Сцеп ’стэп, бязлесная роўная мясцовасць’ (Бяльк., Косіч, ТС), степ ’тс’ (Растарг.). Гл. стэп; формы з цеканнем, магчыма, сведчаць пра архаічны характар слова, у сувязі з чым уяўляе цікавасць алб.step ’вострая вяршыня; вяршыня скалы’, якое Арол (Этимология–1983, 140) разглядае як доказ існавання ў паўднёваславянскім арэале адпаведніка прасл.*stьpь ’гара, узвышша’, што ўзгадняецца з перанесеным анатамічным тэрмінам прасл.*stьpь ’спіна’ (Куркіна, Этимология–1983, 24); паводле Борыся (Etymologie, 408), зыходнае значэнне для славянскіх лексем ’штосьці крутое, застыўшае, цвёрдае’. Гл. і сцяна.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ВАЛЮ́ТНЫ КО́ШЫК,
метад вымярэння сярэднеўзважанага курсу адной валюты ў адносінах да пэўнага набору інш. валют. Выкарыстоўваецца ў сувязі з увядзеннем у 1973 плаваючых валютных курсаў. Неабходны для разліку курсаў нац, валют, стварэння міжнар. грашовых адзінак (тыпу СДР, ЭКЮ і інш.), індэксацыі валюты цаны і валюты пазыкі ў міжнар.эканам. адносінах. Для разліку валютнага курса бяруць валюту некалькіх краін, вызначаюць удз. вагу дадзенай краіны ў сукупным валавым нац. прадукце і знешнегандл. абароце гэтых краін. Напр., для «пабудовы» СДР выкарыстана 5 нац. валют (долар ЗША, ням. марка, яп. іена, франц. франк, фунт стэрлінгаў Вялікабрытаніі) і ЭКЮ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРТАЛЁТАНО́СЕЦ,
баявы надводны карабель для групавога базіравання марскіх верталётаў. Мае ўзлётна-пасадачныя пляцоўкі, ангары (пад палётнай палубай) са спец. ліфтамі для пад’ёму верталётаў, памяшканні для іх абслугоўвання і рамонту. Аснашчаецца сродкамі сувязі і кіравання верталётамі, зенітнымі і процікарабельнымі ракетнымі і артыл. комплексамі, процілодачнай зброяй (бамбамёты і інш.). Падзяляюцца на процілодачныя (вядуць пошук і знішчаюць падводныя лодкі, маюць да 32 верталётаў) і дэсантныя (бяруць да 2 тыс. марскіх пехацінцаў для высадкі дэсанту). Водазмяшчэнне да 20 тыс.т, скорасць ходу да 30 вузлоў (55 км/гадз). Карабель для базіравання баявых самалётаў і верталётаў наз.авіяносец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́АЛЬС ((Waals) Ян Дыдэрык ван дэр) (23.11.1837, г. Лейдэн, Нідэрланды — 9.3.1923),
нідэрландскі фізік. Чл. Нідэрландскай, Парыжскай, Берлінскай АН, Нацыянальнай АН ЗША. У 1862—65 вольны слухач Лейдэнскага ун-та. Праф. Амстэрдамскага ун-та (1877—1907). Навук. працы па малекулярнай фізіцы і нізкатэмпературных з’явах. Вывеў Ван-дэр-Ваальса ўраўненне і ўстанавіў неперарыўнасць газападобнага і вадкага станаў рэчыва. Разгледзеў пытанне пра малекулярныя сілы ў газападобным і вадкім станах у сувязі з будовай рэчываў. Распрацаваў тэорыю бінарных сумесяў і тэрмадынамічную тэорыю капілярнасці. Нобелеўская прэмія 1910.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБО́ЎНЯ,
вёска ў Беларусі, у Капыльскім раёне Мінскай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 15 км на ПнЗ ад г. Капыль, 120 км ад Мінска, 25 км ад чыг. ст. Цімкавічы, на скрыжаванні аўтадарог Капыль—Узда і Асіповічы—Баранавічы. 491 ж., 173 двары (1995). Пачатковая школа, бальніца, аддз.сувязі.
Вядома з 17 ст., калі вёсцы нададзены правы мястэчка і штотыднёвых кірмашоў. У 1769—1806 працавала Бабаўнянская суконная мануфактура. На пач. 20 ст. ў Цялядавіцкай вол. Слуцкага пав., 196 ж, у аднайменным маёнтку 407 ж, вінакурны з-д. З 1924 цэнтр сельсавета Капыльскага р-на.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕ́КА,
форма аховы асабістых і маёмасных правоў і інтарэсаў недзеяздольных асоб. У Рэспубліцы Беларусь устанаўліваецца над дзецьмі да 15 гадоў, якія не маюць бацькоў або бацькі не здольныя іх выхоўваць, над грамадзянамі, якія прызнаны судом недзеяздольнымі ў сувязі з іх псіхічнай хваробай ці разумовай непаўнацэннасцю. Парадак апекі вызначаецца заканадаўствам. Органамі апекі з’яўляюцца выканкомы мясц. Саветаў дэпутатаў, якія выконваюць гэтыя функцыі праз аддзелы нар. асветы, аховы здароўя, сац. забеспячэння. Непасрэднае ажыццяўленне апекай ўскладаецца на апекуна (прызначаецца з ліку сваякоў падапечнага ці інш. грамадзян), пры злоўжыванні правамі апошні нясе маёмасную, у некаторых выпадках і крымінальную адказнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́САВЫ КАМЯНІ́,
манументальныя помнікі эпіграфікі 12 ст. на тэр. Беларусі. 7 вял. валуноў з высечанымі на іх 6-канцовымі крыжамі і надпісамі «Господи помози...». Захаваліся 3: у Маскве ў музеі-запаведніку «Каломенскае», каля Полацкага Сафійскага сабора, у г.п. Друя; астатнія разбураны. Да прыняцця хрысціянства (10 ст.) Барысавы камяні былі язычніцкімі фетышамі. Крыжы на валунах высечаны паводле загаду полацкага кн.Рагвалода Усяславіча (пасля хрышчэння Барыс) у 1-й трэці 12 ст. ў сувязі з ажыўленнем язычніцкіх вераванняў і з мэтай увекавечыць імя князя (гл. таксама Рагвалодаў камень).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БА́ЦЬКАЎШЧЫНА»,
газета нац.-дэмакр. кірунку. Выдавалася з 16 да 28.3.1919 у Гродне на бел. мове (№ 5 выйшаў на бел., рус., франц., ням. і яўр. мовах) бел.культ.-асв. т-вам «Бацькаўшчына». Інфармавала пра бел.паліт. рух, паведамляла пра дыпламат. акцыі ўрада Бел.Нар. Рэспублікі. Надрукавала праграму Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў, артыкулы «Беларусы» (пад крыптанімам Э.Б.), «Некалькі слоў аб беларускім руху» (пад крыптанімам КіК), «Лісты з Мінска» Р.Суніцы (Р.Зямкевіча) пра абвяшчэнне БССР, становішча ў Мінску і інш. Закрыта ў сувязі з акупацыяй Гродзеншчыны легіёнамі Пілсудскага і выездам з Гродна Беларускай Рады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЗЛАЙ ((Bezlaj) Францэ) (19.9.1910, г. Ліція, Славенія — 24.4.1993),
славенскі мовазнавец. Д-рфілал.н. (1939), акад. Славенскай акадэміі навук і мастацтваў (1964). Вучыўся ў Люблінскім і Пражскім ун-тах. Праф. Люблянскага ун-та (з 1958). Аўтар манаграфіі-слоўніка «Славенская гідранімія» (т. 1—2, 1956—61), манаграфіі «Эсэ пра славенскую мову» (1967), «Этымалагічнага слоўніка славенскай мовы» (т. 1—2, 1976—82), артыкулаў пра балта-слав. моўныя сувязі. У працах шырока выкарыстоўваў бел. матэрыял. У 1969 прачытаў у БДУ цыкл лекцый па пытаннях слав. этымалогіі і анамастыкі, акцэнтуючы ўвагу на бел.-славенскіх моўных паралелях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ САДЗЕ́ЙНІЧАННЯ ААН,
няўрадавая арг-цыя, член Сусветнай Федэрацыі Асацыяцый садзейнічання ААН. Засн. 17 арг-цыямі і ўстановамі Беларусі на ўстаноўчай канферэнцыі ў вер. 1989. Асн. мэты: развіццё і каардынацыя руху ў падтрымку ААН, інфармаванне грамадскасці пра яе дзейнасць, аб’яднанне намаганняў ва ўмацаванні даверу і дружбы паміж народамі, ахова правоў чалавека. Падтрымлівае на няўрадавым узроўні знешнюю палітыку, міжнар.эканам. і сац. праграмы Рэспублікі Беларусь. Дзейнічае ў цеснай сувязі з Прадстаўніцтвам ААН у Рэспубліцы Беларусь. Вышэйшы орган — канферэнцыя, паміж канферэнцыямі Беларускай асацыяцыяй садзейнічання ААН кіруюць праўленне, прэзідыум і прэзідэнт. Штаб-кватэра ў Мінску.