Крукавецкім. Аднак і ён не здолеў арганізаваць абарону сталіцы. 6—7.9.1831 рас. войскі штурмавалі Варшаву і занялі яе зах. прадмесце — Волю. У ноч на 8 вер. была падпісана капітуляцыя Варшавы. Баі на тэр. Польшчы працягваліся ў вер. і кастр. 1831. Большасць польскіх вайск. атрадаў перайшла праз прускую і аўстр. граніцу і была інтэрніравана.
Пасля П. царскі ўрад скасаваў канстытуцыю 1815 і ўвёў Арганічны статут Каралеўства Польскага, які пазбаўляў Польшчу дзяржаўнасці і аўтаноміі. Указам ад 19.10.1831 на Беларусі, Літве і Правабярэжнай Украіне пачаўся разбор шляхты і перавод значнай яе часткі ў аднадворцы. У 1832 створаны Асобы Камітэт па справах заходніх губерняў, скасавана дзеянне Статута ВКЛ 1588 (25.8.1840). Закрыты Віленскі ун-т (1832). Пачалося закрыццё каталіцкіх кляштараў і уніяцкіх манастыроў. Праведзена ліквідацыя уніяцкай царквы (гл.Полацкі царкоўны сабор 1839).
Літ.:
Смит Ф. История польского восстания и войны 1830—1831 гг.Т. 2. СПб., 1863;
Шпілеўскі І.Т., Бабровіч Л.А. Сінхраністычная табліца падзей паўстання на Беларусі, Літве і Польшчы ў 1830—1831 гг. // Наш край. 1929. № 10;
Sokołowski A. Dzieje powstania listopadowego. Wiedeń, 1907;
A.Z. Wojna na Litwie w roku 1831. Kraków, 1913;
Tokarz W. Wojna polsko-rosyjska 1830 і 1831. Warszawa, 1994.
А.П.Грыцкевіч.
Да арт.Паўстанне 1830—31. Сутыкненне паўстанцаў з царскімі войскамі. Гравюра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАТЫКА́Н (Vaticano),
Дзяржава-горад Ватыкан (Stato della Città del Vaticano), папская суверэнная дзяржава, цэнтр каталіцкай царквы, рэзідэнцыя яе кіраўніка — папы рымскага. Размешчана ў Рыме — сталіцы Італіі, на ўзгорку Монтэ-Ватыкана, на зах. беразе р. Тыбр. Пл. 0,44 км². Нас. 811 чал. (1992), у т. л. 402 чал. маюць ватыканскае грамадзянства. Ватыкану належаць асобныя тэрыторыі з 13 будынкамі ў Рыме па-за дзярж. межамі агульнай пл. 0,7 км²: 3 саборы, шэраг палацаў і вілаў. Каля Рыма ў замку Кастэль-Гандольфа летняя рэзідэнцыя папы. Афіц. мовы лац. і італьянская. Нац. свята — дзень узвядзення на прастол рымскага папы Іаана Паўла II (22 кастр.).
Дзяржаўны лад. Паводле канстытуцыі 1929, Ватыкан — абсалютная тэакратычная манархія. Кіраўнік дзяржавы — папа рымскі, які выбіраецца пажыццёва на канклаве — спец. сходзе выбаршчыкаў (удзельнічаюць кардыналы не старэй за 80 гадоў). Яму належыць вярхоўная заканад., выканаўчая і суд. ўлада. Папа прадстаўляе Ватыкан у міжнар. справах, заключае, ратыфікуе і дэнансуе міжнар. дагаворы і канкардаты, прымае дыпламат. прадстаўнікоў і прызначае паслоў (нунцыяў) у інш. краінах. Кіраўніцтва рэліг., паліт. і эканам. дзейнасцю Ватыкана належыць Рымскай курыі (урад Ватыкана). У яе ўваходзяць статс-сакратарыят, 9 кангрэгацый (дэпартаментаў), 3 трыбуналы, 3 сакратарыяты і інш. Статс-сакратарыят узначальвае звычайна кардынал, які выконвае функцыі прэм’ер-міністра і міністра замежных спраў. Асн. дэпартаменты ўзначальваюць кардынальскія камісіі на чале з прэфектам або прэзідэнтам. У склад Рымскай курыі ўваходзяць таксама кардынальская калегія і сінод каталіцкай царквы. Ахова Ватыкана і цырыманіяльныя функцыі ўскладзены на швейц. гвардыю і папскую жандармерыю.
Гісторыя. Назва Ватыкан паходзіць ад назвы аднайм. ўзгорка на беразе р. Тыбр, дзе ў раннім сярэднявеччы быў пабудаваны палац, які з канца 14 ст. стаў пастаяннай рэзідэнцыяй кіраўніка каталіцкай царквы (гл.Каталіцызм, Папская вобласць, Папства). Пасля аб’яднання Італіі і далучэння да яе Рыма (1870) была ліквідавана свецкая ўлада папы рымскага. Папа не прызнаў аб’яднанай італьян. дзяржавы і абвясціў сябе «ватыканскім вязнем». Канфлікт паміж Апостальскай сталіцай і ўрадам Італіі быў ліквідаваны ў 1929 Латэранскімі пагадненнямі, паводле якіх была ўтворана дзяржава Ватыкан і вызначаны яе сучасныя межы. Ватыкан падтрымлівае дыпламат. адносіны з больш як 125 краінамі свету, з ліст. 1992 — з Рэспублікай Беларусь. Прадстаўлены ў ААН.
Гаспадарка. Эканам. асновай дзяржавы з’яўляюцца даходы ад капіталаўкладанняў і ахвяраванняў. Ватыкан — адзін з буйнейшых у свеце акцыянераў і капіталаўласнікаў. Кошт акцый і інш. каштоўнасцей Ватыкана, уключаючы залатыя запасы, неафіцыйна ацэньваецца больш як у 13 млрд.дол. ЗША. Ватыкан валодае буйной нерухомасцю ў Італіі, Іспаніі, ФРГ, лацінаамер. краінах. Пастаянны даход прыносіць продаж паштовых марак, турысцкіх сувеніраў, рэліг. л-ры, плата за наведванне музеяў. У Ватыкан сцякаюцца таксама значныя сродкі ў выглядзе паступленняў ад вернікаў, збораў ад падаткаў і інш.Сусв. цэнтр рэліг. паломніцтва і турызму. Выраб мазаік і уніформы для персаналу. Чыг. станцыя. Грашовая адзінка — ватыканская ліра.
Друк, радыё, тэлебачанне. Афіц. ўрадавы орган — бюлетэнь «Acta Apostolicae Sedis» (з 1909). Выходзіць штодзённая газ. «L’Osservatore Romano» («Рымскі аглядальнік», з 1861). Сярод інш.перыяд. выданняў: «Ecclesia», «Latinitas». Інфармац. агенцтва — Аджэнцыя Інтэрнацыянале Фідэс (АІФ). Працуе шматмоўны выдавецкі цэнтр. «Радыё Ватыкана» (з 1931) вядзе перадачы на 35 мовах. Тэлевіз. праграмы рыхтуе і трансліруе Тэлевізійны цэнтр Ватыкана (з 1983).
Навуковыя і культурна-асветныя ўстановы. Гал. папскія навук. ўстановы: Папская акадэмія навук (засн. ў 1603, адноўлена ў 1936), Рымская каталіцкая акадэмія св. Фамы Аквінскага (з 1879), Папскі біблейскі ін-т (з 1909). Ун-ты: Папскі Грыгарыянскі універсітэт (з 1553), Папскі ун-тсв. Фамы Аквінскага (з 1580), Папскі Урбаніянскі універсітэт (з 1627), Папскі Латэранскі ун-т (з 1824). Ватыканская астр. абсерваторыя (з 1576) старэйшая ў Еўропе.
У музейны комплекс Ватыкана ўваходзяць: Пінакатэка (італьян. жывапіс 11—18 ст. — творы Фра Анджэліка, Леанарда да Вінчы, Тыцыяна, М.Караваджа, Зала Рафаэля), музеі Егіпецкі, Этрускі (каштоўны збор керамікі), Піо-Клеменціна і К’ярамонці (зборы ант. скульптуры), галерэя сучаснага мастацтва, Сіксцінская капэла, Станцы і Лоджыі Рафаэля, галерэя габеленаў, Ватыканская Апостальская бібліятэка разам з Хрысціянскім (каштоўныя зборы дэкар.-прыкладнога мастацтва) і інш. музеямі.
Архітэктура. Арх. комплекс Ватыкана ўключае культавыя, палацавыя і крапасныя збудаванні, якія спалучаюцца з творамі садова-паркавага мастацтва. Уваходам у Ватыкан служыць авальная плошча св. Пятра з каланадамі (1657—63, арх. Л.Берніні), што вядуць да буйнейшага каталіцкага храма — сабора св. Пятра (1506—1614, арх. Д.Брамантэ, Мікеланджэла, Дж.Віньёла, Дж. дэла Порта, К.Мадэрна і інш.). У інтэр’еры сабора — мармуровае «Аплакванне Хрыста» Мікеланджэла (каля 1497—98), бронзавы балдахін (1624—33), кафедра (1657—66) і надмагіллі работы Берніні, «Брама смерці» (1947—64, скульптар Дж.Манцу). На Пн ад сабора размешчаны палацавы комплекс. У яго ўваходзяць капэлы Мікалая V (1440-я г., фрэскі Фра Анджэліка), Сіксцінская (1473—84, фрэскі Мікеланджэла, П.Перуджына, С.Батычэлі, Д.Гірландайо) і Пааліна (1540, арх. А. да Сангала Старэйшы, фрэскі Мікеланджэла, 1542—50), апартаменты Борджа (фрэскі Пінтурык’ё, 1493—94); Лоджыі і Станцы (залы), размаляваныя Рафаэлем і яго вучнямі; двары Сан-Дамаза і Бельведэр (паміж 1503—45, праект Брамантэ); парадны ўваход у палац — Каралеўская лесвіца (Скала Рэджа, 1663—66, Берніні). У садах Ватыкана — Казіно Пія IV (1558, арх. П.Лігорыо), Пінакатэка. Уласнасцю Ватыкана з’яўляюцца раннехрысц. базілікі Сан-Джавані ін Латэрана, Санта-Марыя Маджорэ і Сан-Паала фуоры ле Мура (усе — 4 ст.), Латэранскі палац (16 ст.) і інш. будынкі ў Рыме. Помнікі архітэктуры Ватыкана ўключаны ЮНЕСКА у спіс сусветнай спадчыны.
Літ.:
Музеи Ватикана. Рим: Альбом. М., 1974;
Bonaventura M.A. La Città del Vaticano. Roma, [1971].
Н.К.Мазоўка (дзяржаўны лад, гісторыя, друк, радыё, тэлебачанне, навуковыя і культурна-асветныя ўстановы).
Герб і сцяг Ватыкана.Да арт.Ватыкан. Плошча св. Пятра.Да арт.Ватыкан. Папа рымскі Іаан Павел II бласлаўляе дзяцей-чарнобыльцаў з Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРУ́НДЗІ (Burundi),
Рэспубліка Бурундзі (République du Burundi), дзяржава ва Усх. Афрыцы. Мяжуе на Пн з Руандай, на У і Пд з Танзаніяй, на З з Заірам, на ПдЗ абмываецца водамі воз. Танганьіка. Падзяляецца на 15 правінцый. Пл. 27,8 тыс.км². Нас. 6,026 млн.чал. (1993). Сталіца — г.Бужумбура. Афіц. мова кірундзі і франц., пашырана мова суахілі. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 ліп.).
Дзяржаўны лад. Бурундзі — рэспубліка. Паводле канстытуцыі 1992 кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеагульным галасаваннем тэрмінам на 5 гадоў. Заканадаўчую ўладу ажыццяўляе аднапалатны парламент (Нац. асамблея), выканаўчую — урад на чале з прэм’ер-міністрам, які фарміруе прэзідэнт.
Прырода. Амаль уся краіна занята пласкагор’ем (выш. 1500—200 м), падзеленым некалькімі глыбокімі далінамі, складзеным гал.ч. з дакембрыйскіх крышт. і метамарфічных парод. Зах. край яго — мерыдыянальны хрыбет выш. 2000—2600 м. Асобныя невысокія горы ёсць на У. На крайнім Зтэр. Бурундзі ўваходзіць ва Усх.-Афр. рыфтавую зону. Карысныя выкапні: золата, уран, волава, кобальт, медзь, вальфрам, берыліевая руда, касітэрыт, торф і інш. Клімат субэкватарыяльны, умерана вільготны, акрамя сухога сезона (чэрв.—вер.), у паніжаных раёнах гарачы (у Бужумбуры на выш. каля 780—800 м над узр. м. сярэднямесячныя т-ры паветра 23—25 °C), на выш. 1500—2000 м (б.ч. краіны) умерана цёплы (сярэднямесячныя т-ры паветра 15—20 ºС). Ападкаў ад 800—1000 мм да 1400—1600 мм за год. Больш як палавіна тэр. краіны належыць да бас. вытокаў р. Ніл (рэкі Рувуву і Аканьяру), на З рэкі ўпадаюць у воз. Танганьіка (бас.р. Конга). Прыродныя трапічныя лясы амаль усе вынішчаны (займаюць 2% тэр.), пераважаюць паўторныя саванны і культ. расліннасць. Нац. паркі: Ківіра, Рузізі, Рувуву; некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. Больш за 98% складае народнасць барундзі, належыць да групы паўн. банту. Этнасацыяльна яна падзяляецца на групы жывёлаводаў-тутсі (каля 14%), земляробаў-хуту (каля 85%) і пігмеяў-тва (каля 1%). Жывуць таксама еўрапейцы (пераважна бельгійцы), выхадцы з Паўд. Азіі (у асн. індыйцы). Каля 67% вернікаў — хрысціяне, у т. л. 62% католікаў, 5% пратэстантаў, 32% прытрымліваюцца мясц.традыц. вераванняў, ёсць мусульмане (каля 1%). Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва адна з самых высокіх у Афрыцы — 216,8 чал. на 1 км². У гарадах жыве каля 15% насельніцтва. Найб. з іх (1993, тыс.ж.): Бужумбура — 300, Гітэга — 101,8, Муінга — 79,3, Нгозі — 74,2.
Гісторыя. Тэр. Бурундзі заселена чалавекам у эпоху палеаліту. У пач. 1-га тыс.н.э. тут з’явіліся земляробчыя бантумоўныя плямёны хуту, у 12—13 ст. — качэўнікі-жывёлаводы тутсі. Заснаваная ў 17 ст. тутсі-бурундзійская дзяржава на чале з мвамі (каралём) пасля заключэння Гельгаландскага дагавора 1890 паміж Германіяй і Вялікабрытаніяй аб падзеле сфер уплыву ва Усх. Афрыцы стала аб’ектам герм. каланізацыі. Разам з суседняй Руандай Бурундзі, кароль якой супраціўляўся каланізацыі да 1903, у 1908—12 аб’яднаны ў адзіную калан.тэр. пад назвай Руанда-Урундзі. Апошняя ў 1-ю сусв. вайну акупіравана войскамі Бельгіі (1916), у 1923 паводле рашэння Лігі Нацый перададзена ёй у падмандатнае кіраванне, у 1946 прызнана ААН падапечнай тэр. Бельгіі. З канца 1950-х г. узмацніўся нац.-вызв. рух бурундзійцаў, якім кіравала Партыя адзінства і нац. прагрэсу на чале з Л.Рвагасорэ (забіты ў 1961). 27.6.1962 спец. сесія ААН ліквідавала бельг. апеку над Руанда-Урундзі. 1.7.1962 абвешчана незалежнасць Каралеўства Бурундзі. Пасля ваен. перавароту 1966, які прывёў да звяржэння манархіі і ўстанаўлення рэспублікі, краінай кіравалі ваенныя (перавароты 1976, 1987). Паліт. і сац. нераўнапраўе этнічна пераважных хугу ў параўнанні з кіруючай меншасцю тутсі выклікала крывавыя сутыкненні паміж імі (1972, 1988). У 1991 прэзідэнт маёр П.Буёя распачаў працэс дэмакратызацыі краіны. У 1993 прэзідэнтам рэспублікі ўпершыню выбраны хуту М.Ндадзье (забіты афіцэрамі-тутсі ў кастр. 1993). Этн. канфлікты спарадзілі праблему бежанцаў (каля 700 тыс.чал. у 1994). З 1994 прэзідэнт рэспублікі хуту С.Нтыбантунганья, кіраўнік урада тутсі А.Ндуваё. У выніку перавароту 1996 кіраўніком дзяржавы зноў стаў П.Буёя. Дзейнічаюць Фронт за дэмакратыю ў Бурундзі, Партыя адзінства за нац. прагрэс, Партыя народа, Аб’яднанне за дэмакратыю і сац.-эканам. развіццё, Канфедэрацыя свабодных прафсаюзаў Бурундзі і інш. Бурундзі — член ААН з 1962, Арг-цыі афр. адзінства і інш.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка, у якой занята 93% насельніцтва (у прам-сці і гандлі 1,5%). Апрацоўваецца 43% тэр. краіны, у т. л. 2,6% арашаецца, пад лугамі і пашай 35%. Пераважае матычнае земляробства. Вырошчваюць бананы, маніёк, батат, бульбу, фасолю, кукурузу, сорга, проса, рыс, арахіс, тытунь. Пасадкі алейнай пальмы. Гал. экспартныя прадукты: высакаякасная кава гатунку арабіка (збор 30—45 тыс.т штогод), бавоўна (6—7 тыс.т), чай (2—3 тыс.т), кара хіннага дрэва. Жывёлагадоўля экстэнсіўнага кірунку, адсталая. Гадуюць буйн. раг. жывёлу — каля 1 млн. галоў (1990), авечак, козаў. Рыбалоўства ў воз. Танганьіка (каля 10 тыс.т штогод). У прам-сці пераважаюць прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны (кавы, чаю, бавоўны, рысу і інш.). Прадпрыемствы: піваварныя, безалкагольных напіткаў, цукр., малочныя, мукамольныя, алейныя, мылаварныя, гарбарныя; цэментныя, цагельныя, лесапільныя з-ды, тэкст., сеткавязальная, коўдравая і абутковая ф-кі. Дробныя ЦЭС і ГЭС, б.ч. электраэнергіі Бурундзі атрымлівае з Заіра. Невял. здабыча золата, алавянай і танталаніобіевых руд. Традыц. рамёствы. Транспарт пераважна аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 5,9 тыс.км, у т. л. 400 км з цвёрдым пакрыццём. Знешні гандаль ідзе пераважна па воз. Танганьіка паміж партамі Бужумбура і Кігома (Танзанія). 5 аэрапортаў, у т. л.міжнар. ў Бужумбуры. Экспарт: кава (больш за 80% па кошце), бавоўна, чай, скуры. Імпарт: прамысл., харч. і спажывецкія тавары, нафтапрадукты. Асн.гандл. партнёры: ЗША, Бельгія, ФРГ, Японія. Некат. ролю ў гандл. балансе краіны адыгрываюць грашовыя пераводы бурундзійцаў, якія працуюць у суседніх краінах, найб. у горнай прам-сці Заіра. Грашовая адзінка — бурундзійскі франк.
Літ.:
Соколова Р.Б. Республика Бурунди: Справ. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫМ, Аўтаномная Рэспубліка Крым. Размешчана на Крымскім п-ве, у складзе Украіны. Пл. 27 тыс.км². Нас. 2192,6 тыс.чал. (1995), гарадскога 70%. Сярэдняя шчыльн. 81 чал. на 1 км², найб. густа заселены ўзбярэжная і перадгорная часткі рэспублікі. Жывуць рускія (63,9%), украінцы (24,6%), крымскія татары, беларусы, яўрэі і інш. Сталіца — г.Сімферопаль. Найб. гарады: Севастопаль, Керч, Еўпаторыя, Ялта, Феадосія, Джанкой. Аб прыродзе гл. ў арт.Крымскі паўвостраў, Крымскія горы, Паўднёвы бераг Крыма.
Гісторыя. К. — адзін з найб.стараж. раёнаў засялення чалавекам Усх. Еўропы, тут выяўлены палеалітычныя стаянкі Кіік-Каба, Стараселле. З канца 2-га тыс. да н.э. ён заселены кімерыйцамі, у 1-м тыс. да н.э. — і таўрамі (адсюль яго стараж. назва Таўрыя), з 8—7 ст. да н.э. — скіфамі. У 6—5 ст. да н.э. на ўзбярэжжы К. стараж. грэкі заснавалі калоніі Феадосія, Керкінітыда (цяпер г.Еўпаторыя), Пантыкапей, Херсанес Таўрычаскі. Каля 480 да н.э. — 4 ст.н.э. ў раёне Керчанскага п-ва існавала Баспорская дзяржава. У 1-й пал. 3 ст.н.э. ў К. урываліся готы, у 375 — гуны. З 4—5 ст. адбывалася экспансія Візантыі. У 12—13 ст. населены грэкамі, армянамі, нашчадкамі аланаў, печанегаў і інш. У 13 ст. заваяваны манголамі і ўключаны ў Залатую Арду. З 1440-х г. існавала самаст.Крымскае ханства (з 1475 васал і саюзнік Асманскай імперыі). У 1687 і 1689 адбыліся паходы ў К. рас. войска на чале з кн. В.В.Галіцыным (яму дапамагалі ўкр. казакі пад кіраўніцтвам гетмана І.Самайловіча, потым І.С.Мазепы). Правал паходаў стаў адной з гал. прычын падзення ў Расіі ўрада Соф ’і Аляксееўны — Галіцына. У ходзе рус.-тур. вайны 1768—74 заняты рас. войскамі. У 1783 далучаны да Расіі, тут засн. яе Чарнаморскі флот (з 19 ст.гал. база — г.Севастопаль). Асн. месца баёў у Крымскую вайну 1853—56. З 2-й пал. 19 ст.паўд. ўзбярэжжа К. выкарыстоўваецца як курортная зона. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 на з’ездзе мясц. татараў у Сімферопалі створаны пастаянны орган іх аўтаноміі — Цэнтр. выканаўчы к-т, падпарадкаваны Часоваму ўраду. Потым была створана Крымская рэспубліка, у снеж. 1917 у Бахчысараі на курултаі (з’ездзе) крымскіх татараў прынята канстытуцыя. Пасля заключэння Брэсцкага міру 1918 бальшавікі абвясцілі тут Таўрычаскую сав. рэспубліку, не прызнаную Германіяй. Яе войскі акупіравалі К. і ўтварылі крымскі ўрад на чале з ген. М.Сулейманам Сулькевічам. У 1919—20 адзін з цэнтраў белагвардзейскага руху на чале з генераламі А.І.Дзянікіным, П.М.Урангелем. З 1921 у складзе РСФСР існавала Крымская аўтаномная сав.сацыяліст. рэспубліка. У 1941—44 К. акупіраваны ням.-фаш. і рум. войскамі, вызвалены ў выніку Крымскай аперацыі 1944. 20.5—1.7.1944 крымскія татары, абвінавачаныя ў супрацоўніцтве з немцамі, прымусова дэпартаваны ў Сярэднюю Азію (Узбекістан). У 1945 скасавана аўтаномія, К. стаў вобласцю РСФСР. У 1954 перададзены ў склад Украіны. Паводле канстытуцыі Украіны 1996 атрымаў статус аўт. рэспублікі. У студз. 1999 уступіла ў дзеянне канстытуцыя К.
Гаспадарка. Асн. галіна прам-сці — харчасмакавая (вінаробная, плодаагароднінакансервавая, эфіраалейная і інш.). Вінаробства (вытв-сць высакаякасных марачных і шампанскіх він) на прадпрыемствах у Ялце, Севастопалі, Алушце, Судаку, Феадосіі, Сімферопалі. Развіты перапрацоўка рыбы (Керч, Ялта, Еўпаторыя, Севастопаль), садавіны і агародніны (Сімферопаль, Джанкой, Бахчысарай, Севастопаль), вытв-сць ружавага, лавандавага, шалфейнага алеяў (Сімферопаль, Бахчысарай, Алушта, Судак, Ніжнягорскі), тытуню (Ялта, Сімферопаль, Феадосія), мясная, малочная і мукамольная галіны прам-сці. Камбікормавая прам-сць. Здабыча жал. руды (Камыш-Бурунскі жалезарудны камбінат у раёне г. Керч), прыроднага газу (п-аў Тарханкуцкі, Джанкой). На базе мясц.жал. руд працуе Керчанскі металургічны камбінат. Машынабудаванне і металаапрацоўка спецыялізуюцца на вытв-сці буйнатанажных марскіх танкераў, суднарамонце (Керч, Севастопаль), вытв-сці абсталявання для харч. прам-сці, прылад (Севастопаль), тэлевізараў (Сімферопаль), трактарных прычэпаў (Джанкой), пад’ёмна-трансп. абсталявання (Феадосія). Хім.прам-сць працуе на солях Сіваша і ліманных азёр (Сакскі хім., Краснаперакопскі бромавы, Крымскі двухвокісу тытану і содавы з-ды). У Сімферопалі з-д пластмас і быт. хіміі. Прадпрыемствы лёгкай прам-сці вырабляюць трыкатаж, тканіны, абутак, скургалантарэю (Сімферопаль, Севастопаль, Феадосія, Керч, Бахчысарай). Вытв-сць сувеніраў. Пераважна на мясц. сыравіне працуе прам-сцьбуд. матэрыялаў (Феадосія, Севастопаль, Керч, Белагорск). Дрэваапр. з-ды ў Севастопалі, Бахчысараі. мэблевая ф-ка ў Феадосіі. Сімферопальская, Севастопальская і Камыш-Бурунская ДРЭС. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні збожжа, вінаграду, садавіны, ягад, агародніны, малочна-мясной жывёлагадоўлі. Пасяўная пл, каля 0,5 млн.га, пераважна ў Стэпавым К., дзе значныя масівы арашальных зямель (гл.Паўночна-Крымскі канал). Вырошчваюць збожжавыя (пшаніца, ячмень, кукуруза, рыс), тэхн. (сланечнік, соя), кармавыя і агародніна-бахчавыя культуры, бульбу. Збор (тыс.т, 1995): збожжа — 1505, агародніны — 225, бульбы — 332. Асн. плошчы вінаграднікаў і садоў у перадгорнай і цэнтр. частках К. Эфіраалейныя культуры і тытунь вырошчваюць на паўд. узбярэжжы і ў перадгор’ях. У стэпавых раёнах жывёлагадоўля мяса-малочнага кірунку, у перадгор’ях — малочна-мяснога. Развіты птушкагадоўля, авечкагадоўля, свінагадоўля. Вытв-сць мяса ў 1995—93 тыс.т. Даўж. чыгунак 644 км. Гал. чыгункі Севастопаль—Сімферопаль—Джанкой, Краснаперакопск—Джанкой—Феадосія—Керч. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём каля 7 тыс.км. Тралейбусная лінія Сімферопаль—Ялта. Паромная пераправа звязвае Керч з Паўн. Каўказам. Марскія парты: Феадосія, Керч, Севастопаль, Ялта, Еўпаторыя. К. — адзін з буйнейшых курортных раёнаў Украіны. Курорты: Ялта, Алупка, Алушта, Гурзуф (Паўд. бераг К.), Феадосія, Еўпаторыя, Сакі; буйны цэнтр турызму.
Літ.:
Лукша У. Непаўторныя вобразы Крыма: Замалёўкі з натуры. [Маладзечна]. 1997;
Якобсон А.Л. Крым в средние века. М., 1973;
Кессельбреннер Г.Л. Крым: Страницы истории. М., 1994;
Крымская АССР (1921—1945). Симферополь, 1990;
Басов А.В. Крым в Великой Отечественной войне, 1941—1945. М., 1987;
Канапацкі І. 50-я ўгодкі гвалтоўнага выгнання татар з Крыма // Байрам. 1994. № 2;
Старченков Г. Превратности судьбы (Крым) // Азия и Африка сегодня. 1997. № 10.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЙЕ́МЕН, Йеменская Рэспубліка (Аль Джумхурыя аль Йаманія),
дзяржава ў Паўд.-Зах. Азіі, на Пд Аравійскага п-ва. Абмываецца водамі Чырвонага і Аравійскага мораў. Мяжуе на Пн з Саудаўскай Аравіяй, на У з Аманам (б.ч. мяжы не дэмаркіравана). Пл. 532 тыс.км². Нас. 13972,5 тыс.чал. (1997). Сталіца — г.Сана (з 1990), статус эканам. сталіцы мае г.Адэн. Падзяляецца на 17 правінцый. Дзярж. мова — арабская, б.ч. насельніцтва размаўляе на йеменскім дыялекце. Дзярж. рэлігія — іслам. Нац. свята — Дзень йеменскага адзінства (22 мая).
Дзяржаўны лад. Й. — рэспубліка. Паводле канстытуцыі 1994 кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца парламентам на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Палаце прадстаўнікоў (301 дэпутат, выбіраюцца насельніцтвам), выканаўчая ўлада — ураду на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Й. пераважна горная краіна. На З — Йеменскія горы (Джэбель) выш. да 3600 м, г. Эн-Набі-Шаіб, складаюцца з высокіх плато, расчлянёных глыбокімі далінамі. Шмат патухлых вулканаў. На Пд і ў цэнтр.ч. горы выш. да 2513 м, паўн. схілы якіх павольна зніжаюцца да пустыні Руб-эль-Халі. На У — невысокія пласкагор’і і пластавыя ўзвышшы. Уздоўж узбярэжжа Чырвонага м. і Адэнскага зал. паласой у 50—60 км цягнецца пустыня Тыхама. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, золата, серабро, каменны і буры вугаль, жал., поліметал. і уранавыя руды, графіт, сера, бітумінозныя сланцы, фасфарыты, соль, гіпс, паўкаштоўныя камяні (онікс, агат, халцэдон). На ўзбярэжжы клімат трапічны, гарачы і сухі. Тыхама — адна з самых спякотных і сухіх пустынь у свеце. Сярэдняя т-растудз. 24 °C, чэрв. 31 °C, ападкаў менш за 100 мм. У гарах лета ўмерана цёплае і вільготнае, зіма халаднаватая і сухая, у снеж.—лютым бываюць замаразкі. Каля г. Сана (на выш. 2400 м) сярэдняя т-рачэрв. 21 °C, студз. 14 °C, ападкаў 700—1000 мм за год. Рэкі невялікія. Частка рэк (Мур, Забід, Масіла, Тыбан і інш.) у верхнім і сярэднім цячэнні мае пастаянны вадасцёк, большасць перасыхае. Глебы чырвона-бурыя, зрэдку саланчаковыя. Расліннасць на раўніне пустынная і паўпустынная, на схілах гор калючыя хмызнякі і невял. дрэвы (акацыя, мімоза), па далінах лістападныя і вечназялёныя лясы, на ўнутр. плато сухія стэпы, месцамі саванна. У аазісах пустынь і паўпустынь фінікавыя і какосавыя пальмы. Жывёльны свет: газелі, шакалы, гіены, паўзуны, шмат малпаў, эндэмічны драпежнік мускусны кот (в-аў Сакотра); з птушак — пеліканы, фламінга, цацаркі. У прыбярэжных водах — тунец, сардзіны, скумбрыя, лангусты, амары, крэветкі, крабы і інш.
Насельніцтва. Й. — этнічна аднародная краіна, каля 90% складаюць йеменскія арабы. Жывуць таксама індыйцы, пакістанцы, іранцы, самалійцы і інш. Каля 100 тыс.чал. вядуць качавы спосаб жыцця на У і ПнУ. Большасць насельніцтва належыць да сектаў шыітаў-зейдзітаў і сунітаў-шафіітаў. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 26 чал. на 1 км², найб. ў Джэбелі — каля 100 чал. на 1 км², у Хадрамаўце і вакол г. Адэн — 45 чал. на 1 км², на Пн — каля 1 чал. на 1 км². У гарадах жыве 34% насельніцтва (1997). Найб. гарады (тыс.ж.): Сана — 972, Адэн — 562 (1995), Таіз — 178, Хадэйда — 155, Эль-Мукала — 50 (1986).
Гісторыя. Дзярж. ўтварэнні на тэр. Й. існавалі са стараж. часоў. На рубяжы 2—1-га тыс. да н.э. тут складвалася своеасаблівая паўд.-аравійская цывілізацыя, узніклі дзяржавы Хадрамаўт, Катабан, Саба, пазней — Маін, якія дасягнулі найб. росквіту ў 2—1 ст. да н.э. (гэта тэрыторыя атрымала ад ант. географаў назву «Arabia felix» — «Шчаслівая Аравія»). Іх развіццю спрыяў гандаль з краінамі Міжземнамор’я і Індыяй. У пач. 4 ст.н.э.тэр. Й. ўключана ў Хім’ярыцкае царства, тут пашырыліся іудаізм і хрысціянства. У 525 Й. заваяваны эфіопамі, у 575 — Сасанідамі (гл.Сасанідаў дзяржава). У канцы 6 — пач. 7 ст. на тэр. Й. існавала шмат дробных уладанняў, якія каля 630 уключаны ў склад Араб.халіфата. Паступова пануючай рэлігіяй стаў іслам. У 10 ст. частка тэр. Й. апынулася пад уладай шыіцкай секты зейдзітаў. Некалькі стагоддзяў тут ішлі міжусобіца і барацьба паміж рознымі дынастыямі. У пач. 16 ст. Й. падпарадкавалі туркі-асманы, але ў выніку агульнайеменскага паўстання яны мусілі ў 1633 пакінуць краіну. Утварылася незалежная тэакратычная дзяржава на чале з зейдзіцкімі імамамі. У 1839 англічане захапілі раён Адэна (Паўд. Й.), дзе пазней былі створаны брыт. калонія і пратэктараты Адэн (Усходні і Заходні). У Паўн. Й. аднавілася тур. панаванне (1872).
У выніку антыасманскага паўстання 1904—11 Паўн. Й. дамогся аўтаноміі, у 1918 абвешчаны каралеўствам на чале з імам Ях’я ібн Мухамедам. Паводле англа-йеменскага дагавора 1934 Вялікабрытанія прызнала незалежнасць Паўн. Й., але пакінула за сабой Адэн. У 2-ю сусв. вайну Й. захоўваў нейтралітэт, у 1943 разарваў дыпламат. адносіны з Італіяй. У 1948 у выніку змовы забіты Ях’я. Да ўлады прыйшоў яго сын Ахмед, які часткова адышоў ад палітыкі самаізаляцыі дзяржавы: быў створаны савет міністраў, Й. прыняў удзел у Бандунгскай канферэнцыі 1955. У 1962 у выніку антыманархічнай рэвалюцыі скінута ўлада імама і абвешчана Йеменская Араб. Рэспубліка (ЙАР). Новы ўрад прапанаваў шырокую праграму сац.эканам. рэформ, ажыццяўленне якой прыпыніла грамадз. вайна (скончана ў 1970). У 1971 адбыліся першыя ў гісторыі Паўн. Й. ўсеагульныя выбары паводле канстытуцыі 1970. У 1978 прэзідэнтам ЙАР выбраны Алі Абдала Салех.
У выніку ўзбр.нац.-вызв. барацьбы народаў Паўд. Й. ў 1967 абвешчана незалежная Нар. Рэспубліка Паўд. Йемена (з 1970 Нар.Дэмакр. Рэспубліка Йемен, НДРЙ). Кіраўніцтва абвясціла сацыяліст. арыентацыю краіны і ажыццявіла шэраг рэформ, скіраваных на мадэрнізацыю феад.-плем. структуры грамадства. У 1972 успыхнуў узбр. канфлікт з ЙАР, які скончыўся падпісаннем пагаднення аб аб’яднанні 2 дзяржаў (не рэалізаваны). У 1978 створана Йеменская сацыяліст. партыя, ген. сакратаром у 1980 выбраны Алі Насэр Мухамед (адначасова кіраўнік дзяржавы і прэм’ер-міністр). Партыя выступала за развіццё дзярж. сектара ў эканоміцы, стварэнне калект. гаспадарак, цеснае супрацоўніцтва з СССР і інш.сацыяліст. краінамі. У 1979 адбыўся новы ўзбр. канфлікт з ЙАР. У 1980-я г.ўнутр. канфлікты, частыя змены кабінетаў, непаразуменні ў кіраўніцтве па пытаннях ўнутр. і знешняй палітыкі перашкаджалі працэсу сац.-эканам. развіцця НДРЙ. У 1989 ва ўмовах крызіснай эканам. сітуацыі кіраўніцтва краіны адмовілася ад сацыяліст. праграмы. Перагаворы паміж урадамі абедзвюх йеменскіх дзяржаў скончыліся падпісаннем 22.5.1990 дагавора пра стварэнне аб’яднанай Рэспублікі Йемен (РЙ). Прэзідэнтам яе выбраны Алі Абдала Салех. У канцы 1993 адносіны паміж Паўн. і Паўд. Й. рэзка пагоршыліся, у крас. 1994 пачалася маштабная вайна. У маі 1994 у Адэне абвешчана Дэмакр. Рэспубліка Йемен. У ліп. 1994 войскі РЙ устанавілі кантроль над усёй тэр.Паўд. Й. Вясной 1997 адбыліся выбары новага парламента РЙ. Й. — чл. Лігі араб. дзяржаў (з 1945), ААН (з 1947). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў жн. 1995.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Усеагульны нар. кангрэс, Йеменскае аб’яднанне ў абарону рэформ, Йеменская сацыяліст. партыя. Прафс. аб’яднанне — Усеагульная федэрацыя прафсаюзаў рабочых Йеменскай Рэспублікі.
Гаспадарка. Й. — аграрная краіна. Яе эканоміка перажывае цяжкі крызіс як вынік баявых дзеянняў у 1994. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1995 склаў 37,1 млрд.дол. ЗША, на душу насельніцтва — 2520 дол. ЗША. Доля ВУП (%): прам-сці — 24, сельскай гаспадаркі — 21, сферы паслуг — 55. У сельскай гаспадарцы занята 54% працаздольнага насельніцтва. Гал. галіна — земляробства. Пасяўная пл. каля 3210 тыс.га. Асн. раёны — Джэбель (на тэрасаваных багарных землях), Тыхама, Хадрамаўт, Лахдж (на арашальных землях). Прыродныя ўмовы дазваляюць атрымліваць па 2—3 ураджаі за год. Гал. экспартная культура — кава. У аазісах — фінікавая пальма. Асн. збожжавыя: дура (афр. проса), сорга, пшаніца, ячмень. кукуруза; тэхн. — індзіга, кунжут, бавоўнік, тытунь, хна, кат (наркатычная расліна), імбір. Традыцыйна развіта садоўніцтва (бананы, персікі, абрыкосы, гранаты, цытрусавыя, манга, інжыр). У цэнтр. раёнах развіта вінаградарства (больш за 40 сартоў). На паліўных землях агародніцтва, бахчаводства. Бульбаводства. Жывёлагадоўля пашавага характару. Гадуюць (млн. галоў, 1996): авечак — 3,7, коз — 3,2, буйн. раг. жывёлу (пераважна зебу) — 1,1, коней, аслоў, вярблюдаў. У Хадрамаўце і Джэбелі — пчалярства. У прыбярэжных раёнах — рыбалоўства; улоў рыбы (1995) складае 86,8 тыс.т. Здабываюць жэмчуг, каралы, перламутр. Вядучая галіна прам-сці — здабыча і перапрацоўка нафты. Запасы нафты — 550 млн.т у раёне Марыб і прав. Хадрамаўт (Масіла), газу — 130—170 млрд.м³. Штогод на Марыбскім радовішчы здабываюць каля 10 млн.т нафты. Нафтаперапрацоўка на з-дах у Адэне і Марыбе (магутнасць каля 9 млн.т). Нафта і нафтапрадукты складаюць каля 90% экспарту краіны. Здабываюць таксама кухонную соль (запасы ў Саліфе 300—500 млн.т), жал. руду, гіпс, паўкаштоўныя камяні. Вытв-сць электраэнергіі (1995) 1,9 млрд.кВт∙гадз. З-ды металаапрацоўчай прам-сці: суднарамонтны (Адэн), зброевы (Сана), па вытв-сці тары для нафтапрадуктаў (Хадэйда) і алюмініевага посуду (Таіз). Прадпрыемствы лёгкай прам-сці: бавоўнаачышчальныя (у Сане, Хадэйдзе, Забідзе, Лахджы), тэкст. (у Сане, Адэне), швейныя, гарбарныя. Ёсць з-ды хім. прам-сці (лакафарбавы ў Адэне і пластмасавых вырабаў у Таізе). Развіты галіны харч. прам-сці (кандытарская, алейная, кансервавая, рыбная, малочная, тытунёвая). Вытв-сцьбуд. матэрыялаў у Таізе, Сане (цэментны з-д), мэблі ў Сане, запалак у Адэне. Развіта саматужна-рамесніцкая вытв-сць дываноў, тэкстылю, абутку, упрыгожанняў з золата, серабра, ганчарных вырабаў. Ва ўнутр. перавозках асн. з’яўляецца аўтамаб. транспарт. Даўж. аўтадарог з асфальтавым пакрыццём 11 тыс.км. Аўтапарк больш за 510 тыс. машын, у м. 282 тыс. грузавых. Шырока выкарыстоўваецца ўючны транспарт на стараж. караванных шляхах. 11 аэрапортаў, з іх 4 міжнар. (у Сане, Адэне, Таізе, Хадэйдзе). Знешнегандл. марскія перавозкі — на замежных суднах. Гал. парты: Хадэйда (вываз кавы, сухафруктаў, скуры, бавоўны), Адэн (транзітны порт), Моха, Саліф, Эль-Мукала. Экспарт складае 1,1 млрд.дол. ЗША (1994): нафта і нафтапрадукты, кава, бавоўна, фінікі, рыбапрадукты, соль і інш. Імпарт — 1,8 млрд.дол. ЗША (1994): нафта, машыны і абсталяванне, тавары нар. ўжытку, хім. прадукцыя. Асн.гандл. партнёры: Вялікабрытанія, ЗША, Японія, Расія, краіны бас. Індыйскага ак. Грашовыя адзінкі — йеменскі рыял і йеменскі дынар.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. На тэр.Паўн. Й. выяўлены рэшткі стараж. гарадоў (з 2-га тыс. да н.э., Марыб, Маін), умацаваных мурамі з вежамі, ірыгацыйных пабудоў (Марыбская плаціна, 7 ст. да н.э.), каменных храмаў з рэльефамі, статуямі, размалёўкамі (храм Авам каля Марыба, 8 ст. да н.э.). Знойдзены каменная і бронз. скульптура. творы гліптыкі, кераміка. З І. ст.н.э. вядомы г. Сана, дзе паводле літ. крыніц, быў 20-павярховы замак Гумдан. З пашырэннем ісламу (7 ст.) будаваліся мячэці, напачатку «дваровага» тыпу (аль-Джама аль-Кебір у Сане), пазней — у выглядзе купальных залаў (аль-Ашрафія ў Таізе, 13 ст.); мінарэты звычайна ярусныя, круглыя ці шматгранныя, з невял. купалам. Традыц. жылыя дамы ў гарадах 3—7-павярховыя, каменныя ці цагляныя, з міжпаверхавымі паясамі (у Сане), ажурнымі балконамі (у Хадэйдзе); у селішчах — высокія сырцовыя і каменныя, часам вежавыя дамы ці чарацяныя хаціны на драўляным каркасе. У Паўд. Й. захаваліся руіны сталіцы царства Катабан г. Тымна (9—1 ст. да н.э., рэшткі каменных умацаванняў, вял. будынкаў з высечанымі на сценах надпісамі, надмагільныя стэлы некропаля з квадратнымі пліткамі, са схематычнымі выявамі твараў, насценныя бронз. рэльефы і статуі эліністычнага характару); у Хадрамаўце — руіны гарадоў 5—4 ст. да н.э. з абарончымі мурамі з часанага каменю (Шабва) і рэшткамі дамоў, скальныя грабніцы і вадаёмы (Адэн). У розных раёнах знойдзены прадрапаныя і нанесеныя вохрай выявы канца 1-га тыс. да н.э.: фігуркі людзей і жывёл з бронзы і золата, кераміка з геам. арнаментам. У нешматлікіх сучасных гарадах (Шыбам, Тарым) захавана ў асноўным стараж. аблічча: сырцовыя 6—7-павярховыя да мы вежавага тыпу, якія шчыльна прымыкаюць адзін да аднаго і ствараюць знадворку непрыступны мур з адзінай брамай, што вядзе ў горад. Фасады высокіх дамоў часта аздоблены шматколернай размалёўкай. Каля г. Адэн захаваліся ўмацаванні сярэдзіны 19 ст. (і фрагменты 16—17 ст.). Для культавай архітэктуры характэрны мячэці з плоскім ці купальным перакрыццем галерэй, якія абкружаюць двор, Мінарэты з паясамі зубчастай муроўкі з цэглы сырцу, маўзалеі-«куба» з яйкападобным купалам і ажурным парапетам, што завяршае сцены. У архітэктуры сучаснага Й. новыя канструкцыі спалучаюцца з традыц. элементамі. Развіваецца выяўл. мастацтва. Захоўваюцца стараж. віды нар. мастацтва: інкрустацыя па дрэве і метале, філігрань, вышыўка, дыванаткацтва і інш.
Г.С.Смалякоў (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя).
Герб і сцяг Йемена.Да арт.Йемен. Традыцыйная забудова гарадоў на паўночным усходзе краіны.Да арт.Йемен. Ландшафт у даліне Хадрамаўт.