ДЭЙЛ (Dale) Генры Халет (5.6.1875, Лондан — 22.7.1968),

англійскі фізіёлаг і фармаколаг. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1914). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1898). З 1914 у Нац. ін-це мед. даследаванняў у Лондане (з 1928 дырэктар), у 1940—45 прэзідэнт Лонданскага каралеўскага т-ва, у 1942—46 дырэктар Каралеўскага ін-та Вялікабрытаніі (адначасова ў 1939—59 праф. фізіялогіі Лонданскага ун-та). Навук. працы па вызначэнні механізмаў перадачы нерв. імпульсу. Даследаваў хім. прыроду перадачы нерв. імпульсу праз сінапсы і ролю ў ёй ацэтылхаліну. Нобелеўская прэмія 1936 (разам з О.Лёві).

Г.Дэйл.

т. 6, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭКРЭМЕ́НТ ЗАТУХА́ННЯ лагарыфмічны, натуральны лагарыфм адносін амплітуд ваганняў, узятых адпаведна праз прамежак часу, роўны перыяду ваганняў. Выражаецца формулай δ = ln A(t) A(t+T) = γT , дзе t — час, T — перыяд ваганняў, γ — каэфіцыент затухання. Прамежак часу t, за які амплітуда ваганняў памяншаецца ў e разоў, называецца часам рэлаксацыі: t = T δ = 1 γ пры гэтым адбываецца N = 1 δ ваганняў.

Для вагальнага контуру Д.з. роўны 0,02—0,05, для камертона 0,001, для аптычнага рэзанатара 10​−7—10​−6. Гл. таксама Дыхтоўнасць вагальнай сістэмы, Затуханне ваганняў.

т. 6, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭНЦІ́Н [ад лац. dens (dentis) зуб],

цвёрдая тканка зуба, што складае яго асн. масу. У Д. зубоў дарослага чалавека 72% мінер. солей, 28% арган. рэчываў. Каронкавая ч. Д. пакрыта эмаллю, каранёвая — цэментам. Д. пранізаны тонкімі канальцамі, праз якія праходзяць цытаплазматычныя адросткі адантабластаў, дыяметр канальцаў 1—3 мкм, колькасць іх 30—75 тыс. y 1 мм³. Утварэнне Д. працягваецца і пасля поўнага фарміравання зуба. Пасля прарэзвання зуба ўтвараецца Д. другасны, або замяшчальны, адклады якога павялічваюцца пры павышаным сціранні эмалі, развіцці карыесу зубоў.

А.​С.​Арцюшкевіч.

т. 6, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЭ́ЖЛІНА,

возера ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ула (цячэ праз возера), за 7 км на ПнУ ад г. Лепель. Пл. 0,36 км², даўж. 1,1 км, найб. шыр. 560 м, найб. глыб. 9,8 м, даўж. берагавой лініі каля 3,6 км. Пл. вадазбору 1366 км². Схілы катлавіны выш. 10—15 м, участкамі разараныя, на Пд і ПдЗ параслі лесам. Берагі пясчаныя, месцамі забалочаныя, на ПдЗ пад лесам. Дно глеістае. Каля ўсх. берага востраў пл. 0,7 га. Уздоўж берагоў паласа расліннасці шыр. да 100 м.

т. 6, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАДРА́ЧАНСКАЕ ВО́ЗЕРА, Задрач,

у Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ловаць (працякае праз возера), за 40 км на ПнУ ад г. Гарадок. Пл. 0,77 км², даўж. 2 км, найб. шыр. 570 м, найб. глыб. 6,4 м, даўж. берагавой лініі 4,7 км. Пл. вадазбору 36,6 км². Схілы катлавіны выш. 5—7 м (на У і ПнУ да 30 м), на Пд і ПдЗ пад лесам. Берагі нізкія, пясчаныя, месцамі тарфяністыя. Пойма шыр. 5—70 м. Дно ўздоўж берагоў пясчанае, глыбей — глеістае. Зарастае слаба.

т. 6, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗМЕ́І-ЯЙЦАЕ́ДЫ (Dasypeltinae),

падсямейства вужападобных змей. 2 роды З.я.: афр. (Dasypeltis) і інд. (Elachistodon) па 1 віду ў кожным: D. scaber i E. westermanni. Пашыраны ў Паўд. і Цэнтр. Афрыцы, Паўд. Азіі.

Даўж. да 80 см. Верх цела пясчана-жоўты або бураваты, аднаколерны або з цёмным малюнкам з палос ці плям, якія часта зліваюцца ў зігзагападобную або рамбічнай формы паласу ўздоўж хрыбта. Корміцца птушынымі яйцамі, якія заглынае цалкам. У страваводзе шалупіна яйца расціскаецца ніжнімі адросткамі пазванкоў, якія ўваходзяць у яго поласць. Шалупіны выкідваюцца праз рот.

т. 7, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗНЕ́ШНЯЕ І ЎНУ́ТРАНАЕ,

узаемазвязаныя філасофскія катэгорыі, у якіх знешняе адлюстроўвае ўласцівасці прадмета як цэлага і спосабы яго ўзаемадзеяння з навакольным асяроддзем, а ўнутранае — будову самога прадмета, яго склад, структуру і сувязі паміж элементамі. У працэсе пазнання знешняе перадае паверхневы бок прадмета, даступны пачуццям, або рэчаіснасць, што існуе па-за прадметамі; унутранае — тое, што схавана ад непасрэднага назірання і можа быць выяўлена тэарэт. даследаваннем. Узаемасувязь З. і ў. выступае як рух ад знешняга да ўнутранага, ад назіраемага да нябачнага, але мысленнага; прычым унутранае раскрываецца праз знешняе.

т. 7, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗОАХАРЫ́Я (ад зоа... + харыя),

пашырэнне дыяспораў (зачаткаў раслін і грыбоў, іх спораў, пладоў і насення) жывёламі. Адрозніваюць эпізоахарыю — пасіўны перанос дыяспор на целе жывёлы з брудам, глеем або з дапамогай спец. прыстасаванняў (зачэпкі, шыпікі, шчацінкі і інш.), слізі або ліпкіх рэчываў; эндазоахарыю — пашырэнне праз стрававальную сістэму жывёл, пры гэтым дыяспоры не пашкоджваюцца, але зрэдку набываюць лепшую ўсходжасць (напр., у бружмелю, брызгліны, вішні, граната) і сінзоахарыю — актыўнае пашырэнне дыяспор, звязанае з назапашваннем корму жывёламі (бурундук, вавёрка, кедраўка, лясная мыш, сойка і інш.). Асобны выпадак сінзоахарыі — мірмекахарыя.

т. 7, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯНКЕ́ВІЧ Міхаіл Аляксандравіч (21.5.1891, с. Нікалаеўскі Гарадок Саратаўскай вобл., Расія — 16.9.1973),

рускі паэт, перакладчык. Друкаваўся з 1906. Першы зб. вершаў «Дзікая парфіра» (1912) у духу акмеізму. Аўтар паэмы «Машынная гарачая пара» (1931), зб-каў «Набор вышыні» (1937), «Праз навальніцы гадоў» (1962) і інш. Перакладаў творы Ф.​Фрэйліграта, В.​Гюго, У.​Уітмена, У.​Шэкспіра, сучасных паэтаў ЗША, Англіі, Іспаніі, Францыі, Балгарыі, Югаславіі, Аўстраліі і інш. (зб. «Паэты XX ст.», 1965; «Амерыканскія паэты», 1969).

Тв.:

Избранное. М., 1973;

Сказочная эра: Стихотворения, повесть, беллетрист. мемуары. М., 1994.

т. 7, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЙМІ́Н, Каймінскае возера. У Астравецкім р-не Гродзенскай вобл., у бас. р. Сарачанка, за 34 км на ПнУ ад г.п. Астравец. Уваходзіць у Сарачанскую групу азёр. Пл. 0,43 км², даўж. 1,55 км, найб. шыр. 380 м, найб. глыб. 19,5 м, даўж. берагавой лініі больш за 4 км. Пл. вадазбору 159 км². Схілы катлавіны выш. 3—14 м, пад лесам і хмызняком, на Пн участкамі разараныя. Берагі пераважна зліваюцца са схіламі. Дно з упадзінамі, да глыб. 4—6 м выслана пяском і апясчаненымі глеямі, ніжэй — сапрапелем. Праз возера цячэ р. Клевель.

т. 7, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)