Бамбанье́рка ’каробка для цукерак’. Рус. бонбонье́рка (з XIX ст.), укр. бонбоньє́рка. Запазычанне з франц. bonboniére ’тс’ (утварэнне ад bonbon ’цукерка’). Запазычанае слова (параўн. яшчэ польск. bombonierka) аформлена суфіксам ‑к(а). Гл. Шанскі, 1, Б, 163.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Белаглова ’жанчына наогул’ (Нас.). Запазычанне з польск. białogłowa ’тс’ (да польск. слова гл. Зяленін, Табу, 1, 131; Фасмер, 1, 148). Параўн. яшчэ рус. белоголо́вка ’баба, жанчына’. Гэтыя словы, магчыма, табуістычныя ўтварэнні (Зяленін, Фасмер, там жа).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Абажу́р (БРС) запазычанне праз рус. мову ў XX ст., у рус. з франц. abat‑jour у XVIII ст. У беларускіх слоўніках 20‑х гадоў XX ст. яшчэ канкурыравала з каптур. Гл. Гіст. мовы, 2, 205.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Патэ́нцыя, ст.-бел. потенция ’дзяржава, магутнасць’ (пал. XVII ст.) запазычана са ст.-польск. potencja, якое з лац. potentia ’моц, сіла’ (Булыка, Лекс. запазыч., 32). Сучаснае бел. патэнцыя магло быць яшчэ раз запазычаным праз рус. мову.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Перажывата́ць ’перажыць, перанесці што-небудзь цяжкае ў жыцці’ (Нас.). Да пера- (гл.) і жывата́ць ’жыць здаровым, мець асалоду ад наяўнасці добрага здароўя’ < жывот1 (гл.). Параўн. яшчэ жывоцце ’жыццё’ (Нас.), а таксама перажы́а́)ць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Про́стка ’месца, размытае і залітае вадой’ (Ян.), ’прамая пратока паміж двух выгібаў ракі’ (ТС), ’ход ракі па цячэнні, прастора’, ’выпростваючая пратока, якая прарывае намыўны перашыек’ (басейн Дняпра) (Яшк.). Да просты ’прамы, роўны’. Гл. яшчэ прость.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ты́бліць ‘ісці ўпэўнена’ (мёрск., Нар. лекс., Бел. дыял. 1), параўн. яшчэ аргат. ‘futuere’ (Лукашанец, Сацыял.), магчыма, да тыбель, гл. Экспрэсіўны дзеяслоў няяснага паходжання, магчыма, балтызм, параўн. літ. dỹbinti ‘ісці, крочыць (вялікімі крокамі)’, параўн. дыбаць, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АНЕСТЭЗІЯЛО́ГІЯ (ад ан... + грэч. aisthēsis пачуццё + ...логія),

галіна клінічнай медыцыны, якая вывучае праблемы абязбольвання, кіравання жыццёваважнымі функцыямі арганізма ў час хірургічнай аперацыі, а таксама перад пачаткам і пасля яе. Уключае рэаніматалогію і інтэнсіўную тэрапію.

Метады абязбольвання пачалі распрацоўвацца разам з хірургіяй яшчэ ў Стараж. Асірыі, Егіпце, Кітаі, Індыі і інш. краінах. Як абязбольвальныя сродкі выкарыстоўваліся настоі і адвары маку, індыйскіх канапель, мандрагоры, дурнап’яну. У сярэднявеччы абязбольванне дасягалася таксама сцісканнем сасудаў шыі або канечнасцяў, шчодрым кровапусканнем, ахаладжэннем тканак і інш. У 19 ст. адкрыты эфектыўныя спосабы абязбольвання. Англ. ўрач У.​Мортан у 1846 правёў аперацыю пад эфірным наркозам, у 1844 амер. ўрач Х.​Уэлс выкарыстаў закіс азоту пры выдаленні зуба. У 1847 шатландскі ўрач Дж.​Сімпсан у якасці сродку для наркозу прапанаваў хлараформ. У Расіі эфірны і хлараформны наркоз увялі ў практыку М.​І.​Пірагоў і Ф.​І.​Іназемцаў (1847). Прынцыпова новым метадам анестэзіі было адкрыццё мясцоваанестэзоўнага дзеяння какаіну (рус. ўрач В.​К.​Анрэп, 1879; аўстр. Келер, 1884). З увядзеннем у практыку раствораў навакаіну пачало хутка развівацца мясц. абязбольванне: інфільтрацыйная, правадніковая і спіннамазгавая анестэзія (А.​В.​Вішнеўскі, С.​С.​Юдзін, І.​С.​Жораў, Я.​М.​Мяшалкін і інш.).

На Беларусі сістэматычныя даследаванні па анестэзіялогіі пачаліся ў канцы 1950 — пач. 1960 г. у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, мед. ін-тах. Вывучаюцца праблемы эндатрахеяльнага наркозу, камбінаванай анестэзіі, асаблівасцяў абязбольвання пры розных хірург. умяшаннях. Распрацоўваюцца пытанні штучнай вентыляцыі лёгкіх, артэрыяльнай гіпатэнзіі, гіпа- і гіпертэрміі (В.​К.​Зубовіч, І.​І.​Канус, І.​З.​Кляўзунік, А.​А.​Плавінскі, У.​У.​Спас, І.​З.​Столкарц, П.​В.​Цэдрык і інш.). Створана служба анестэзіялогіі — рэаніматалогіі з палатамі інтэнсіўнай тэрапіі.

Літ.:

Бунятян А.А., Рябов Г.​А.​Маневич А.З. Анестезиология и реаниматология. 2 изд. М., 1984;

Руководство по анестезиологии. М., 1994.

І.​І.​Канус.

т. 1, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТА́НТА (франц. Entente літар. згода),

ваенна-паліт. блок Вялікабрытаніі, Францыі, Расіі (Траістая згода), аформлены ў 1904—07; у 1-ю сусв. вайну аб’яднаў супраць герм. кааліцыі 25 дзяржаў. З узнікненнем Антанты фактычна закончыўся падзел дзяржаў Еўропы на 2 варожыя лагеры. Германія, значэнне якой у Еўропе вырасла пасля перамогі ў франка-прускай вайне 1870—71, падпісала ў 1879 саюз з Аўстра-Венгрыяй. У 1882 да яго далучылася Італія. Гэтым завяршылася стварэнне Траістага саюза 1879—82. У адказ Францыя і Расія заключылі франкарускі саюз 1891—93. Англія спрабавала застацца ў баку ад блокаў і быць міжнар. арбітрам, але ўзмацненне англа-герм. супярэчнасцяў прымусіла яе падпісаць англа-франц. (1904) і англа-рус. (1907) пагадненні, якія фактычна аформілі стварэнне Антанты. Расія і Францыя мелі ў гэтай групоўцы пэўныя ваен. абавязацельствы (Англія ад іх адмовілася). Рознагалоссі паміж удзельнікамі Антанты часткова былі згладжаны, але канчаткова не ліквідаваны. Іх спрабавала выкарыстаць Германія, каб вывесці з групоўкі Расію. Але гэтаму перашкаджала залежнасць Расіі ад франц. капіталу і ваен. пагроза з боку Германіі. У той жа час Антанта імкнулася ізаляваць ад Траістага саюза Італію (у маі 1915 апошняя перайшла на бок Антанты) і Аўстра-Венгрыю. На пач. 1-й сусв. вайны ўдзельнікі Антанты выступілі разам і ў вер. 1914 падпісалі пагадненне аб незаключэнні сепаратнага міру з Германіяй. У кастр. 1915 да пагаднення далучылася Японія і абвясціла вайну Германіі. У ходзе вайны да Антанты далучылася яшчэ 20 дзяржаў. Асноўны цяжар вайны неслі Расія і Францыя, на тэрыторыі якіх вяліся ваен. дзеянні. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917, калі Расія выйшла з Антанты, Англія і Францыя падпісалі пагадненне (23.12.1917) пра сумесную інтэрвенцыю ў Сав. Расію і падзел яе тэрыторыі. Антанта была ініцыятарам паходаў супраць Сав. дзяржавы (гл. Грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя ў Расіі 1918—20). Абвастрэнне супярэчнасцяў паміж дзяржавамі Антанты пасля заканчэння 1-й сусв. вайны прывяло да распаду гэтага блока.

т. 1, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НШЛЮС (ням. Anschluß літар. далучэнне),

патрабаванне аб’яднаць Аўстрыю з Германіяй у адзіную дзяржаву ў праграмах часткі аўстр. і герм. паліт. сіл пасля 1-й сусв. вайны. Рэалізаваны ў 1938—45. Спробы аншлюсу былі ў 1918, 1931 і 1934. 12.11.1918 Часовы нац. сход Аўстрыі па ініцыятыве дэпутатаў ад сацыял-дэмакратаў О.​Баўэра, В.​Адлера, К.​Рэнера і інш. самавольна абвясціў краіну састаўной часткай Герм. рэспублікі. Распачатая Баўэрам і яго паплечнікамі прапаганда аншлюсу не была падтрымана большасцю насельніцтва Аўстрыі. Баючыся ўзмацнення Германіі за кошт Аўстрыі, дзяржавы-пераможцы ў 1-й сусв. вайне забаранілі аншлюс. У сак. 1931 Германія і Аўстрыя падпісалі пагадненне аб мытным саюзе («халодны аншлюс»). Пратэсты ўрадаў Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі, Чэхаславакіі і Міжнар. суд у Гаазе прымусілі Германію і Аўстрыю адмовіцца ад пагаднення. Пасля прыходу да ўлады ў Германіі нац.-сацыялістаў (1933) і актывізацыі з іх боку руху за аншлюс аўстр. Хрысціянска-сацыяльная і Сацыял.-дэмакр. партыі выключылі патрабаванні аншлюса са сваіх праграм. У ліп. 1934 супраць намагання Гітлера прывесці да ўлады ў Вене мясц. нацыстаў і здзейсніць аншлюс выступіў фаш. дыктатар Італіі Мусаліні. У канцы 1937 — пач. 1938 Гітлер, дамогшыся згоды Мусаліні і не сустрэўшы пярэчанняў з боку Вялікабрытаніі і ЗША, забяспечыў знешнепаліт. падтрымку аншлюсу. У лют. 1938 ён прымусіў пайсці ў адстаўку аўстр. ўрад К.Шушніга. Прызначаны яшчэ гэтым урадам на 13 сак. плебісцыт праходзіў пад кантролем уведзеных у Аўстрыю 12.3.1938 герм. войскаў, што адбілася на яго выніках — 99% насельніцтва прагаласавалі за аншлюс. На пач. крас. 1938 Вялікабрытанія, Францыя, ЗША ліквідавалі свае дыпламат. місіі ў Вене, фактычна прызнаўшы аншлюс. У канцы 2-й сусв. вайны, пасля таго як тэр. Аўстрыі была занята войскамі краін антыгітлераўскай кааліцыі, прымусовы аншлюс ануляваны і адноўлена незалежная аўстр. дзяржава (1945).

Да арт. Аншлюс. Войскі Германіі ўступаюць у Вену. 1938.

т. 1, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)