КАСО́ВІЧ (Каятан Андрэевіч) (14.5.1814, г. Полацк Віцебскай вобл. — 7.2.1883),
бел. і рускі вучоны-ўсходазнавец; адзін з першых санскрытолагаў Расіі. Скончыў Віцебскую гімназію (1832), Маскоўскі ун-т (1836). Чл. Рускага геагр.т-ва (1849). З 1850 рэдактар навук. прад Публічнай б-кі ў Пецярбургу. З 1864 праф. Харкаўскага, з 1865 — Пецярбургскага ун-таў. Пераклаў на рус. мову і выдаў стараж.-інд. драмы «Сунд і Упесунд» (1844), «Сказанне пра Дгруву» (1848), «Васантазена» (1849) і інш., урыўкі з эпасу «Махабхарата», «Яўрэйскую граматыку» Г.Ф.В.Гезеніуса і «Яўрэйскую хрэстаматыю» (1874—75), выдаў «Грэчаска-рускі слоўнік» (з І.Касовічам, 1847), збор стараж.-перс. клінападобных надпісаў (1872), склаў 1-ы ў Расіі «Санскрыта-рускі слоўнік» (1854, выд. не закончана). Верагодна, аўтар публікацыі бел.нар. песні з каментарыем, у якім падкрэслівалася своеасаблівасць бел. мовы (газ. «Молва», 1835, № 21, подпіс «Белорусс К.К.»).
Літ.:
Бас І. Эцюды пра вучоных // Маладосць. 1971. № 8;
Булахов М.Г. Восточнославянские языковеды: Биобиблиогр. словарь. Мн., 1976. Т. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТА́ЕЎ (Віталь Віталевіч) (н. 23.12.1925, г. Кіраў, Расія),
бел. і расійскі дырыжор. Засл. арт. Беларусі (1966). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1956), з 1971 выкладае ў ёй (з 1992 праф.). З 1956 дырыжор сімф. аркестра Карэльскага радыё і муз. кіраўнік фінскага драм.т-ра, з 1960 выкладчык Муз.-пед. ін-та імя Гнесіных. У 1962—71 гал. дырыжор Дзярж.сімф. аркестра Беларусі, адначасова педагог Бел. кансерваторыі. Сярод твораў, выкананых на Беларусі ўпершыню пад яго кіраўніцтвам: 8-я і 13-я сімфоніі Дз.Шастаковіча, «Вясна свяшчэнная» і «Сімфонія псалмоў» І.Стравінскага, опера «Разумніца» К.Орфа, 10-я сімфонія і «Песня аб зямлі» Г.Малера, «Ваенны рэквіем» Б.Брытэна, сцэн. араторыя «Жанна д’Арк на кастры» А.Анегера. Інтэрпрэтаваў сімфоніі Л.Абеліёвіча, М.Аладава, Я.Глебава, Дз.Смольскага, кантату «Беларускія песні» і канцэрт для кантрабаса з арк. А.Багатырова, вак.-сімф. паэму «Попел» С.Картэса і інш. творы бел. кампазітараў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ПЕЛЬ (Вітаўт Яўхімавіч) (н. 30.5.1927, Мінск),
грамадскі дзеяч бел. эміграцыі, гісторык, бібліёграф. Д-ргеал.н. (1955). Ганаровы праф. Гродзенскага ун-та (1993). Сын Я.Кіпеля, муж З.Кіпель. Скончыў Каталіцкі ун-т у г. Лёвен (Бельгія, 1953) і Ратгерскі ун-т у г. Нью-Брансуік (ЗША, 1962). У 1935—42 разам з маці жыў у г. Арол. У 1942 сям’я вярнулася ў Мінск. З 1944 у эміграцыі ў Германіі. У 1945—48 вучыўся ў Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы. З 1955 у ЗША, працаваў у навук.-прамысл. кампаніях і Балтымарскім ун-це. У 1962—85 супрацоўнік Нью-Йоркскай публічнай б-кі, займаўся складаннем і апрацоўкай бел. бібліяграфіі. З 1982 старшыня Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку. З 1993 нам. старшыні згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына». Аўтар прац па гісторыі Беларусі і бел. эміграцыі. Разам з З.Кіпель склаў бібліяграфію «Янка Купала і Якуб Колас на Захадзе» (1985), хрэстаматыю і бібліяграфію «Беларуская дзяржаўнасць» (1988).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́БЕЦ-ФІЛІМО́НАВА (Алена Рыгораўна) (н. 13.10.1932, Мінск),
бел. пісьменніца. Дачка Р.Я.Кобеца. Скончыла Бел. кансерваторыю (1969), Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1971). Выкладала музыку ў навуч. установах Расіі, Беларусі. У 1971—83 працавала на кінастудыі «Беларусьфільм», у выд-ве «Юнацтва». Друкуецца з 1959. У творах для дзяцей і юнацтва тэмы дабрыні, любові да роднай зямлі, праблемы экалогіі і маральна-этычныя. Аўтар паэт. зб-каў «Казка пра месяц» (1963), «Залаты ручнік» (1972), аповесцей «Жаваранкі над Хатынню» (1973), «Блакітны экспрэс» (1976; аднайм. п’еса, паст. 1978), рамана «Агні за перавалам» (1985), кнігі нарысаў пра Грэцыю «У каралеўстве... але не казачным» (1968), сцэнарыя мультфільма «Вася Буслік і яго сябры» (паст. 1974). На бел. мову пераклала зб. вершаў грэч. паэта Я.Рыцаса «Макронісас» (1973).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́КШТЫС (Тадэвуш Антонавіч) (н. 31.10.1934, в. Хоўхлава Маладзечанскага р-на Мінскай вобл.),
бел. акцёр. Нар.арт. Беларусі (1984). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1958). З 1958 у Бел.акад. т-ры імя Я.Коласа. Характарны камедыйны акцёр. Яго творчасці ўласцівы спалучэнне вострасатыр. фарбаў і прыёмаў падкрэсленага камізму, набліжанага да гратэску і буфанады, з арганічнай рэаліст. манерай выканання. Лепшыя ролі ў нац. рэпертуары: Васількевіч, Жабрак («Навальніца будзе», «Сымон-музыка» паводле Я.Коласа), Другі шляхціц («Несцерка» В.Вольскага), Салдат («Вайна пад стрэхамі» паводле А.Адамовіча), Кічкайла («Амністыя» М.Матукоўскага), Касінскі («Званы Віцебска» У.Караткевіча), Скаромны («Таблетку пад язык» А.Макаёнка), Шаргаёў і Гастрыт («Парог» і «Вечар» А.Дударава). Сярод роляў у класічнай і сучаснай драматургіі: Труфальдзіна («Слуга двух гаспадароў» К.Гальдоні), Акім («Улада цемры» Л.Талстога), Дыдыс («Ветрык, вей!» Я.Райніса), Лапчанка («Іркуцкая гісторыя» А.Арбузава), Мячоткін («Апошнім летам у Чулімску» А.Вампілава).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КОММУНИ́СТ БЕЛОРУ́ССИИ»,
тэарэтычны і паліт. часопіс ЦККПБ. Выдаваўся ў маі 1922 — верасні 1991 штомесяц у Мінску. Да 1925 наз. «Вперёд», у студз.—лют. 1927 — «Весткі Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі», з сак. 1927 — «Бальшавік Беларусі» (на бел. мове, з вер. 1948 на бел. і рус. мовах), з ліст. 1952 — «Камуніст Беларусі» (да 1965 на бел. і рус. мовах). Прапагандаваў ідэі марксізму-ленінізму, асвятляў пытанні тэорыі і практыкі камуніст. будаўніцтва, прапагандаваў вопыт парт.-арганізац. і ідэалаг. работы КПБ, практыкі кіраўніцтва гасп. і сац.-культ. жыццём у рэспубліцы. Друкаваў матэрыялы з’ездаў КПСС і КПБ, пленумаў ЦК партыі, артыкулы парт., сав. і гасп. дзеячаў, вучоных, пісьменнікаў, публіцыстаў па пытаннях дзярж. будаўніцтва, навук. сацыялізму, філасофіі, гісторыі, паліт. эканоміі, л-ры і мастацтва. Шэрагу публікацый уласцівы вульгарна-сацыялагічны падыход, адсутнасць крытычнага погляду, суб’ектывізм і дагматызм. Змяшчаў матэрыялы пра падзеі міжнар. жыцця, сувязі Беларусі з замежнымі краінамі, публікаваў рэцэнзіі і водгукі на новыя кнігі, рабіў агляды рэсп.перыяд. выданняў. Выйшла 800 нумароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́САЎ (Сільвестр) (канец 16 ст., маёнтак Жаробычы Віцебскага ваяв. — 23.4.1657),
бел. і ўкр. царкоўны дзеяч, пісьменнік-публіцыст. Скончыў Віленскую брацкую школу, Люблінскі езуіцкі калегіум і Замасцянскую акадэмію. Выкладаў рыторыку ў Вільні і Львове. З 1631 праф. філасофіі ў Кіева-Пячэрскай школе, з 1633 архімандрыт Кіева-Пячэрскай лаўры, з 1634 епіскап магілёўскі, аршанскі, мсціслаўскі. У 1646 заснаваў Магілёўскі жаночы манастыр пры царкве св. Мікалая. У 1647—57 мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Русі (у межах Рэчы Паспалітай), экзарх канстанцінопальскага патрыяршага прастола. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 выступаў супраць падначалення Кіеўскай мітраполіі Маск. патрыярхату і далучэння ўкр. і бел. зямель да Расіі. Пісаў на польск. і царк.-слав. мовах. Аўтар публіцыст. і багаслоўскіх твораў «Экзегезіс» (1635, Вільня; прапанаваў новую сістэму адукацыі, абараняў правасл. святароў ад абвінавачванняў у пратэстантызме), «Патэрыкон, або зборнік жыццяў святых пячорскіх айцоў» (1635, перавыд. 1661, 1678), «Дыдаскалія, або навука для святароў» (1637, Куцейна) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́БЕДЗЕЎ (Віктар Цімафеевіч) (н. 13.1.1932, г. Арол, Расія),
бел. акцёр. Нар.арт. Беларусі (1992). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1955). З 1956 працуе ў Бел. т-ры юнага гледача. Акцёр шырокага творчага дыяпазону. Яго творчасць адметная спалучэннем псіхал. аналізу з выразным знешнім малюнкам. Ролі будуе на эмацыянальных кантрастах, тонка адчувае жанравыя асаблівасці твора. Сярод роляў: Трахім («Прымакі» Я.Купалы), Кароль, Самахвальскі («Цудоўная дудка», «Несцерка» В.Вольскага), Халімон («Подых навальніцы» І.Мележа), Кароль («Сярэбраная табакерка» З.Бядулі), Анатоль, Андрэй («Папараць-кветка», «Над хвалямі Серабранкі» І.Козела), Круціцкі, Рыспаложанскі («На ўсякага мудраца хапае прастаты», «Банкрут» А.Астроўскага), Румін («Дачнікі» М.Горкага), Хлестакоў («Рэвізор» М.Гогаля), Фёдар («У пошуках радасці» В.Розава), Пратэй, Мальволіо («Два веронцы», «Дванаццатая ноч» У.Шэкспіра), Панталоне («Зялёная птушка» К.Гоцы), Трэлані, Ліўсі («Востраў скарбаў» Р.Стывенсана), Артур («Авадзень» паводле Э.Войніч), Юліус («Новыя прыгоды Карлсана» паводле А.Ліндгрэн) і інш. Здымаецца ў кіно і на тэлебачанні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ТАРА (лац. littera),
графічны знак у складзе алфавіта для абазначэння на пісьме пэўнага гука ці спалучэння гукаў. Л. бываюць рукапісныя і друкаваныя, малыя (радковыя) і вялікія. Звычайна Л. абазначае адзін гук, зрэдку — два, напр., «ёрш» («jоpш»), «яма» («jама»), Некаторыя Л. ў розных становішчах могуць абазначаць розныя гукі («быць» — «біць», «лук» — «люк»). Часам адзін гук перадаецца спалучэннем Л., напр., бел. «дж», «дз» («дж», «дз’»), польск. sz, cz («ш», «ч»), У некаторых сістэмах пісьма ёсць Л., якія гукаў не абазначаюць (бел. і рус. «ь», рус. «ъ»). Арфаграфія ў параўнанні з гукавымі сістэмамі развіваецца павольней, таму графічнае аблічча слова часта не супадае з яго гукавым складам, напр., бел. «касьба» («каз’ба»), рус. «вода» («вада»). У стараж.-грэч., стараж.-рус. і старабел. пісьменнасцях асобныя Л. мелі лікавае значэнне.
Літ.:
Сучасная беларуская літаратурная мова: Уводзіны. Лексікалогія. Фразеалогія. Лексікаграфія. Фразеаграфія. Фанетыка. Арфаэпія. Графіка. Арфаграфія. 3 выд.Мн., 1993;
Камароўскі Я.М. Сучасная беларуская арфаграфія. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТВІ́НАЎ (сапр.Гурэвіч) Леў Маркавіч
(9.4.1899, Мінск — 21.3.1963),
бел. рэжысёр. Засл. дз. маст. Беларусі (1946). Засл. дз. маст. Татарстана (1953). Скончыў Бел.драм. студыю ў Маскве (1926). У 1921—23 кіраваў у Мінску маст. самадзейнасцю. Аўтар сцэнарыя і пастаноўшчык (з Е.Міровічам і Бейтлерам) масавага дзейства «Праца і капітал» (1921). У 1927—32 і 1942—43 рэжысёр Дзярж.яўр.т-ра Беларусі (найб. значная пастаноўка — «Авечая крыніца» Лопэ дэ Вэгі, 1927). Маст. кіраўнік (1932—37) і гал. рэжысёр (1943—48) Бел.т-ра імя Я.Купалы. Сярод пастановак: «Бацькаўшчына» К.Чорнага (1932), «Канец дружбы» К.Крапівы (1934) і «Салавей» З.Бядулі (1937, абедзве з Л.Рахленкам), «Паўлінка» Я.Купалы (1944), «Недаростак» Дз.Фанвізіна (1933), «Позняе каханне» (1944) і «Таленты і паклоннікі» (1950) А.Астроўскага, «Рамэо і Джульета» У.Шэкспіра (1946) і інш. З 1950 гал. рэжысёр Казанскага т-ра імя Качалава (паставіў «Лявоніху на арбіце» А.Макаёнка, 1961).