КРЫМІНАЛЬНАЕ ПРАВА
Нацыянальныя крымін.-прававыя погляды бяруць пачатак з такіх фундаментальных нарматыўных крыніц, як статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588 (апошні дзейнічаў на тэр. Беларусі да 1840). У дасав. і ў сав. перыяды айч. навука крымін. права фарміравалася і развівалася ў асн. ў рэчышчы і на метадалагічнай аснове рас. крымін. права. Сістэмнае фарміраванне нац. навук. школы крымін. права звязана з расшырэннем у 1953 і 1957 паўнамоцтваў саюзных рэспублік у галіне заканадаўчага рэгулявання. Цэнтрамі падрыхтоўкі навук. кадраў і правядзення фундаментальных даследаванняў у галіне крымін. права былі Мінскі юрыдычны ін-т (1931—54), БДУ (юрыд. ф-т, 1954), Ін-т філасофіі і права АН Беларусі (з 1931), Мінская вышэйшая школа МУС СССР. Навук. даследаванні ў гэты перыяд былі звязаны з рэформай крымін. заканадаўства, падрыхтоўкай Асноў крымін. заканадаўства Саюза ССР і саюзных рэспублік, а пасля іх прыняцця ў 1958 — Крымінальнага кодэкса БССР (1960). Апрача дактрынальнага каменціравання кодэкса, прадметамі даследаванняў бел. вучоных сталі праблемы: стадыі здзяйснення наўмыснага злачынства, падставы і межы адказнасці за няскончаную злачынную дзейнасць (І.С.Цішкевіч); падставы і межы крымін. адказнасці за пакіданне ў небяспецы (І.І.Гарэлік); пазбаўленне свабоды як від крымін. пакарання і яго эфектыўнасць (М.А.Яфімаў) і інш. У пач. 1960-х г. на базе Ін-та філасофіі і права АН Беларусі арганізавана падрыхтоўка навук. кадраў у галіне крымін. права. Выдадзены манаграфічныя працы «Адказнасць за цялесныя пашкоджанні па савецкаму крымінальнаму праву» П.А.Дубаўца (1964), «Умовы і межы неабходнай абароны» І.С.Цішкевіча (1969), «Класіфікацыя злачынстваў, небяспечных для жыцця і здароўя» І.І.Гарэліка (1973) і інш. Пытанні крымін. адказнасці і сістэмы пакаранняў аналізаваліся ў працах Л.В.Багрый-Шахматава. У 1963 пад рэд. І.Ц.Цішкевіча і В.А.Шкурко выдадзены першы Навук.-практычны каментарый да Крымін. кодэкса БССР (апошняе перавыд. 1989).
У 1970—80-я г. аб’ектам навук. даследаванняў сталі крымін.-прававыя меры ўздзеяння, не звязаныя з пакараннем (Э.А.Саркісава, В.А.Шкурко, М.А.Яфімаў). Сувязь тэорыі крымін. права з суд. практыкай адлюстравана ў працах І.С.Цішкевіча і І.І.Гарэліка «Пытанні крымінальнага права (Агульнай часткі) у практыцы Вярхоўнага суда БССР» (1973) і «Пытанні судовай практыкі (Асаблівай часткі) у практыцы Вярхоўнага суда БССР» (1976). Распрацоўваліся такія актуальныя праблемы, як крымін.-прававыя сродкі стымуляцыі раскрыцця злачынстваў (А.У.Баркоў), крыміналізацыя грамадска небяспечных паводзін з выкарыстаннем інфарм.-вылічальных машын (М.Ф.Ахраменка), сродкі забеспячэння выканання абвінаваўчага прыгавору (В.В.Марчук), кваліфікацыя крадзяжоў маёмасці пасля прыняцця Закона аб уласнасці і уніфікацыя на яго аснове адказнасці за злачынствы супраць уласнасці (І.С.Цішкевіч, С.І.Цішкевіч). З пач. 1990-х г., ва ўмовах рэформы крымін. заканадаўства, вядуцца даследаванні ў галіне тэорыі і практыкі крымін.-прававой абароны свабоды і адпаведнага парадку ажыццяўлення эканам. дзейнасці (А.І.Лукашоў), аналізуюцца тэарэтычныя аспекты і прынцыпы функцыянавання інстытута крымін. адказнасці (У.М.Хоміч). Распрацаваная на кафедры крымін. права БДУ пад кіраўніцтвам У.М.Хоміча канцэпцыя рэфармавання крымін. і крымін.-выканаўчага заканадаўства стала нарматыўнай мадэллю прынятых Крымінальнага (1999) і Крымінальна-выканаўчага (2000) кодэксаў Рэспублікі Беларусь. У 2003 выдадзены «Каментарый да Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь» пад рэд. А.У.Баркова.
Літ.:
Саркисова Э.А. Уголовно-правовые средства предупреждения преступлений. Мн., 1975;
Барков А.В. Уголовный закон и раскрытие преступлений. Мн., 1980;
Ефимов М.А., Шкурко В.А. Совершенствование уголовно-правовых мер борьбы с преступностью. Мн., 1980;
Тишкевич И.С., Тишкевич С.И. Квалификация хищений имущества. Мн., 1996;
Хомич В.М. Теоретические проблемы уголовной ответственности (формы реализации). Мн., 1997;
Лукашов А.И. Преступления против порядка осуществления экономической деятельности: уголовно-правовая характеристика и вопросы классификации. Мн., 2002.
У.М.Хоміч.
т. 18, кн. 2, с. 488