До́ктар ’доктар’ (БРС). Слова гэта было ўжо ў ст.-бел. мове: докторъ ’доктар; настаўнік багаслоўя’ (тут яно лічыцца паланізмам: польск. doktor < лац. doctor; гл. Булыка, Запазыч.). Рус. до́ктор, укр. до́ктор. Польск. або ням. пасрэдніцтва пры запазычанні прымаецца і для рус. мовы (не выключаецца таксама і непасрэдна лац. крыніца; гл. Фасмер, 1, 523, Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 157–158). У лац. мове doctor — гэта ўтварэнне на ‑tor ад дзеяслова docere ’вучыць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пава́га ’пачуццё пачцівасці да каго-, чаго-н., выкліканае прызнаннем высокіх якасцей, заслуг, важнасці і г. д.’ (ТСБМ, Нас., Касп.). Ст.-бел. павага (1528 г.). З польск. powaga ’павага, паважнасць’ (Булыка, Лекс. запазыч., 186). Таксама паважа́ць (ТСБМ, Касп., Шат.) < польск. poważać ’тс’. Як мяркуюць Фасмер (4, 144), Махэк (674), уся група з коранем ‑ваг‑ ва ўсх.-слав. з польск., дзе звязана з нов.-в.-ням. Wage ’вага’ (гл. яшчэ Брукнер, 598).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ДЫПЛАМА́ТЫЯ (франц. diplomatie),

сукупнасць прыёмаў, форм і метадаў, з дапамогай якіх праводзіцца ў жыццё знешняя палітыка дзяржавы. У паняцце «Д.» ўваходзіць афіц. дзейнасць на міжнар. арэне кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, мін-ваў замежных спраў, дыпламат. прадстаўніцтваў у замежных дзяржавах і пры штабах-кватэрах міжнар. і міжурадавых арг-цый, урадавых дэлегацый на міжнар. канферэнцыях і на сесіях кіруючых органаў міжнар. арг-цый па рэалізацыі знешнепаліт. намаганняў дзяржавы, абароне яе правоў і інтарэсаў, а таксама па абароне правоў і інтарэсаў яе ўстаноў і асобных грамадзян. З паняццем «Д.» звязана майстэрства вядзення перагавораў у мэтах прадухілення і ліквідацыі міжнар. канфліктаў, дасягнення на міжнар. арэне прынцыповых кампрамісаў і агульнакарысных рашэнняў, паглыблення ўсебаковага міжнар. супрацоўніцтва. Д. рэалізуецца з дапамогай замежных візітаў кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, міністраў замежных спраў, інш. афіц. дзярж. асоб, двухбаковых і шматбаковых перагавораў, афіц. перапіскі, заключэннем дагавораў, канвенцый і пагадненняў. Дыпламат. дзейнасць кожнай дзяржавы павінна ажыццяўляцца з улікам патрабаванняў агульнапрынятых прынцыпаў і норм сучаснага міжнар. права. Паводле арт. 18 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь бел. дыпламаты прытрымліваюцца знешнепаліт. курсу, які адпавядае прынцыпам роўнасці суверэнных дзяржаў, невыкарыстання сілы ці пагрозы ўжыць сілу, непарушнасці дзярж. граніц, мірнага ўрэгулявання міждзяржаўных спрэчак і канфліктаў, неўмяшання ва ўнутр. справы інш. дзяржаў, дабіваюцца ўмацавання міру ва ўсім свеце, хутчэйшага і поўнага раззбраення пад эфектыўным міжнар. кантролем, поўнай забароны выкарыстання ядз. зброі і інш. зброі масавага знішчэння, спынення вытв-сці такой зброі, усебаковага раўнапраўнага міждзярж. супрацоўніцтва, якое накіравана на вырашэнне самых розных паліт., эканам., сац., культ., экалагічных, навук.-тэхн. і інш. праблем, што стаяць перад сучаснай міжнар. супольнасцю.

Літ.:

История дипломатии. Т. 1—3. 2 изд. М., 1959—65;

Левин Д.Б. Дипломатия: Ее сущность, методы и формы. М., 1962;

Никольсон Г. Дипломатическое искусство: Пер. с англ. М., 1962;

Сатоу Э. Руководство по дипломатической практике: Пер. с англ. М., 1961.

Ю.​П.​Броўка.

т. 6, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Здра́да ’пераход на бок ворага’. Рус. смал., варонеж., паўд., зах. зра́да, укр. зра́да ’здрада’, польск. zdrada, чэш., славац. zrada. Ст.-бел. здрада, зрада (з 1509 г.). У Насовіча здра́да ’здрада’, але зра́да ’агульная згода’, ’змова’, ’здрада’. Форма з устаўным д толькі ў бел. і польск., верагодна, бел. здрада < польск. zdrada ужо ў ст.-бел. (Булыка, Запазыч., 120). Форма ўключае корань rad‑ ’савет’ (гл. рада), прэфікс з‑ (< *jьz‑), відаць, гэта аддзеяслоўны (jьzraditi) назоўнік. Параўн. ням. з блізкай унутранай формай Ver‑rat ’здрада’ = ’раз + рада’. Значэнні ’згода’, ’змова’ звязаны з унутранай формай. У групе zr‑d устаўное (Карскі, 1, 353) у выніку уяўнай архаізацыі. Здрадца з суф. ‑ца (Гіст. лекс., 99), як і здрада, з польск. у ст.-бел. Меркаванне пра рад < *ręd (Крыўчык, Труды яз., 35) не адпавядае зах.-слав. фактам, дзе rad не можа быць з ręd. Брукнер, 650; Голуб-Копечны, 439; Махэк₂, 505; Фасмер, 2, 105.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Брусні́ца. Рус. брусни́ка, укр. брусни́ця, польск. bruśnica, чэш. brusnice і г. д. Слав. *brus‑ ’брусніца’ тлумачыцца як этымалагічна звязанае з брус (гл.), *brъs‑nǫti ’здзіраць’, *brusiti ’гладзіць, тачыць’ (ягады брусніцы быццам лёгка зрываюцца). Як семантычную паралель параўн. ням. Streichbeere (да streichen гладзіць’). Бернекер, 90; Траўтман, 36; Праабражэнскі, 1, 47; Фасмер, 1, 221; Махэк₂, 70 (апошні лічыць назву «праеўрапейскім» словам). Форму брушні́ца ’брусніца’ (Сцяшк. МГ, Нас., Бяльк.) Кюнэ (Poln., 46) лічыць запазычаннем з польск. brusznica. Да слав. *brusьnica ’брусніца’. Бернекер (90) адносіць па паходжанню і бел. брусне́ць ’чырванець; загараць’, брусне́лы ’чырванаваты; загарэлы’ (Нас.). Гл. яшчэ Лучыц-Федарэц. Бел.-рус. ізал., 64.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бры́нза, таксама бры́ндза (Маш., Вешт.). Рус. бры́нза, брындза ’сыр з авечага малака’, укр. бри́нза, бри́ндза, польск. bryndza, чэш. brynza і г. д. Першакрыніцай з’яўляецца рум. brînză ’тс’. У бел. мову слова папала, відаць, праз укр. або польск. мову. Рум. слова распаўсюдзілася ў многіх еўрапейскіх мовах, але яго паходжанне застаецца невядомым. Брукнер, 43; Бернекер, 93; Шалудзька, Rum., 128; Рудніцкі, 208; Чаранэску, 105; Крынжалэ, 221 і наст. Гл. яшчэ Кніежа, 109. Вельмі падрабязна і з вялікай літ-рай MESz, 1, 370. Параўн. яшчэ (спецыяльна пра бел. слова) Врабіе, Зб. Расэці, 993 і наст.; ён жа, RomSl, XIV, 134.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

«ВЫЗВАЛЕ́ННЕ ПРА́ЦЫ», Група «Вызваленне працы»,

першая руская с.-д. арг-цыя. Існавала ў 1883—1903. Створана ў Жэневе Г.В.Пляханавым, В.А.Засуліч, П.​Б.​Аксельродам, Л.​Р.​Дэйчам, В.​М.​Ігнатавым. Мела на мэце пераклад на рус. мову, выданне і распаўсюджванне твораў К.​Маркса і Ф.​Энгельса, крытыку тэарэт. асноў народніцтва і інш. У 1883—85 выпрацавала праект праграмы рас. сацыял-дэмакратаў, у якім канчатковай мэтай лічыла захоп паліт. улады і ажыццяўленне камуніст. рэвалюцыі, а бліжэйшай — звяржэнне самадзяржаўя і заваёву дэмакр. канстытуцыі. Устанавіла сувязі з многімі с.-д. арг-цыямі ў Расіі, з Пецярбургскім «Саюзам барацьбы за вызваленне рабочага класа» і інш.

Група «Вызваленне працы» мела цесныя сувязі з рэвалюцыянерамі Беларусі і зрабіла на іх значны ўплыў, садзейнічала іх пераходу на ідэйныя пазіцыі марксізму. Члены мінскай групы «Чорны перадзел» І.​Н.​Гецаў, С.​Л.​Ляўкоў, С.​Л.​Грынфест працавалі ў друкарні, удзельнічалі ў дапрацоўцы праграмы, дастаўцы ў Расію марксісцкіх выданняў. Выданні групы атрымлівалі бел. народнікі, якія друкавалі ў Пецярбургу час. «Гомон», а таксама «Гурток моладзі польска-літоўскай, беларускай і маларускай» і пецярб. «Рабочы саюз» (Бруснева група), восенню 1892 яе ўзначальваў беларус М.В.Алюшкевіч.

Група «Вызваленне працы» ўдзельнічала ў падрыхтоўцы II з’езда РСДРП (1903), на якім узмацніліся рознагалоссі паміж У.​І.​Леніным і Пляханавым і РСДРП раскалолася на бальшавікоў і меншавікоў, а «Вызваленне працы» перастала існаваць.

В.​М.​Чарапіца.

т. 4, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЫ́ЧНЫЯ ГУ́КІ,

гукі чалавечай мовы, пры вымаўленні якіх на шляху паветра, што выдыхаецца з лёгкіх, узнікае перашкода. У бел. мове якасці З.г. залежаць ад характару перашкоды і яе месца ў галасавым тракце.

Пры ўтварэнні шумных зычных асн. з’яўляецца шумавая або імпульсна-шумавая крыніца гуку, што ўзнікае ў раёне перашкоды для паветр. плыні. Калі дзейнічае толькі шумавая крыніца, узнікаюць глухія фрыкатыўныя зычныя «ф», «с», «ш», «х», пры адначасовым дзеянні галасавых звязак — звонкія фрыкатыўныя тыпу «з», «ж», «г»; калі дзейнічае імпульсна-шумавая крыніца, узнікаюць глухія выбухныя «п», «т», «к», пры папярэднім уключэнні галасавых звязак — адпаведныя ім звонкія «б», «д», «г» (выбухны). Афрыкаты «дз», «ц», «дж», «ч» характарызуюцца рэзкім пачаткам (як выбухныя) і больш працяглым шумам (як фрыкатыўныя). Пры ўтварэнні санорных «р», «л», «й», «м», «н», «в», «ў» гукавая хваля галасавой крыніцы як у галосных гукаў сустракае перашкоду (як у шумных) з адначасовым узнікненнем пабочнага свабоднага праходу для яе. Санорныя ніколі не аглушаюцца. У залежнасці ад месца перашкоды гукавой хвалі З.г. падзяляюцца на губныя «п», «б», «ф», «в», «ў», «м», зубныя «т», «д», «с», «з», «ц», «дз», «н», «л», «р», пярэдне-сярэднепаднябенныя «ш», «ж», «ч», «дж», сярэднепаднябенны «й», заднепаднябенныя «к», «г» (выбухны і фрыкатыўны), «х». З.г. акрамя «дж», «ж», «р», «ц», «ч», «ш» маюць адпаведныя парныя мяккія. Гук «й» не мае адпаведнага парнага цвёрдага.

Літ.:

Падлужны А.І., Чэкман В.М. Гукі беларускай мовы. Мн., 1973.

А.​І.​Падлужны.

т. 7, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЖЭ́ЙКА (Зінаіда Якаўлеўна) (н. 6.12. 1933, г. Орша Віцебскай вобл.),

бел. этнамузыколаг. Засл. дз. маст. Беларусі (1987). Д мастацтвазнаўства (1992). Скончыла Бел. кансерваторыю (1961). Прадстаўнік навук. школы Я.Гіпіуса. З 1966 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі. Працуе ў галіне тэарэт. этнамузыкалогіі і практычнай фалькларыстыкі. Асн. даследаванні па сістэмнай тыпалогіі бел. песеннага фальклору, яго арэальным, сац. і экалагічным аспектах; муз. кампаратывістыцы, гісторыі этнамузыкалагічнай навукі. Вядзе праграму аўдыёвізуальнай антрапалогіі (сцэнарыст і палявы рэж. 7 муз.-этнагр. фільмаў, 1972—99; «Беларусьфільм»). Аўтар манаграфій «Песенная культура беларускага Палесся» (1971), «Песні беларускага Паазер’я» (1981), «Песні Беларускага Палесся» (вып. 1—2, 1983—84), «Каляндарна-песенная культура Беларусі» (1985), працы «Народна-песенная культура Беларусі ў агульнаславянскім кантэксце» (выд. 1998; матэрыялы 12-га Міжнар. з’езда славістаў, 1998). Адзін з аўтараў і рэдактар кн. «Беларуская этнамузыкалогія: Нарысы гісторыі (XIX—XX стст.)» (1997). Падрыхтавала грампласцінкі аўтэнтычнага фальклору, у т. л. «Музычны фальклор Беларускага Палесся» (Гран-пры ЮНЕСКА 1988). Чл. камісіі слав. фальклору пры Міжнар. к-це славістаў, Еўрап. семінару этнамузыколагаў, Міжнар. асацыяцыі па нар. творчасці і інш. Прэмія імя Б.​Асаф’ева ў галіне музыказнаўства 1991 (Расія). Дзярж. прэмія Беларусі 1994.

Тв.:

Проблемы методов сравнительных славяно-балканских исследований в современной этномузыкологии // Македонски фолклор. Година XIX, Cкoпje, 1986. Бpoj 37;

Белорусский песенный фольклор в европейском контексте // Weißrußland und der Westen. Dresden, 1998.

Літ.:

Мухарынская Л.С. Творчы шлях фалькларыста // Мастацтва Беларусі. 1984. № 11;

Якіменка Т. Песенная культура Беларусі ў ракурсах сістэмнай тыпалогіі і візуальнай культурнай антрапалогіі: Да пытання метаду накірункаў даследчай дзейнасці З.​Я.​Мажэйка // Музычная культура Беларусі: Дыялог часоў. Мн., 1997.

А.​А.​Саламаха.

З.Я.Мажэйка.

т. 9, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЙВЫШЭ́ЙШАЯ РА́ДА БЕЛАРУ́СКАЙ НАРО́ДНАЙ РЭСПУ́БЛІКІ,

палітычная структура Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1919—20. Створана 13.12.1919 у Мінску ў выніку расколу Рады Беларускай Народнай Рэспублікі з-за супярэчнасцей паміж яе дзеячамі па пытанні аб адносінах да Польшчы. Прадстаўнікі Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р) і Бел. партыі сацыялістаў-федэралістаў (БПС-Ф) абвінавачвалі с.-д. кіраўніцтва Рады БНР у згодніцтве і супрацоўніцтве з польск. ўладамі. У выніку большасць Рады (50 чал.) абвясціла сябе Народнай радай Беларускай Народнай Рэспублікі, меншасць, якая арыентавалася на Польшчу (37 чал.) — Н.р. БНР. Старшынёй абраны сацыял-дэмакрат Я.​Лёсік. Польск. ўлады прызналі Н.р. БНР, аднак мала лічыліся з ёй. У крас. 1920 Н.р. БНР прапанавала Польшчы заключыць дагавор аб федэрацыі, паводле якога ў Беларусі і Польшчы павінен быць супольны сейм, але асобныя заканадаўства, урады, войскі і фінансы. Польскі ўрад праігнараваў гэту прапанову. У чэрв. 1920 Н.р. БНР патрабавала ад Польшчы прызнаць незалежнасць БНР, мяркуючы, што да выбараў Устаноўчага сейма Беларусь будзе знаходзіцца пад пратэктаратам Лігі Нацый. З пач. наступлення сав. войск члены Н.р. БНР эвакуіраваліся ў Польшчу. Сярод іх пачаліся супярэчнасці. Прыхільнікі супрацоўніцтва з польск. урадам падтрымалі «бунт» ген. Л.​Жалігоўскага і ўтварэнне т.зв. Сярэдняй Літвы. У Варшаве быў створаны Бел. паліт. к-т пад кіраўніцтвам П.​П.​Алексюка. які пазней выконваў функцыі «беларускага ўрада» пры С.Н.Булак-Балаховічу. Зразумеўшы памылковасць арыентацыі на Польшчу, сацыял-дэмакраты прынялі ўдзел у нац. паліт. нарадзе ў Рызе (20.10.1920), якую праводзілі БПС-Р і БПС-Ф. Чл. прэзідыума Н.р. БНР К.​Цярэшчанка ад яе імя прызнаў Нар. раду БНР. Н.р. БНР спыніла існаванне.

А.​М.​Сідарэвіч.

т. 11, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)