лая́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які знешне захоўвае вернасць у адносінах да дзяржаўнай улады. // Які сведчыць аб такой вернасці. Лаяльны ўчынак.
2. Які карэктна адносіцца да каго‑, чаго‑н. Шырокага лічылі іграком не зусім лаяльным, але аб гэтым яму ў вочы не казалі. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
звя́га, ‑і, ДМ звязе, ж.
Разм.
1. Назойлівае прыставанне з просьбамі, напамінамі, патрабаваннямі. Кляновіч і Пяхота вялі гутарку з сакратаром.. і рабілі выгляд, што не чулі звягі Зашчамілы. Пестрак.
2. Надакучлівы брэх (сабакі). Воўк сабакі не баіцца, але звягі не любіць. Прыказка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
маладзі́ць, ‑ладжу, ‑лодзіш, ‑лодзіць; незак., каго-што.
Надаваць больш малады выгляд. Гадоў .. [рыбаку] было можа трыццаць з гакам, але твар быў да чарнаты загарэлы і гладка паголены, і гэта прыкметна маладзіла яго. Чыгрынаў. Цёплы духмяны вецер .. малодзіць шчокі і весела плюшчыць вочы. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
касава́цца, касуецца; незак.
1. Зал. да касаваць.
2. Разм. Знікаць, траціцца. Рэдка здараецца, што мяжа паміж перакладам і арыгіналам касуецца. Лужанін.
3. Абл. Бянтэжыцца, губляцца. Маленькія вочкі .. [Грыгарца] ўжо замасліліся, але ён не пасаваўся перад чаркамі і ліў іх, як у бочку. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
жанглі́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак., чым і без дап.
Спрытна падкідваць і лавіць адначасова некалькі прадметаў. Паяўляецца Навум, бярэ ў рукі некалькі шарыкаў і пачынае імі жангліраваць. Мікуліч. // перан. Спрытна, але адвольна абыходзіцца з фактамі, словамі і пад. Жангліраваць фактамі. Жангліраваць цытатамі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
забія́ка, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑біяцы, Т ‑біякай, ж.
Разм. Той, хто любіць распачынаць бойкі; буян, задзіра. Пеця — хлопчык неблагі. Не скнара, не забіяка. Хомчанка. Адны [хлапчукі] падбухторвалі забіякаў, другія смяяліся, але вось нехта крыкнуў: — Разбараніце іх! Ваданосаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мло́сны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да млосці. У Ярыгі кружылася галава, але пачуццё звычайнай чалавечай цікаўнасці перамагло млосную слабасць. Лынькоў.
2. перан. Прыкры, цяжкі; моташны. Млосны камарыны гуд. Млосная ноч. □ Стаіць млосная, з густым пахам соснаў і ягад, цішыня. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
на́двае, прысл.
1. На дзве часткі; папалам. Для адводу вачэй [Міця] яшчэ з раніцы пайшоў з касой у кусты, але не косіць, а пілуе рашпілем надвае зенітны снарад. Навуменка.
2. перан. Разм. Няпэўна, дапускаючы розныя варыянты.
•••
Бабка надвае варажыла (гадала) гл. бабка 1.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
настаўле́нне, ‑я, н.
1. Павучанне, настойлівая парада. Бацькоўскае настаўленне. □ — Не лезь ты са сваімі настаўленнямі, — агрызнуўся, але без злосці Ваўчок. Хадкевіч. // Парада, якая што‑н. растлумачвае. Вася Захараўна дае апошнія настаўленні, як абыходзіцца з дзіцем. Сабаленка.
2. Інструкцыя. Настаўленне па вайсковай справе.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
насты́рны, ‑ая, ‑ае.
Разм. Настойлівы, напорысты, упарты ў дасягненні чаго‑н. Адзін настырны карэспандэнт усё дапытваўся, у чым сакрэт поспеху яго, Альбіна Іванавіча, работы. Даніленка. На Прывакзальнай плошчы зачыняліся магазіны, але пад дзвярыма стаялі запозненыя і настырныя пакупнікі і прасіліся нешта купіць. Адамчык.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)