БАСКУНЧА́К,

бяссцёкавае салёнае самасадачнае возера на Пн Прыкаспійскай нізіны, у Астраханскай вобласці Расійскай Федэрацыі. Пл. 106 км². Размешчана на 21 м ніжэй за ўзровень мора. Жыўленне пераважна водамі салёных крыніц, якія выходзяць каля падножжа гор В. і М.​Богда. Больш як 100 гадоў вядзецца здабыча кухоннай солі.

т. 2, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКТЫ́ЎНАЕ АСЯРО́ДДЗЕ,

1) у квантавай электроніцы — рэчыва, у якога высокія энергетычныя ўзроўні часцінак заселены больш, чым нізкія (т.зв. інверсная заселенасць). Вымушанае выпрамяненне актыўнага асяроддзя выкарыстоўваецца для ўзмацнення і генерацыі эл.-магн. хваляў (гл. Квантавы ўзмацняльнік, Квантавы генератар).

2) У оптыцы — рэчыва, якому ўласцівая натуральная аптычная актыўнасць.

т. 1, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПАТЭРМА́ЛЬНЫЯ РАДО́ВІШЧЫ,

радовішчы карысных выкапняў, якія ўтварыліся з гарачых мінер. раствораў у нетрах зямлі на глыб. да 10 км пры высокім ціску і т-ры больш за 300 °C. Пры адсутнасці непасрэднай сувязі паміж т-рай і глыбінёй рудаадкладання выкарыстоўваецца паняцце «высокатэмпературныя радовішчы».

У.​Я.​Бардон.

т. 5, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕТЭРАГЕНЕ́З (ад гетэра... + ...генез),

1) змена спосабаў размнажэння ў арганізмаў на працягу двух ці больш пакаленняў.

2) Раптоўнае ўзнікненне асобін, якія рэзка адрозніваюцца шэрагам прыкмет ад бацькоўскіх формаў. Адкрыццё гетэрагенезу ням. гістолагам Р.​А.​Кёлікерам (1864) і рус. вучоным С.​І.​Каржынскім (1899) дало пачатак мутацыйнай тэорыі.

т. 5, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́НАЎКА (ад польск. konew збан, кубак),

у беларусаў і інш. еўрап. народаў невялікая драўляная, радзей метал. або ганчарная пасудзіна (звычайна конусападобнай формы з ручкай), якая служыла для зачэрпвання і пералівання вадкасцей. Выкарыстоўвалася таксама як кубак для пітва, у такім выпадку мела больш падоўжаную, звычайна цыліндрычную форму.

т. 8, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕЙКАДЭ́РМА (ад грэч. leukos белы + дэрма),

парушэнне пігментацыі скуры ў выніку змяншэння ці знікнення ў ёй пігменту меланіну. Праяўляецца ў выглядзе шматлікіх больш светлых за колер скуры плям невял. памераў. Адрозніваюць Л. лекавую, прафесійную (пад уздзеяннем хім. рэчываў) і сіфілітычную пры другасным рэцыдыўным сіфілісе. Лячэнне тэрапеўтычнае.

т. 9, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІПАМЕТРЫ́Я (грэч. lipometria ад liepō не хапаць + metron памер),

замена склада паўзай у пачатку стопнага вершаванага радка. Робіць больш разнастайным рытмічна-інтанацыйны малюнак верша.

Па сялі́бах непрабу́дны
Згі́нуў со́н,
Прад вачы́ма шлях у со́нцы
Но́вых дзё́н.
(Я.​Купала. «Здаецца ж, было гэта ўчора...»)

А.​А.​Майсейчык.

т. 9, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІ́ТНАЕ НАСЫЧЭ́ННЕ,

стан пара- ці ферамагнетыка, пры якім яго намагнічанасць дасягае найб. значэння і больш не змяняецца пры павелічэнні напружанасці знешняга (намагнічвальнага) магн. поля. Абмяжоўвае рабочыя магнітныя патокі і выклікае нелінейнасць характарыстык, якія вызначаюць работу розных прылад і прыстасаванняў з магн. ланцугамі (напр., эл. машын, трансфарматараў, электрамагнітаў).

т. 9, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНАСКО́П (ад мана... + грэч. skopeō гляджу),

перадавальная электронна-прамянёвая прылада з нанесеным на паверхню мішэні нерухомым відарысам тэлевізійнай выпрабавальнай табліцы. Выкарыстоўваўся як крыніца стандартных сігналаў для праверкі і настройкі рознай тэлевізійнай апаратуры. Заменены на больш дасканалыя электронныя генератары выпрабавальных сігналаў, у т. л. на аснове мікра-ЭВМ.

т. 10, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНТА́НЬЯ (Montaña). Ла-Мантанья, вобласць усх. перадгор’яў Андаў у Перу, на У ад р. Укаялі, якая прымыкае да раўнін Амазоніі. Спадзістыя хрыбты т. зв. Субандыйскіх Кардыльераў (выш. 400—600 м) падзелены шырокімі раўніннымі паніжэннямі. Ападкаў больш як 3000 мм за год. Густыя вільготныя экватарыяльныя лясы. Радовішча нафты.

т. 10, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)