ДАМІНІ́КА (Dominica),

Садружнасць Дамінікі (Commonwealth of Dominica), дзяржава на аднайм. востраве ў Карыбскім м. Падзяляецца на 10 раёнаў. Пл. 751 км². Нас. 88 тыс. чал. (1994). Сталіца — г. Разо. Афіц. мова — англійская, пашыраны таксама мясц. дыялект франц. мовы. Нац. свята — Дзень незалежнасці (3 ліст.).

Прырода Паверхня вострава гарыстая (выш. да 1447 м, вулкан Д’яблатэн). Ёсць гарачыя крыніцы і невял. азёры з кіпячай вадой. Бываюць землетрасенні. Клімат трапічны пасатны, вільготны. Сярэднямесячная т-ра 25—27 °C. Ападкаў 1500—2500 мм за год, дажджлівы сезон чэрв.кастр., частыя ўраганы. У гарах захаваліся вільготна-трапічныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў. Нац. парк Морн-Труа-Пітон.

Насельніцтва. 91% складаюць негры, 6% — мулаты і крэолы, 1,5% — індзейцы-карыбы (карэнныя жыхары). Сярод вернікаў пераважаюць католікі (93%). Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 117 чал. на 1 км², амаль усё яно жыве на ўзбярэжжы. У гарадах каля 50% насельніцтва.

Гісторыя. Адкрыта Х.​Калумбам у 1493. У 17—18 ст. Д. папераменна валодалі Францыя і Англія. Канчаткова стала калоніяй Вялікабрытаніі паводле Парыжскага міру 1783. У 1871—1939 у складзе Федэрацыі Падветраных а-воў, у 1958—62 — Вест-Індскай федэрацыі. У 1967 аб’яўлена «асацыіраванай з Вялікабрытаніяй дзяржавай». 3.11.1978 абвешчана незалежнасць Д. Восенню 1983 удзельнічала ў інтэрвенцыі ЗША на Гранаду. З сярэдзіны 1980-х г. у Д. ажыццяўляецца праграма паліт. інтэграцыі з карыбскімі краінамі. Д. — чл. Садружнасці на чале з Вялікабрытаніяй. Паводле канстытуцыі 1978 кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт (з 1993 — К.​Сараінда), які выбіраецца парламентам на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Палаце сходу, выканаўчая — ураду. У 1978 Д. прынята ў ААН. Чл. Арг-цыі амер. дзяржаў, Карыбскай супольнасці і Арг-цыі ўсходнекарыбскіх дзяржаў. Паліт. партыі: Партыя свабоды Д. (правячая), Аб’яднаная партыя працоўных Д., Лейбарысцкая партыя Д. Прафсаюзы — Аб’яднаны саюз рабочых Д., Прафсаюз Д., Асацыяцыя дзярж. служачых, Прафсаюз докераў і рабочых сумежных прафесій, Саюз сялян Д.

Гаспадарка. Найб. развіта сельская гаспадарка. Яе доля ў валавым унутр. прадукце каля 30%, прам-сці — каля 6%. Апрацоўваецца каля ​1/4 тэрыторыі. Гал. культура — бананы (збор штогод каля 40—50 тыс. т). Вырошчваюць какосавыя арэхі, цытрусавыя, какаву, агародніну. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак і коз. Лесанарыхтоўкі. Здабыча пемзы і вапняку. Апрацоўчая прам-сць прадстаўлена паўсаматужнымі прадпрыемствамі па вытв-сці сокаў, фруктовых кансерваў, копры, цыгарэт (з імпартнага тытуню), рому, мыла, эфірных алеяў і інш. Ёсць некалькі дрэваапр. прадпрыемстваў, цэментны з-д. Шырока развіты замежны турызм (занята 20% рабочай сілы). Рыбалоўства. Транспарт аўтамабільны (аўтадарог 752 км) і марскі. Гал. порт Разо. Міжнар. аэрапорт. Экспарт: бананы, мыла, цытрусавыя, сокі з садавіны, какосавы алей. Імпарт: харч. і прамысл. тавары, машыны і абсталяванне, хімікаты. Асн. гандл. партнёры: Вялікабрытанія, ЗША, суседнія краіны. Д. залежыць ад знешняй эканам. дапамогі. Грашовая адзінка — усходнекарыбскі долар.

І.​Я.​Афнагель (прырода, гаспадарка).

Герб і сцяг Дамініканскай Рэспублікі Дамінікі.

т. 6, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Сло́та1 ‘сырое надвор’е з дажджом і мокрым снегам’ (ТСБМ, Нас., Варл., Сцяшк., Байк. і Некр., Сержп. Прымхі; ЛА, 2), ‘нешта вільготнае, ліпкае, назойлівае’ (Жыв. сл., Нар. словатв.), слата́ ‘сырое вільготнае надвор’е’ (ТСБМ, Сцяшк., Гарэц., Шат., Др.-Падб., Байк. і Некр., ПСл, Сл. ПЗБ), ‘назола, прыліпала’ (Ян., Нар. лекс.), слота́ ‘тс’ (ЛА, 3), слоць ‘мокрае надвор’е’ (Сл. ПЗБ, Сцяшк. Сл.), слю́та ‘слота’, слута́, слюта́, слёта́, слю́та, слоць, слокі́та ‘тс’ (ЛА, 2). Сюды ж слоті́ты ‘надакучаць, часта турбаваць’ (драг., З нар. сл.). Укр. слота́, сльота́, рус. сло́та́, слоть, стараж.-рус. слота ‘непагадзь’, польск. słota, чэш., славац. slota, славен. slóta, серб. дыял. сло̏та ‘тс’, балг. сло́та ‘град’. Прасл. *slota. Роднасныя літ. šáltas ‘халодны’, šaltis ‘холад, мароз’, šálti ‘мерзнуць’, лат. sal̂ts ‘халодны’, авест. sarəta‑ ‘халодны’, новаперс. serd ‘тс’. Гл. Траўман, 298. Далей параўноўваюць з нарв. sletr н. р., sletta ‘дождж’; гл. Фасмер, 3, 675 з іншай літ-рай. Да і.-е. кораня *ꝁel‑ у значэнні ‘мерзнуць, халодны’ (Покарны, 1, 552; Гарачава, Этимология–1976, 62). Махэк₂ (556) беспадстаўна аддзяляе slota у значэнні ‘нягоднік, жулік’, slotit ‘абражаць’ ад slota у першасным значэнні. Паводле Карскага (Белорусы, 149), варыянт з націскам на першым складзе запазычанне з польск. słota, што цяжка давесці. Бязлай (3, 265), Борысь (559) параўноўваюць з літ. šlapa ‘непагадзь, даждлівае надвор’е’, лат. slapt ‘зрабіцца вільготным, мокрым’, грэч. κλέπας ‘вільгаць, макрата’, якія да і.-е. *kʼlep‑вільготны, мокры’; тады прасл. *slota < *slopta. Гл. яшчэ Скок, 3, 287; ЕСУМ, 5, 311–312.

Сло́та2 ‘насланае няшчасце’ (Касп.), ‘нешта як бы чарамі насланае’ (Варл.); сюды ж, відаць, слата́ слато́й ‘незлічона, шмат’ (Барад.). Ад слаіць (гл.) з суф. ‑от(а), аб якім гл. Сцяцко, Афікс. наз., 34.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́хлы ‘пратухлы, з непрыемным пахам гніення’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Сцяшк., ТС, Варл., Вруб., Сл. ПЗБ), тухлы́ ‘які задыхаецца, не можа дыхаць (пра тоўстага чалавека)’ (ТС), сюды ж ту́хлены ‘тухлы’ (Нас., Байк. і Некр.), тухле́ный ‘смярдзючы’ (Бяльк.), тухля́вый ‘крыху смярдзючы’ (Юрч. Вытв.), тухлю́чый ‘тс’ (там жа), тухлі́вы ‘тухлы’ (Мат. Гом.). Параўн. укр. ту́хлый, сту́хлый, рус. ту́хлый, польск. stęchły ‘пратухлы’, в.-луж., н.-луж. stuchły, чэш. stuchlý ‘нясвежы, пратухлы’, славац. stuchlý ‘тс’, харв. tuhljivвільготны, сыры; вадкі; дажджлівы’, ‘смярдзючы’, славен. tohél ‘затхлы, прытохлы’. Утворана ад асновы прасл. *tux‑, звязанай чаргаваннем галосных з *tъx‑, параўн. ту́хнуць2, тхнуць ‘пратухаць’ (гл.); гл. таксама то́хнуць ‘тс’, параўн. рус. то́хнуть ‘здыхаць (пра рыбу)’; польск. tęchnać ‘пратухаць, псавацца, плеснявець’, як і славен. tohél, што дае падставы выводзіць прасл. *tǫxnǫti (Скок, 3, 520) з асновай *tǫx‑, якую Брукнер (570) і Фасмер (4, 128) разглядаюць як другасную. Сюды ж вытворныя ту́хлік ‘пратухлы, гнілы’ (Касп.), тухля́к ‘што-небудзь гнілое, тухлае’ (мёрск., Нар. сл.), ‘тое, што смярдзіць’ (Юрч. Вытв.), ‘смярдзючы’ (Нас.), тухъль ‘пах тухлага’ (ушац., Жыв. сл.), ту́хлець (túchlić) ‘смурод ад вільготнага, затохлага паветра’ (Варл.), тухлё ‘смурод’ (Бяльк., Яруш.), тухляццё ‘тухляціна’ (Сцяшк. Сл.), ‘тое, што смярдзіць’ (Юрч. СНЛ), тухло́ ‘тс’ (Вушац. сл.), ту́хля ‘тухліна’ (мёрск., Нар. сл., Юрч. Вытв.; мядз., Сл. ПЗБ), ту́хлась ‘гніль’ (рагач., там жа), тухляні́на ‘тухліна’ (Сцяшк. Сл.), тухля́ціна ‘пратухлыя прадукты’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр.), тухлі́на ‘гніласць, смурод ад гніення’ (Нас.), ту́хленне ‘давядзенне да тухласці’ (там жа, Юрч. Вытв.), ту́хлосць ‘пратухласць’ (ТС), ту́халь ‘тленне, гніенне, гніль’ (Байк. і Некр.; Вушац. сл., Адм.), тухле́нне ‘смурод, пах тухляціны’ (Юрч. Вытв.), тухле́ць ‘смярдзець’ (Яруш.), ту́хліць ‘даводзіць да псавання і гніення’ (Нас.), ту́хляць ‘марнець, гібець’ (Зайка Кос.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

А́ЛЬПЫ (ням. Alpen, франц. Alpes, італьян. Alpi ад кельцкага alp высокая гара),

найвышэйшая горная сістэма Зах. Еўропы на тэр. Францыі, Італіі, Швейцарыі, Аўстрыі, Ліхтэнштэйна, Германіі і Славеніі. Даўж. каля 1200 км, шыр. да 260 км, найб. выш. г. Манблан (4807 м). Альпы — складаная сістэма горных масіваў і хрыбтоў, што працягнуліся дугой ад Міжземнага м. да Сярэднедунайскай раўніны. Папярочная даліна між азёрамі Бодэнскім і Кома падзяляе Альпы на больш вышынныя Зах. Альпы і больш нізкія і шырокія Усходнія. У Заходніх вылучаюць Прыморскія, Коцкія, масіў Пельву, Грайскія, Савойскія (з масівам Манблан), Бернскія і інш. Горны ланцуг Усходніх Альпаў прадстаўлены Рэтыйскімі, Эцтальскімі, Цылертальскімі Альпамі, Высокім і Нізкім Таўэрнам. Альпы належаць да маладых складкавых структур альпійскага арагенезу (гл. Альпійская складкавасць). Характэрны зубчатыя грабяні, глыбокае расчляненне, вял. пашырэнне ледавіковых формаў рэльефу (гл. Альпійскі рэльеф). Восевая зона сфарміравана стараж. крышталічнымі (гнейсы, слюдзяныя сланцы), магматычнымі (граніты) і метамарфічнымі (кварцава-філітавыя сланцы) пародамі. Перадгор’і Альпаў складзены з вапнякоў, мергеляў, даламітаў, філітаў і маладых маласавых фармацый. Карысныя выкапні: жалезныя, медныя, уранавыя руды, магнезіты, баксіты, каменная соль, у невял. колькасці каменны і буры вугаль.

Альпы — важны кліматападзел Еўропы. На паўн. і зах. перадгор’ях клімат умераны, вільготны, на паўднёвых — субтрапічны міжземнаморскі. Ва ўнутр. раёнах гор выразная вертыкальная занальнасць (т-ра паніжаецца праз кожныя 100 м на 0,3—0,7 °C), фёнавыя вятры выклікаюць кароткія рэзкія пацяпленні. Ападкаў на наветраных зах. і паўн.-зах. схілах 1500—2000 мм за год (месцамі 4000 мм), ва ўнутр. горных далінах 500—800 мм. Снегавая лінія на выш. ад 2500 м на ПнЗ да 3500 м у найб. сухіх унутр. і ўсх. раёнах. Характэрна сучаснае зледзяненне (каля 1200 ледавікоў агульнай пл. 3 тыс. км). З ледавікоў пачынаюцца рэкі Рона, Рэйн, По, Адыджэ, Ін, Драва і інш. Азёры ледавіковага і тэктанічна-ледавіковага паходжання: Жэнеўскае, Бодэнскае, Лага-Маджорэ, Кома (глыб. да 410 м). Для Альпаў характэрна вышынная пояснасць (вылучаюць 5 ландшафтных паясоў).

Пояс перадгор’яў і горных схілаў да выш. 800 м. Клімат умераны, цёплы, на паўд. схілах з міжземнаморскімі рысамі; букавыя і дубовыя лясы значна высечаныя; сады, вінаграднікі, палі збожжавых на горных бурых глебах. Пояс гор (на выш. 800—1800 м) з умераным і ўмерана вільготным кліматам заняты шыракалістымі (дуб, бук, клён, граб) лясамі, якія змяняюцца хваёвымі (елка, піхта, еўрап. кедр, лістоўніца) на горных бурых лясных ападзоленых глебах. Пашы і агароды да 1100—1400 м. На выш. 1800—2300 м субальпійскі пояс з халодным кліматам, моцнымі вятрамі, доўгатэрміновым снегавым покрывам, пераважна высакагорнай хмызняковай расліннасцю (рададэндран, ядловец, кедравы сланік і інш.) і субальпійскімі лугамі. Вышэй (да граніцы вечнага снегу) альпійскі пояс з суровым халодным кліматам і альпійскімі лугамі і нівальны пояс (вечных снягоў і ледавікоў); ландшафты халодных высакагорных камяністых ледавіковых і снежных пустыняў.

Альпы — адзін з важнейшых рэкрэацыйных раёнаў Еўропы. Цэнтр альпінізму, турызму, гарналыжнага спорту.

Літ.:

Благоволин Н.С., Серебрянный Л.Р. Рельеф Европы // Рельеф Земли. М., 1967;

Ерамов Р.А. Физическая география Зарубежной Европы. М., 1973;

Жучкевич В.А., Лавринович М.В. Физическая география материков и океанов. Ч. 1. Евразия. Мн., 1986.

Г.​Я.​Рылюк.

Альпы.

т. 1, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРЭ́ЗІНСКІ БІЯСФЕ́РНЫ ЗАПАВЕ́ДНІК,

у паўночнай частцы Беларусі, на тэр. Докшыцкага і Лепельскага р-наў Віцебскай і Барысаўскага р-на Мінскай абласцей. Засн. ў 1925 для аховы і развядзення каштоўных, рэдкіх і тых, што знікаюць, птушак і звяроў, асабліва баброў (на час стварэння тут была адзіная на З Беларусі калонія). З 1979 запаведнік набыў статус біясфернага паводле Праграмы ЮНЕСКА «Чалавек і біясфера». У 1993 уключаны Саветам Еўропы ў сетку біягенетычных запаведнікаў. Пл. 90,6 тыс. га, у т. л. абсалютна запаведнай зоны 81 тыс. га, ахоўная зона вакол запаведніка 33 тыс. га. Займае ч. Верхнебярэзінскай ніз. ўздоўж верхняга цячэння р. Бярэзіна (бас. Дняпра) з 30 прытокамі. Адм.-гасп. цэнтр у в. Домжарыцы Лепельскага р-на.

Рэльеф пераважна раўнінны, з невял. ўзвышшамі і ўзгоркамі ў паўн.-ўсх. і зах. частках і нізінамі на Пд. Клімат умерана цёплы, вільготны. У межах запаведніка больш за 50 невял. забалочаных рэк і ручаёў, перагароджаных бабровымі плацінамі. Р. Сергуч (Бузянка) — найб. левы прыток р. Бярэзіна — ч. пабудаванай з дапамогай ням. інжынераў у канцы 18 — пач. 19 ст. Бярэзінскай воднай сістэмы, якая дазволіла звязаць рэкі бас. Балтыйскага і Чорнага м. і аднавіць т.зв. гіст. шлях «з варагаў у грэкі». Яе рэчышча ў розных месцах расшырана, выраўнавана і канчаецца Сергуцкім каналам, працягласць якога 9 км. З канца 19 ст. гасп. значэння гэта сістэма не мае. Шмат азёр, найб. Палік, Вольшыца, Плаўна, Домжарыцкае, Манец. Рэкі і азёры займаюць 2,3% тэр. запаведніка, адкрытыя балоты — 10,3%. Есць вял. балотныя масівы (Домжарыцкае каля 10 тыс. га, Каралінскае 7 тыс. га, Жары 4,8 тыс. га і інш.). Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя пясчаныя і супясчаныя, ва ўпадзінах і катлавінах тарфянабалотныя. Забалочаных і балотных глеб каля 60% глебавага покрыва Частыя выхады на паверхню марэнных адкладаў з валунамі і пясчана-галечных утварэнняў. Расліннасць разнастайная, пераважна лясная, лугавая і балотная, спалучае рысы цемнахвойных паўд.-таежных і шыракалістых лясоў. Пад лесам 83,3% тэр., пераважаюць хваёвыя (45,4% лесаўкрытай пл.) і бярозавыя (24,4%) лясы, трапляюцца чорнаальховыя (16,4%), яловыя (10,8%), асінавыя (1,1%), дубовыя (0,5%). У паўд. ч. запаведніка зберагліся унікальныя ясянёвыя і чорнаальхова-ясянёвыя дрэвастоі (0,4%), некаторыя маюць узрост да 160—170 гадоў. Пад лугамі 1,4% тэр. У флоры 780 відаў сасудзістых раслін, больш за 200 відаў мохападобных, шмат відаў грыбоў, лішайнікаў і водарасцяў. У фауне каля 52 відаў млекакормячых, 217 птушак, 8 земнаводных, 5 паўзуноў, 34 віды рыб. Больш за 200 паселішчаў баброў. Каля 1 тыс. баброў вывезена з запаведніка для рассялення ў інш. рэгіёны. Водзяцца лось, воўк, высакародны алень, казуля, дзік, буры мядзведзь, рысь, ліс, барсук, выдра, лясная куніца, тхор, еўрап. і амер. норкі, гарнастай, ласка і інш., з Белавежскай пушчы завезены зубры. Гняздуюцца рэдкія драпежныя птушкі (арол-беркут, малы падворлік, скапа, барадатая няясыць, філін і інш.), а таксама чорны бусел і шэры журавель. Трапляюцца чорны каршун і белая курапатка. Шмат баравой дзічыны.

Бярэзінскі біясферны запаведнік — адзінае месца ў паўн. і цэнтр. ч. Беларусі, дзе прыродныя раслінныя комплексы захаваліся амаль у некранутым стане, каля 30 відаў раслін і 10 відаў жывёл занесены ў Чырв. кнігу. Дзейнічае ў сістэме глабальнага маніторынгу, мае станцыю па назіранні і кантролі за станам навакольнага асяроддзя. З’яўляецца н.-д. і прыродаахоўнай установай, базай для стажыроўкі спецыялістаў у галіне аховы прыроды і запаведнай справы. Працуе музей прыроды, школа экалагічнага выхавання, станцыя фонавага маніторынгу.

Літ.:

Заповедники Прибалтики и Белоруссии. М., 1989;

Биосферный заповедник на Березине. Мн., 1993.

Г.​У.​Вынаеў.

Да арт. Бярэзінскі біясферны запаведнік. 1. Цэнтральная сядзіба. 2. Адмірал. 3. Бусел чорны. 4. Кажан двухкаляровы. 5. Бабёр. 6. Алень.

т. 3, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛІ́З (Belize),

дзяржава ў Цэнтр. Амерыцы, на ўсх. узбярэжжы п-ва Юкатан. На Пн мяжуе з Мексікай, на З і Пд — з Гватэмалай. Абмываецца Карыбскім морам. Пл. 23 тыс. км². Нас. 200 тыс. чал. (1994). Афіц. мова — англійская. Сталіца — г. Бельмапан. Нац. свята — Дзень незалежнасці (21 вер.).

Дзяржаўны лад. Беліз — канстытуцыйная манархія. Чл. брыт. Садружнасці. Дзейнічае канстытуцыя 1981. Кіраўнік дзяржавы — брыт. манарх, якога ў краіне прадстаўляе ген.-губернатар. Вышэйшы заканад. орган — 2-палатны Нац. сход, што складаецца з сената і палаты прадстаўнікоў. Выканаўчы орган — урад на чале з прэм’ер-міністрам (прызначаецца ген.-губернатарам).

Прырода. Рэльеф пераважна нізінны, шмат балотаў. На Пд горы Мая (выш. да 1122 м, пік Вікторыя). Клімат трапічны пасатны, вільготны. Т-ра паветра ўвесь год каля 25—27 °C. Ападкаў каля 2000 мм за год. Рэкі паўнаводныя, найбольшая Беліз. На б.ч. тэрыторыі вільготныя трапічныя лясы. Растуць чырвонае, ружовае, кампешавае, каўчукавае дрэвы, чыкле, кедр. На Пн лістападныя трапічныя лясы і ўчасткі саваннаў. Лясныя заказнікі, найбольшы Чыкібуль.

Насельніцтва. Жывуць негры і мулаты (44%), метысы (33%), індзейцы — мая і карыбы (у т. л. блізкія да іх негра-карыбскія метысы — «чорныя карыбы»), выхадцы з Індыі і інш. Найб. горад — Беліз. Паводле веравызнання 62% — католікі, 30% — пратэстанты. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 8,7 чал. на 1 км², б.ч. яго жыве паблізу ўзбярэжжа. Натуральны прырост каля 2% за год.

Гісторыя. Беліз вядомы як адно з месцаў ранніх паселішчаў плямёнаў мая. У пач. 16 ст. заваяваны іспанцамі. Паўн. ч. Беліза ўвайшла ў склад «Новай Іспаніі» (Мексіка), паўд. ч. — у ген.-капітанства Гватэмалы. У 17 ст. тут з’явіліся англ. пасяленцы, якія заснавалі першыя гарады, у т. л. Беліз (1638). Барацьба ісп. і англ. каланізатараў за тэр. Беліза скончылася ў 1798 на карысць англічан. З 1862 брыт. калонія, вядомая як Брыт. Гандурас (наз. 1840). У 1964 атрымаў поўную ўнутр. аўтаномію. У 1966 Гватэмала, якая лічыла Беліз сваёй тэр., аб’явіла яго сваім усх. дэпартаментам. З 1973 сучасная назва. З 1981 Беліз — незалежная дзяржава. Беліз — член ААН (з 1981), Арганізацыі амерыканскіх дзяржаў, Карыбскай супольнасці і інш. У 1991 Гватэмала прызнала незалежнасць Беліза і ўстанавіла з ім дыпламат. адносіны.

Паліт. партыі: Народная аб’яднаная і Аб’яднаная дэмакратычная. Прафсаюзы: Аб’яднаны ўсеагульны саюз працоўных.

Гаспадарка. Беліз — эканамічна адсталая агр. краіна. У сельскай і лясной гаспадарцы занята каля 40% эканамічна актыўнага насельніцтва. Гал. экспартныя культуры: цукр. трыснёг, цытрусавыя (пераважна апельсіны і грэйпфруты), бананы, какава, ананасы. На ўнутр. патрэбы сеюць рыс, кукурузу, маніёк, фасолю. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (пераважна на Пд), свіней, птушку. Нарыхтоўка кампешавага і чырвонага дрэва, карыбскай хвоі. У прыбярэжных водах рыбалоўства, промысел амараў, крэветак, чарапах. Прам-сць: лесапільныя з-ды і прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны (вытв-сць цукру, патакі, рому, кансерваў, сокаў, мыла, дубільных экстрактаў). Вытв-сць мэблі, буд. матэрыялаў, невял. рыбалоўных і спарт. суднаў; каля Беліза невял. сталепракатны з-д. Развіты саматужныя промыслы (выраб адзення, абутку, сувеніраў). Значныя сродкі дае турызм і зімовы адпачынак пераважна жыхароў ЗША у шматлікіх атэлях і пансіянатах на ўзбярэжжы і прыбярэжных астравах. Унутр. транспарт аўтамабільны, знешнія сувязі пераважна марскія. Гал. порт — Беліз. Паблізу міжнар. аэрапорт. Экспарт: цукар-сырэц, цытрусавыя, амары і крэветкі, драўніна. Імпарт: паліва, трансп. сродкі, харч. прадукты, машыны, хімікаты, тавары лёгкай прам-сці. Гал. гандл. партнёры: Вялікабрытанія і інш. краіны Зах. Еўропы, ЗША, Японія, Мексіка. Грашовая адзінка — долар Беліза.

Герб і сцяг Беліза.
Да арт. Беліз. Адміністрацыйны будынак у г. Беліз.

т. 3, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНЯЕ САМО́А (самаанскае Samoa i Sisifo, англ. Western Samoa),

Незалежная Дзяржава Заходняе Самоа (самаанскае Malo Sa’oloto Tuto’atasi o Samoa i Sisifo, англ. Independent State of Western Samoa), дзяржава ў зах. ч. архіпелага Самоа ў Ціхім ак. (усх. ч. архіпелага займае ўладанне ЗША — Усходняе Самоа). Уключае а-вы Савайі (1,7 тыс. км²), Уполу (1,1 тыс. км²) і 7 дробных. Падзяляецца на 11 акруг. Пл. 2831 км². Нас. 167 тыс. чал. (1993). Сталіца — г. Апія. Дзярж. мовы — самаанская і англійская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 ліп.).

Дзяржаўны лад. З.С. — канстытуцыйная манархія. Член Садружнасці. Дзейнічае канстытуцыя 1972. Пажыццёвы кіраўнік дзяржавы — кароль. Паводле канстытуцыі пасля смерці караля манархія ў краіне будзе ліквідавана і Асамблея выбера кіраўніка дзяржавы тэрмінам на 5 гадоў. Заканад. орган — Заканад. Асамблея з 47 членаў, выбраных насельніцтвам на 3 гады (45 ад карэннага, 2 ад некарэннага насельніцтва). Асамблея выбірае прэм’ер-міністра, якія фарміруе кабінет міністраў з членаў Асамблеі.

Прырода. Астравы вулканічнага паходжання, гарыстыя (выш. да 1885 м, в-аў Савайі). Шмат патухлых вулканаў, на в-ве Савайі дзеючы вулкан Матавану. Берагі ў многіх месцах акаймаваны каралавымі рыфамі. Клімат субэкватарыяльны і трапічны пасатны, вільготны. Сярэднямесячныя т-ры 25—27 °C. Ападкаў 2000—3000 мм, на вяршынях гор да 7000 мм; частыя ўраганы. Шмат горных рэчак і ручаёў. Густыя вільготныя трапічныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў займаюць 47% тэрыторыі. Мора багатае рыбай. Нац. парк Оле-Пупу-Пуэ на в-ве Уполу.

Насельніцтва. Самаанцы, народ палінезійскага паходжання, складаюць 90%. Жывуць таксама еўрапейска-самаанскія метысы (каля 9%), невял. групы кітайцаў і еўрапейцаў. Сярод вернікаў пераважаюць пратэстанты (71%) і католікі (22%). Сярэдняя шчыльн. нас. 59 чал. на 1 км², найб. населены ўзбярэжжы. 72% нас. жыве на в-ве Уполу. Гарадскога нас. 59% (1993). Моцная эміграцыя пераважна ў Новую Зеландыю. За мяжой жыве каля 90 тыс. самаанцаў.

Гісторыя. Астравы Самоа са стараж. часоў былі заселены палінезійцамі (на мяжы 2-га і 1-га тысячагоддзяў да н.э.). Адкрыты ў 1722 галандскім мараплаўцам Я.​Рогевенам. Іх даследавалі франц. экспедыцыі Л.​Бугенвіля (1768) і Ж.​Лаперуза (1787). У 1830 англ. місіянеры заснавалі тут евангелічную місію. У 1889 ЗША, Германія і Вялікабрытанія ўстанавілі трохбаковы пратэктарат пад Самоа, а ў 1899 ажыццявілі іх падзел, зах. частку атрымала Германія, усх. — ЗША; Вялікабрытанія адмовілася ад сваёй часткі на карысць Германіі за яе нейтралітэт у бурскай вайне. У 1914 акупіравана Новай Зеландыяй, якая ў 1920 атрымала ад Лігі нацый мандат на кіраванне З.С. З 1946 падапечная тэр. ААН пад кіраваннем Новай Зеландыі. З 1962 незалежная дзяржава.

Гаспадарка. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка (занята больш за 70% працаздольнага насельніцтва). Валавы нац. прадукт на 1 жыхара складае 700—900 дол. ЗША за год. Апрацаваныя землі займаюць 42% пл. краіны. Гал. таварныя культуры: какосавая пальма (штогадовая вытв-сць копры 20—30 тыс. т), бананы (каля 25 тыс. т), какава (каля 2 тыс. т). Меншае значэнне маюць мускатны арэх, чорны перац, кава. На свае патрэбы вырошчваюць тара, ямс, батат, кукурузу, рыс, плады хлебнага дрэва, агародніну, апельсіны, ананасы, папайю, манга. Жывёлагадоўля арыентавана на ўнутр. рынак. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (каля 30 тыс. галоў), свіней (каля 70 тыс. галоў). Птушкагадоўля. Рыбалоўства і марскія промыслы. Прам-сць прадстаўлена прадпрыемствамі па перапрацоўцы прадукцыі сельскай гаспадаркі, вытв-сці адзення, абутку, харч. прадуктаў, сувеніраў, тытунёвых вырабаў, запалак і інш. Ёсць мылаварны і піваварны з-ды, швейная, мэблевая, тытунёвая, какосавага алею, кандытарская, марожанага, кока-колы ф-кі. Лесапрамысл. комплекс на в-ве Савайі. Народныя маст. промыслы і выраб сувеніраў. Штогод краіну наведвае каля 30—50 тыс. турыстаў пераважна з Новай Зеландыі і Аўстраліі. Агульная працягласць аўтадарог 1800 км, з іх 260 км з цвёрдым пакрыццём. Знешнія сувязі ажыццяўляюцца ў асноўным марскім транспартам. Гал. порт — Апія. Гал. экспартныя тавары — какосавыя крэм і алей, копра, какава, кава, бананы, тара, піва, сокі, цыгарэты, драўніна. У імпарце пераважаюць прадукты харчавання, прамысл. і хім. тавары, паліва. Асн. гандл. партнёры: Аўстралія, Новая Зеландыя, Германія, Японія. Вял. ролю адыгрываюць замежная дапамога і грашовыя пераводы эмігрантаў. Грашовая адзінка — тала (заходнесамаанскі долар).

І.​Я.​Афнагель (прырода, гаспадарка).

Заходняе Самоа. Вёска на ўзбярэжжы.

т. 7, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРДЫЛЬЕ́РЫ ПАЎНО́ЧНАЙ АМЕ́РЫКІ,

паўночная частка горнай сістэмы Кардыльераў на З Паўн. Амерыкі. Выцягнутыя у мерыдыянальным напрамку ўздоўж берагоў Ціхага ак. ад Аляскі да Панамскага перашыйка на тэр. ЗША, Канады і Мексікі. Даўж. больш за 9 тыс. км, шыр. ад 800 км (у Канадзе) да 1600 км (у ЗША). У іх вылучаюцца 3 падоўжныя араграфічныя паясы: зах., унутр. і ўсходні. Заходні, або Ціхаакіянскі, пояс складаецца з ланцуга высокіх горных хрыбтоў. Найб. значныя: Аляскінскі хрыбетнайвыш. пунктам мацерыка г. Мак-Кінлі — 6193 м), Алеуцкі, Берагавы хрыбет, Каскадныя горы, Сьера-Невада, Зах. Сьера-Мадрэ, Папярочная Вулканічная Сьера, Паўд. Сьера-Мадрэ. Уздоўж берага цягнецца раздроблены Астраўны хр. (архіпелаг Аляксандра, Каралевы Шарлоты астравы, в-аў Ванкувер). Усходні, або пояс Скалістых гор, утварылі масіўныя хрыбты: Брукса хрыбет, Рычардсан, горы Макензі, уласна Скалістыя горы (г. Элберг — 4399 м) і Усх. Сьера-Мадрэ. Да ўнутранага пояса належаць: на Алясцы — шырокія тэктанічныя ўпадзіны, якія чаргуюцца з плоскавяршыннымі горнымі масівамі выш. да 1500—1700 м (горы Кілбак, Кускаквім, Рэй); у Канадзе — шматлікія высокія плато (Юкан, Стыкін, Фрэйзер), горныя масівы і хрыбты (горы Касіяр—Омінека, 2590 м; Калумбійскія горы, да 3581 м); у ЗША і Мексіцы — высакагорныя масівы ў вобласці пашыранага развіцця баталітаў у штаце Айдаха (выш. да 3857 м), вулканічныя плато Снейк і Калумбійскае плато, нагор’е Вялікі Басейн, ступеньчатае плато Каларада і Мексіканскае нагор’е. Кардыльеры Цэнтр. Амерыкі складаюцца з 3 дуг: 2 з іх працягваюць ланцугі К.П.А. — Усх. Сьера-Мадрэ і Паўд. Сьера-Мадрэ, трэцяя — Вулканічная Сьера (вулкан Тахумулька, 4217 м, — найвыш. пункт Цэнтр. Амерыкі) працягваецца ад тэр. Гватэмалы да Панамы і злучаецца з Андамі Паўд. Амерыкі.

К.П.А сфарміраваны ў мезакайназоі з рознаўзроставых геал. структур: дакембрыйскіх (плато Каларада, некат. хрыбты Скалістых гор), крышт. палеазойскіх утварэнняў (плато Юкан, хрыбты Брукса, Макензі), мезазойскіх баталітаў (Берагавы хр., Сьера-Невада), складкавых асадкавых і вулканагенных тоўшчаў (хрыбты зах. пояса), кайназойскіх вывергнутых парод (Папярочная Вулканічная Сьера, Аляскінскі хр). Радовішчы свінцова-цынкавых, медна-малібдэнавых руд, вальфраму, урану, золата, нафты і інш. Ледавікі больш развіты ў паўн. частцы К.П.А. Агульная пл. зледзянення каля 67 тыс. км². Найб. нізкая (300—450 м) снегавая мяжа апускаецца на ціхаакіянскім схіле гор Паўд. Аляскі, месцамі зніжана да ўзроўню акіяна; найб. высока (больш за 4500 м) размешчана ў Мексіцы.

На схілах К.П.А. бяруць пачатак рэкі басейнаў Місуры, Юкана, Калумбіі, Каларада, Фрэйзера і інш. Найб. паўнаводныя горныя рэкі з вял. падзеннем і зарэгуляваным азёрамі вадасцёкам маюць вял. гідраэнергапатэнцыял, шырока выкарыстоўваюцца для атрымання электраэнергіі і на арашэнне. У К.П.А. назіраецца паслядоўная змена клімату ад арктычнага да трапічнага. Найб. амплітуды сярэднегадавых тэмператур адзначаліся на ўнутр. плато. Сярэдняя т-ра студз. на плато Юкан каля -30 °C, ліп. 15 °C. На нагор’і Вял. Басейн адпаведна 0 °C і 24 °C. К.П.А. працягваюцца перпендыкулярна пераносу паветр. мас, таму вільготнасць клімату крайніх паясоў і ўнутр. адрозніваецца. Ва ўмераным поясе больш вільготны крайні З (у Берагавым хр. ападкаў 4000—6000 мм за год), у трапічным — крайні У (на Мексіканскім нагор’і ападкаў 2000 мм за год). На ўнутр. пласкагор’ях — 200—400 мм, у пустыні Махаве — 50 мм за год. Паўн. частка К.П.А. занята хвойнымі лясамі. Яны цягнуцца ўздоўж Ціхаакіянскага ўзбярэжжа ад Паўд. Аляскі да штата Каліфорнія. Лясы таежнага тыпу растуць таксама на наветраных схілах Скалістых гор і ўнутр. плато да 50° паўн. ш. Далей на Пд сухія стэпы, паўпустыні і пустыні з палынова-лебядовай і сукулентнай (кактусы, агавы, юкі) расліннасцю. Вонкавыя схілы Мексіканскага нагор’я ўкрыты вільготна-трапічнымі лясамі. На Ціхаакіянскім узбярэжжы Цэнтр. Амерыкі пераважна лістападныя трапічныя лясы. Міжгорныя катлавіны заняты рэдкалессямі і другаснымі саваннамі. Жывёльны свет багаты і разнастайны: шэры і чорны мядзведзі, горны карыбу, снежная каза, віларогая антылопа, пума, рысь, воўк, грызуны, паўзуны і птушкі. Стэпавыя землі далін апрацоўваюцца, лесастэпы выкарыстоўваюцца пад пашу; у субтропіках на арашальных землях рачных далін — садаводства; у тропіках вял. плошчы пад плантацыямі трапічных культур і пасевамі збожжавых. Заселена ў асноўным узбярэжжа.

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 8, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАУ́РУ (науруанскае Naoero, англ. Nauru),

Рэспубліка Науру (Republic of Nauru), дзяржава ў паўд,зах. ч. Ціхага ак., на невялікім ізаляваным в-ве Науру, за 42 км на Пд ад экватара. Пл. 21 км². Нас. 10,6 тыс. чал. (1999). Афіц. сталіцы не мае, рэзідэнцыя ўрада — у акрузе Мененг, урадавыя будынкі і парламент — у акрузе Ярэн. Афіц. мова — науру, шырока ўжываецца англійская. Краіна падзяляецца на 14 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (31 студз.).

Дзяржаўны лад. Н. — рэспубліка ў складзе Садружнасці на чале з Вялікабрытаніяй (без права ўдзелу ў канферэнцыях краін Садружнасці на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў). Дзейнічае канстытуцыя 1968. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, якога выбірае парламент тэрмінам на 3 гады. Заканад. ўлада належыць парламенту (18 дэпутатаў, якія выбіраюцца насельніцтвам на 3 гады).

Прырода. Н. — каралавы востраў, абкружаны вузкім бар’ерным рыфам на адлегласці 150—300 м ад берага. Паверхня — плато з фасфатызаваных вапнякоў выш. да 65 м, вакол якога цягнуцца берагавыя тэрасы шыр. 100—300 м. Клімат экватарыяльны мусонны. Сярэдняя т-ра паветра ўвесь год каля 28 °C. Ападкаў за год каля 2500 мм, вільготны перыяд прыпадае на ліст.—люты. Рэк і ручаёў няма, пітную ваду завозяць. На ПдЗ вострава саланаватае воз. Буада. Расліннасць — цвердалістыя лясы, пераважна з калафіліуму, рэдкалессі і хмызнякі. Шмат марскіх птушак. Мора багатае рыбай, малюскамі, ракападобнымі.

Насельніцтва. Карэнныя жыхары — науру (мяшанага, пераважна мікранезійскага паходжання) складаюць 58% насельніцтва. Ёсць выхадцы з інш. астравоў Акіяніі (26%), кітайцы і еўрапейцы (па 8%). Сярод вернікаў пераважаюць пратэстанты (60%), ёсць католікі і інш. Сярэднегадавы прырост насельніцтва нулявы. Сярэдняя шчыльн. 505 чал. на 1 км². Усё насельніцтва лічыцца гарадскім, жыве ў пасёлках па ўзбярэжжы, занята ў прам-сці і абслуговых галінах.

Гісторыя. Першым з еўрапейцаў на востраве высадзіўся ў 1798 англ. мараплавец Дж.​Ферн. З 1830-х г. пачалася каланізацыя краіны. У 1888 востраў анексіравала Германія і далучыла да свайго пратэктарату Маршалавы а-вы. У 1898 тут выяўлены вял. запасы фасфатаў, з 1906 іх распрацоўвала Брыт. ціхаакіянская фасфатная кампанія. У 1914 востраў акупіравалі войскі Аўстраліі, якая ў 1919 атрымала ад Лігі Нацый мандат на кіраванне ім (разам з Вялікабрытаніяй і Новай Зеландыяй). У 1942—45 акупіраваны яп. войскамі. З 1947 падапечная тэр. ААН, зноў пад сумесным кіраваннем Вялікабрытаніі, Аўстраліі і Новай Зеландыі. На мяжы 1940—50-х г. у краіне ўзмацніўся нац,вызв. рух. У 1951 на аснове створанага яшчэ ў 1927 Савета правадыроў засн. Науруанскі савет мясц. самакіравання, у 1966 — Заканад. і Выканаўчы саветы.

31.1.1968 абвешчана незалежнасць Н. Паводле канстытуцыі 1968 першым прэзідэнтам выбраны Х. дэ Робарт. У 1970 усе правы на здабычу і продаж фасфатаў перайшлі да «Науруанскай фасфатнай кампаніі». З чэрв. 1998 прэзідэнт краіны — Б.​Давіёга. Дзейнічаюць партыя Н., Дэмакр. партыя Н., прафс. аб’яднанне Науруанская рабочая арг-цыя.

Гаспадарка. Н. ўваходзіць у лік краін з параўнальна высокім сярэднім узроўнем даходаў насельніцтва (каля 10 тыс. дол. на чалавека, 1993). Аснова эканомікі — здабыча і экспарт фасфатаў (адны з лепшых у свеце, вядзе нац. «Науруанская фасфатная кампанія»), якія паступова зніжаліся з 2 млн. т (у 1970—80) да 285 тыс. т (у 1990-х г.). Ажыццяўляюцца пачатковая перапрацоўка фасфатаў, выпуск фасфатнай мукі. У 2000 запасы фасфатаў будуць вычарпаны. Іх здабыча прывяла да таго, што каля палавіны тэрыторыі вострава ператворана ў кар’ер. Для рэкультывацыі зямель створаны спец. фонд. Для кампенсацыі страты асн. крыніцы даходаў урад краіны ўкладвае буйныя сродкі ў нерухомасць за мяжой і спец. фонды акумуляцыі. Аб’ём науруанскіх інвестыцый за мяжой 1,2 млрд. долараў. З 1974 Н. мае статус афшорнай зоны (падатковыя льготы; зарэгістравана каля 250 замежных банкаў). Ёсць невял. прадпрыемствы харч. прам-сці, саматужныя промыслы. Вытв-сць электраэнергіі 32 млн. кВтгадз (1997). Сельская гаспадарка мае дапаможны характар. Вырошчваюць какосавыя арэхі (2 тыс. т штогод), агародніну, садавіну. Рыбалоўства развіта слаба, рыбу завозяць пераважна з Аўстраліі. Транспарт у асн. марскі і паветраны. Порт Науру. Аэрапорт. Ёсць аўтадарога (даўж. 19 км) уздоўж узбярэжжа і вузкакалейная чыгунка (3,9 км), якая звязвае месца распрацоўкі фасфатаў з узбярэжжам. Штогод экспарт складае каля 25—30 млн. дол., імпарт — каля 20 млн. долараў. Н. экспартуе фасфаты, імпартуе харч. і спажывецкія тавары, машыны і абсталяванне, паліва, буд. матэрыялы. Асн. гандл. партнёры: Аўстралія, Японія, Новая Зеландыя, Філіпіны. Замежны турызм. У якасці грашовай адзінкі выкарыстоўваецца аўстрал. долар.

Л.​В.​Лоўчая (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Герб і сцяг Науру.

т. 11, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Смуга́, дыял. сму́га́ ‘дымка, туман’ (ТСБМ; смарг., воран., Сл. ПЗБ), ‘ціна’, ‘нізкае месца; гразкае балота’ (віл., смарг., карэліц., гродз., іўеў., Сл. ПЗБ), ‘нанос пасля таяння снегу’ (віл., ашм., лаг., Сл. ПЗБ; Сцяшк. Сл.), ‘туман’; ‘копаць ад тытуню ў цыбуку’ (Шат.), ‘чорная плесня’ (Касп.), ‘самагон’ (Жд. 2), сму́га ‘імгла, туман; раса, шкодная збожжу’ (Байк. і Некр.), ‘паласа туману’ (стол., Нар. лекс.), ‘цёмная або светлая палоска на небе, пахмурнасць’ (ТС), ‘брудны налёт, паласа пены на вадзе’ (Жыв. сл.), ‘рудая вада на балоце’ (ЛА, 2), ‘смутак’, ‘вяршкі’ (Мат. Гом.), ‘брудная паласа на адзенні, на целе’, ‘мокрая вузкая нізіна’ (ТС), ‘непраходнае балота’, ‘няўдобіца на балоце’ (палес., падрабязна гл. Талстой, Геогр., 192 і наст.), смуг ‘паласа’ (ТС), ‘стаячая вада, забруджаная тванню’ (Сцяшк.), ‘гразь на траве пасля раставання снегу’ (Шатал.), ‘вузкая палоска зямлі’ (слонім., З нар. сл.), ‘паласа сенажаці’ (Тур.), ‘багністая пратока’ (лельч., Нар. лекс.), смужа́віна, смуга́віна ‘палоска на небе; пахмурнасць’ (ТС), сму́жнік ‘зараслі маладога лесу’ (ТС), смужня́к ‘гразкае балота’ (люб., Сл. ПЗБ), ‘невялікі хваёвы лес, які расце астраўкамі на балоцістых месцах’ (ваўк., Сл. ПЗБ), смужэ́ ‘багна, балота’ (Сцяшк. Сл.); ст.-бел. смуга, смугъ ‘вузкая і доўгая паласа зямлі; цясніна’ (Ст.-бел. лексікон), укр. сму́га ‘рыса; штрых; паласа’, рус. паўд. сму́га ‘пляма (напр., ад праса) у выглядзе паласы’, польск. smug, smuga ‘паласа; паласа поля, луга’, дыял. ‘балота’, каш. smug ‘вузкі вільготны лужок’, ‘стаячая вада; невялікая сажалка’, в.-луж. smuha ‘паласа, лінія’, н.-луж. smuga ‘тс’, чэш. šmouha ‘брудная паласа’, дыял. smuha ‘сухая паша’, ‘тс’, славац. smuha, šmuha ‘прадаўгаватая пляма’, славен. smúga ‘лінія, паласа’, серб.-харв. сму́га ‘від глебы; рачны нанос’, балг. дыял. сму́га ‘сцежка, след праз сенажаць або поле’. Прасл. *smuga/*smugъ ‘паласа, штрых, лінія’, ‘цёмная паласа на светлым фоне’ (Борысь, Etymologie, 219) роднаснае лат. smaugs ‘тонкі, стройны’, літ. sùsmauga ‘звужэнне’, ст.-ісл. smuga ‘паглыбленне, пралаз’, с.-в.-ням. sich smougen ‘туліцца’; гл. Фасмер, 3, 693 з літ-рай. Махэк₂ (562) ставіць пытанне аб магчымым раздзяленні значэнняў ‘паласа, лінія’ і ‘чорная пляма, паласа, бруд’. Шустар-Шэўц (1324–1325) аб’ядноўвае гэтыя значэнні і адносіць да і.-е. базы *(s)meu̯gh‑ ‘курыць’, зыходным пунктам для спецыялізацыі значэнняў было б ‘паласа, лінія, пляма, якая ўзнікла пад уздзеяннем цяпла, сонечнага свету і г. д.’. Борысь (563) узводзіць таксама да і.-е. *(s)meu̯g​h, але без дэфініцыі першаснага значэння праславянскага слова. Тады сюды ж і сму́глы (гл.), рус. сму́глый, укр. сму́глий, якія Фасмер (там жа) следам за Покарным (971) аддзяляе ад *smuga. Бярнар (Бълг. изсл., 341–342) узводзіць да кораня і.-е. *smeug‑/*(s)meuk‑, прадстаўленага ў ст.-слав. смъкати сѧ, што ад мъкнѫти ‘цягнуць, валачы’. Гл. таксама шмыгаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)