паву́к, ‑а, м.

1. Членістаногая жывёліна, якая пляце павуціну. Ядавіты павук. Павук-крыжавік. □ Цікавым прадстаўніком жывёльнага свету, які насяляе хмызнякі нашых азёр, рэк і сажалак, з’яўляецца вадзяны павук. «Беларусь».

2. перан. Разм. Той, хто эксплуатуе каго‑н. У газетах, якія прынёс дзядзька Янук,.. [Санька] вычытаў, што буржуі і паны — павукі, крывасмокі. Якімовіч.

3. Абл. Род рыбалоўнай снасці. Я ніколі ў жыцці не бачыў, як ловяць рыбу павуком, але не распытваў. Гаўрылкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падмыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Незак. да падмыць.

2. звычайна безас. Разм. Пра моцнае жаданне што‑н. рабіць (зрабіць). Але іншы раз .. [Ігнася] так і падмывала сарвацца з месца, з крыкам праімчацца ўздоўж платоў і збіць з ног якога-небудзь важнага сямікласніка. Чарнышэвіч. Азёр дзівосных бачыў я нямала, І калі чуў, як гучна славяць іх, Мяне часамі крыкнуць падмывала: «А вы да нас загляньце хоць на міг!». Гілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чаро́т, ‑у, М ‑роце; мн. чараты, ‑оў; м.

Высокая травяністая расліна сямейства асаковых, якая расце ў вадзе рэк, азёр, на балотах. Спакон веку тут была дрыгва і ў чэзлым альшэўніку шумеў чарот ды кішэла машкара. Гроднеў. // Зараснікі гэтай расліны. Выбліснула сонца з чароту, што густой шумлівай паласой узнімаўся па той бок ракі. Кулакоўскі. [Людзі] выбавіліся на шырокае балота. Дробныя хвойкі, куп’ё, лазнякі, ды чараты, чараты як акінуць вокам. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГАРДЗЕ́Й Віктар Канстанцінавіч (н. 19.8.1946, в. Малыя Круговічы Ганцавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1984). Працаваў у час. «Беларусь», «Родная прырода», з 1989 у час. «Маладосць». Аўтар паэтычных зб-каў «Касавіца» (1975), «Верасное палясоўе» (1978), «Незабудкі азёр» (1985), «Узрушэнне» (1988), «Дзікая пчала» (1994), празаічных зб-каў «Дом з блакітнымі аканіцамі» (1984), «Карані вечнага дрэва» (1988), «Уратуй ад нячыстага» (1992, Літ. прэмія І.​Мележа 1993). Гал. ў яго творчасці — маральна-этычныя і сац. праблемы сучаснай вёскі, людзі і прырода роднага краю.

В.К.Гардзей.

т. 5, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРО́НСКАЯ НІЗІ́НА, Аквітанская нізіна,

на ПдЗ Францыі, у сярэднім і ніжнім цячэнні р. Гарона, паміж Цэнтр. Франц. масівам і Пірэнеямі. Выш. да 200—300 м. Працягласць каля 200 км. Размешчана на месцы перадгорнага тэктанічнага прагіну; складзена пераважна з рыхлых кайназойскіх адкладаў. У рэльефе — чаргаванне шырокіх рачных далін (р. Гарона з прытокамі, прытокі р. Адур) і плоскіх, месцамі ўзвышаных, міжрэччаў; уздоўж Біскайскага заліва — пясчаная забалочаная частка нізіны — Ланды, з вял. колькасцю азёр. Масівы шыракалістых і пасаджаных хваёвых лясоў, міжземнаморскія хмызнякі. Сады, вінаграднікі, пасевы збожжавых, вырошчваецца тытунь. Найб. горад — Бардо.

т. 5, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРО́ЗАЎСКАЕ ВО́ЗЕРА, Бярозавае возера,

у Беларусі, ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 23 км на З ад г.п. Ушачы. Уваходзіць ва Ушацкую групу азёр. Пл. 4,9 км², даўж. 4,1 км, найб. шыр. 1,5 км, найб. глыб. 3,9 м, даўж. берагавой лініі 12 км. Пл. вадазбору 458 км².

Схілы катлавіны выш. 3—5 м, усх. пад лесам і хмызняком, на З і ПдЗ разараныя. Берагі нізкія, месцамі забалочаныя і сплавінныя. Мелкаводдзе шырокае, пясчанае. Зарастае. Злучана ручаём з воз. Глыбач, праз возера працякае р. Дзіва.

т. 3, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́ЎБЛІ,

возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка, за 12 км на ПдЗ ад г. Браслаў. Уваходзіць у Браслаўскую групу азёр. Пл. 1,64 км², даўж. каля 4 км. найб. шыр. 610 м, найб. глыб. 25,8 м, даўж. берагавой лініі больш за 12 км. Пл. вадазбору 13,1 км². Схілы катлавіны выш. да 15 м, разараныя, у ніжняй ч. параслі хмызняком. Берагі зліваюцца са схіламі, пад хмызняком, месцамі выш. да 1 м, абразійныя. Зарастае слаба. Упадаюць 2 ручаі, выцякае ручай у р. Акунёўка.

т. 6, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯ́ТКА,

рака ў еўрапейскай ч. Расійскай Федэрацыі, ва Удмурціі, Кіраўскай вобл. і Татарстане, правы прыток Камы. Даўж. 1314 км, пл. бас. 129 тыс. км². Пачынаецца на Верхнякамскім узв. Тыпова раўнінная рака, звілістая на ўсім працягу. У рэчышчы частыя завалы, на пойме шмат азёр і старыц. Асн. прытокі: Кобра, Малома, Піжма (справа), Чапца, Кільмезь (злева). Жыўленне пераважна снегавое. Ледастаў з ліст. да красавіка. Сярэдні гадавы расход вады 890 м³/с. Сплаўная. Суднаходная да г. Кіраў (700 км), вясной да прыстані Кірс (1000 км). Гал. прыстані: Кіраў, Кацельніч, Савецкі, Вяцкія Паляны.

т. 4, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ЎГАЕ,

гідралагічны заказнік на тэр. Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. Створаны як азёрны заказнік для аховы азёр і прылеглых прыродных комплексаў у 1979. Пл. 3,3 тыс. га (1997). Размешчаны на ПнУ Свянцянскіх град. Уключае Доўгае возера, воз. Псуя (бас. р. Зах. Дзвіна) і прылеглую частку вадазборнай плошчы. Лясы (у асноўным елка з дамешкам бярозы і асіны) пераважна ў паўд.-ўсх. ч. Трапляюцца хвойнікі, у лагчынах — шэраалешнікі. Лясістасць 15%, па берагах — 25%. У далінах рэк невял. лугі. У фітапланктоне воз. Доўгае выяўлена рэдкая водарасць асцыляторыя чырванаватая.

т. 6, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ́ЧЫЦ Людміла Уладзіміраўна (н. 12.12.1950, Мінск),

бел. археолаг. Канд. гіст. н. (1982). Скончыла БДУ (1975). З 1974 у Ін-це гісторыі АН Беларусі. Вывучае гісторыю ПнЗ Полацкага княства, культавыя камяні, каменныя крыжы, археал. мікратапаніміку, стараж. касцюм на тэр. Беларусі. Праводзіла раскопкі гарадзішчаў на Браслаўшчыне, курганоў на Пн Беларусі, гідраархеал. даследаванні ў Падзвінні.

Тв.:

Край блакітных азёр. Мн., 1988;

Браслаўскае Паазер’е ў IX—XIV стст.: Гіст.-археал. нарыс. Мн., 1991;

Археалагічныя помнікі ў назвах, вераваннях і паданнях беларусаў. Мн., 1993;

Касцюм жыхароў Беларусі X—XIII стст. (паводле археалагічных звестак). Мн., 1995.

т. 6, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)