па́сека, ‑і, ДМ ‑сецы, ж.

1. Высечаная, выкарчаваная дзялянка лесу. Перад.. [Алёшкавымі] вачыма вырасла шырокая прагаліна — пасека. Якімовіч. Пасеку раскарчоўвалі і на ёй засявалі жыта, ярыну. Колас.

2. Поле на месцы выкарчаванага лесу. Дзе мой [селяніна] капне пот, — Дзірван, пасека Шуміць коласам, Урадлівасцю. Купала.

3. Месца, дзе размешчаны вуллі з пчоламі і спецыяльныя будынкі. Побач, у маладым яблыневым садку, была калгасная пасека, а там — гаспадарчыя будынкі, школа, млын. Кулакоўскі. [Пчолы] неслі ўзятак на новыя пасекі ў свае даўно абжытыя вуллі. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бар 1, ‑а, м.

1. Невялікі рэстаран або частка рэстаране, дзе наведвальнікаў абслугоўваюць ля высокай стойкі. У бары былі асобныя пакоі, дзе сталыя наведвальнікі маглі займацца картачнай гульнёй. Лынькоў.

2. Невялікі буфет або аддзяленне ў шафе, буфеце для він.

[Англ. bar.]

бар 2, ‑а, м.

Спец. Адзінка вымярэння ціску.

[Ад грэч. baros — цяжар.]

бар 3, ‑а, м.

Падводная пясчаная наносная мель у прыбярэжнай паласе мора перад вусцем ракі.

бар 4, ‑а. м.

Спец. Галоўная рабочая частка ўрубавай машыны і горнага камбайна, якая ўгрызаецца ў народу.

[Англ. bar.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бры́дкі, ‑ая, ‑ае.

1. Непрыгожы з выгляду, гадкі. [Тапурыя:] — Асілкам..[селянін] не быў, але да работы быў здатным і з твару быў не брыдкі. Самуйлёнак. // Непрыемны, дрэнны. Брыдкі настрой. Брыдкі характар. □ Няўжо яшчэ працягваецца той брыдкі сон! Чарнышэвіч.

2. Паганы, ганебны, благі. Брыдкія паводзіны. □ Алімпе не хапала яшчэ таго, каб родная маці яе стала завадатаркай брыдкіх спраў. Сабаленка. Перад.. [Юркам] было сорамна, і сам сабе Цімка здаваўся брыдкім. Карпаў. // Непрыстойны, брудны, пахабны. Пайшлі па вёсцы пра Зосю брыдкія плёткі. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бязду́мны, ‑ая, ‑ае.

Які не задумваецца; не здольны на роздум. Бяздумны, да ўсяго абыякавы, я нерухома стаяў каля акна, учапіўшыся рукамі ў вушакі. Ракітны. [Ганна] раптам забылася пра грыбы, стала дзіўна бяздумная. Мележ. // Які выяўляе бяздумнасць. Па сухой сцяблінцы.. ўзбіралася нейкая казюрка... Ігнат правёў яе бяздумным позіркам, нічога не бачачы перад сабой. Лынькоў. // Які не суправаджаецца роздумам; легкадумны. Гэтыя вельмі асабістыя вершы пазбаўлены бяздумнага замілавання. Грахоўскі. [Дзяўчынкі] крычалі, спатыкаліся і ніяк не хацелі пакідаць свайго бяздумнага занятку. Нядзведскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заста́ва, ‑ы; Р мн. ‑стаў; ж.

1. Гіст. Месца ўезду ў горад або выезду з яго, якое раней ахоўвалася вартай. Гарадская застава.

2. Атрад, які нясе ахоўную службу; варта. Выставіць заставы. □ Патржанецкі прыйшоў у лагер ужо вечарам. Ніхто не сустрэў яго. Ніякіх застаў, ніякіх вартавых не было. Чарнышэвіч.

3. Вайсковае падраздзяленне, якое ахоўвае ўчастак дзяржаўнай граніцы, а таксама месца знаходжання гэтага падраздзялення. Прывесці парушальніка на заставу.

4. Разм. Плаціна, застаўка. Стрыманая заставамі вада павольна круціцца перад мостам. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

за́стаўка, ‑і, ДМ ‑стаўцы; Р мн. ‑ставак; ж.

Шчыт для затрымання вады, якая падае на кола вадзянога млына. Старое кола і застаўка, што пазелянелі ад часу і многа прапусцілі вады за свой век, стракацяць пасля рамонту новымі дошкамі. С. Александровіч.

•••

На ўсе застаўкі — на ўсю моц, з усёй сілы (хваліць, працаваць і пад.).

заста́ўка, ‑і, ДМ ‑ста́ўцы; Р мн. ‑ста́вак; ж.

Малюнак, звычайна на ўсю шырыню старонкі, перад пачаткам тэксту главы або разднела кнігі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заняво́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., каго-што.

Пазбавіць волі, незалежнасць закабаліць. Ніколі, мой народзе, ты не схіляў галавы перад тым, хто калі-небудзь імкнуўся заняволіць цябе. Купала. І асабліва людзі беларускага Палесся выявілі свой гераічны патрыятызм цяпер, у час Вялікай Айчыннай вайны, калі самы найзлейшы на ўсе вякі, самы крывавы і паганы вораг уварваўся на беларускую зямлю, каб прысвоіць яе сабе, навекі яе заняволіць і ўздзець на наш народ ланцугі рабства. Чорны. // Падпарадкаваць сваёй уладзе, паставіць у залежнае становішча.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасы́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які служыць для пасылкі куды‑н., для выканання якіх‑н. даручэнняў. Пасыльная машына.

2. у знач. наз. пасы́льны, ‑ага, м.; пасы́льная, ‑ай, ж. Тон (тая), хто пасылаецца з якім‑н. даручэннем; рассыльны. [Начдыў:] Таварыш пасыльны! Знайдзіце камандзіра палка Кулагіна і перадайце, што я прашу яго сюды зараз жа. Крапіва. Перад заходам сонца Сільцоў праз пасыльнага выклікаў Арсеня да сябе. Хадкевіч. Неяк раніцой, у самым пачатку кастрычніка, з пошты прыбегла пасыльная і прынесла бацьку Рыгоркі тэлеграму. Краўчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пачасту́нак, ‑нку, м.

1. Ежа, пітво, якімі частуюць каго‑н. На прыпеку перад чалеснікам патрэсквала сухая лучынна: гатаваўся найпершы сялянскі пачастунак — яешня. Сабаленка. [Таварышы] заўсёды прыносілі пачастункі: булкі, цукар, сала. П. Ткачоў. [Сняжок] вельмі любіў салодкае і калі бачыў у руках у мяне цукар, дык не адыходзіў датуль, пакуль не атрымліваў пачастунак. Бяганская.

2. Тое, што і частаванне. А як жа з госцем не пачаставацца? Гэта не часта, а раз у год. І ідуць пачастункі, вядуцца сватанні, раскідаюцца запросіны. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

плашча́к, ‑а, м.

1. Тое, што і плашка. Павел Сцяпанавіч.. разам з бацькам-пільшчыкам распускаў па вёсках.. тоўстыя калоды на вяршковыя і цалёвыя дошкі, на плашчакі. Паслядовіч. Хаты ў гаспадароў былі больш-менш добрыя. Сустракаліся нават пяцісценкі з магутных сасновых плашчакоў, рубленых «у лапу». Машара.

2. Плоскі бок чаго-небудзь. Яшчэ раз шапатне [дзядзя Міша] нажніцамі і пачне вадзіць за тваёй патыліцай люстэркам, каб ты, узіраючыся ў вялізны шкляны плашчак перад сабою, бачыў, што ўсё зроблена як трэба. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)