МОНАМАЛЕКУЛЯ́РНЫ СЛОЙ,

слой рэчыва таўшчынёй у адну малекулу. Утвараецца на паверхні падзелу фаз пры адсорбцыі, паверхневай дыфузіі. На цвёрдых паверхнях М.с. звычайна ўзнікае ў выніку адсорбцыі паверхнева-актыўных рэчываў з разбаўленых раствораў ці газаў пры адносна нізкім ціску. Структура і ўласцівасці М.с. ўплываюць на працэсы масапераносу (выпарэнне, дыфузія), трэнне, адгезію; вызначаюць устойлівасць высокадысперсных сістэм (эмульсій, пен). Важную ролю адыгрываюць М.с. (ліпідныя, ліпапратэідныя і інш.) у клетачных мембранных працэсах. Гл. таксама Біялагічныя мембраны.

т. 10, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ЛЬЦМАНА СТАТЫ́СТЫКА,

раздзел статыстычнай фізікі, які вывучае ўласцівасці сістэм неўзаемадзейных часціц (электронаў, атамаў, малекул), што рухаюцца паводле законаў класічнай механікі.

Распрацавана ў 2-й пал. 19 ст. Дж.К.Максвелам і Л.Больцманам. Ва ўмовах цеплавой раўнавагі стан ідэальнага газу апісваецца функцыяй размеркавання 𝑓 = Cexp(-E/kT), дзе C — нарміровачная канстанта, E — поўная мех. энергія (сума кінетычнай і патэнцыяльнай энергія часціцы), k — Больцмана пастаянная, T — абс. тэмпература. Функцыя 𝑓 наз. размеркаваннем Максвела—Больцмана, з якога вынікае закон раўнамернага размеркавання кінетычнай энергіі па ступенях свабоды малекул: на кожную ступень свабоды прыпадае ў сярэднім энергія 1/2 kT. Больцмана статыстыкай карыстаюцца ў тых выпадках, калі квантавыя эфекты ў руху часціц можна не ўлічваць. Крытэрый яе дастасавальнасці (2ΠmkT)​3/2/nh>1, дзе m — маса часціцы, n — канцэнтрацыя часціц, h — Планка пастаянная. Гэты крытэрый практычна выконваецца для малекул звычайных газаў і электронаў праводнасці ў паўправадніках. Для мікрачасціц Больцмана статыстыка недакладная і заменьваецца статыстыкай Бозе—Эйнштэйна або Фермі—Дзірака (гл. Квантавая статыстыка).

Больцмана статыстыка шырока карыстаецца ў кінетычнай тэорыі газаў, фізіцы паўправаднікоў, фізіцы плазмы, тэорыі эл. і магн. з’яў у рэчыве і інш. галінах фізікі.

В.​І.​Кузьміч.

т. 3, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

по́мпа1

(польск. pompa, ад фр. pompe)

насос для падачы куды-н. або адкачвання вадкасці, газаў (напр. пажарная п.).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

сілікаге́ль

(ад лац. silex, -icis = крэмень + гель)

порыстая белая маса, двухвокіс крэмнію, сарбент; выкарыстоўваецца для ачысткі газаў, масел, нафтапрадуктаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

бало́н, ‑а, м.

1. Металічная, шкляная або гумавая пасудзіна для газаў ці вадкасці. На вадзе, крокаў за дзесяць ад берага, пагойдвалася паміж абшарпаных пантонаў чырвоныя балоны земснарада. Чыгрынаў.

2. Гумавая аўтамабільная і інш. камера, якая напаўняецца паветрам. Шафёр выскачыў з машыны і заклапочана стукаў наском чаравіка па залатаных балонах. Шамякін.

3. Газанепранікальная абалонка аэрастата, дырыжабля і інш.

[Фр. ballon.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адры́жка, ‑і, ДМ ‑жцы, ж.

1. Выхад са стрававода, страўніка праз рот газаў, іншы раз з часцінкамі ежы. Елі Пшыбыцкі з Андрусовічам доўга і прагна, аж пакуль не апанавала абодвух адрыжка. Курто. Я узненавідзеў гэтых мукамолаў і пасечнікаў (рыжыя бароды, Святыя твары, сытая адрыжка). Панчанка.

2. перан. Разм. Праяўленне чаго‑н. аджылага; перажытак. Адрыжка мінулага.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АЛЬШЭ́ЎСКІ ((Olszewski) Кароль Станіслаў) (29.1.1846, Бранішаў Тарноўскі, Польшча — 24.3.1915),

польскі фізік і хімік. Чл. Кракаўскай АН (1888). Скончыў Гейдэльбергскі ун-т (1872). З 1876 праф. Кракаўскага ун-та. У 1883 разам з З.​Ф.​Урублеўскім упершыню атрымаў вадкі кісларод, у 1895 — вадкі аргон. Адыябатычным расшырэннем сціснутага і ахалоджанага вадароду дабіўся яго звадкавання. У 1896—1905 спрабаваў атрымаць вадкі гелій і дасягнуў пры гэтым т-ры парадку некалькіх кельвінаў. Даследаваў фіз. ўласцівасці кандэнсаваных газаў (метану, цвёрдага азоту і інш.).

т. 1, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛІ́Д [ад грэч. bolis (bolidos) кідальная зброя],

вялікі вогненна-яркі метэор (успышка метэорнага цела ў выніку яго ўваходжання ў верхнія слаі зямной атмасферы). Найбольш яркія баліды можна назіраць удзень, уначы відаць абалонка і хвост баліда. Пасля палёту баліда застаецца след, які складаецца з іанізаваных газаў і пылу. Іншы раз метэорнае цела за час палёту ў зямной атмасферы не паспявае поўнасцю згарэць і падае на Зямлю ў выглядзе метэарытаў. Палёт і падзенне балідаў часта суправаджаюцца гукавымі з’явамі (выбухамі).

т. 2, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫФУЗІЙНАЯ ЗВА́РКА,

зварка металаў, пластмас і інш. матэрыялаў, заснаваная на выкарыстанні дыфузіі. Звычайна робіцца ў вакууме, часам у атмасферы ахоўных газаў (аргону, вадароду, гелію), вадкіх асяроддзях.

Пры Д.з. дэталі змяшчаюць у зварачную герметычную камеру з разрэджаннем 10—1 кПа, награюць да 600—800 °C (без расплаўлення кантаў) і сціскаюць. Пры гэтым у паверхневых слаях дэталей, што кантактуюць, адбываецца інтэнсіўная ўзаемная дыфузія атамаў, за кошт якой матэрыялы злучаюцца. Д.з. выкарыстоўваецца ў электроннай і паўправадніковай прам-сці, дакладным машынабудаванні і інш.

т. 6, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗАХО́РНЫ ПРАЦЭ́С,

тэрмадынамічны працэс, які адбываецца пры пастаянным аб’ёме сістэмы. З-за малой сціскальнасці многія ізатэрмічныя працэсы ў цвёрдых целах адначасова прыблізна ізахорныя.

І.п. на тэрмадынамічнай дыяграме стану адлюстроўваецца ізахорай і падпарадкоўваецца Шарля закону, які для рэальных газаў выконваецца набліжана з-за наяўнасці сіл міжмалекулярнага ўзаемадзеяння. Мех. работа пры І.п. роўная нулю; змена ўнутр. энергіі цела адбываецца за кошт паглынання (ці выдзялення) цеплаты. Для ажыццяўлення І.п. ў газах і вадкасцях іх змяшчаюць у герметычную пасудзіну з пастаянным аб’ёмам.

т. 7, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)