АХВЛЕДЫЯ́НІ (Алена Дзмітрыеўна) (5.4.1901, г. Тэлаві, Грузія — 1975),
жывапісец, графік, тэатр. мастак. Нар. мастак Грузіі (1960). Вучылася ў Тбіліскай АМ (1922), у Італіі, Парыжы (1922—27). Майстар пейзажа: панарамныя віды груз. гарадоў, у т. л. серыя «Стары і новы Тбілісі» (1961—67). Ілюстравала творы Э.Нінашвілі, І.Чаўчавадзе, Г.Лангфела, Важа Пшавелы. Аформіла шэраг фільмаў і больш за 60 спектакляў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАДО́ЛЬЁ ((Badoglio) П’етра) (28.9.1871, Грацана-Манферата, правінцыя П’емонт, Італія — 31.10.1956),
дзяржаўны і ваенны дзеяч Італіі, маршал (1926). Галоўнакамандуючы італьян. войскамі ў італа-эфіопскай вайне 1935—36, пасля захопу Эфіопіі віцэ-кароль (1936—37). Удзельнік дзярж. перавароту 25.7.1943, які прывёў да падзення фаш. дыктатуры Б.Мусаліні. У 1943—44 прэм’ер-міністр. Урад Бадольё 3.9.1943 у Касібілі падпісаў з антыфаш. кааліцыяй дагавор аб ваенным перамір’і і 13.10.1943 абвясціў вайну Германіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕНІ́НСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямёнаў бронзавага веку (2-я пал. 2-га тыс. да н.э.), што жылі ў Італіі. Назва ад Апенінскага п-ва. Насельніцтва займалася пераважна жывёлагадоўляй на высакагорных пашах, жыло ў пячорах і на ўмацаваных паселішчах. Прылады вырабляліся з косці, рогу і каменю; бронзавыя рэчы трапляюцца адносна рэдка. Характэрны групавыя пахаванні паводле абраду трупапалажэння. Кераміка — цемнаглянцавая, упрыгожаная стужачным арнаментам з белай інкрустацыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬПІ́ЙСКІЯ СТРАЛКІ́,
воіны, аснашчаныя спец. рыштункам і зброяй і падрыхтаваныя для вядзення бою ў гарах. Першыя фарміраванні з’явіліся ў канцы 18 ст. ў Францыі, прызначаліся для баявых дзеянняў у Альпах (адсюль назва) і складаліся ў асн. з жыхароў горных раёнаў. Назва захавалася ў Францыі, Італіі і некаторых інш. краінах як сінонім паняццяў «горныя» і «горнапяхотныя» войскі, якія ўваходзяць у склад сухапутных войскаў (гл. таксама Горныя войскі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ДЫДЖЭ (Adige),
рака на ПнІталіі. Даўж. 410 км, пл.бас. 14,7 тыс.км², большая ч. — у Альпах. Пачынаецца на З Эцтальскіх Альпаў, да г. Верона цячэ ў трогавай даліне, у ніжнім цячэнні — па Паданскай раўніне. Упадае ў Адрыятычнае м., утвараючы агульную дэльту з р. По. Паводкі вясной і восенню. Сярэдні расход вады 266 м³/сек. Суднаходная ў ніжнім цячэнні. ГЭС. На рацэ г. Верона.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІЕРО́Н I (грэч. Hierōn) Старэйшы
(?, г. Катанія, Італія — 467 да н.э.),
правіцель г. Гела ў Сіцыліі ў 484—478, тыран у Сіракузах у 478—467 да н.э. Разграміў у 474 флот этрускаў каля г. Кум, падпарадкаваў гарады ПдІталіі Месана, Рэгій і інш. Пры ім Сіракузская дзяржава дасягнула росквіту. Спрыяў мастацтву, пры яго двары тварылі філосафы і паэты Эпіхарм, Сіманід, Бакхілід, Піндар і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРА́РА (Carrara),
горад у Цэнтр.Італіі, у вобласці Таскана, за 6 км ад берага Лігурыйскага м. 68 тыс.ж. (1987). Са старажытнасці вядомы кар’ерамі белага (Карарскага) мармуру; каля палавіны занятых у прам-сці працуюць на яго здабычы і апрацоўцы. Прадпрыемствы хім. і металаапр. прам-сці. Вытв-сць машын для апрацоўкі мармуру. Школа маст. апрацоўкі мармуру. Акадэмія прыгожых мастацтваў (з 1769). Арх. помнікі 12—14 ст. Музей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЦЭ́НЫ, піцэнты (лац. piceni),
старажытнае італійскае племя, якое па мове адносілася да оска-умбраў. Жылі ва ўсх. частцы Італіі (вобл. Піцэн). Лічаць, што П. перасяліліся ў Італію ў пач.жал. веку. Змяшаўшыся са стараж. насельніцтвам Піцэна, стварылі своеасаблівую культуру Навілара (9—7 ст. да н.э.).
У 269—268 да н.э. заваяваны рымлянамі; нязначную частку П., якія жылі на Пд Кампаніі, рымляне адцяснілі ў Луканію да Пестума.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯНІ́СІЙ (грэч. Dionysios),
імя правіцеляў-тыранаў (гл.Тыранія) стараж.-грэч.Сіракузаў.
Д. I Старэйшы (каля 432—367 да н.э.), тыран [406—367 да н.э.]. Вылучыўся ў час вайны з Карфагенам (408—405 да н.э.). Захапіўшы ўладу, рэарганізаваў армію і флот, праследаваў паліт. праціўнікаў, разбураў грэч. гарады, прадаваў насельніцтва ў рабства, канфіскоўваў землі. У 398—367 да н.э. (з перапынкамі) вёў войны з карфагенянамі за панаванне на тэр. Сіцыліі, Корсікі, Італіі. Ператварыў Сіракузы ў гандл. і культ.цэнтр. Аўтар шэрагу трагедый, вершаў, песень.
Д. II Малодшы, тыран [367—357 і 346—344 да н.э.]. Старэйшы сын Д. I. Праводзіў курс на ліквідацыю органаў нар. дэмакратыі. Спыніў вайну з Карфагенам, якую вёў яго бацька. Каля 357 змагаўся ў Паўд.Італіі з грэч. гарадамі і плямёнамі луканаў, але ўладу ў Сіракузах захапіў сваяк Дыён. У 346 да н.э. зноў авалодаў Сіракузамі, у 344 да н.э. здаў горад карынфскаму палкаводцу Тымалеёну. Быў жрацом багіні Кібелы. Памёр у выгнанні.
Літ.:
Фролов Э.Д. Сицилийская держава Дионисия (IV в. до н.э.). Л., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНУЭ́ЗСКАЯ ШКО́ЛА,
мастацкая школа ў Італіі 16—17 ст.У архітэктуры сфарміравалася да сярэдзіны 16 ст.; яе росквіт звязаны з творчасцю Г.Алесі, яго вучняў і паслядоўнікаў (Р.Лурага і інш.). Яе характэрныя рысы выявіліся ў структуры гар. палацца, які спалучаў урачыстую пышнасць з інтымнасцю вясковай сядзібы. У жывапісе склалася да 1630-х г. пад уплывам італьян. майстроў 2-й пал. 16 ст. і фламандцаў, што працавалі ў Генуі (П.П.Рубенс, А. ван Дэйк). Яе вядучы мастак — венецыянец Б.Строцы, у творах якога мясц. традыцыі спалучаліся з маляўнічасцю і эмацыянальнасцю флам. мастацтва. Майстры Генуэзскай школы выконвалі парадныя арыстакратычныя партрэты, рэліг. кампазіцыі і дэкар. размалёўкі; набылі вядомасць і творы т.зв. пастаральнага жанру, дзе значнае месца займалі пейзаж, хатняе начынне і жывёла (Дж.Б.Кастыльёне, А.М.Васала). Усхвалявана-рамант. кампазіцыі стварыў В.Кастэла, «жывапіс мазка і плямы» якога набылі пашырэнне ў Генуі і інш.маст. цэнтрах Паўн.Італіі.
Літ.:
Виппер Б.Р. Проблема реализма в итальянской живописи XVII—XVIII вв. М., 1966.
Да арт.Генуэзская школа. Б.Строцы. Святы Лаўрэнцій раздае міласціну. 1630—44.