АПРАЦО́ЎКА ДРАЎНІ́НЫ,
сукупнасць тэхнал. працэсаў, звязаных з наданнем драўніне і вырабам формы, памераў і ўласцівасцяў. Для апрацоўкі драўніны выкарыстоўваюць лесапільныя рамы, круглапільныя станкі, дрэварэзальны інструмент, дрэваапрацоўчыя станкі і інш. Асн. спосабы апрацоўкі драўніны: рэзанне (дзяўбанне, лушчэнне, пілаванне, свідраванне, струганне, фрэзераванне, шліфаванне), гнуццё, прасаванне, расколванне (гл. Сталярныя работы, Цяслярныя работы).
Апрацоўка драўніны ўключае таксама сушку і вымочванне для выдалення раслінных сокаў, насычэнне драўніны сінт. смоламі, аміякам (мадыфікацыя драўніны), антыпірэнамі, антысептычнымі сродкамі (кансерваванне), аддзелку вырабаў, пры якой ствараюцца дэкаратыўна-ахоўныя пакрыцці з лакафарбавых ці плёначных матэрыялаў. Аддзелка ўключае падрыхтоўку паверхні (фарбаванне, грунтаванне, шпакляванне, шліфаванне), нанясенне тэкстурнага малюнка, лакафарбавых матэрыялаў (у распыляльных камерах, рэзервуарах, пры дапамозе лаканаліўных машын), высушванне пакрыццяў (у сушыльных ці апрамяняльных камерах), аздабленне (машынамі для выраўноўвання і паліравання), пакрыццё плёначнымі матэрыяламі (многааперацыйнымі агрэгатамі). Спец. віды апрацоўкі драўніны — разьба па дрэве, выпальванне, інкрустацыя. Гл. таксама Дрэваапрацоўчая прамысловасць.
Літ.:
Прозоровский Н.И. Технология отделки столярных изделий. 5 изд. М., 1991;
Амалицкий В.В., Любченко В.И. Справочник молодого станочника по деревообработке. 2 изд. М., 1978.
т. 1, с. 434
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ку́зня, ‑і, ж.
Майстэрня або цэх для апрацоўкі металу коўкай. З самай раніцы і да позняга вечара з кузні даносіўся перазвон малаткоў. Даніленка. // Высок. Пра месца, дзе ствараецца што‑н. вельмі важнае, каштоўнае. Універсітэт — кузня кадраў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
працаёмкі, ‑ая, ‑ае.
Які патрабуе вялікай затраты працы. — А сто гектараў ільну.. хто будзе даглядаць? — запярэчыла Марына Міхайлаўна. — Вы ведаеце, якая гэта працаёмкая культура! Паслядовіч. А буракі — культура працаёмкая, яна патрабуе дакладнай і маруднай апрацоўкі. Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чыставы́, ‑ая, ‑ое.
1. Перароблены, перапісаны начыста; выпраўлены. У чыставым рукапісе камедыі [«Паўлінка»] драматург імкнецца выразней падкрэсліць, што Адольф — бессаромны лгун. Ярош. // Прызначаны для запісаў начыста. Чыставы сшытак.
2. Спец. Прызначаны для канчатковай апрацоўкі дэталей. Чыставы разец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шліфава́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Прызначаны для апрацоўкі чаго‑н. шліфаваннем. Шліфавальная машына. □ — Будзе ехаць хто ў Мінск, папрасіце купіць ліст шліфавальнай паперы і бутэльку палітуры. Пальчэўскі.
2. Які ўтвараецца, атрымліваецца пры шліфаванні. Шліфавальны пыл. Шліфавальныя адходы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ме́дны, -ая, -ае.
1. гл. медзь.
2. Які мае адносіны да здабычы і апрацоўкі медзі.
Медная прамысловасць.
3. Зроблены з медзі.
Медныя грошы.
4. Колеру медзі, чырвона-жоўты.
М. твар ад прыморскага загару.
○
Медны век — пераходны перыяд ад неаліту да бронзавага веку, калі пачынаюць з’яўляцца металічныя вырабы з медзі.
◊
Медны лоб (разм., пагард.) — пра ўпартага, бесталковага чалавека.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
металу́ргія
(ням. Metallurgie < с.-лац. metallurgia, ад гр. metallurgeion = месца апрацоўкі металу)
1) галіна цяжкай прамысловасці, якая займаецца выплаўкай металаў з руд і іншых матэрыялаў, іх першаснай апрацоўкай;
2) навука аб спосабах прамысловай выплаўкі і апрацоўкі металаў.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
АКТУА́РЫЙ,
служачы страхавой кампаніі, спецыяліст па тэхніцы страхавання. На аснове апрацоўкі і аналізу стат. звестак складае актуарныя табліцы і вызначае прыбытковыя, канкурэнтаздольныя ўзроўні страхавых прэмій, узносаў і г.д.
т. 1, с. 210
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́КТЫЛІ,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі дэманічныя істоты, спадарожніцы Рэі-Кібелы. Лічылася, што жылі яны на гары Іда ў Фрыгіі. Ім прыпісвалі адкрыццё апрацоўкі жалеза, а таксама заснаванне Алімпійскіх гульняў.
т. 6, с. 13
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПРАЦО́ЎКА ГЛЕ́БЫ,
прыёмы мех. ўздзеяння на глебу, якія павышаюць яе ўрадлівасць і ствараюць лепшыя ўмовы для росту і развіцця раслін. Сукупнасць паслядоўных прыёмаў уздзеяння складаюць сістэму апрацоўкі глебы. Адрозніваюць сістэмы асн. і перадпасяўной апрацоўкі, а таксама зямель, схільных да эрозіі. Ва ўмовах Беларусі найб. выкарыстоўваюцца дыскаванне, ворыва, культывацыя, баранаванне, выраўноўванне, прыкочванне, міжрадковая апрацоўка. Пры апрацоўцы глебы ствараецца рыхлы дробнакамякаваты ворны слой, паляпшаюцца водны, паветраны і цеплавы рэжымы глебы, знішчаюцца пустазелле, шкоднікі, узбуджальнікі хвароб раслін, загортваюцца ў глебу ўгнаенні, дзярніна, іржышча і інш. раслінныя рэшткі, ствараюцца найлепшыя ўмовы для сяўбы і прарастання насення. Гл. таксама Агратэхніка.
т. 1, с. 434
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)