РУМЯ́НЦАЎ Мікалай Пятровіч (14.4.1754, С.-Пецярбург — 15.1.1826),
расійскі дзярж. дзеяч, дыпламат, мецэнат. Граф. Канцлер (1809) з захаваннем пажыццёва гэтага звання. Сын П.А.Румянцава-Задунайскага. У 1781—95 на дыпламат. службе ў Германіі. З 1801 чл. Неадменнага Савета пры імператару Аляксандру I. Дырэктар водных камунікацый (1801—09), міністр камерцыі (1802—10), замежных спраў (1807—14), адначасова ў 1810—12 старшыня Дзярж. Савета. Да вайны 1812 праводзіў курс на збліжэнне з Францыяй. З 1814 у адстаўцы. Ганаровы чл. многіх акадэмій. Стварыў Румянцаўскі гурток; у 1811 па яго ініцыятыве засн. Камісія друкавання дзярж. грамат і дагавораў, якая выдала «Збор дзяржаўных грамат і дагавораў» (т. 1—4, 1813—28), дзе шмат дакументаў па гісторыі Беларусі. Удзельнік археаграфічных экспедыцый К.Ф.Калайдовіча і П.М.Строева (у т. л. па Беларусі), выявіў у замежных архівах дакументы па рас. гісторыі. На ўласныя сродкі выдаў больш за 40 кніг, пераважна па гісторыі Расіі і інш.слав. народаў, у т. л.«Беларускі архіў старажытных грамат». Удзельнічаў у арг-цыі першага рас. кругасветнага плавання І.Ф.Крузенштэрна і Ю.Ф.Лісянскага (1803—06), на ўласныя сродкі арганізаваў марскую экспедыцыю О.Я.Кацэбу (1815—18). Ганаровы чл. многіх навук. т-ваў, у т. л. Вольнага з 1802, і акадэмій, у т. л.Рас.АН з 1819. Яму належаў г. Гомель, дзе ў сваім палацы ён сабраў шмат кніг, рукапісаў, твораў мастацтва, нумізматычныя калекцыі, археал. і этнагр. матэрыялы; дбаў пра забудову і добраўпарадкаванне горада. У 1831 у Пецярбургу на аснове яго збораў адкрыты Румянцаўскі музей (у 1861 пераведзены ў Маскву). У 1862 у складзе музея засн.б-ка (з 1925 Б-каСССР імя Леніна, з 1992 Расійская дзяржаўная бібліятэка).
Літ.:
Козлов В.П. Колумбы российских древностей. 2 изд. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫФЕ́Й (ад лац. Riphaei montes Рыфейскія горы — антычная назва Уральскіх гор),
рыфейскі комплекс, рыфейская эонатэма (эон), надрэгіянальнае падраздзяленне Агульнай стратыграфічнай шкалы дакембрыю краін СНД і адпаведны яму інтэрвал геал. часу ад 1650 ± 50 млн.г. да 650 ± 20 млн.г. таму назад. Вылучаны М.С.Шацкім у 1945. Падзяляюць Р. на ніжні (бурзяній), сярэдні (юрмаціній) і верхні (каратавій). Да пачатку рыфейскага эону ў выніку завяршальных тэктанічных рухаў і магматычных працэсаў карэльскай эпохі складкавасці ў канцы ранняга пратэразою закончыўся геасінклінальны этап развіцця тэр. Беларусі. У раннім Р. (1650—1350 млн.г.) яна, як і ўся Усх.-Еўрап. платформа, уяўляла сабой узнятую сушу, дзе пераважалі працэсы выветрывання і дэнудацыі. Толькі на адносна апушчаных участках намнажаліся вулканагенна-асадкавыя (бабруйская серыя) і асадкавыя (шаровіцкая серыя) тоўшчы. У сярэднім Р. (1350—1000 млн.г. назад) пачаў развівацца Валына-Аршанскі прагін паўн.-ўсх. распасцірання. Тут утварыўся мелкаводны марскі басейн, дзе намнажаліся пераважна чырванаколерныя пясчаныя і пясчана-алеўрытавыя адклады (пінская і аршанская світы беларускай серыі). На завяршальным этапе Р. на тэр. Беларусі часова існавалі невял. ізаляваныя або паўзамкнёныя басейны (лагуны) з пераменнай салёнасцю вады, дзе намнажаліся абломкавыя і абломкава-карбанатныя адклады лапіцкай світы. У цэлым адклады Р. займаюць больш як палову тэр. Беларусі і цягнуцца ў паўн.-ўсх. напрамку амаль суцэльнай паласой шыр. 200—300 км. Магутнасць іх павялічваецца з ПдЗ на ПнУ ад 480 м да 850 м, месцамі больш за 1400 м. Залягаюць на крышт. фундаменце, перакрываюцца вендскімі або больш маладымі (да антрапагенавых уключна) адкладамі. Паверхня іх на глыб. ад дзесяткаў метраў (Мікашэвіцка-Жыткавіцкі выступ) да 500—800 м (Аршанская ўпадзіна). З адкладамі Р. звязаны значныя запасы расолаў і мінер. вод, якія выкарыстоўваюцца ў бальнеалагічных мэтах (санаторыі ў Ждановічах, Рагачове, Лётцах); на Палескай седлавіне вял. запасы прэсных вод, прыдатных для гасп. водазабеспячэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛУ́ЦКАЕ КНЯ́СТВА,
1) удзельнае княства Тураўскай зямлі ў 12—14 ст. Цэнтр — г.Слуцк. Вылучылася ў 1160, калі слуцкім князем стаў Уладзімір Мсціславіч, унук Уладзіміра Манамаха. Канчаткова аформілася ў 1190-я г. Тут княжылі нашчадкі тураўскага кн.Юрыя Яраславіча. Гэта дынастыя панавала да канца 14 ст. Апошні князь з яе, Юрый, згаданы ў грамаце 1387. У 1320—30-я г. С.к. разам з інш. княствамі Тураўскай зямлі ўвайшло ў склад ВКЛ.
2) Буйное феад. княства ў ВКЛ. Узнікла ў 1395, калі вял.кн. Вітаўт адабраў у кн. Уладзіміра Альгердавіча Кіеўскае княства і даў яму як кампенсацыю Слуцк і Капыль з навакольнымі землямі ў якасці ўдзельнага княства. Да сярэдзіны 15 ст. цэнтрам княства быў Капыль (гл.Капыльскае княства), пасля Слуцк. Нашчадкі Уладзіміра Альгердавіча, князі Алелькавічы (Слуцкія) валодалі С.к. да 1612. Пасля смерці ў 1612 княгіні Соф’і С.к. перайшло да яе мужа Я.Радзівіла і заставалася ў родзе Радзівілаў, з перапынкам у 1695—1744, калі знаходзілася ў жаночых нашчадкаў Радзівілаў слуцка-біржанскай лініі, княгінь Нойбургскіх.
С.к. займала тэрыторыю паміж р. Нёман на Пн, р. Лань на З, р. Пціч на У і р. Прыпяць на Пд; уключала гарады і мястэчкі Слуцк, Капыль, Цімкавічы, Грэск, Таль, Пагост, Любань, у 16 ст. — і Петрыкаў. Да 16 ст. яно знаходзілася ў васальнай залежнасці ад велікакняжацкай улады. Кіраваў С.к. князь з дапамогай баярскай рады. У слуцкага князя былі свае васалы — князі, баяры і слугі путныя, якія атрымлівалі за службу (вайсковую і адміністрацыйную) маёнткі. У валасцях кіравалі намеснікі князя. У 16 ст. С.к. паступова ператварылася ў вял.феад. вотчыну, але захавала рысы ўдзельнага княства. Да канца 18 ст. заставалася унікальнай адм.-тэр. адзінкай ВКЛ. З 1507 уваходзіла ў Новагародскі пав. і адначасова захоўвала ў адм., суд. і вайск. структурах свае асобныя ўстановы, якія падпарадкоўваліся слуцкаму князю. У 1791 С.к. скасавана, замест яго створаны Случарэцкі павет.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛУ́ЦКІЯ ПАЯСЫ́,
вырабы ручнога шаўкаткацтва на Беларусі ў сярэдзіне 18—сярэдзіне 19 ст. Назва ад г. Слуцк Мінскай вобл., дзе яны вырабляліся на Слуцкай мануфактуры шаўковых паясоў. Напачатку С.п., як і нясвіжскія, капіравалі ўзоры, што прывозілі з Б.Усходу, потым сталі ўключаць у арнамент нац. матывы, кветкі мясц. флоры — васількі, незабудкі і інш. З 1750-х г. у Нясвіжскай, пасля ў Слуцкай мануфактуры працаваў вядомы майстар Я.Маджарскі (гл. ў арт.Маджарскія), які распрацаваў новы тып пояса — слуцкі, назва якога стала сінонімам усіх доўгіх шаўковых паясоў. Сувязь з усх. ўзорамі паступова страчвалася. С.п. мелі гарманічныя суадносіны частак, выпрацавалася выразная ўстойлівая структура арнаменту. Бел. майстры перанялі і творча перапрацавалі ўсх. рамяство, надалі ямумясц. характар. Ткалі С.п. даўжынёй 2—4,5 м з шаўковых, залатых, сярэбраных нітак (т.зв. літыя паясы, правы бок іх быў цалкам затканы залатой ніткай, якая закрывала шаўковую аснову). Рабілі паясы аднабаковыя (з адваротным бокам), 2-баковыя (абодва бакі правыя ці адзін двухбаковы і адзін адваротны) і 4-баковыя (па ўсёй даўжыні былі падзелены на палавіны з утком рознага колеру). Пояс складаўся з сярэдніка, аблямоўкі і 2 канцоў. Сярэднік арнаментаваўся папярочнымі гладкімі ці ўзорыстымі палосамі, радзей узор быў сеткавы, у гарошак і інш. Па краях пояса ішла арнаментальная аблямоўка (шлячок). Канцы мелі складаную арнаментоўку, найчасцей з 2 матывамі. Найб. тыповыя матывы: авал, абкружаны лісцем са сцяблінкамі і кветкамі; кветкі на доўгі сцябле з галінкамі, якія выходзяць з зямлі ці з ваз; букеты кветак з хвалепадобным абрамленнем. На рагу пояса з абодвух бакоў ткалася метка на стараслав. ці лац. мовах («Слуцк», «У горадзе Слуцку», «Зроблена ў Слуцку»). Канцы пояса часта абшывалі махрамі. Шаўковыя паясы на ўзор слуцкіх выраблялі таксама ў Гродне, Нясвіжы, Ружанах, Кракаве, Ліпкове і Кабылках пад Варшавай, а таксама ў Францыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРО́ГАНАВЫ,
расійскія купцы і прамыслоўцы, буйныя землеўладальнікі, дзярж. дзеячы і мецэнаты 16 — пач. 20 ст. З паморскіх сялян. У 1515 Анікей Фёдаравіч С. (1497—1570) засн. на р. Вычэгда саляны промысел. У 1558 цар Іван IV падараваў яму і яго нашчадкам землі па рэках Кама і Чусавая. Пазней С. захапілі і асвоілі новыя тэр. на Урале і ў Сібіры, дзе будавалі гарады і крэпасці, развівалі земляробства, солеварэнне і інш. промыслы. Унукі Анікея Максім Якаўлевіч (?—1620-я г.) і Мікіта Рыгоравіч (?—1620) спрыялі паходу ў Сібір у 1581—82 Ермака (гл.Ярмак), у 1610 атрымалі званне «імянітых людзей». У 1680-я г. ўсе ўладанні С. аб’яднаў Рыгор Дзмітрыевіч С. (1656—1715), які значна дапамог дзяржаве ў час Паўночнай вайны 1700—21, за што яго сыны Аляксандр, Мікалай і Сяргей атрымалі ад Пятра I тытул баронаў (1722) і ўвайшлі ў склад рас. арыстакратыі. Сярод іх нашчадкаў найб. вядомыя: Аляксандр Сяргеевіч С. (1733—1811), граф «Свяшчэннай Рым. імперыі» (1761), рас. граф (1798), прэзідэнт Акадэміі мастацтваў, чл.Дзярж. савета; яго сын граф Павел Аляксандравіч С. (1772—1817), таварыш (нам.) міністра ўнутр. спраў (1802—07); Сяргей Рыгоравіч С. (1794—1882), граф (1817), папячыцель (кіраўнік) Маскоўскай навуч. акругі (1835—47), маскоўскі ген.-губернатар (1859—60), старшыня Маскоўскага таварыства гісторыі і старажытнасцей расійскіх (1837—74), заснавальнік Строганаўскага маст. вучылішча (1825, цяпер Маскоўскі маст.-прамысл.ін-т); Рыгор Аляксандравіч С. (1770—1857), граф (1826), рас. пасланнік у Швецыі (1812—16) і Турцыі (1816—21); Аляксандр Рыгоравіч С. (1795—1891), граф, чарнігаўскі, палтаўскі і харкаўскі ген.-губернатар (1836—38), міністр унутр. спраў (1839—41). Многія са С. цікавіліся мастацтвам, л-рай, гісторыяй, археалогіяй, былі ўладальнікамі багатых бібліятэк і маст. калекцый. З іх прозвішчам звязана назва Строганаўскай школы 16 — пач. 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАНВІ́ЗІН Дзяніс Іванавіч (14.4.1744 або 1745, Масква — 12.12.1792),
рускі пісьменнік. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1761—62). Служыў у Калегіі замежных спраў. Літ. дзейнасць пачаў у 1761 перакладамі з зах.-еўрап. моў і сатыр. мініяцюрамі. Перарабіў сентыментальную драму Ж.Б.Грасэ «Сідней» у камедыю «Карыён» (паст. 1764). У сацыяльна-быт. камедыі «Брыгадзір» (паст. 1770) высмеяў нізкапаклонства дваран перад франц. культурай. У 1781 напісаў камедыю «Недаростак» — з’едлівую сатыру на прыгонніцтва. Актуальнасць праблематыкі, выключнае майстэрства характарыстыкі персанажаў, жыццёвасць калізій забяспечылі поспех п’есы. Асветнік па светабачанні, дэмакрат па перакананнях, Ф. выступаў за паступовае вызваленне сялян, за законнасць і канстытуцыйную манархію. Пасля апублікавання арт. «Некалькі пытанняў, што могуць выклікаць у разумных сумленных людзей асаблівую ўвагу» спробы Ф. выступіць у друку спыняліся Кацярынай II. Аповесць «Калісфен» выйшла ананімна. Упершыню Ф. наведаў Беларусь у 1777 праездам у Парыж. У лістах з дарогі апісаў Мінск, Оршу, Стоўбцы, Мір, Слонім і інш.Яму належала в. Лісна (Верхнядзвінскі р-н), дзе працаваў над апошняй сваёй камедыяй «Выбар гувернёра». Камедыю «Недаростак» у пач. 20 ст. ставілі прафес. і аматарскія калектывы Беларусі, у 1930-я г. — Польскі дзярж. вандроўны тэатр БССР. На бел. мову яе пераклаў К.Крапіва (1933; паст. БДТ-І, 1933), што падштурхнула яго да творчасці ў жанры драматургіі. К.Крапіва сярод інш. называе Ф. сваім настаўнікам. Бел. драматургі вучыліся ў Ф. майстэрству моўнай характарыстыкі персанажаў.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—2. М.; Л., 1959;
Бел.пер. — Недарасль. Мн., 1947.
Літ.:
Благой Д.Д., Д.И.Фонвизин. М., 1945;
Кулакова Л.И. Д.И.Фонвизин. М.; Л., 1966;
Букчин С. Судебное дело Дениса Фонвизина // Букчин С. ...Народ, издревле нам родной. Мн., 1984;
Сцяпанаў С. Фанвізін на Беларусі // Беларусь. 1955. №1;
Шпадарук І. На зямлі беларускай... // ЛіМ. 1975. 8 жн.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЗІЯКРА́ТЫ (франц. physiocrates ад грэч. physis прырода + kratos сіла, улада, панаванне),
прадстаўнікі аднаго з кірункаў класічнай школы палітэканоміі і сацыялогіі эканамічнай 18 ст.
Школа Ф. узнікла ў Францыі, тэорыі Ф. распрацоўваліся таксама ў Італіі, Вялікабрытаніі, Германіі, Швецыі і інш. Заснавальнік кірунку Ф. — Ф.Кенэ, асн. прадстаўнікі — А.Р.Ж.Цюрго, П.С.Дзюпон дэ Немур, В.Мірабо, Г.Летрон, П.Мерсье дэ ла Рыўер. Філас. аснова вучэння Ф. — ідэя натуральнага права. У процівагу меркантылізму Ф. лічылі, што асн. багацце дзяржавы паходзіць з вытв-сці, найперш сельскагаспадарчай, а не з грашовага абарачэння. Абсалютызуючы эканам. і сац. значэнне с.-г. працы, яны вылучалі ў грамадстве класы вытворчыя (працаўнікі сельскай гаспадаркі, землеўладальнікі) і непрадукцыйны (бясплодны, які аб’ядноўваў сац. слаі, што не мелі непасрэднага дачынення да земляробства). Ф. адстойвалі ідэю неўмяшання дзяржавы ў эканоміку, крытыкавалі спробы ўлады рэгуляваць прам-сць, асабліва з дапамогай падаткаабкладання.
На Беларусі вучэнне Ф. пашырылася ў 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. Прыхільнікам ідэі натуральнага парадку выступаў І.Страйноўскі, які разумеў пад ім адзінства фіз. і маральнага парадку, законаў прыроды і грамадства; прынцыпы натуральнага права ён разглядаў у якасці крытэрыяў дасканаласці сац.-паліт. ладу, крыніцы правоў асабістай свабоды, узаемнай дапамогі, прыватнай уласнасці. Ідэю натуральнай абумоўленасці грамадскіх адносін падтрымліваў І.Я.Масальскі, які падкрэсліваў неабходнасць больш эфектыўнага выкарыстання зямлі і сял. працы як адзінай крыніцы ўсіх багаццяў, выступаў за паляпшэнне матэрыяльных умоў жыцця і ўзроўню адукацыі сялян. І.І.Храптовіч звязваў магчымасць пастаяннага росту забяспечанасці і асветы для ўсіх з арганізацыяй грамадскага жыцця ў адпаведнасці з патрабаваннямі натуральнага парадку, згодна з якім кожны павінен працаваць на тым месцы, якое яму наканавана. Погляды Ф. развівалі М.Ф.Карповіч, В.Калінскі, якія лічылі, што ўзровень дзярж. дабрабыту залежыць ад земляробаў — асн. стваральнікаў багаццяў, а ўсе сац. супярэчнасці яны звязвалі з цяжкім эканам. становішчам і нізкім узроўнем адукацыі сялянства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАДУ́РСКІ (Szadurski) Станіслаў (18.9.1726, каля г. Даўгаўпілс, Латвія — 1789),
бел. і польскі філосаф. Вучыўся ў езуіцкіх калегіумах Вільні і Оршы. Выкладаў грэч. і лац. мовы ў Вільні і Варшаве. У 1752 накіраваны Віленскім ун-там у Парыж вывучаць тэалогію, філасофію, прыродазнаўства і матэматыку. З 1757 выкладаў філасофію ў Варшаўскім шляхецкім калегіуме, у 1759—62 праф. філасофіі Навагрудскага калегіума. У навагрудскі перыяд напісаў і апублікаваў свае найб. значныя філас. творы. Асн. працы — «Прынцыпы філасофіі мыслення і адчування» (1758), «Зачаткі разважанняў у розных дыялогах, а таксама практыкаванняў па логіцы, этыцы і метафізіцы» (1760), «Філасофскія азначэнні агульнай фізікі, выказаныя публічна аўтарам» (1761), «Фізіка, або Філасофія прыроды» (не апубл.). У 1762—65 прыдворны капелан мінскага ваяводы, праф. тэалогіі і царк. права ў Гродне (1768—70) і Браневе (1770—71). Паводле Ш., у тэорыі пазнання неабходна гарманічна спалучаць рацыяналізм і эмпірызм, а гал. крытэрыем ісціны павінна быць відавочнасць; пры гэтым ён не адмаўляў ролю гіст. аўтарытэту, веры і думкі. У галіне фармальнай логікі Ш. разглядаў традыц. для схаластыкі аперацыі розуму (паняцце, суджэнне і вывад), пытанні тэорыі дэдуктыўнага разважання (сілагістыка), семантыкі лагічнай і аналогіі выказванняў. Як прыхільнік эклектычнай філасофіі, лічыў магчымым карыстацца рознымі філас. сістэмамі і запазычваць з іх тое, што ўяўлялася яму дакладным і не выклікала сумнення. У вырашэнні праблемы суадносін матэрыі і свядомасці падзяляў дуалізм Р.Дэкарта, адначасова спрабаваў аб’яднаць яго вучэнне аб прыроджаных ідэях са схаластычным палажэннем аб інтэлектуальным пазнанні. Асаблівай увагі заслугоўваюць яго рацыянальна-эмпірычны погляд на прыродазнаўства, спробы вытлумачыць рэліг. догматы з дапамогай законаў механікі, дынамікі, статыкі, оптыкі і інш.
Тв.:
Философские положения по общей физике // Памятники философской мысли Белоруссии XVII — первой половины XVIII в. Мн. 1991.
Літ.:
Бирало А.А. Философская и общественная мысль в Белоруссии и Литве в конце XVII — середине XVIII в. Мн., 1971;
Цукерман А.Я. Философская мысль в Белоруссии середины XVIII в. Мн., 1980;
Асветнікі зямлі Беларускай: Энцыкл.давед.Мн., 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́С І ГЛЕБ (не пазней за 988—1015),
першыя ўсх.-слав. святыя, малодшыя сыны кіеўскага кн.Уладзіміра Святаславіча і балгарыні Мілалікі. Відаць, Уладзімір планаваў пакінуць Барысу княжанне ў Кіеве, што парушала родавыя звычаі Рурыкавічаў і правы старэйшых братоў. Паводле розных гіст. крыніц, Б. і Г. забіты неўзабаве пасля смерці Уладзіміра старэйшым з братоў — Святаполкам Яраполчычам, за што яму нададзена мянушка «Акаянны». Магчыма, забойцаў падаслаў трэці сын Уладзіміра Яраслаў Мудры, які віну за гэтае злачынства ўсклаў на Святаполка. Відаць, Святаполк выклікаў на Русі агульную нянавісць з-за таго, што абапіраўся на дапамогу цесця, польскага караля Баляслава. Пасля смерці Уладзіміра Святаполк планаваў скасаваць хрысціянства і аднавіць на ўсх.-слав. землях язычніцкае веравызнанне або паставіць Кіеўскую мітраполію ў залежнасць ад рымскага папы. Гэта давала магчымасць Яраславу выступіць супраць Святаполка пад заклікамі помсты за братоў і абароны Русі, а дзеячам царквы прадставіць Б. і Г. не толькі як ахвяр феад. барацьбы, але і як пакутнікаў за веру. Магчыма, Глеб зусім не ўдзельнічаў ва ўсобіцы, а загінуў каля Смаленска ў ходзе язычніцкіх бунтаў, што пачаліся пасля смерці Уладзіміра. Шанаванне (відаць, толькі Глеба) пачалося не раней за 1038, афіц. кананізацыя Б. і Г. адбылася не раней за 1071 пры Ізяславе Яраславічу. На працягу стагоддзяў склаўся корпус прысвечаных святым літ. твораў, якія аб’ядноўваюцца ў т.зв. Барысаглебскі цыкл (чытанне, жыціе, пахавальныя словы, тэксты царк. службаў, летапісная аповесць, пралажныя і парамійныя казанні, старабел. «Слова пра манаха Марціна» і інш.). Найб.маст. дакладнасцю вылучаецца «Сказанне пра Барыса і Глеба». Пераважная большасць помнікаў Барысаглебскага цыкла мае бел. рэгіянальныя варыянты або бел. рэдакцыі пазнейшага часу, створаныя як правасл., так і уніяцкімі кніжнікамі, таму што на бел. землях Б. і Г. заўсёды ўспрымаліся як нац. святыя. Прысвечаныя Б. і Г. літ. творы асуджалі братазабойчыя міжусобныя войны і неслі патрыят. і гуманіст. ідэі. У 12 ст. Барысаглебскія цэрквы былі пабудаваны ў Гродне, Полацку, Тураве, Навагрудку.