кантраба́нда, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Тайны правоз або перанос цераз дзяржаўную граніцу тавараў, каштоўнасцей і інш., забароненых або абкладзеных пошлінай. Змагацца з кантрабандай.

2. зб. Тавар, каштоўнасці і інш., якія тайна правозяцца або пераносяцца праз дзяржаўную граніцу. Яны [чужыя людзі] хавалі тут кантрабанду. Колькі часу патрацілі, колькі страху набраліся! Колас. Якая яму была справа, падшывальцу Андрэю, што ён, Лупянок, вазіў кантрабанду... Лынькоў.

3. у знач. прысл. кантраба́ндай. Тайна, употай. Наносілі мы поўныя вышкі асенняга лісця, .. здабывалі кантрабандай канюшыны ўлетку, нажынаючы яе сярпом. Дубоўка.

[Іт. contrabando ад contra — супраць і bando — урадавы ўказ.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

карчава́ць, ‑чую, ‑чуеш, ‑чуе; незак., што.

1. Выконваць, выдзіраць з карэннем (пні, дрэвы). Некалькі калгаснікаў з сякерамі ў руках карчавалі пні. Шашкоў. Нябожчык усё выгоды шукаў: каб і вада неглыбока, каб і сенажаць была, каб і лесу не шмат давялося карчаваць пад ворыва. Пальчэўскі. // Ачышчаць ад пнёў, карчоў. — А яго бацька гэтай павекі не карчаваў? — паказаў Рыгор пальцам на Якуба. Крапіва.

2. перан. Выкараняць, вынішчаць без астатку. Карчаваць зло. □ Разам з вамі я выйду на ворага, Карчаваць чарнацвет нашай спадчыны. А. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жа́ба, ‑ы; Р мн. жаб; ж.

1. Бясхвостая чатырохногая земнаводная жывёліна з бародаўчатай слізкай скурай бурага колеру, якая водзіцца ў цёмных сырых месцах; рапуха. У адным месцы рука яго патрапіла на штосьці халоднае і агіднае... гэта была жаба-рапуха. Сачанка.

2. Разм. Тое, што і лягушка. У лагчыне над Нёманам дружна і заложна кракталі жабы. Колас. // Пагардлівае або дакорлівае абзыванне дзяцей. — Жаба ты малая, — з прыкрасцю замармытаў Сцепуржынскі. Чорны.

•••

Грудная жаба (уст.) — сардэчная хвароба, якая суправаджаецца моцным болем у грудзях; стэнакардыя.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

накляпа́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што і чаго.

1. Прыкляпаць што‑н. да чаго‑н. Накляпаць плешку на болт.

2. Кляпаннем зрабіць пэўную колькасць чаго‑н.

3. Ударамі малатка навастрыць (касу, нож і інш.). Тая [каса], што касіў Мішка залетась, была нядрэннаю. Каб яшчэ накляпаць яе.., мянташкай правесці, то працаваць можна. Кандрусевіч.

накляпа́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Разм. Нагаварыць на каго‑н., узвесці паклёп. Папракнуў [Самарос] сябе за тое, што праз меру накляпаў на Каршукова, расказваючы Галаю пра гаворку з ім. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

намяка́ць 1, ‑ае.

Незак. да намя́кнуць.

намяка́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каму на каго-што і без дап.

Рабіць намёкі, гаварыць намёкамі, не выказваць адкрыта сваёй думкі. Лабановіч зразумеў, на што намякае яго зямляк і блізкі сябар. Колас. Дзед намякаў маёй маці, што яна была камсамолка і ўпрошвала яго не ўпарціцца, а ўступаць у калгас. Сачанка. Адносіны Васіліны да Іллюка не змяніліся ў гэтыя гады, яна стала нават шмат ласкавейшай, але пэўнага адказу, калі ён намякаў на жаніцьбу, не давала. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

натру́дзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; зак.

Стаміцца, прыйсці ў хваравіты стан (ад працяглай або цяжкай працы, хады і пад.). Не забуду братэрскі я поціск Загрубелых прасоленых рук, Што натрудзіліся на спякоце... Будзь здароў, італьянскі наш друг! Панчанка. // Папрацаваць многа, да стомы. [Люба:] — Большай пакуты [раджаць] мусіць на свеце няма. Але ў мяне гэта было таму, што я крыху не данасіла, я натрудзілася страшэнна была. Чорны. Не да сустрэч і забаў вечарамі, калі так натрудзішся за дзень, што кожная часцінка цела патрабуе спачыну. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

но́ша, ‑ы, ж.

Груз, які пераносіцца на сабе. За плячыма ў чалавека была цяжкая ноша, а ў руках кіёк. Сергіевіч. А ноша ў нас не малая: у руках кош з булкамі, на галаве бляха з пірожнымі. Гурскі. // перан. Усё тое, што абавязан хто‑н. выканаць, здзейсніць. Узяць ношу не па плячу. □ Нялёгкая ноша лягла па плечы дваццаціпяцітысячніка Лісіенкі. «ЛіМ». // перан. Аб чым‑н., што прычыняе клопат, турботы. О неспакойная ноша Думак заўжды маладых, Скарбу ўпарты пошук, Першай удачы сляды! Звонак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

няве́ста, ‑ы, ДМ ‑сце, ж.

Дзяўчына (або жанчына), якая выходзіць замуж; маладая. Нявеста была, як нявеста: у беласнежным вэлюме, з вянком, з букецікам белых красак на грудзях. Лынькоў. // Дзяўчына (або жанчына), якая мае жаніха; будучая жонка. Партызаны здзіўлена паглядзелі на маладых людзей. А Віктар.., падышоўшы да Бярозіна, сказаў, нібы бацьку: — Васіль Макаравіч, гэта мая нявеста, Наташа. Шчарбатаў. // Аб маладой дзяўчыне, якая дасягнула шлюбнага ўзросту. [Зіна:] — У Фросі дочкі — ужо нявесты. Адна восенню ў інстытут будзе паступаць. Другая ў дзевяты клас перайшла... Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падгавары́ць, ‑гавару, ‑гаворыш, ‑гаворыць; зак., каго, на што, з дадан. сказам і з інф.

Угаварыць, падвучыць зрабіць што‑н.; падбухторыць на што‑н. Падгаварыць на дрэнны ўчынак. □ [Эма:] — Я сама бачыла, як адпраўлялі Максіма ў Вільню, сама была на вакзале ў той вечар, хоць хлопцы і забаранілі ісці туды. Падгаварыла сваячку і пайшлі. Машара. [Васіль:] — Цётачка, я не вінават... Мяне падгаварылі... Я вам усіх назаву, толькі мяне не чапайце... Мяне падгаварылі... — Як не па пальцах ён пералічыў усіх, хто лазіў у слівы. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падма́н, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. падмануць (у 1 знач.). — А пані вядома, — запытаў яе старшыня суда, — што за лжывае паказанні‑, за падман суда сведка павінен быць цяжка пакараны? Машара. // Мана, хлусня, ашуканства. І хоць.. [Горбікаў] ведаў, што хворыя месцы зарубцаваліся, прыкінуўся сухотным. Гэты яго падман выкрыла Наталля Максімаўна. Дудо. [Хамутоўскі:] — Хлусня ў вас, а не праўда! Падман адзін! Курто.

2. чаго. Памылковае, ілюзорнае ўяўленне; абман. Падман пачуццяў. □ [Федзя:] — Учора [фатаграфія на Дошцы гонару] сам бачыў — была. А сёння іду міма, зірнуў — няма... Галюцынацыя, думаю, падман зроку. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)