1.накаго-што. Ідучы, сустрэць каго‑н., натрапіць на што‑н. Паварочваючы на сваю вуліцу, .. [Ігнась] найшоў раптам на Дуба.Мурашка.Расказаў [Сашка], чаму ён заступіўся за Петрыка, як найшла на іх бойку Марыя Іванаўна.Сіняўскі.// Ідучы, наскочыць на што‑н. Найсці на купіну. Найсці на пень.
2.(1і2ас.неўжыв.); нашто. Насунуўшыся, пакрыць сабою. На сонца найшла хмара.//без дап. Надысці. І вось найшла навальніца, наваліліся дрэвы.Лынькоў.Найшла хмара, вакол пацямнела, закапаў дождж.Дуброўскі.
3.(1і2ас.неўжыв.). Прыйсці ў вялікай колькасці. А я пэўна ведаў, што, як толькі мы прыедзем, абавязкова нойдзе поўная хата людзей.Сабаленка.// Пранікнуць у якое‑н. месца, набрацца куды‑н. У канторы поўна дыму — найшло праз адчыненыя вокны.Пташнікаў.[Сцёпка] ад балота заставу пакідае, каб у канал вада не найшла, рабоце не шкодзіла.Колас.
4.(1і2ас.неўжыв.); перан.; накаго. Апанаваць, ахапіць каго‑н. (аб настроі, пачуццях і пад.). Сум найшоў на чалавека. Найшла бесклапотнасць. Найшла трывога на людзей. □ Момантнае забыццё найшло на чалавека.Чорны.Нейкае заспакаенне найшло на.. [Ніну], і яна вярнулася назад, села за раяль і зноў зайграла.Лобан.
Разм. Тое, што і знайсці (у 1 знач.). Найшлі доктара. Нягледзячы на познюю пару, ён устаў і ўважліва выслухаў хворую.Нікановіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
БЫ́КАЎ Васіль Уладзіміравіч (н. 19.6.1924, в. Бычкі Ушацкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. пісьменнік, грамадскі дзеяч. Нар. пісьменнік Беларусі (1980). Герой Сац. Працы (1984). Вучыўся ў Віцебскім маст. вучылішчы на скульпт. аддзяленні. Удзельнік Айч. вайны, двойчы паранены. У 1956—72 працаваў у газ. «Гродненская правда», у 1972—78 сакратар Гродзенскага аддзялення СП Беларусі. З 1978 у Мінску. У 1990—93 прэзідэнт згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына». Друкуецца з 1947. У першай кнізе «Жураўліны крык» (1960), аповесцях «Здрада» (1961), «Трэцяя ракета» (1962, Літ. прэмія імя Я.Коласа 1964), зб. апавяданняў «Адна ноч» (1965) паказвае штодзённы гераізм звычайнага чалавека ва ўмовах вайны, глыбока пранікае ў духоўны свет сваіх герояў. Суровая праўда ў адлюстраванні вайны, пераважна драм. і трагічных яе сітуацый, пільная ўвага да думак і пачуццяў чалавека, абвостраная чалавечнасць, высокая патрабавальнасць у сцвярджэнні маральных прынцыпаў, лаканізм, дакладнасць і выразнасць апавядальнай манеры, шчырасць і ўнутр. стрыманасць аўтарскага голасу — вызначальныя якасці творчай манеры пісьменніка. Аповесці «Мёртвым не баліць» (1965) і «Праклятая вышыня» (1968) — важны крок на шляху філас.-канцэптуальнага і жанравага падпарадкавання асабіста перажытага духоўным патрэбам сучаснасці. У канцы 1960-х г. звярнуўся да тэмы партыз. і падп. барацьбы бел. народа. «Круглянскі мост» (1969), «Сотнікаў» (1970), «Абеліск» (1971, разам з аповесцю «Дажыць да світання», 1973, Дзярж. прэмія СССР 1974), «Воўчая зграя» (1974, разам з аповесцю з франтавога жыцця «Яго батальён», 1975, Дзярж. прэмія БССР імя Я.Коласа 1978), «Пайсці і не вярнуцца» (1978), «Знак бяды» (1982, Ленінская прэмія 1986) у творчасці пісьменніка складаюць своеасаблівы «партызанскі цыкл». Увага да гэтага пласта нар. жыцця ў Быкава не выпадковая. Элемент трагічнага — істотны элемент вайны — выявіўся тут на ўсю моц. Вельмі важная для пісьменніка адвечная тэма «выбару» ў партыз. вайне і на акупіраванай тэрыторыі вырашалася больш разнастайна, асабліва ўскладнена матываванасць чалавечых учынкаў. Творчасць Быкава 1970-х г. вылучаецца моцнай філас. насычанасцю, асаблівым трагічным напаўненнем, аголенасцю маральна-этычных канфліктаў, надзвычай адчувальнай сувяззю з сучаснасцю. Даследуючы паводзіны чалавека ў жорсткіх умовах вайны, у т.зв. гранічных сітуацыях, пісьменнік імкнецца выявіць духоўныя асновы яго паводзін, асновы яго мужнасці і няскоранасці. Абставіны заўсёды распрацоўваюцца на макс. адпаведнасць жыццёвай праўдзе, характары раскрываюцца з вял. уважлівасцю да самых дробных унутр. і знешніх рухаў, у іх арган. узаемадзеянні з абставінамі. Паглыбленне філас. зместу, маральна-этычная згушчанасць праблематыкі ў творах натуральна выклікалі інтэлектуальную завостранасць, строгасць, выверанасць жанравай формы, адпаведную мэтанакіраванасць сюжэтнага руху, выразную акрэсленасць кампазіцыйных прыёмаў, рэзкае змяншэнне колькасці дзейных асоб, напружаную, строгую і дакладную манеру апавядання. Быкаў не бытапісальнік вайны. Ён філосаф, грамадзянін, які ўвесь у сучаснасці, у пастаянным напружаным роздуме пра чалавека, яго месца ў сённяшнім драм. свеце. У ідэйна-маст. структуры твораў істотную ролю адыгрывае смерць героя, найперш галоўнага. Яна — неабвержны аргумент пісьменніка на карысць чалавечнасці, сумленнасці, справядлівасці. Для Сотнікава («Сотнікаў»), Іваноўскага («Дажыць да світання»), Мароза («Абеліск»), інш. станоўчых герояў гэтыя паняцці вышэй за ўсё, нават за жыццё, бо без іх жыццё траціла сэнс, станавілася ганьбай. У аповесцях «Знак бяды», «Аблава» (1989) узняў трагічную тэму сталіншчыны, раскулачвання, знішчэння дабрыні ў чалавеку, знішчэння гаспадара зямлі. Раман «Кар’ер» (1986), аповесці «У тумане» (1987), «Сцюжа» (1993), апавяданні «На Чорных лядах», «Перад канцом», «Бедныя людзі» і інш. пазначаны актыўнай аўтарскай пазіцыяй, маст. асваеннем новых гіст. пластоў жыцця, вострым эмацыянальна-этычным напалам, высокім трагізмам. Выступае і як публіцыст (зб. «На крыжах», (1992). Кнігі Быкава, поўныя высокага грамадз. пафасу, веры ў вял. духоўныя магчымасці чалавека, нянавісці да подласці, хлусні, здрадніцтва, актыўна служаць выхаванню чалавека. Быкаў — аўтар п’ес «Рашэнне» (1972) і «Апошні шанц» (паст. 1974), гумарыстычных і сатыр. апавяданняў (зб. «Ход канём», 1960), працуе і ў галіне драматургіі кіно, тэатра. Па яго сцэнарыях пастаўлены кінафільмы «Трэцяя ракета» (1963), «Альпійская балада» (1966), «Дажыць да світання» (1975), «Воўчая зграя» (1976), «Абеліск» (1977), 3-серыйны тэлефільм «Доўгія вёрсты вайны» (1976). Па матывах аповесці «Пайсці і не вярнуцца» створаны спектакль (1979), па аповесці «Сотнікаў» — кінафільм «Узыходжанне» (1977), па аповесці «Знак бяды» — кінафільм (1985). Бел.т-р оперы і балета па матывах «Альпійскай балады» (1964) паставіў аднайм. балет (1967, муз. Я.Глебава), па аповесці «Воўчая зграя» — оперу «Сцежкаю жыцця» (1980, муз. Г.Вагнера). В.Дашук на кінастудыі «Беларусьфільм» стварыў пра Быкава фільм «Узыходжанне» (1985).
Тв.:
Выбр.тв.Т. 1—2. Мн., 1974;
Зб.тв.Т. 1—4. Мн., 1980—82;
Зб.тв.Т. 1—6. Мн., 1992—94.
Літ.:
Буран В.А. Васіль Быкаў: Нарыс творчасці. Мн., 1976;
Дедков Я. Василь Быков: Очерк творчества. М., 1990;
Адамовіч А. На бестэрміновай перадавой // Адамовіч А. Здалёк і зблізку. Мн., 1976;
Бечык В. Таварыш, народ, Радзіма // Бечык В. Свет жывы і блізкі. Мн., 1974;
Бугаёў Дз. Пра дзве кніжкі Васіля Быкава // Бугаёў Дз. Шматграннасць. Мн., 1970;
Яго ж Васіль Быкаў. Мн., 1987;
Яго ж. Праўда і мужнасць таленту. Мн., 1995;
Вярцінскі А. Подзвіг ратны, подзвіг творчы // Вярцінскі А. Высокае неба ідэала. Мн., 1980;
Каваленка В. Маладосць і мудрасць — сёстры // Каваленка В. Жывое аблічча дзён. Мн., 1979;
Андраюк С. Традыцыі і сучаснасць. Мн., 1981. С. 127—128, 132—136, 236—254.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВУ́КА,
сістэма аб’ектыўных, абгрунтаваных ведаў аб рэчаіснасці; сфера чалавечай дзейнасці па выпрацоўцы і тэарэт. сістэматызацыі новых ведаў. У адрозненне ад стыхійна-эмпірычнага (звычайнага) пазнання Н. не абмяжоўваецца апісаннем аб’ектаў і з’яў, але арыентуецца на выяўленне прычынна-выніковых залежнасцей, ставіць за мэту спасціжэнне заканамернасцей развіцця. Навук. дысцыпліны, якія ў сваёй сукупнасці ўтвараюць сістэму Н. ў цэлым, умоўна падзяляюць на 3 вял. групы (падсістэмы) Н. — прыродазнаўчыя, грамадскія (гуманітарныя) і тэхнічныя. У залежнасці ад мэтавай накіраванасці, адносін да практыкі вылучаюць Н. фундаментальныя і прыкладныя. Н. выкарыстоўвае спец.навук. метады (тэарэт. і эмпірычныя), прылады, мову, у т. л. фармалізаваную, і інш. неад’емныя кампаненты навук. пошуку.
Вытокі Н. ўзыходзяць да стараж. грамадстваў (Стараж. Егіпет, Вавілонія, Індыя, Кітай), калі Н. не выходзіла за межы патрэб наяўнай практыкі. Змест ведаў на гэтай стадыі чэрпаўся з практыкі, а ў мысленні выступаў у форме абстрактных схем практычных дзеянняў. Адной з перадумоў Н. лічаць таксама міфалогію, у рамках якой упершыню на фантаст., антрапамарфічнай аснове спрабавалі пабудаваць цэласную сістэму ўяўленняў чалавека аб сусвеце. Сац., эканам. і культ. ўмовы для ўзнікнення ўласна Н. складваліся ў Стараж. Грэцыі каля 6 ст. да н.э., дзе ствараліся першыя тэарэт. сістэмы (Фалес, Геракліт і інш.), якія ў процівагу міфалогіі тлумачылі Сусвет, зыходзячы з прыродных з’яў (натурфіласофія). На гэтай стадыі веды складваліся ў форме абстракцый на аснове раней створаных ідэальных аб’ектаў. Гістарычна першай пераход да навук. пазнання ажыццявіла матэматыка (Эўклід), потым ад натурфіласофіі аддзяліліся механіка (Архімед), астраномія (Пталамей) і інш.Стараж.-грэч. вучоныя (Арыстоцель, Платон і інш.) далі першыя апісанні заканамернасцей прыроды, грамадства і мыслення, чым адыгралі значную ролю ў гісторыі Н. Важкі ўклад у развіццё Н. зрабілі вучоныя араб. Усходу і Сярэдняй Азіі (Ібн Сіна, Ібн Рушд, Біруні і інш.), хрысц. вучоныя багасловы, прадстаўнікі ранняй і «класічнай» схаластыкі. У эпоху Адраджэння Н. пачала ператварацца ў самаст. фактар духоўнага жыцця, вышэйшую культ. каштоўнасць, на якую стала арыентавацца большасць філас. школ і кірункаў, фундаментальныя даследаванні ў галіне эканомікі, права, маралі, рэлігіі, мастацтва, культуралогіі і інш. Фарміраванне тэхн. Н., павелічэнне іх ролі як непасрэднай прадукц. сілы асабліва праяўляецца ва ўмовах навукова-тэхнічнага прагрэсу і навукова-тэхнічнай рэвалюцыі. Адной з найважнейшых заканамернасцей развіцця Н. з’яўляецца тэндэнцыя паскоранага росту маштабаў навук. дзейнасці і аб’ёмаў інфармацыі, колькасцінавук. устаноў і навукоўцаў, што непасрэдна звязана з інстытуцыялізацыяй Н. Першыя формы інстытуцыялізацыі Н. ўзніклі ў антычнасці (напр., у 387 да н.э.засн. платонаўская акадэмія ў Афінах). Як асобны сац.ін-т Н. пачынае афармляцца з 17 ст. У значнай ступені паўплывала на развіццё ведаў аб прыродзе Лонданскае каралеўскае т-ва, засн. ў 1660, на ўзор якога пачалі стварацца спец.навук. ўстановы (акадэміі і да т.п.) у інш. краінах, і выданне з 1665 першага навук. часопіса «Philosophical Transactions» («Філасофскія працы»). У 1800 у свеце выдавалася каля 100 навук. часопісаў, у 1965 — больш за 100 тыс., у канцы 20 ст. — больш за 1 млн. Лічаць, што кожныя 10 гадоў аб’ём навук. інфармацыі падвойваецца, а колькасць занятых у сферы Н. павялічваецца штогод на 7%. Развіццё Н. носіць кумулятыўны характар, характарызуецца пераемнасцю ў асэнсаванні новых ведаў, што папаўняюць агульнанавук. фонд. Паступовае назапашванне ведаў на аснове пераемнасці абумоўлівае неабарачальнасць у функцыянаванні Н. як сац. ін-та, стварае ўмовы для фарміравання ўнутр. логікі развіцця самой Н., якая разам з сац., эканам., тэхн.-вытв., культ. фактарамі вызначае далейшы навук.прагрэс. Адкрыццё новых з’яў, якія не паддаюцца вытлумачэнню на падставе назапашаных ведаў, абумоўлівае пошук шляхоў развіцця Н., найб. выразным увасабленнем якіх з’яўляюцца навук. рэвалюцыі (рэвалюцыя ў прыродазнаўстве на рубяжы 19—20 ст. і інш.). У выніку навук. рэвалюцый адбываюцца радыкальныя змены парадыгмаў навук. мыслення. Яны суправаджаюцца ломкай старой навук. карціны свету і ўсталяваннем новай.
На кожным з этапаў гіст. развіцця адбываецца ўскладненне арганізацыі Н., што абумовіла фарміраванне вучэння аб спосабах арганізацыі і пабудовы тэарэт. і практычнай дзейнасці — метадалогіі і спец. дысцыпліны аб функцыянаванні і развіцці Н. — навуказнаўства. Асваенне навук. пазнаннем новых з’яў і аб’ектаў рэчаіснасці вядзе да дыферэнцыяцыі Н., драблення яе на больш «вузкія», спецыялізаваныя навук. дысцыпліны. Патрэбнасць у сінтэзе ведаў, асабліва пры вырашэнні буйных комплексных праблем, вядзе да тэндэнцыі інтэграцыі Н. Павялічваецца роля міждысцыплінарных даследаванняў, што абумоўлівае фарміраванне новых дысцыплін на «стыкавых», памежных навук. кірунках (біяфізіка, біёніка, астрафізіка, геахімія, эканам. геаграфія і інш.). Характэрнай рысай інстытуцыялізацыі Н. ў 20 ст., у т. л. на Беларусі, з’яўляецца стварэнне навук.-вытв. аб’яднанняў, ін-таў і лабараторый з магутнай тэхн. базай, што садзейнічае паскарэнню развіцця Н., скарачэнню тэрмінаў укаранення навук. распрацовак у вытв-сць. У Беларусі 272 н.-д. арг-цыі, у т. л.Нац.АН Беларусі, 43,7 тыс.навук. работнікаў, сярод іх каля 730 д-роў і больш за 4,1 тыс.канд. навук (1999). У 103 навуч. установах і ВНУ вядзецца падрыхтоўка навук. кадраў: больш за 4400 аспірантаў, каля 140 дактарантаў (1999).
Літ.:
Поппер К. Логика и рост научного знания: Пер. с англ.М., 1983;
Лоўдзі Дж. Гістарычныя ўводзіны ў філасофію навукі: Пер. з англ.Мн., 1995;
Научные и вненаучные формы мышления. М., 1996;
Очерки истории науки и культуры Беларуси IX—XX в. Мн., 1996;
Бессонов Б.Н., Ващекин Н.П., Урсул А.Д. Методология науки и стратегия выживания цивилизации. М., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕКІ́Н, Бэйцзін (у 1928—49 Бэйпін),
горад, сталіца Кітая. Размешчаны на ПнВял. Кітайскай раўніны, паміж рэкамі Бэюньхэ і Юндынхэ, у пач.Вял. канала. З прылеглымі раёнамі вылучаны ў асобную адм. адзінку (пл. 16,8 тыс.км²). Насельніцтва 11,3 млн.ж. з прыгарадамі (1998), другі па колькасці насельніцтва горад Кітая (пасля Шанхая). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт Шаўду. Паліт., індустр., гандл.-фін. і культ. цэнтр краіны. У П. і яго прыгарадах прам-сць: металург., маш.-буд. (вытв-сць станкоў, с.-г. машын, электрасілавога, хім., гарнаруднага і кавальска-прэсавага абсталявання, падшыпнікаў, тэкст. і друкарскіх машын, мед. абсталявання; цеплавоза-, вагона- і аўтамабілебудаванне), прыладабуд., радыёэлектронная, тэкст., хім. (вытв-сць кіслот, мінер. угнаенняў, інсектыцыдаў, пластмас, сінт. валокнаў і каўчуку, гумавых вырабаў), фармацэўтычная, паліграф., буд. матэрыялаў. У наваколлі П. здабыча каменнага вугалю. Дыванаткацтва. Развіты рамёствы (разьба па дрэве і слановай косці, выраб упрыгожанняў з золата, серабра, эмалі, нефрыту і інш.). Метрапалітэн. АН КНР, ун-т. Музеі, у т. л. гісторыі Кітая, Гугун, маст. галерэя.
Вядомы з 2-га тыс. да н.э. У 5—3 ст. да н. э. сталіца царства Янь пад назвай Цзі. У канцы 3 ст. да н.э. разбураны войскамі Цынь Шыхуандзі. Адбудаваны ў часы праўлення дынастыі Хань і названы Янь, пазней — Ючжоў. У 936 н.э.наз. Сіцзінь, пасля заваявання ў 937 кіданямі — Наньцзін. З 1125 сталіца дзяржавы чжурчжэняў Цзінь пад назвай Яньцзін. У 1215 захоплены манголамі, сталіца манг. імперыі Юань пад назвай Даду ці па-манг. Ханбалык. У 1368 вызвалены з-пад улады манголаў, наз. Бэйпін. У 1420 імператар Чэнцзу з дынастыі Мін перанёс з Нанкіна сюды сталіцу і перайменаваў яе ў П. У 1644 захоплены паўстанцамі на чале з Лі Цзычэнам. У 1644 акупіраваны маньчжурамі, да 1911 сталіца імперыі Цын. У англа-франка-кітайскую вайну 1856—60 заняты і разбураны акупац. войскамі. З 1912 сталіца Кіт. рэспублікі. У 1928 заняты Нар.-рэв. арміяй (гл.Паўночны паход 1926—28), сталіца перанесена ў Нанкін, П. зноў перайменаваны ў Бэйпін, у Нацыянальна-вызваленчую вайну кітайскага народа супраць японскіх захопнікаў 1937—43 акупіраваны яп. войскамі. Вызвалены ў вер. 1945. У 1945—19 пад кантролем гаміньданаўцаў. У студз. 1949 заняты Нар.-вызв. арміяй Кітая. У кастр. 1949 абвешчаны сталіцай Кіт.Нар. Рэспублікі (зноў наз. П.). 4.6.1989 на гал. плошчы П. Цяньаньмэнь у сутыкненнях студэнтаў з войскамі і паліцыяй загінула каля 3 тыс. чал.
У аснове гар. плана — геам. планіроўка г. Даду, удасканаленая ў 1403—21. У 12 ст. меў прамавугольную планіроўку, быў падзелены на 2 роўныя ч.цэнтр. магістраллю (захаваліся рэшткі глінабітных сцен і фундаментаў будынкаў). У 13—14 ст. П. складаўся з «унутранага горада» (паслядоўна размешчаныя адзін у адным і абнесеныя сценамі «забаронены горад» і «імператарскі горад» з пл. і брамамі Цяньаньмынь) і ўласна горада (жылыя і гандл. кварталы, абнесеныя глінабітнымі сценамі, абліцаванымі цэглай, з брамамі і бастыёнамі). Усе 3 часткі аб’яднаны сістэмай палацавых, храмавых і інш. збудаванняў, якія ўтвараюць т.зв. ансамбль пекінскай восі, у цэнтры якога «забаронены горад» з комплексам імператарскага палаца (уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны). На Пд яго завяршае арх. комплекс «Храм неба» (Цяньтань, 1420—1530, перабудаваны ў 18—19 ст.) з гал. будынкам-ратондай Цыняньдзянь («Храм малітвы за багаты ўраджай»), Каменная тэраса злучае Цыняньдзянь з храмам Хуанцюн’юй («Зала нябеснага скляпення», 1530), абнесеным круглай цаглянай сцяной і 3-ярусным мармуровым алтаром Хуаньцю («Алтаром неба»), Да 1553 сцяной была абнесена паўд. частка прыгарада П. («знешні горад» — крывыя вузкія вуліцы з глінабітнымі ці драўлянымі пабудовамі). Непаўторнасць гораду надаюць пейзажныя паркі — Бэйхай, які размешчаны на беразе аднайм. возера («Паўночнае мора») і на в-ве Цюнхуадао. На востраве знаходзяцца: ламаісцкая пагада Байта («Белая пагада») і храм Байтасы («Храм Белай пагады», цяпер Юн’аньсы, «Храм вечнага спакою», абодва 1651), храм Шан’іньдзянь («Храм крыніцы дабрыні», канец 17 — пач. 18 ст.) на кубічным пастаменце з багата дэкарыраванымі сценамі, паўкруглы будынак Юэгулоў («Сховішча ўзораў старажытнай пісьменнасці», 495 каменных пліт з каліграфічнымі надпісамі). За возерам у паўн. частцы парку павільёны Улунцін («Павільёны пяці драконаў», 1522—66), Ваньфалоў («Церам дзесяці тысяч Буд», 18 ст.), сцены Цзюлунбі («Сцяна дзевяці драконаў», 17 ст., выкладзена каляровымі паліванымі пліткамі з выявамі драконаў) і Тэінбі («Жалезная сцяна», аздобленая мудрагелістымі ўзорамі). Каля паўн. варот парку — Туаньчэн («Круглы гарадок»), абнесены сцяной. У ім альтанка Юйвэнцін і храм Чэнгуандзянь (1746). Вылучаюцца паркі Цзіншань («Гара прыгожага віду»), ці Мэйшань («Вугальная гара»), Іхэюань («Парк ціхамірнага адпачынку») з галерэяй Чанлан. Сярод інш.арх. помнікаў П.: храмы Утасы (1473) з 5 мармуровымі 11- і 13-яруснымі пагадамі на п’едэстале, «уляндзянь» («бязбэлечны храм», 1534), Таймяо («Храм памінання продкаў», 1420, перабудаваны ў 1544, цяпер частка Палаца культуры працоўных); у парку імя Сунь Ятсена — Шэцзітань («Алтар божастваў зямлі і злакаў», 15 ст.); ламаісцкі манастыр Юнхэгун (18 ст.). На ўскраіне П. — комплекс пахавальных збудаванняў імператараў Шысаньлін («13 грабніц», 15—17 ст.), храм Біюньсы (14 ст., перабудаваны ў 18 ст.) і інш. З 2-й пал. 20 ст. П. рэканструюецца паводле генплана (1954—58). Створаны адм.-паліт. цэнтр горада з гал. плошчай Цяньаньмынь, на З і У якой узведзены будынкі Усекіт. сходу нар. прадстаўнікоў, музеяў кіт. рэвалюцыі і гісторыі Кітая (абодва 1959).
Літ.:
Капица Л.Л. Древний город Пекин. М., 1962.
В.У.Адзярыха (гісторыя).
Пекін. Плошча Цяньаньмынь.Пекін. Від на «забаронены горад».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЗІ́ЧНАЯ КАРЦІ́НА СВЕ́ТУ,
мадэль прыроды (Сусвету), пабудаваная з улікам агульных паняццяў, гіпотэз, прынцыпаў, законаў і тэорый фізікі на пэўным этапе яе развіцця. У Ф.к.с. канкрэтызуецца змест філас. катэгорый (матэрыя, рух, прастора і час, рэчыва, поле фізічнае), вызначаюцца структурныя элементы матэрыі (элементарныя часціцы, атамы, малекулы), высвятляецца характар узаемасувязей паміж асобнымі з’явамі і механізм узаемадзеяння матэрыяльных аб’ектаў. Вядомы карціны свету: механічная (МКС), электрадынамічная (ЭДКС) і квантавапалявая (КПКС). Кожная з іх грунтуецца на адной ці некалькіх фундаментальных фіз. тэорыях.
У МКС матэрыя (рэчыва) мае дыскрэтную будову (атам — найдрабнейшая непадзельная частка рэчыва); прастора і час абсалютныя, не звязаныя з матэрыяй і паміж сабой; асн. від руху — механічны; узаемадзеянне — гравітацыйнае; асн. тэорыя — класічная механіка. У ЭДКС з’яўляюцца новыя паняцці і ўяўленні: рэчыва дыскрэтнае, поле неперарыўнае, прастора і час адносныя і звязаныя паміж сабой (гл.Адноснасці тэорыя); новыя віды руху: цеплавы, эл.-магн. (распаўсюджанне эл.-магн. хваль); новае ўзаемадзеянне — электрамагнітнае; асн. тэорыі: электрадынаміка, электронная тэорыя, статыстычная фізіка. У КПКС рэчыва і поле —2 віды матэрыі (гл.Дапаўняльнасці прынцып, Карпускулярна-хвалевы дуалізм); новыя віды ўзаемадзеянняў — слабае (электраслабае) і моцнае, абодва маюць абменны характар (гл.Узаемадзеянні элементарных часціц), асн. тэорыі: квантавая механіка, квантавая тэорыя поля, квантавая хромадынаміка, квантавая электрадынаміка. Усе Ф.к.с. звязаны паміж сабой адпаведнасці прынцыпам: МКС і ЭДКС уваходзяць у КПКС як прыватныя гранічныя выпадкі, што апісваюць вызначанае кола з’яў.
Ф.к.с. абагульняе звесткі пра ўвесь Сусвет і падзяляе дасягальную для навук. даследаванняў прастору разам з матэрыяльнымі аб’ектамі на мега-, макра- і мікрасвет. Мегасвет уключае Метагалактыку і галактыкі; макрасвет — зоркі, планеты і іх сістэмы, Зямлю і ўсе целы на ёй; мікрасвет — малекулы, атамы і элементарныя часціцы (гл.Макрасвет і мікрасвет). У склад мега- і макрасвету ўключаюцца таксама эл.-магн. і гравітацыйнае палі. Згодна з дасягненнямі астраноміі і касмалогіі, якія грунтуюцца на астр. назіраннях, даных эксперым. фізікі і фіз. тэорыях, Сусвет узнік каля 13 млрд. гадоў назад у выніку Вялікага выбуху (гл.Сінгулярнасць касмалагічная). У пачатковым плазменным шары (пры т-ры 109—1011К і шчыльнасці масы-энергіі 1094г/см³) узніклі фатоны, электроны, нейтрына і іх антычасціцы, а таксама пратоны і нейтроны, крыху пазней — ядры дэйтэрыю і гелію, літыю і берылію. Гэтая сфера імкліва расшыралася, а выпрамяненне хутка астывала. Праз некалькі гадзін утварэнне гелію і інш. элементаў спынілася, пасля чаго прыкладна 1 млн. гадоў адбывалася простае расшырэнне Сусвету і яго ахаладжэнне. Калі т-ра панізілася да некалькіх тысяч кельвінаў, электроны і ядры пачалі злучацца ў атамы (пераважна электроны і пратоны ў атамы вадароду). Сусвет у гэту эпоху складаўся на 75% з вадароду, на 25% з гелію і невял. колькасціінш. элементаў. Прыкладна праз 1 млрд. гадоў у выніку гравітацыйнага прыцягнення воблакі газу, які расшыраўся, пачалі сціскацца, праз 2—3 млрд. гадоў і пасля Вялікага выбуху ўзніклі квазары і пачалося фарміраванне галактык. У маладых галактыках адбываўся працэс зоркаўтварэння: адносна невял. халодныя воблакі вадароду сціскаліся і спараджалі першыя зоркі. Утвараліся зорныя скопішчы і зорныя асацыяцыі, а таксама матэрыяльнае міжзорнае асяроддзе, якое запаўняла прастору. Праз мільярды гадоў некаторыя з зорак пачалі ўзрывацца, выкідваючы ўтвораны ў іх вуглярод, кісларод і ўсе хім. элементы. Разам з іншымі ўзнікла і наша Галактыка, якая форму дыска набыла праз 5 млрд. гадоў пасля выбуху і бачыцца як Млечны Шлях (уключае больш за 100 млрд. зорак). Узніклі таксама групы і скопішчы галактык (маюць па некалькі тысяч галактык) і ў цэлым Метагалактыка (некалькі мільярдаў галактык) з запоўненым асобнымі відамі матэрыі міжгалактычным асяроддзем. Усярэдненая шчыльнасць рэчыва ў галактыках склала ρгал = 3∙10−31г/см³. Праз 8 млрд. гадоў пасля Вялікага выбуху (каля 4,6 млрд. гадоў таму) узнікла Сонца, а пазней пад уздзеяннем воблака распаленай плазмы, што ўзнікла пры выбуху звышновай зоркі, утварылася Сонечная сістэма. Цэнтральнае яе цела — звычайная зорка-карлік, вакол якой абарачаецца 9 вял. планет. Найбліжэйшая да Сонца зорка — Альфа Цэнтаўра (адлегласць 4,38 св. гадоў), галактыка — Андрамеды туманнасць (700 кпк). На адлегласці 149,6 млн.км вакол Сонца са скорасцю 29,8 км/с рухаецца Зямля (абарачаецца вакол восі за 23 гадз 56 мін 4 с). З Зямлі простым вокам можна бачыць каля 3 тыс. зорак. На адлегласці каля 384,4 тыс.км вакол Зямлі абарачаецца яе спадарожнік Месяц. Усе матэрыяльныя аб’екты Сусвету, у т. л. аб’екты жывой прыроды на Зямлі, створаны з адных і тых жа хім. элементаў, якія ўзніклі на розных этапах эвалюцыі зорак і маюць узрост 5—10 млрд. гадоў, што з’яўляецца пацвярджэннем матэрыяльнага адзінства Сусвету.
Літ.:
Степин В.С. Становление научной теории. Мн., 1976;
Воронцов-Вельяминов Б.А. Очерки о Вселенной. 8 изд. М., 1980;
Агекян Т.А. Звезды, галактики, Метагалактика. 3 изд. М., 1981;
Еремеева А.И. Астрономическая картина мира и ее творцы. М., 1984;
Лейзер Д. Создавая картину Вселенной: Пер. с англ.М., 1988;
Большая детская энциклопедия: Вселенная. М., 1999;
Паркер Б. Мечта Эйнштейна: В поисках единой теории строения Вселенной: Пер. с англ. СПб., 2001;
Хокинг С. Краткая история времени: От большого взрыва до черных дыр: Пер. с англ. СПб., 2001.
А.І.Болсун, У.М.Сацута.
Фізічная карціна свету: спрошчаная прасторава-часавая дыяграма ўтварэння Сусвету паводле найбольш абгрунтаваных тэорый.Фізічная карціна свету: форма нашай Галактыкі і месца ў ёй Сонечнай сістэмы (1 — Сонца і Сонечная сістэма; 2 — цэнтральнае патаўшчэнне; 3 — шаравыя скопішчы ў гало; 4 — пласт пылу таўшчынёй у 400 св. гадоў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
сы́паць, ‑плю, ‑плеш, ‑пле; заг. сып; незак.
1.што. Прымушаць падаць куды‑н., паступова выпускаючы (што‑н. сыпкае ці дробнае). Сыпаць соль у кашу. Сыпаць збожжа ў мяшок. □ [Данік] сыпаў ім крошкі хлеба, і, здавалася, рыбкі ядуць.Брыль.— Сып на зямлю, я ўсё падбяру! — крычаў Мірон.Маўр.Яніна падстаўляе насоўку, і Леснічыха штосьці сыпле ёй у насоўку з паперкі.Козел.// Асыпаць. Прамоклыя наскрозь дрэвы сыпалі на бліскучы асфальт, на рабыя лужыны вялае парыжэлае лісце.Адамчык.Бічы кладуцца так рытмічна, Само гудзенне іх музычна; Снапы не ўлежаць, скачуць самі І сыплюць жыта пад бічамі.Колас.
2.што. Рабіць, узводзіць з якога‑н. сыпкага матэрыялу. Насып сыпалі высокі Па-над Днепрам сінім, Каб відаць было далёка Па ўсёй Украіне.Купала.[Загадчык клуба:] — Гэта шафёры з суседняга раёна... Дарогу тут сыпалі.Нядзведскі.// Засыпаць для захоўвання што‑н. сыпкае. Да ям з вёскі не было дарогі, да іх пад’язджалі кожны раз полем, калі вазілі ўвосень сыпаць бульбу і ездзілі даставаць вясной.Пташнікаў.
3.што, чым і без дап. Кідаць, раскідваць (што‑н. сыпкае, дробнае). Сухое вецце хвоі патрэсквала ў полымі і сыпала ўгору снапы іскраў.Лынькоў.Пілы, туга нацягнутыя ў раме, скачуць і скачуць з прысвістам, грызуць сасну і сыплюць фантанчыкам белае пілавінне.Дуброўскі.Вецер насіў па вуліцах абрыўкі газет і папер, сыпаў пяском у вочы.Навуменка./уперан.ужыв.Зрэнкі .. [Ігналя] пачалі іскры сыпаць, як у дзікага затраўленага звера.Бядуля./ Пра частыя, дробныя гукі. Чыстым срэбрам сыплюць у празрыстых гаях пеначкі.Ігнаценка./ Пра святло сонца, месяца. Вясновае сонца сыпала на зямлю золата промняў.Сабаленка.Поўнае начное свяціла стаяла над садам і шчодра сыпала сіняе срэбра ўніз.Хомчанка.
5.перан.; што, чым. Пасылаць, накіроўваць на каго‑н. у вялікай колькасці; шчодра надзяляць чым‑н.; асыпаць. Сыпаць удары. □ — Здалося нам, Што вораг сыпаў Вакол фугасам і свінцом.І. Калеснік.
6.перан.; што, чым і без дап.Разм. Гаварыць, вымаўляць што‑н. хутка, бесперапынна, адно за адным. Сыпаць лічбамі. □ [Лёнька] знарок сыпаў такімі тэхнічнымі тэрмінамі, што наўрад ці зразумеў хто яго тлумачэнні.Пянкрат.Жонка .. сыпала на .. [Тамаша] ўвесь запас лаянак, які толькі ведала.Бядуля.[Пан] увесь час сыпаў тупыя жарты і танныя досціпы.Машара.— Вечар добры, вечар зорны, дарагія мае землякі! — сыпаў .. [Язэп] ледзьве не ў рыфму.Кавалёў.
7.перан.; што. Разм. Рабіць што‑н., звязанае з частымі ўдарамі, хуткім бесперапынным рухам. Жар факстрот! Сып чарльстон На раялі ў трыццаць тон!Крапіва.
8.перан.Разм. Імкліва бегчы, ісці, ехаць. Зіма. Грудам сыплюць па вуліцы хлопчыкі.Гарэцкі.[Конюх:] — Плугі і пастронкі на возе. Там жа і пута. Запрагай і сып. Шчаслівай дарогі!Якімовіч.
9.каго-што і без дап.Разм. Выдаваць каго‑н., расказваць пра што‑н. сакрэтнае. [Гэля:] — Павел!.. Я іначай не магла... Арыштавалі Гадлеўскага з мясакамбіната. Ён сыпле ўсіх, з кім быў звязан...Навуменка.[Аляксей:] — Чуваць, што Казючок сыпле ў дэфензіве.Пестрак.
10.каго-што. Разм. Даваць прыплод у вялікай колькасці, несці яйкі і пад. [Мар’я:] — На развод — куры трэба... Вунь у мяне рабая ёсць, самая нясучая. І зімой яйкі будзе сыпаць...Паўлаў.
•••
Сыпаць бісер перад свіннямі — дарэмна гаварыць аб чым‑н. ці даказваць што‑н. таму, хто не здольны або не хоча зразумець гэта.
Сыпаць макам — а) пісаць дробнымі літарамі; б) дробна скакаць, танцаваць; в) гаварыць вельмі хутка.
Сыпаць соль на раны — рабіць каму‑н. балюча, хваляваць, засмучаць каго‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
малы́, ‑ая, ‑ое.
1. Нязначны па велічыні, памерах; невялікі. Наша школа здалася нам, помню, малой І малым здаўся сад, і малым — школьны двор...Куляшоў.Гальштук быў новы, бліскучы і слізкі, і вузел атрымліваўся то вялікі, то малы, то крывы.Шыцік.// Невялікі ростам, нізкі. І дуб-крапак і куст малы Стаяць у мудрым задуменні.Колас.// Не доўгі, кароткі. У момант праскочыць .. [хутаранец] з мястэчка на хутар. Аж шкода, што гэтакая малая дарога.Чорны.
2. Нязначны па колькасці. Малы атрад.// Нядоўгі (пра час). Праз малы час .. [Бумажкоў] назначаецца дырэктарам.. завода.Чорны.
3. Меншы, чым патрэбна. Малыя туфлі.
4. Які праяўляецца ў нязначнай ступені, слабы. Пагашаюць яны [вятры] аганёчак малы, А вялікі — крапчэй раздуваюць.Багдановіч.// Які не мае істотнага значэння; малаважны. І дзіўна стала: з гэтай малой справы, з гэтых гаворак пачалося штосьці большае.Чорны.
5. Які займае нязначнае службовае або грамадскае становішча. Нічым [мае знаёмыя] не слаўны і не значны, Усё людзі простыя, малыя.Колас.
6. Малалетні. Марта з двума малымі дзецьмі жыла на выгане ў старой хатцы.Бядуля./узнач.наз.малы́, ‑ога, м.; мало́е, ‑ога, м.; мала́я, ‑ой, ж.Кастусь выязджаў ужо з двара, калі выбег з агарода Юзік і з плачам кінуўся наўздагон. Хлопец прыпыніў .. [каня] і ўзяў малога на воз.С. Александровіч.
7. У складзе некаторых назваў і ўласных імён. Малы тэатр. Малая канферэнц-зала.
•••
Малая калорыягл. калорыя.
Малая Мядзведзіцагл. мядзведзіца.
Малая скорасць (спец.) гл. скорасць.
Малы ходгл. ход.
Малыя формыгл. форма.
Ад малога да вялікага — усе да аднаго, абсалютна ўсе.
Без малога — амаль (не), чуць (не).
Бяда малаягл. бяда.
З малых гадоў (год)гл. год.
І стары і малыгл. стары.
Самае малое — найменш.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
наста́віць, ‑стаўлю, ‑ставіш, ‑ставіць; зак.
1.чаго. Паставіць у значнай колькасці. Дома маці наставіла на стол, што толькі мела.Якімовіч.Стагоў сёлета калгас .. наставіў шмат: была добрая трава.Пташнікаў.// Пабудаваць значную колькасць чаго‑н. Замест жа хібарак, панылых цямніц, Наставім прыгожых святліц.Колас.
2.што. Накіраваць на каго‑, што‑н., у бок каго‑, чаго‑н.; нацэліць. Салдат наставіў на.. [маладога чалавека] аўтамат.Чорны.Начальнік паліцыі падышоў і наставіў пісталет упрытык да грудзей.Новікаў.
3.што. Выставіць наперад; выцягнуць. Зося наставіла рукі і адступалася назад.Крапіва.
4.што. Накіраваць на каго‑, што‑н. (позірк, вочы і пад.). Шляхціц наставіў на пана спалоханыя вочы.Бядуля.
5.што. Падняць, зрабіць стаячым (каўнер). Люба схавала сшытак, наставіла каўнер у кажушку і развіталася.Мурашка.[Аўсееў] наставіў каўнер і нерашуча ступіў у змрок ночы.Быкаў.// Падняць, натапырыць насцярожана (вушы, шэрсць і пад.). Конь ірвануў сані ў бок ад Панаса, наставіў палахліва вушы і пабег шпарчэй.Галавач.Хіб наставіў звер калматы.Вітка.
6.што. Разм. Паставіць грэцца (пра самавар). [Марына Паўлаўна:] — Я наставіла самавар — зараз будзе гатоў.Зарэцкі.
7.чаго. Разм. Пабоямі нарабіць (сінякоў, гузакоў). Наставіць сінякоў. □ За выпасы нямала вялося гарачых спрэчак паміж ніўскімі і нізоўскімі начлежнікамі, нямала наставілі адзін аднаму гузакоў.М. Ткачоў.
8.што. Павесіць, надзеўшы на што‑н.; навесіць. Шэмет моўчкі падышоў да варот і пачаў спрабаваць наставіць вароты на крук.Лобан.
•••
Акуляры наставіцькаму — падмануць каго‑н., паказаўшы што‑н. у значна лепшым выглядзе, чым ёсць на самай справе.
Наставіць (натапырыць) вушы — пачаць прыслухоўвацца.
Наставіць (навесці) на дарогу — навучыць чаму‑н., дапамагчы ўладкавацца ў жыцці.
Наставіць (навесці) на розум — даць разумную параду, навучыць чаму‑н. добраму.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шмат1, прысл.
1. У вялікай колькасці, у значнай ступені; не мала, многа. Дом вялікі. На двары Шмат гуляе дзетвары, — Весела заўсёды.А. Александровіч.Ён [дзядзька] шмат пражыў І шмат спазнаў, Да дна Прамераўшы жыцця крутыя тоні.Калачынскі.Цяпер, вясною, працоўны дзень доўгі, але ж і зрабіць на працягу яго трэба шмат.«Звязда».//узнач.ліч. Няпэўна вялікая колькасць каго‑, чаго‑н. Шмат сцяжынак і глухіх дарог разыходзіцца адсюль у лес у розных кірунках.Колас.Будзем разам, сябры, Будаваць у бары, Будзем разам, сябры, — Нас так шмат, гэтак шмат.Бядуля.Ніхто спрачацца з тым не будзе, што ўсюды шмат мясцін прыгожых.Дубоўка.Што нашы сцежкі развяло, — Цяпер гадаць не шмат карысці.Гілевіч./узнач.вык.А працы сёння шмат. Тры гады таму назад на гэтай [рагачоўскай] зямлі адшумела вайна.Брыль.Выпадкаў, калі гадзюка кусала чалавека, шмат.Бяспалы.
2. У спалучэнні з прыметнікамі і прыслоўямі вышэйшай ступені азначае: значна, намнога. Сходы барадатых прадстаўнікоў [вёскі] пачынаюцца шмат пазней.Крапіва.Сталіца! Ты шмат маладзейшаю стала, цябе не кране сівізна!А. Вольскі.
3.(частазчасціцай «ці»). У пытальных сказах азначае: колькі? Ці шмат людзей сабралася? Ці шмат год прайшло? Ці шмат войска ў ворага?
4. У спалучэннях з адноснымі займеннікамі абазначае: многія, многае. Цяпер свае прыпеўкі Я кіну да пары. Бо шмат каму, напэўна, Яны не па нутры.Купала.[Міхал] надумаўся прайсці сюды [на хутар] паглядзець, ён тут шмат з чым зжыўся.Чорны.Шмат якія пароды дзікіх жывёл звяліся.В. Вольскі.
шмат2, ‑а, М шмаце, м.
Разм. Абрывак, адарваны кавалак чаго‑н. Помню я плямы крыві на снягу, На шматы скрамсанае цела, Мяса крывавае ў чорным кругу — На баль вараннё прыляцела.Крапіва.Пад нізкай столлю шпалеры віселі закуранымі шматамі.Бядуля.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
АЗЁРЫ І ВАДАСХОВІШЧЫ
Азёры. На тэр. Беларусі больш за 10 000 азёр. Агульная іх плошча каля 2000 км², агульны аб’ём вады ў іх каля 6 км³. Азёр плошчай 0,1 км² і больш налічваецца 1072, плошчай больш за 10 км² — 20. Самае вял. па плошчы воз. Нарач (79,6 км²), самае глыбокае — Доўгае возера (глыб. 53,7 м). Да найбольшых належаць азёры Асвейскае (52,8 км²), Чырвонае (43,8 км²). Лукомскае (36,7 км²), Дрывяты (36,1 км²) і інш. Найбольш азёр на Пн краіны — у Беларускім Паазер’і і на Пд — у Беларускім Палессі. У асобных раёнах (Браслаўскі, Ушацкі) пад азёрамі да 10% тэрыторыі; у бас.р.Зах. Дзвіна і Нёман больш за 3,8 тыс. азёр. На Пд Беларусі шмат дробных азёр, у бас. рэк Дняпро і Прыпяць (разам са старыцамі) іх прыкладна 6500. Звесткі пра плошчы і глыбіні найбольшых азёр гл. ў табліцах 1 і 2.
Многія азёры ўтвараюць групы або ланцужкі, звязаныя невял. рэкамі і пратокамі, у іх ліку Ушацкая група, якая ўключае каля 40 азёр і аб’ядноўваецца р. Дзіва (бас.р.Зах. Дзвіна), і сістэма Браслаўскіх азёр (больш за 50), якую звязвае р. Друйка.
Катлавіны азёр найчасцей ледавіковага (пераважна на Пн), рачнога, карставага паходжання. Азёры паўн.ч. краіны звычайна размешчаны ў межах марэнных узвышшаў і раўнін на выш. да 160—180 м над узроўнем мора. У большасці яны маюць добра выражаныя берагі, стромкія, высокія схілы. Тыпы ледавіковых катлавін: падпрудныя, што ўтварыліся ад расталых ледавіковых вод у паніжэннях паміж марэннымі градамі, іх форма круглаватая або лопасцевая, схілы асіметрычныя (Нарач, Асвейскае, Мядзел, Дрывяты, Лукомскае і інш.); лагчынныя, што ўтварыліся ад ледавіковага выворвання вузкіх глыбокіх лагчын (глыб. да 80—100 м) і эварзійнай дзейнасці талых вод (Доўгае, Саро, Сянно, Балдук і інш.); эварзійныя, што ўзніклі ад разбуральнай дзейнасці вады, якая вадаспадам сцякала з ледавіка і выбівала невялікія, але глыбокія (25—30 м) чашы са стромкімі схіламі і акруглым малюнкам берагавой лініі (Рудакова, Вісяты, Варанец, Жэнна, Светлае і інш.); тэрмакарставыя, што ўзніклі на месцы раставання лінзаў лёду ў марэнных адкладах у час адступання ледавіка, малыя і неглыбокія, часам акруглыя прасадачнага паходжання (Лісіцкае, Усомля, Канашы). Найб. разнастайныя абрысы берагавой лініі ў складаных катлавінах азёр, утвораных у выніку ўзаемадзеяння некалькіх фактараў; у іх плане спалучэнне буйных мысаў і ўпадзін, высокіх паўастравоў і розных па форме заліваў (Крывое, Атолава, Лепельскае). Па ўсёй краіне, асабліва ў бас. рэк Дняпро і Прыпяць, шмат рачных азёр-старыц. Іх карставыя (Вулькаўскае, Свіцязь, Сомінскае, Лукаўскае і інш.) і суфазійныя катлавіны звязаны з вышчалочваннем вапнякоў, мелу, вымываннем гліністых часцінак і прасадкай грунту. Самыя буйныя азёры Беларускага Палесся мелкаводныя. Гэта азёры-разлівы, якія ляжаць у плоскіх забалочаных паніжэннях і акружаныя тарфянымі балотамі (Чырвонае, Арэхаўскае, Олтушскае, Выганашчанскае і інш.). У водным жыўленні азёр Беларусі пераважаюць паверхневы сцёк і атмасферныя ападкі, роля падземных вод малазначная. Узровень вады ў азёрах на працягу года амаль пастаянны, звычайна вагаецца ад 1 да 1,5 м; вясной узровень вады павышаецца, зімой і летам паніжаецца.
Тэмпературны рэжым азёр абумоўлены ўплывам клімату зоны ўмеранага пояса (мяшаных лясоў зона). Вялікую ролю ў жыццядзейнасці жывёльных і раслінных арганізмаў адыгрывае вертыкальны рух вады — перамешванне. Летам мелкаводныя азёры пад уплывам ветру перамешваюцца да дна, т-ра вады 18—20 °C (гоматэрмія). У глыбокіх азёрах узнікае прамая тэмпературная стратыфікацыя: верхні слой вады (эпілімніён) добра награваецца і перамешваецца, у сярэднім (металімніёне — слой тэмпературнага скачка) т-ра паніжаецца на 3—5 °C на 1 м, у ніжнім слоі (гіпалімніёне) на працягу лета вада амаль нерухомая, т-ра каля 5—7 °C, нават пры значнай празрыстасці вады (5—8 м) тут пастаянна цёмна. Увосень у выніку выхалоджвання і вертыкальнага канвекцыйнага перамешвання ўзнікае асенняя гоматэрмія. Зімой азёры 4—5 месяцаў укрыты лёдам таўшчынёй 50—70 см, каля дна т-ра 3,5—4 °C, утвараецца адваротная стратыфікацыя. Вясной вада інтэнсіўна праграваецца і перамешваецца ў ходзе веснавой цыркуляцыі і гоматэрміі.
Газавы рэжым азёр вызначаецца колькасцю ў вадзе кіслароду, вуглякіслага газу, азоту і інш. Кіслародны рэжым звязаны з гадавым цыклам, залежыць ад т-ры і перамешвання вады. Летам кіслародам багаты верхні слой вады (кіслародная насычанасць больш за 100%), ніжні слой збеднены. Іншы раз у канцы лета кісларод каля дна знікае зусім, разам з павелічэннем колькасці вуглякіслага газу нярэдка паяўляецца серавадарод, і ўзнікае мёртвы слой вады. Зімой у некаторых азёрах кіслароду не хапае ва ўсёй воднай масе. У мелкаводных азёрах да канца зімы кісларод часам расходуецца цалкам, жывёлы задыхаюцца, настаюць заморы рыбы. Найбольш у вадзе азёр азоту (64%), які паступае з паветра. Ён захоўваецца амаль поўнасцю ў свабодным стане і толькі часткова спажываецца некаторымі бактэрыямі і мікраскапічнымі водарасцямі.
Гідрахімічныя асаблівасці азёр. Паводле хімічнага саставу азёры Беларусі належаць да прэсных, гідракарбанатна-кальцыевага тыпу. Агульная іх мінералізацыя 200—300 мг/л. Асноўныя складаючыя мінералізацыі — гідракарбанатны іон (HCO3−), іон Ca2+, Mg2+, SO42−, Cl−. Яны паступаюць у азёры з марэнных адкладаў, багатых вапнякамі і даламітамі. Хларыды (Cl−) і сульфаты (SO42−) трапляюцца ў невялікай колькасці і павялічваюцца ў выніку гаспадарчай дзейнасці (унясенне на палі мінеральных угнаенняў, скід неачышчаных сцёкавых вод). Асноўных біягенных рэчываў (злучэнняў азоту, фосфару) у чыстай вадзе вельмі мала. Жалеза ў прыдонных слаях вады да 2—3 мг/л. Асноўны гідрахімічны паказчык — актыўная рэакцыя вады (pH) — у азёрах мяняецца ад слабакіслай (6—6,5) ва ўмовах балотнага жыўлення зімой да шчолачнай (8—8,5); у большасці выпадкаў pH роўная 7,5—8. Знешнімі прыкметамі стану возера, колькасці ў ім арганічных рэчываў і каламуці з’яўляюцца празрыстасць вады і колернасць. Найбольш празрыстыя глыбокія азёры: празрыстасць больш за 4—5 м (у Нарачы да 10 м); колернасць звычайна ніжэй 10—15°; найменш празрыстыя (<1 м) мелкаводныя і забруджаныя азёры з колернасцю вады 50—70°.
Раслінныя і жывёльныя арганізмы азёр. Азёрная расліннасць — мікрафіты і макрафіты. Да мікрафітаў належыць фітапланктон (больш за 500 відаў), прадстаўлены дыятомавымі водарасцямі (у глыбокіх халодных азёрах) і сіне-зялёнымі водарасцямі (у мелкаводных вадаёмах). Макрафіты ўтвараюць палосы расліннасці, найчасцей уздоўж берага. Жывёльны свет азёр прадстаўлены зоапланктонам і іхтыяфаунай. Прадстаўнікі зоапланктону займаюць сярод жывёльных арганізмаў самую нізкую ступень. Найбольш пашыраны галінаставусыя, весланогія рачкі (характэрныя для халодных азёр). Сярод насельнікаў дна (бентас) — малюскі, алігахеты, хіранаміды, ракападобныя. У азёрах Беларусі больш за 20 відаў прамысловых рыб, найбольш каштоўныя з іх лешч, сазан, шчупак, судак. Прамысловае значэнне маюць таксама віды, што ўзнаўляюцца або папаўняюцца штучна (напр., еўрапейскі вугор). У неглыбокіх азёрах акліматызаваны амурскі сазан і чудскі сіг, белы амур, таўсталобік. Паводле саставу іхтыяфауны азёры падзяляюць на рапушкава-сіговыя (найбольш глыбокія, празрыстыя і халодныя азёры), ляшчова-судаковыя і ляшчова-шчупаковыя (неглыбокія, высакакормныя азёры), сазанавыя (неглыбокія і мелкаводныя, высакакормныя), карасёва-лінёвыя (мелкаводныя, зарослыя, з недахопам кіслароду).
Азёрныя адклады. Тэрыгенныя адклады ўтвараюцца ў працэсе разбурэння берагоў. У выніку ў прыбярэжнай зоне намнажаюцца пяскі, гліны, валуны, галька. Хемагенныя — гэта прыбярэжныя адклады вапнякоў (азёрнага мергелю). Пашыраны і разнастайныя арганамінер. адклады (ілы, сапрапелі), якія ўзніклі ў выніку назапашвання адмерлых арганізмаў (пераважна раслінных) і дробных ілістых мінеральных часцінак. У іх састаў уваходзяць таксама злучэнні крэмнію, алюмінію, жалеза, кальцыю, магнію, серы, натрыю, шматлікія мікраэлементы (марганец, тытан, ёд). Адклады, у якіх арганічнага рэчыва больш за 50%, адносяць да арганічных тонка- або грубадэтрытавых сапрапеляў (у мелкаводных зарослых азёрах); у якіх 30—50% арганічнага рэчыва — да крэменязёмістых, карбанатных (вапняковістых), мяшаных сапрапеляў. Гліністыя або апясчаненыя ілы бедныя арганічным рэчывам. Для азёр Беларусі характэрны крэменязёмістыя адклады. На ПнЗ пашыраны азёры з карбанатнымі адкладамі на глыб. 1—7 м. Магутнасць сапрапеляў у азёрах каля 4 м, найб. — да 15—20 м; агульныя запасы — 1387 млн.м³. Самы ніжні пласт адкладаў у азёрах мае ўзрост каля 12—12,5 тыс. гадоў і прадстаўлены грубымі тэрыгеннымі адкладамі. Найбольш старажытныя разрэзы выяўлены ў азёрах Нарач, Глубелька, Вераб’і і інш. Узрост большасці азёр Паўн. Беларусі і Палесся складае 10—12 тыс. гадоў.
Паводле агульназанальных і азанальных фактараў (морфаметрычныя асаблівасці і ўзровень трофнасці), вылучаюць 4 асн. генетычныя тыпы азёр. Мезатрофныя з адзнакамі алігатрафіі, гэта глыбокія, невялікія азёры, яны празрыстыя, з выразнай стратыфікацыяй т-ры вады, магутным гіпалімніёнам; багатыя кіслародам, маюць нейтральную рэакцыю (pH) і сярэднія паказчыкі мінералізацыі. Адклады, мінеральныя і арганамінеральныя, маламагутныя. Іхтыяфауна сігова-снятковая. Да азёр такога тыпу належаць Балдук, Гінькава, Доўгае, Рудакова, Волас, Крывое і інш. За унікальныя прыродныя якасці некаторыя з такіх азёр ахоўваюць як заказнікі. Мезатрофныя, сярэднеглыбокія — гэта азёры са значнай плошчай, яны празрыстыя, багатыя кіслародам. Іх значная плошча спрыяе інтэнсіўнаму ветравому перамешванню вады, слаба развіты гіпалімніён. Рэакцыя вады і мінералізацыя раўнамерныя на працягу года. Адклады арганамінер. і мінеральныя. Іхтыяфауна рапушка-сіговая. Азёры такога тыпу — Нарач, Мядзел, Снуды, Рычы і інш. На Беларусі мезатрофныя азёры набываюць усё большае значэнне як месцы турызму і адпачынку. Эўтрофныя неглыбокія (слабаэўтрофныя) і мелкаводныя (моцнаэўтрофныя), з рознай плошчай — гэта азёры з багатым арганічным жыццём, са значнымі ваганнямі гідрахімічных паказчыкаў на працягу года. Іх водная маса летам інтэнсіўна перамешваецца пад уздзеяннем ветру, высокая насычанасць вады кіслародам, гіпалімніён амаль не выражаны. Зімой кіслароду дастаткова для рыбы. Пры малых глыбінях — кіслародны дэфіцыт, арганамінер. і арганічныя адклады магутныя. Іхтыяфауна ляшчова-судакова-шчупаковая. Да азёр такога тыпу належаць Дрывяты, Лукомскае, Мястра, Выганашчанскае, Арэхаўскае і інш. У дыстрафіруючых мелкаводных азёрах з рознай плошчай інтэнсіўнае ветравое перамешванне вады выклікае гоматэрмію, адсутнасць гіпалімніёну. Пры багатым грунтавым жыўленні яны моцна зарастаюць. Іх мінералізацыя і газавы рэжым вагаюцца. Амаль кожную зіму з-за недахопу кіслароду ўзнікаюць заморы рыбы. Арганічныя адклады магутныя. З прычыны недастатковага грунтавога жыўлення ў азёрах слаба развітыя макрафіты, пастаянна нізкая мінералізацыя і кіслая pH. Іхтыяфауна. карасёва-лінёвая, збедненая. Тыповыя азёры Жэрынскае, Ельня, Дабееўскае, Судабле, Чырвонае, Межужол.
На большасць азёр Беларусі ўплывае працэс антрапагеннага эўтрафіравання як вынік пашырэння прамысловай вытв-сці, інтэнсіфікацыі сельскай гаспадаркі і інш. тэхнагенных пераўтварэнняў. У краіне ствараюцца асабліва ахоўныя тэрыторыі, якія ўключаюць унікальныя азёры.
В.П.Якушка.
Табліца 1 Азёры Беларусі з максімальнымі глыбінямі больш за 30 м
№ п/п
Возера
Макс. глыбіня, м
Плошча, км
Адміністрацыйны раён
1
Доўгае
53,6
2,6
Глыбоцкі
2
Рычы
51,9
12,84
Браслаўскі
3
Гінькава
43,3
0,51
Глыбоцкі
4
Воласа Паўд.
40,4
1,21
Браслаўскі
5
Балдук
39,7
0,76
Мядзельскі
6
Трошча
38,2
0,51
Ушацкі
7
Саро
36,3
5,31
Бешанковіцкі
8
Вячэлле
35,9
1,36
Ушацкі
9
Лепельскае
33,7
10,18
Лепельскі
10
Какісіна
33,5
0,78
Лепельскі
11
Сомінскае
33
0,41
Івацэвіцкі
12
Воўчын
32,9
0,53
Мядзельскі
13
Пліса
32,9
4,24
Глыбоцкі
14
Бабына
32,3
0,49
Полацкі
15
Полазна
32
0,15
Ушацкі
16
Круглік
31,5
0,4
Шумілінскі
17
Крывое
31,5
4,5
Ушацкі
18
Сянно
31,5
3,13
Сенненскі
19
Чорнае
31,5
0,36
Пастаўскі
20
Дрысвяты
31
44,5
Браслаўскі
21
Доўгае
31
1,87
Браслаўскі
22
Світа
31
0,82
Пастаўскі
23
Лясковічы
30,7
0,72
Шумілінскі
24
Замошша
30,7
0,33
Ушацкі
Табліца 2 Азёры Беларусі з пл. больш за 10 км²
№ п/п
Возера
Плошча, км²
Макс. глыбіня, м
Адміністрацыйны раён
1
Нарач
79,62
24,8
Мядзельскі
2
Асвейскае
52,8 (з в-вам)
7,5
Верхнядзвінскі
3
Дрысвяты
44,5
31
Браслаўскі
4
Чырвонае
43,79
4
Жыткавіцкі
5
Лукомскае
36,7
11,5
Чашніцкі
6
Дрывяты
36,14
12
Браслаўскі
7
Нешчарда
27,4
8,1
Расонскі
8
Выганашчанскае
26
2,5
Івацэвіцкі
9
Свір
22,28
8,7
Мядзельскі
10
Снуды
22
16,5
Браслаўскі
11
Чорнае
17,3
2,5
Бярозаўскі
12
Мядзел
16,2
24,6
Мядзельскі
13
Лісна
15,71
6,1
Верхнядзвінскі
14
Езярышча
15,39
11,5
Гарадоцкі
15
Сялява
15
17,6
Крупскі
16
Богінскае
13,23
15
Браслаўскі
17
Мястра
13,1
11,3
Мядзельскі
18
Струста
13
23
Браслаўскі
19
Рычы
12,84
51,9
Браслаўскі
20
Спораўскае
11,5
2,2
Бярозаўскі
21
Лосвіда
11,42
20,2
Гарадоцкі
22
Лепельскае
10,18
33,7
Лепельскі
Лукомскае возера.Возера Нарач.Браслаўская група азёр. Возера Струста.
Вадасховішчы. На тэр. Беларусі больш за 150 значных і каля 1,5 тыс. невялікіх вадасховішчаў — сажалак. Іх утвараюць шляхам падпруджвання ракі, возера ці групы азёр. Большасць іх размешчана на Пд Беларусі ў бас. рэк Дняпро (каля 50), Прыпяць (больш за 50), дзе мала азёр і адчуваецца недахоп водных рэсурсаў. Найбольшыя з вадасховішчаў Вілейскае (пл. 64,6 км², аб’ём 238 млн.м³) на р. Вілія, Заслаўскае (пл. 25,6 км², аб’ём больш за 100 млн.м³) на р. Свіслач, Чырвонаслабодскае (пл. 23,6 км², аб’ём 69,5 млн.м³) на р. Морач, Салігорскае (пл. 23,1 км², аб’ём 55,9 млн.м³) на р. Случ, Любанскае (пл. 22 км², аб’ём 39,5 млн.м³) на р. Арэса, Чыгірынскае (пл. 21,1 км², аб’ём 60 млн.м³) на р. Друць, Пагост (пл. 16,2 км², аб’ём 54,5 млн.м³) на месцы ч. Пагосцкага возера, Лактышы (пл. 15,9 км², аб’ём 50,2 млн.м³) на р. Лань, Асіповіцкае (пл. 11,9 км², аб’ём 17,5 млн.м³) на р. Свіслач і інш. Паводле характару ўтварэння і запаўнення вадой штучных чашаў вадасховішчы падзяляюць на рачныя (напр., Вілейскае, Асіповіцкае, Заслаўскае, Чыгірынскае), азёрныя (напр., Любанскае, Лукаўскае, Пагост, Гомельскай і Лепельскай ГЭС), кар’ерныя (на месцах б. здабычы нярудных карысных выкапняў; Гайдукоўка, Мароські, Крычаўскі). Паводле велічыні большасць вадаёмаў належыць да катэгорыі малых (76%; аб’ём вады 1—10 млн.м³), невялікіх (10—100) і сярэдніх (больш за 100 млн.м³; Вілейскае, Заслаўскае). Паводле відаў затрымання рачнога сцёку вадасховішчы бываюць дзённага, тыднёвага, гадавога і шматгадовага рэгулявання; пераважаюць вадасховішчы з гадавым рэгуляваннем сцёку. Паводле тыпу напаўнення адрозніваюць сцёкавыя, прыточна-сцёкавыя, прыточна-наліўныя і наліўныя вадасховішчы; наліўныя і прыточна-наліўныя вадасховішчы будуюць пераважна на Палессі. Паводле велічыні падпору (падняцця ўзроўню вады ракі ці возера) вадасховішчы падзяляюць на ўмерана-напорныя, сярэдненапорныя, нізканапорныя і вельмі нізканапорныя. Максімальная велічыня падняцця вады назіраецца на Вілейскім вадасховішчы (12 м). Большасць вадасховішчаў мае напор 2—3 м, што дазваляе пазбегнуць значных затапленняў сумежных зямель і парушэнняў экасістэм азёр. Раўнінны характар тэр. Беларусі не дазваляе будаваць вадасховішчы са значным аб’ёмам і напорам вады. Перспектыўным для краіны з’яўляецца будаўніцтва вадасховішчаў рэчышчавага тыпу, у якіх падняцце ўзроўню вады не перавышае ўзровень ракі ў паўнаводдзе (Гродзенскае, Віцебскае вадасховішчы — у перспектыве). Ад вярхоўяў да плаціны са зменай глыбінь і гідралагічных умоў у вадасховішчах фарміруюцца гідралагічныя зоны: прыплацінная (азёрная), сярэдняя пераходная (азёрна-рачная) і верхняя (рачная), а таксама ўчастак выкліньвання падпору. Вадасховішчы вельмі адрозніваюцца паводле велічыні каэфіцыента водаабмену (інтэнсіўнасці поўнага ўмоўнага абмену вады): да 25 разоў за год (праточныя), 25—75 разоў за год (добра праточныя) і больш за 75 разоў — моцна праточныя ці транзітныя. Паводле велічыні мінералізацыі вадасховішчы Беларусі належаць да сярэдне- і высокамінералізаваных (да 500 мг/л). Гідралагічны рэжым вадасховішчаў залежыць ад іх гасп. прызначэння, рэжыму выкарыстання, суадносін паміж паступленнем і расходам вады на гасп. патрэбы, характару рэгулявання.
Сучасныя вадасховішчы Беларусі фарміраваліся ў некалькі этапаў. Пасля 2-й сусв. вайны стваралі вадасховішчы з энергет. мэтамі. На рэках і азёрах будавалі міжкалгасныя і раённыя гідраэлектрастанцыі (ГЭС «Дружба народаў» на р. Дрысвята; Чыгірынская і Цяцерынская ГЭС на р. Друць; Заслаўская і Асіповіцкая ГЭС на р. Свіслач; Браслаўская ГЭС на р. Друйка; Ключагорская ГЭС на р. Обаль; Рачунская на р. Ашмянка; Лукомская на р. Лукомка; Войкаўская на р. Сэрвач і інш.). У канцы 1960-х г. невял. ГЭС закансерваваны ці дэманціраваны, аднак вадасховішчы пры большасці гідравузлоў захоўваюцца. Колькасць вадасховішчаў павялічылася ў час масавай меліярацыі зямель. Іх выкарыстоўваюць для водазабеспячэння прамысл. цэнтраў (Вілейскае, Салігорскае), для рэалізацыі схем комплекснага выкарыстання водных і зямельных рэсурсаў рэк Палесся.
Гаспадарчае выкарыстанне. Азёры і вадасховішчы выкарыстоўваюцца як крыніцы і збіральнікі быт. і прамысл. вады, для рыбалоўства і рыбагадоўлі, арашэння зямель, рэгулявання сцёку, добраўпарадкавання населеных пунктаў і стварэння водна-рэкрэацыйных сістэм, турызму, комплекснага іх выкарыстання галінамі нар. гаспадаркі. Азёры-вадасховішчы з’яўляюцца басейнамі-ахаладжальнікамі вады пры ДРЭС (воз. Лукомскае, Белае), у якіх ёсць спрыяльныя ўмовы для развядзення расліннаедных рыб. У складзе Вілейска-Мінскай воднай сістэмы дзейнічаюць Вілейскае, Заслаўскае, Чыжоўскае і інш. вадасховішчы. З канца 1990-х г. у створы гал. плаціны Вілейскага вадасховішча будуюцца 2 гідраэлектрастанцыі. З будаўніцтвам вадасховішчаў Крыніца і Дразды на Беларусі створаны першы каскад вадасховішчаў на р. Свіслач. У перспектыве на Беларусі плануецца аднавіць будаўніцтва вадасховішчаў пры малых ГЭС рэчышчавага тыпу. Прамысл. лоўля рыбы вядзецца больш чым у 600 азёрах. Пры Любанскім, Чырвонаслабодскім, Лактышы і інш. вадасховішчах пабудаваны поўнасістэмныя рыбныя гаспадаркі. Азёрныя сапрапелі выкарыстоўваюць як угнаенне і на падкормку жывёле, у медыцыне, ветэрынарыі, буд. і хім. прамысловасці. Азёрнымі мергелямі вапнуюць кіслыя глебы. Зоны азёр і вадасховішчаў — месцы турызму і адпачынку насельніцтва. Толькі ў межах Беларускага Паазер’я створаны 24 ахоўныя тэрыторыі агульнай плошчай 4222 км², якія ўключаюць больш за 200 азёр. У іх ліку 2 нац. паркі (Нарачанскі і Браслаўскія азёры), Бярэзінскі біясферны запаведнік, 6 ландшафтных, 9 гідралагічных, 3 біялагічныя заказнікі і 3 гідралагічныя помнікі прыроды.
Літ.:
Якушко О.Ф. Белорусское Поозерье. Мн., 1971;
Якушко О.Ф. Озероведение. Мн. 1981;
Водохранилища Белоруссии: Природн. особенности и взаимодействие с окружающей средой. Мн., 1991;
Блакітная кніга Беларусі. Энцыкл.Мн., 1994;
Лопух П.С. Закономерности развития природы водоемов замедленного водообмена, их использование и охрана. Мн., 2000.