«ТАЛАКА́»,

бел. ансамбль танца, музыкі і песні Віцебскай абл. філармоніі. Створаны ў 1993. Арганізатар, маст. кіраўнік і гал. балетмайстар М.​Падаляк, хормайстар А.​Падаляк, муз. кіраўнік В.​Сіўцова. У складзе ансамбля харэаграфічная (12 чал.), вак. (6 чал.) і інстр. (7 чал.) групы. У аснове рэпертуару бел. нар. танцы, танцы народаў свету, бел. нар. песні ў апрацоўцы У.​Зіневіча, А.​Кашпура, А.​Рашчынскага, М.​Сіраты. Сярод пастановак: бел. нар.-сцэнічныя танцы «Ойра», «Закаблукі», «Вясковы вальс», «Брылі», «Баравенічкі», «Крупчанская кадрыль», «Прыдзвінскія забавы»; харэаграфічныя замалёўкі «Бабылі», «Межанская прабегліца»; бел. нар. песні, інстр. найгрышы «Стрыкач», «Драбавец», «Полька дзедава», «З рога ўсяго многа» і інш.

Ансамбль «Талака».

т. 15, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЯЛЬКО́ВА Алена Сяргееўна (н. 7.5.1944, г. Пінск Брэсцкай вобл.),

бел. спявачка (сапрана). Засл. арт. Беларусі (1991). Скончыла Мінскае муз. вучылішча імя М.​Глінкі (1970). З 1966 салістка жан. вак. квартэта «Купалінка», з 1988 адна са стваральніц, маст. кіраўнік і салістка аднайм. фалькгрупы. Валодае голасам сакавітага тэмбру, шырокім пеўчым дыяпазонам. Адраджае традыцыі бел. муз.-песеннага мастацтва, збірае бел. нар. песенны фальклор, які ў рэпертуары групы выконваецца ў рэгіянальных традыцыях спеваў (пераважна Мінскага, Брэсцкага і Гомельскага р-наў). Аўтар муз. кампазіцый «Купалле», «На кірмашы», «Прыйдзі, вясна», апрацовак бел. нар. песень. Адна з аўтараў кінафільмаў «Квартэт «Купалінка», «Спявае «Купалінка», «Купалінка».

І.​Л.​Чэбан.

т. 17, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАЙКО́ЎСКІ Барыс Аляксандравіч (10.9.1925, Масква — 7.2.1996),

расійскі кампазітар. Засл. дз. маст. Расіі (1969). Нар. арт. СССР (1985). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1949). Вучань В.Шабаліна, М.Мяскоўскага, Дз.Шастаковіча. Яго творы вылучаюцца глыбока рус. нац. складам. Значнае месца ў творчасці займаюць сімф. і камерна-інстр. музыка: 4 сімфоніі (1947, 1962, 1967, 1980), «Тэма і 8 варыяцый» для арк. (1974), 4 прэлюдыі (1984), музыка для арк. (1987), канцэрты для фп. (1971), скрыпкі (1969), віяланчэлі (1964) з арк.; камерна-інстр. ансамблі, у т. л. 6 стр. квартэтаў; санаты для фп., для 2 фп., для скрыпкі і фп., віяланчэлі і фп., вак. цыклы, музыка да кіно і радыёпастановак. Дзярж. прэмія СССР 1969.

т. 17, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫРКУ́Н Алег Міхайлавіч (н. 10.2.1942, Мінск),

бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1978, кл. П.Падкавырава, Дз.Смольскага). З 1978 выкладчык Мінскага культ.-асв. вучылішча, у 1993—2002 Бел. ун-та культуры. Для яго музыкі характэрна арган. спалучэнне сучасных і фалькл. рытмаў і інтанацый: нар. муз. камедыя «Калі заспявае певень» (паст. 1991), дзіцячыя оперы «Бег бай» (паст. 1987) і «Хфірменная казка» (паст. 1989); паэма (1977) і паэма-пастараль (1981) для сімф. арк., кантаты (1980, 1984), канцэрціна (1980) для інстр. ансамбля; камерна-інстр. творы, хар. трыпціхі, вак. цыклы, песні, у т. л. для дзяцей, музыка для драм. т-ра і тэлеспектакляў і інш.

Т.​Б.​Варфаламеева.

т. 17, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ю́Р’ЯН, Юр’янс (Jurjans) Андрэйс (30.9.1856, каля с. Эрглі Маданскага р-на, Латвія — 28.9.1922), латышскі кампазітар; адзін з заснавальнікаў лат. муз. фалькларыстыкі. Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (кл. аргана 1880; кл. кампазіцыі 1881; кл. валторны 1882). Вучань М.Рымскага-Корсакава і Ф.​Гаміліуса. У 1882—1916 выкладаў у Харкаўскім муз. вучылішчы. Аўтар першых лат. вак., камерна-інстр. і сімф. твораў: кантата «Айчыне» (1886), сімф. карціна «Вызваленне латышскага народа» (1891); «Элегічны канцэрт» для віяланчэлі з аркестрам (1889) і інш. Гал. дырыжор Лат. пеўчых свят 1888, 1895, 1910. Аўтар муз.-этнагр. працы па лат. нар. музыцы, зборніка нар. песень.

Літ.:

А.​Юрьян в музыке и жизни народа. Рига, 1981.

т. 18, кн. 1, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЛЯ́ВІН Уладзімір Георгіевіч (н. 12.1.1941, г. Екацярынбург, Расія),

бел. артыст эстрады, кампазітар. Нар. арт. Беларусі (1979). Засл. дз. культ. Польшчы (1980). Нар. арг. СССР (1990). Вучыўся ў Свярдлоўскім муз. вучылішчы (1956—58). З 1962 артыст Бел. філармоніі, з 1969 маст. кіраўнік Дзярж. бел. эстр. ансамбля «Песняры». У творчай дзейнасці своеасаблівае выканальніцкае майстэрства спалучаецца з глыбокім веданнем нар. песеннай творчасці, захаваннем і ўзбагачэннем яе лепшых традыцый. Аўтар шматлікіх апрацовак бел. нар. песень, якія вызначаюць стыль і творчую накіраванасць ансамбля, арганічна спалучаюць стылістыку бел. нар. песеннасці і сучаснай эстр. музыкі («Касіў Ясь канюшыну», «Па ваду ішла», «А ў месяцы верасні», «Рэчанька», «Купалінка», «Перапёлачка», «А ў полі вярба», «Каліна» і інш.). Сярод твораў: опера-прытча «Песня пра долю» (1972), вак. цыкл «Я не паэта...» (1981) і песенна-інстр. кампазіцыя «Песня — бясцэнны дар» (1982) на словы Я.​Купалы, муз. спектакль «На ўвесь голас» на словы У.​Маякоўскага (1988), песенна-інстр. кампазіцыі «Ванька-Устанька» на словы Я.​Еўтушэнкі (1975), «Праз усю вайну» на словы бел. і рас. паэтаў (1985), «Вянок Багдановічу» на вершы М.​Багдановіча (1991), вак. кампазіцыя «Крык птушкі» на словы Ю.​Рыбчынскага, песні, у т. л. «Александрына», «Завушніцы», «Чырвона ружа», «Ой, калядачкі»; «Балада пра чатырох заложнікаў»; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1976. Лаўрэат Усесаюзных конкурсаў артыстаў эстрады (1970), выканаўцаў сав. песні (1973, 1-я прэмія), міжнар. фестывалю песні «Залаты леў» (1973, Лейпцыг), 2-га фестывалю паліт. песні ў Хельсінкі (1978). Гал. прыз фірмы «Мелодыя» «Залаты дыск» (1982).

Літ.:

Бржазоўскі А. Лідэр «Песняроў» у сямейным ансамблі // Работніца і сялянка. 1991. № 6;

Завадская Н. Вокально-инструментальный ансамбль «Песняры» // Певцы советской эстрады. М., 1992. Вып. 3.

Г.​М.​Загародні.

У.Г.Мулявін.

т. 11, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ЎЧАНКА Аркадзь Маркавіч (н. 6.4.1936, г. Віцебск),

бел. спявак (барытон). Нар. арт. Беларусі (1976). Нар. арт. СССР (1985). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1960). З 1960 саліст Нац. акад. т-ра оперы Беларусі. Валодае мяккім лірычным голасам своеасаблівага прыгожага тэмбру, шырокага дыяпазону, высокай вак. тэхнікай, майстэрствам сцэн. пераўвасаблення. Яму ўласціва ўдумлівая адпрацоўка, філігранная шліфоўка дэталей вак. і сцэнічнага бакоў ролі. Сярод партый нац. рэпертуару: Апанас і Фон Шолен («Алеся» Я.​Цікоцкага), Лагоўскі («Яснае світанне» А.​Туранкова), Лявон Бурак, Максім Багдановіч, Міхал («Калючая ружа», «Зорка Венера», «Новая зямля» Ю.​Семянякі), Кізгайла («Сівая легенда» Дз.​Смольскага), Ляўчук («Сцежкаю жыцця» Г.​Вагнера), Фаскары, Бургамістр («Джардана Бруна», «Візіт дамы» С.​Картэса), Понцій Пілат («Майстар і Маргарыта» Я.​Глебава); класічных і сучасных опер: Анегін, Ялецкі, Томскі («Яўген Анегін», «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Мізгір («Снягурачка» М.​Рымскага-Корсакава), Януш («Галька» С.​Манюшкі), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Марсель, Шарплес («Багема», «Чыо-Чыо-сан» Дж.​Пучыні), Валянцін («Фауст» Ш.​Гуно), Эскамільё, Зурга («Кармэн», «Шукальнікі жэмчугу» Ж.​Бізэ), Дон Жуан, граф Альмавіва («Дон Жуан», «Вяселле Фігара» В.​А.​Моцарта), Рыгалета, граф ды Луна, Радрыга, Жэрмон, Рэната («Рыгалета», «Трубадур», «Дон Карлас», «Травіята», «Баль-маскарад» Дж.​Вердзі), Тэльрамунд («Лаэнгрын» Р.​Вагнера), Малатэста («Дон Паскуале» Г.​Даніцэці), Лістрат («У буру» Ц.​Хрэннікава), Камісар («Брэсцкая крэпасць» К.​Малчанава), Фердынанд, Андрэй Балконскі («Заручыны ў манастыры», «Вайна і мір» С.​Пракоф’ева). Выканаў партыі Адама ў тэлеоперы «Ранак» Вагнера, Яўхіма ў радыёоперы «Барвовы золак» К.​Цесакова, Скарыны ў фільме-оперы «Францыск Скарына» Дз.​Смольскага. У канцэртным рэпертуары арыі з класічных і сучасных опер, рамансы, творы бел. кампазітараў, бел., рус. і ўкр. нар. песні.

А.​Я.​Ракава.

Аркадзь Маркавіч Саўчанка.
А.Саўчанка ў ролі Радрыга.

т. 14, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РЫО (Berio) Лучана (н. 24.10.1925, г. Імперыя, Італія),

італьянскі кампазітар. Вучыўся ў Дж.​Ф.​Гедыні, у Л.​Далапікалы (у Танглвудзе, ЗША). Арганізатар (з Б.​Мадэрна) «Студыі фаналогіі» ў Мілане (1955). У 1965—71 выкладаў у Джульярдскай муз. школе ў Нью-Йорку. З 1976 маст. кіраўнік Рымскай філарманічнай акадэміі. Творчасць звязана з рознымі авангардысцкімі кірункамі: пошукамі новага акустычнага асяроддзя і муз. тэкстуры, выкарыстаннем электроннай музыкі, санарыстыкі, серыйнай тэхнікі і інш. Сярод твораў: сцэнічныя — «Опера» (1970), «Праўдзівая гісторыя» (1982); сімфонія для 8 галасоў і арк. (1968); вак.-інструментальныя — «Перспектывы» (1956), «Траекторыі» (1—4, 1965—75), «Знайсці пункты на крывой...» (1974); арк. п’есы; цыкл «Песні народаў свету» для голасу і арк.; камерна-інстр. ансамблі.

т. 3, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВАСІЛЁК»,

беларускі фальклорна-харэаграфічны ансамбль у ЗША. Існаваў у 1956—92. Створаны ў Нью-Йорку членамі эмігранцкіх арг-цый Бел.-амер. задзіночання (БАЗА) і Арганізацыі бел.-амер. моладзі (АБАМ). Кіраўнік А.​Орса-Рамана. У складзе ансамбля танц., інстр. і вак. групы. У аснове рэпертуару бел. нар. танцы «Лявоніха», «Полька-Янка» і інш., а таксама творы, вывезеныя ў Амерыку і захаваныя бел. каланістамі з розных рэгіёнаў Беларусі. Калектыў удзельнічаў у культ.-паліт. імпрэзах, якія наладжвалі ў Амерыцы і Канадзе бел. эмігранцкія асяродкі, выступаў на агульнаамер. этнічных святах на сцэнах «Лінкальн-Цэнтра» і «Эліс-Тыл-Хола». У 1990 гастраліраваў на Беларусі і ў Вільні, удзельнічаў у свяце Купалля ў Вязынцы і ў Заслаўі.

В.​М.​Мартыненка.

т. 4, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́БЕРН (Webern) Антон Фрыдрых Вільгельм фон (3.12.1883, Вена — 15.9.1945),

аўстрыйскі кампазітар і дырыжор; адзін з прадстаўнікоў новай венскай школы. Вучыўся ў Венскім ун-це (1902—06), у А.Шонберга (1904—08). Творчасць кампазітара фарміравалася пад уплывам эстэтыкі экспрэсіянізму. Манера яго муз. пісьма вызначаецца гранічным лаканізмам і эканомнасцю гукавых сродкаў, якія ствараюць уражанне «бесцялеснасці», ірэальнасці вобразаў. Метад дадэкафоніі, распрацаваны Шонбергам, Веберн развіў у строгую сістэму. Адзін з найб. відных прадстаўнікоў серыйнай тэхнікі і пуантылізму ў музыцы 20 ст.

Тв.:

3 кантаты (1935, 1939, 1943), сімфонія (1928), канцэрт для 9 інструментаў сола (1934), стр. квартэт (1938), хары і сольныя вак. творы на вершы паэтаў, кананічныя і нар. рэліг. тэксты.

Літ.:

A. Webern. Bd. 1. München, 1983.

т. 4, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)