ПРАКАРЫЁТЫ (ад лац. pro перад, раней, замест + грэч. karyon ядро),
мікраскапічныя арганізмы, клеткі якіх не маюць абмежаванага мембранай ядра. Каля 6 тыс. відаў. Да П. адносяцца ўсе бактэрыі, у т. л. архебактэрыі і цыянабактэрыі. Клеткі П. паводле будовы проціпастаўлены эўкарыётам (ядзерным арганізмам) і разам з іх продкамі (уркарыётамі) лічацца найб. стараж. даядзернымі арганізмамі. Асн. структурны кампанент клетачнай сценкі — глікапептыд мурэін, які не выяўлены ў інш. групах арганізмаў. Аналаг ядра — структура, якая мае ДНК, бялкі і РНК. Генет. сістэма П. замацавана на клетачнай мембране і адпавядае прымітыўнай храмасоме. Размнажаюцца П. дзяленнем без выяўленага палавога працэсу. У адрозненне ад эўкарыётаў не маюць хларапластаў, мітахондрый, апарата Гольджы, цэнтрыёлей. Адрозненні паміж П. і эўкарыётамі больш істотныя, чым паміж вышэйшымі жывёламі і вышэйшымі раслінамі, таму ў сістэме арганізмаў П. вылучаны ў надцарствы. Адыгрываюць важную ролю ў кругавароце рэчываў у прыродзе.
С.С.Ермакова.
т. 12, с. 545
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯКО́СНЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,
устойлівыя геахімічна пераўтвораныя рэчывы, якія ўзніклі ў выніку сумеснай дзейнасці жывых арганізмаў і абіягенных працэсаў. Да біякосных рэчываў адносяцца вада, атмасфера, тарфы, сапрапелі, каменныя вуглі, нафта, гаручы газ і сланцы, рыфы каралавага паходжання і інш. Утрымліваюць энергію, акумуляваную біясфернай экасістэмай. Тэрмін увёў рус. вучоны У.І.Вярнадскі (1926).
т. 3, с. 170
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТАЛА́ЗА,
фермент класа аксідарэдуктаз, каталізуе рэакцыю раскладання таксічнага для жывых клетак перакісу вадароду на ваду і кісларод. Малекулярная маса 250 000. Прастэтычная група — гем. Знаходзіцца амаль ва ўсіх клетках і тканках аэробных арганізмаў. З аксідазамі амінакіслот ёсць у субклетачных арганоідах — пераксікомах. Вызначэнне актыўнасці К. ў эрытрацытах выкарыстоўваюць для дыягностыкі ў медыцыне.
т. 8, с. 169
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУТУАЛІ́ЗМ (ад лац. mutuus узаемны),
форма сімбіёзу, працяглае ўзаемакарыснае сумеснае жыццё двух арганізмаў розных відаў. Арганізмы ажыццяўляюць узаемную рэгуляцыю сваіх зносін са знешнім асяроддзем і не існуюць паасобку (напр., тэрміты і жгуцікавыя, што жывуць у іх кішэчніку і забяспечваюць ператраўліванне клятчаткі, якую спажываюць тэрміты, не здольныя засвойваць яе без сімбіёнтаў).
т. 11, с. 41
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
герантало́гія
(ад гр. heron, -ntos = стары + logos = вучэнне)
навука, якая займаецца вывучэннем працэсаў старэння арганізмаў.
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)
АПО́КА,
лёгкая, цвёрдая, танкапорыстая крамяністая асадкавая горная парода, складзеная з аморфнага крэменязёму (апалу да 98%) з прымесямі гліністых часцінак, шкілетных ч. арганізмаў (дыятамей, радыялярый і інш.) і пяску. Колер ад шэрагу розных адценняў да амаль чорнага. Трапляецца пераважна сярод мелавых і ніжнепалеагенавых адкладаў. Выкарыстоўваецца ў будаўніцтве (для цеплаізаляцыі). Чыстыя гатункі апокі — моцныя адсарбенты.
т. 1, с. 431
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАХТО́ННЫЯ АДКЛА́ДЫ,
горныя пароды, якія залягаюць на месцы ўтварэння. Пераважна асадкавыя пароды (марскія, азёрныя, гідратэрмальныя і інш.). Найб. пашыраны ў платформавым чахле кантынентаў і ў ложы акіяна. Вывучэнне складу аўтахтонных адкладаў і пахаваных у іх рэшткаў арганізмаў дае магчымасць узнавіць прыроднае асяроддзе былых геал. эпох (напр., на Беларусі — гісторыю міжледавіковых эпох плейстацэну).
т. 2, с. 122
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСЛІ́НЫ-ПАЎПАРАЗІ́ТЫ, паўпаразітныя расліны,
расліны, якія часткова жывяцца пажыўнымі рэчывамі жывых арганізмаў, часткова здольныя да самастойнага (аўтатрофнага) жыўлення. Маюць у лісці хларафіл (магчымасць фотатрофнага жыўлення), нармальную будову ўсіх наземных органаў, недаразвітыя карані (іх канцы ператварыліся ў прысоскі). На Беларусі вядомы віды з родаў амяла, братаўка, увярэднік, цялюшнік. Гл. таксама Паразітызм.
І.В.Чыкілеўская.
т. 13, с. 357
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБМЕ́Н ЭНЕ́РГІІ, энергетычны абмен,
сукупнасць працэсаў утварэння, назапашвання, трансфармацыі і выкарыстання энергіі ў жывых арганізмах, а таксама працэсаў абмену паміж імі і навакольным асяроддзем. Абмен энергіі неадрыўны ад абмену рэчываў, карэліруе з яго ўзроўнем, мае фундаментальнае значэнне ў жыцці ўсіх арганізмаў. У аснове ўнутрыклетачнага абмену энергіі ляжыць акісленне біялагічнае арган. злучэнняў з назапашваннем і ператварэннем т.зв. макраэргічных сувязяў АТФ, крэацінфасфату, фосфаэнолпірувату, 3-фосфагліцэрату і інш. макраэргаў (гал. ролю пры гэтым выконвае цыкл трыкарбонавых кіслот). Зыходнымі вонкавымі крыніцамі для забеспячэння іх энергет. патрэб з’яўляецца энергія пажыўных і інш. рэчываў, што засвойваюцца арганізмам, і светлавая энергія, якая ўключаецца ў біяэнергет. абмен праз фотасінтэз. Ён забяспечвае існаванне не толькі раслін, але і ўсіх гетэратрофных арганізмаў. Гал. крыніцы энергіі ўнутры арганізма — вугляводы (даюць больш за 50% энергіі) і тлушчы. Праз ператварэнні рэчываў у арганізме ажыццяўляецца трансфармацыя хім. энергіі ў інш. віды — мех., цеплавую і інш.
Я.В.Малашэвіч.
т. 1, с. 31
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫВО́Е РЭ́ЧЫВА 1) сукупнасць жывых арганізмаў біясферы, колькасна выражаная ў элементарным хім. саставе, масе і энергіі. Тэрмін увёў рус. вучоны У.І.Вярнадскі (1926). Ж.р. звязана з біясферай матэрыяльна і энергетычна праз біягенную міграцыю атамаў у выніку дыхання, харчавання, росту і размнажэння арганізмаў. Прадстаўлена Ж.р. аўтатрофамі, гетэратрофамі, міксатрофамі. Выконвае ў біясферы вял. работу і з’яўляецца магутнай геал. сілай планетарнага характару, што вызначае выгляд Зямлі. Удзельнічае ў стварэнні арганагенных асадкавых парод (каменны вугаль, бітумы, вапняк, нафта і інш.), названых Вярнадскім біягенным рэчывам біясферы. Пры ўздзеянні Ж.р. ўтвараюцца і біякосныя рэчывы: амаль уся вада біясферы, глеба, кара выветрывання і інш. Мае спецыфічны хім. састаў (пераважаюць вадарод, вуглярод, азот, кісларод, натрый, магній, алюміній, крэмній, фосфар) і вял. сухую масу — 2,4—3,6∙1012 т. Геахім. функцыі вызначаюць газавы састаў атмасферы (N2, O2, CO2).
2) Тэрмін, прапанаваны сав. біёлагам В.Б.Лепяшынскай (1950-я г.) для вызначэння пазаклетачнай субстанцыі (не выкарыстоўваецца).
т. 6, с. 460
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)