ДРУ́ЖБА,

форма адносін паміж людзьмі, заснаваная на добраахвотнасці, узаемнай прыхільнасці, павазе і трываласці. Этыка вывучае Д. як абсалютную, самадастатковую каштоўнасць. У гісторыі філасофіі Д. разглядалася пераважна ў этычным плане, падкрэсліваўся яе эмацыянальны аспект (М.​Мантэнь) або ў аснову ўзнікнення Д. ставілася агульнасць інтарэсаў і разумны эгаізм (К.​Гельвецый). Сапраўдны культ Д. быў створаны ням. рамантыкамі, якія бачылі ў ёй выратаванне ад эгаізму; сацыялісты-утапісты прапаведавалі ўстанаўленне Д. ўсіх людзей. Псіхал. змест, асн. функцыі, заканамернасці развіцця Д. залежаць ад полаўзроставых і індывід.-асобасных асаблівасцей чалавека. На кожным з жыццёвых этапаў Д. мае сваю маральна-псіхал. каштоўнасць, з’яўляецца адным з найважнейшых фактараў фарміравання асобы, падтрымкі стабільнасці Я-канцэпцыі. Найб. значнасць і выключнасць Д. набывае ў юнацтве. Пазней мяняецца структура адносін, яны становяцца больш дыферэнцыраванымі і цесна звязанымі з колам інш. прыхільнасцей і сувязей (сямейных, роднасных, прафес. і інш.). Паняцце «Д.» блізкае, але не тоеснае паняццям любові, таварыскасці, дзелавых узаемаадносін. У шырокім сэнсе Д. азначае і міжасобасныя і сац. адносіны. Д. звязвае паміж сабой групы людзей (калектывы, нацыі, народы). Д. народаў грунтуецца на ўзаемнай павазе да традыцый, культуры кожнага народа, на прызнанні іх самабытнасці і унікальнасці, правоў на самаст. вырашэнне свайго гіст. лёсу.

Л.​І.​Навуменка.

т. 6, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАПАМО́ЖНАЯ ШКО́ЛА,

спецыяльная навучальна-выхаваўчая ўстанова для разумова адсталых дзяцей, задача якой — максімальная карэкцыя парушэнняў іх псіхічнага і фіз. развіцця ў працэсе вучобы, выхавання, а таксама заняткаў па выпраўленні дэфектаў развіцця і лячэбна-аздараўленчай работы. Прызначана забяспечыць адаптацыю і інтэграцыю дзяцей у грамадстве за кошт прафесійна-прац. падрыхтоўкі і інтэграванага навучання ў адпаведнасці з узроставымі і індывід. асаблівасцямі іх разумовага і фіз. развіцця. Першыя Д.ш. ўзніклі ў Германіі і Францыі ў 1-й пал. 19 ст. У Беларусі адкрыты ў 1918—20 (у Віцебску, Магілёве, Мінску). Асн. тып Д.ш. — школы-інтэрнаты. Частка дзяцей вучыцца ў звычайных школах (інтэграванае навучанне), некат. атрымліваюць карэкцыйную дапамогу на дэфекталагічных пунктах і ў дыягностыка-рэабілітацыйных цэнтрах. Навучанне вядзецца па спец. вучэбных планах, праграмах і падручніках. Напаўняльнасць класаў каля 12 чал. Большасць выпускнікоў Д.ш. уключаюцца ў вытв. працу. Дзеці з цяжкай формай разумовай адсталасці знаходзяцца ва ўстановах Мін-ва сац. абароны (дамы-інтэрнаты псіханеўралагічнага профілю). Пед. кадры для Д.ш. са спец. сярэдняй адукацыяй рыхтуюць Салігорскае пед. вучылішча і Магілёўскі пед. каледж, з вышэйшай — Бел. пед. ун-т. Навукова-даследчую работу ў гэтым кірунку вядзе Нац. ін-т адукацыі. У 1996/97 навуч. г. ў Беларусі 49 Д.ш.

Т.​Л.​Ляшчынская.

т. 6, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОМАСЕКСУАЛІ́ЗМ (ад гома... + лац. sexualis палавы),

сексуальная інверсія, гомаэратызм, сексуальнае адхіленне, якое характарызуецца палавой схільнасцю да асоб свайго полу. Вядомы са старажытнасці. Сюжэты на гэту тэму трапляюцца на наскальных відарысах каменнага веку. Пашыранасць гомасексуалізму ў свеце вагаецца сярод мужчын ад 1 да 4%, у жанчын ад 1 да 3%. Пры мужчынскім гомасексуалізме задавальненне палавой цягі ажыццяўляецца рознымі шляхамі, у т. л. праз увядзенне палавога члена ў задні праход партнёра (педэрастыя), пры жаночым гомасексуалізме (гл. Лесбіянства) — шляхам узбуджэння палавых органаў рознымі часткамі цела партнёршы або шляхам імітацыі палавога акта. Гомасексуалізм можа быць пастаянны або часовы. На фарміраванне гомасексуалізму ўплываюць генетычныя фактары і асаблівасці індывід. развіцця.

Гомасексуалізм асуджаўся грамадствам ва ўсе часы. Адмоўныя адносіны да гомасексуалізму ўзмацніліся з пераходам да хрысціянства. У сярэднявеччы гомасексуалізм праследаваўся законам, царквой, інквізіцыяй. У наш час гомасексуалізм небяспечны ў сувязі з пашырэннем СНІДу, адной з крыніц якога з’яўляюцца гомасексуальныя кантакты. Сучасныя навук. ўяўленні зыходзяць з таго, што гомасексуалізм — толькі інш. сексуальная арыентацыя (не хвароба ці ненармальнасць). У шэрагу краін Амерыкі і Еўропы пачаліся працэсы легалізацыі гомасексуалізму. Прафілактыка гомасексуалізму заключаецца найперш у правільным гігіенічным і палавым выхаванні, фарміраванні ў дзіцяці адпаведных паларолевых паводзін і арыентацый.

т. 5, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ЕШ ((Illyés) Дзьюла) (2.11.1902, г. Мадзвяратад, Венгрыя — 15.4.1983),

венгерскі пісьменнік. У 1919—26 у эміграцыі. Вучыўся ў Сарбоне (Францыя). Як паэт пачынаў пад уплывам экспрэсіянізму і сюррэалізму, паступова пераходзячы да рэаліст. метаду. У 1950—60-я г. ў яго паэзіі ўзмацніліся экзістэнцыялісцкія тэндэнцыі. У творах І. праблемы нац. памяці, узаемадачынення гісторыі і сучаснасці, асобы і ўлады, індывід. і нар. быцця: паэт. зб-кі «Цяжкая зямля» (1928), «Скошаныя шэрагі» (1930), «Пад лятучымі нябёсамі» (1935), «Гармонія сярод руін» (1937), «Гледзячы ў вочы» (1947), «Поціскі рук» (1956), «Нахілены ветразь» (1965), «Незакончаныя вершы» (1971), «Дзіўны тэстамент» (1977), шматлікія паэмы. Аўтар раманаў «Людзі пушты» (1936), «У ладдзі Харона, або Сімптомы старасці» (1969), «Пажы Беатрычэ» (1979); драм «Псіхааналітык» (1948), «Прыклад Азоры», «Полымя паходні» (абедзве 1952), «Фаварыт» (1963), «Чыстыя» (1969), «Усё ці нічога, або Два жыцці ці ніводнага» (1974) і інш.; дарожных нататак «Расія» (1935), біягр. кн. «Пецёфі» (1936), крытычных артыкулаў і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Петёфи. М., 1972;

Избранное. М., 1975;

Избр. лирика. М., 1979;

Пьесы. М., 1982.

Літ.:

Россиянов О.К. Реализм в новой венгерской прозе, 60—70-е гг. XX века. М., 1979.

Е.​А.​Лявонава.

т. 7, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДУ́КЦЫЯ ў фізіялогіі,

дынамічнае ўзаемадзеянне нервовых працэсаў узбуджэння і тармажэння. Выражаецца ў тым, што тармажэнне ў групе нерв. клетак выклікае ўзбуджэнне (станоўчая І.) і, наадварот, калі першаснае ўзбуджэнне індуцыруе тармажэнне (адмоўная І.). Мае 2 формы: адначасовую, калі ўзбуджэнне ў адным участку мозга выклікае тармажэнне ў суседніх і наадварот; паслядоўную, калі змена адносін праходзіць з цягам часу. Характэрна для ўсіх аддзелаў нерв. сістэмы. Абмяжоўвае распаўсюджванне нерв. працэсаў і спрыяе іх канцэнтрацыі. Прыклад адмоўнай І.: моцнае раздражненне слыхавога цэнтра (напр., рэзкі званок) выклікае тармажэнне ў харчовым, бо спыняецца слінавыдзяленне. У эмбрыялогіі І. — уздзеянне адных частак (індуктараў) зародка, які развіваецца, на другія яго часткі (сістэмы, якія рэагуюць). Адкрыта ням. эмбрыёлагам Г.​Шпеманам (1901). Адбываецца пры кантакце і вызначае напрамак развіцця сістэмы, якая рэагуе, гоматыпічны, калі дыферэнцыроўка падобна індуктару, і гетэратыпічны, калі адрозніваецца ад яго. Пашырана сярод хордавых і многіх беспазваночных жывёл. Ажыццяўляецца пры ўмове, што клеткі сістэмы, якая рэагуе, здольны ўспрымаць індуцыраваны стымул і адказваць на яго стварэннем адпаведных структур. Тэрмінам «І.» вызначаюць таксама больш шырокі круг з’яў у індывід. развіцці жывёл і раслін: дыферэнцыроўка другасных палавых прыкмет, лінька лічынак насякомых, дыферэнцыроўка і рост раслін фітагармонамі, святлом, т-рай і інш.

А.​С.​Леанцюк.

т. 7, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНФАРМА́ЦЫЯ (ад лац. conformatio форма, размяшчэнне) у хіміі, пэўнае размяшчэнне ў прасторы атамаў малекулы вядомай канфігурацыі; адно з асн. паняццяў стэрэахіміі. Пераход паміж К. адбываецца ў выніку вярчэння фрагментаў (атамаў ці груп атамаў) малекулы адносна простых сувязей, выгінання і інш. дэфармацый сувязей, якія не змяняюць канфігурацыю малекулы.

Малекула мае некалькі К., кожнай з іх адпавядае пэўная энергія. Адрозніваюць К. з макс. (заслоненыя К.) і мінім. значэннем энергіі (запаволеныя К.). Напр., для малекулы этану H3C—CH3 магчыма існаванне 2 К., якія максімальна адрозніваюцца па энергіі — запаволеная і заслоненая, энергетычны бар’ер вярчэння адносна сувязі вуглярод-вуглярод складае ~13 КДж/моль. Заслоненыя К. адпавядаюць энергетычным бар’ерам пераходаў паміж адносна стабільнымі запаволенымі. У час вярчэння фрагментаў малекулы адносна сувязей магчыма ўтварэнне некалькіх К., якім адпавядае мінімум энергіі, такія К. наз. канфармерамі. Пры высокіх значэннях энергіі вярчэння (больш за 80 КДж/моль пры т-ры 300 К) канфармеры — геам. ізамеры (гл. Геаметрычная ізамерыя), атропаізамеры (напр., ортазамешчаныя дыфенілы) і шэраг цыклічных малекул, у якіх вярчэнне запаволена з-за наяўнасці аб’ёмных замяшчальнікаў, можна вылучыць у выглядзе індывід. хім. злучэнняў. Гл. таксама Канфармацыйны аналіз.

Т.​Т.​Лахвіч.

Да арт. Канфармацыя ў хіміі: а — запаволеная і б — заслоненая канфармацыі малекулы этану.

т. 8, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРСУ́НА (скажэнне слова «персона» ад лац. persona асоба, твар),

умоўная назва твораў бел., рус. і ўкраінскага партрэтнага жывапісу канца 16—17 ст. Пераходны этап ад іканапісу да свецкага партрэта.

Раннія П. толькі ўмоўна перадавалі партрэтнае падабенства, захоўвалі ідэальнасць і кананічнасць вобразаў, плоскасную ўзорыстую тэхніку пісьма тэмперай па дошцы. У 17 ст. развіццё П. ішло ў двух кірунках: дамінавання абразовага пачатку (партрэт цара Фёдара Іванавіча, канец 16 — пач. 17 ст.; М.​В.​Скапіна-Шуйскага, каля 1630) і паступовага засваення прыёмаў зах.-еўрап. жывапісу, імкнення да перадачы індывід. асаблівасцей мадэлі, аб’ёмнасці форм пры захаванні традыц. плоскаснасці ў трактоўцы адзення (партрэт Г.​П.​Гадунова, 1686). П. таго часу пісалі алеем на палатне, часам з натуры. Найб. пашырылася ў творчасці жывапісцаў Аружэйнай палаты Маскоўскага Крамля І.​Безміна, І.​Максімава, С.​Ушакова, М.​Чаглокава і інш.

У жывапісе Беларусі 16—17 ст. арыентацыя на традыцыі ранніх партрэтных адлюстраванняў, якія трапляюцца ў фрэсках і іканапісе Стараж. Русі, прыкметна ў партрэтах Міхаіла Барысавіча (канец 16 — пач. 17 ст.), Канстанціна Астрожскага (1-я пал. 17 ст.). Рысы П. маюць партрэт сармацкі, партрэт данатарскі.

Да арт. Парсуна. Цар Фёдар Іванавіч. Канец 16 — пач. 17 ст.

т. 12, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЦАЎЛАДКАВА́ННЕ,

сістэма арганізацыйных, эканам. і прававых мер, накіраваных на забеспячэнне прац. занятасці насельніцтва У шырокім сэнсе П. аб’ядноўвае ўсе формы прац. дзейнасці, у т. л. прадпрымальніцтва, індывід. прац. дзейнасць і да т.п. У вузкім сэнсе пад П. разумеецца працэс пошуку адпаведнай работы і ўладкаванне на ёй, а таксама працэс прафес. падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі грамадзян для атрымання наяўных прац. месцаў. У забеспячэнні занятасці насельніцтва ўдзельнічаюць агульныя і спец. дзярж. органы. Агульнае кіраванне П. у Рэспубліцы Беларусь ускладзена на Мін-ва працы, якое нясе адказнасць за распрацоўку і рэалізацыю дзярж. палітыкі ў галіне працы і занятасці. Спец. органам П. з’яўляецца дзярж. служба занятасці, у якую ўваходзяць Гал. ўпраўленне дзярж. службы Мін-ва працы, абл. ўпраўленні службаў занятасці, гар. і раённыя цэнтры занятасці, інфарм. цэнтры, цэнтры па прафес. падрыхтоўцы, павышэнні кваліфікацыі і перападрыхтоўцы беспрацоўных (гл. Беспрацоўе), іх філіялы і аддзяленні. Дзярж. служба занятасці з’яўляецца пасрэднікам паміж беспрацоўнымі і наймальнікамі. Падставай ўзнікнення праваадносін паміж імі з’яўляецца рашэнне службы занятасці аб прызнанні грамадзяніна беспрацоўным. Прававое рэгуляванне адносін, звязаных з П., ажыццяўляецца законам «Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь» ад 30.12.1991 і інш. нарматыўнымі актамі.

А.​В.​Моціна.

т. 13, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭФАРМІ́ЗМ (ад лац. praeformo загадзя ўтвараю),

вучэнне пра наяўнасць у палавых клетках арганізмаў матэрыяльных структур, якія прадвызначаюць развіццё зародка і прыкметы арганізма, што з яго ўтвараецца. Мікраскапісты 17 ст. (А.Левенгук, М.Мальпігі і інш.) лічылі, што зародак знаходзіцца ў яйцы (авізм) або семені (анімалькулізм) у сфарміраваным стане, а ў працэсе развіцця адбываецца толькі павелічэнне ў памерах празрыстых, раней нябачных тканак (вучэнне аб прэфармацыі). У 2-й пал. 18 ст. пад уплывам даных аб парушэннях развіцця, аб спадчыннасці бацькоўскіх індывід. прыкмет, здольнасці арганізма да рэгенерацыі пачало пераважаць вучэнне аб развіцці арганізмаў як шэрагу паслядоўных новаўтварэнняў (эпігенез). У канцы 19 ст. паявілася гіпатэтычная тэорыя спадчыннасці на аснове ведаў аб індывідуальнасці храмасом і іх ролі ў працэсах апладнення і спадчыннасці, якая яшчэ мела прэфармісцкі характар. З узнікненнем генетыкі гіпотэза набыла навуковае абгрунтаванне. У сярэдзіне 20 ст. выяўленне хім. прыроды генаў, механізмаў захавання і перадачы спадчыннай інфармацыі спыніла існаванне прэфармісцкіх уяўленняў у біялогіі. Сучасная матэрыяліст. тэорыя арган. развіцця ўлічвае ролю прэфарміраваных структур (генома) і надае важнае значэнне фактарам навакольнага асяроддзя, якія спрыяюць рэалізацыі генет. інфармацыі.

Літ.:

История биологии с древнейших времен до начала XX в. М., 1972. Воронцов Н.Н. Развитие эволюционных идей в биологии. М., 1999.

А.​С.​Леанцюк.

т. 13, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМА́ДСТВА,

сацыяльнае ўтварэнне, якое ўяўляе сабой гал. ўмову жыццядзейнасці людзей, увасобленую ў канкрэтна-гіст. формах і тыпах. Вылучаюць шэраг абавязковых прыкмет сучаснага грамадства: наяўнасць пэўнай сукупнасці надзеленых воляй і свядомасцю індывідаў; існаванне агульных інтарэсаў; узаемадзеянне і супрацоўніцтва ў імя агульных мэт; стварэнне дзяржавы і рэгуляванне праз яе розных інтарэсаў; магчымасць развіцця і ўдасканалення грамадскіх інстытутаў шляхам іх рэфармавання і інш. Пры гэтым першаснай адзінкай грамадства лічыцца абстрактны індывід, а само грамадства асацыіруецца з сукупнасцю індывідаў. Аднак гэтыя прыкметы не лічацца вычарпальнымі і не прымаюцца ў якасці сукупнага крытэрыю для вызначэння чалавечага грамадства. У гісторыі філас., сацыялагічнай і прававой думкі ўсталявалася разуменне грамадства як сукупнасці людзей, аб’яднаных у адзінае цэлае па аб’ектыўных або суб’ектыўных прычынах. Геракліт лічыў грамадства адным з выяўленняў усеагульнага розуму (логасу), Дэмакрыт — штучным прадуктам працяглага натуральна неабходнага развіцця. Сакрат і Платон імкнуліся адшукаць аснову грамадства ў думцы пра яго, яго ідэі. Арыстоцель выводзіў паняцце грамадства з неабходнасці зносін свабодных і раўнапраўных людзей. Існавалі трактоўкі грамадства як злучэння многіх людзей, аб’яднаных агульнасцю патрэб, інтарэсаў, згоднасцю ў пытаннях права (Цыцэрон). Мысліцелі Н.​Макіявелі, Т.​Гобс бачылі ў грамадстве сродак сац. кантролю над сутнасцю індывіда і яго ўтаймавання. У перыяд бурж. рэвалюцый у Зах. Еўропе моцныя пазіцыі набылі розныя варыянты дагаворнай тэорыі грамадства (Г.​Гроцый, Д.​Дзідро). У процівагу грамадскаму дагавору Г.​Гегель прапанаваў у якасці фактара, што фарміруе грамадства, шматбаковую ўзаемную залежнасць індывідаў у сумесным, найперш эканамічным, жыцці. У 2-й пал. 19 ст. ўзнікла матэрыяліст. тэорыя грамадства (К.​Маркс, Ф.​Энгельс, У.​І.​Ленін, Г.​В.​Пляханаў). Яна аспрэчвае гал. пастулат ранейшых поглядаў на тое, што ключавое значэнне для грамадства мае індывід. Паняцце грамадства ў матэрыяліст. разуменні ўключае ўсю сукупнасць грамадскіх з’яў і інстытутаў, абумоўленых неабходнасцю ўзаемадзеяння людзей, іх разнастайнымі сувязямі і адносінамі. Грамадства на пэўнай ступені развіцця — гэта грамадска-эканамічная фармацыя, якая мае ўнутр. структуру і зменьваецца па аб’ектыўных законах. У апошняй трэці 20 ст. атрымалі прызнанне канцэпцыі, у якіх найважнейшым фактарам устанаўлення разнастайных сувязей паміж індывідамі і пераўтварэнняў у грамадстве лічыцца навук.-тэхн. прагрэс і выкліканыя ім сац.-эканам. вынікі. Асабліва вылучаюцца тэорыі індустрыяльнага грамадства, дзе асн. крыніцай складанага комплексу грамадскіх узаемасувязей паміж людзьмі выступае індустрыялізацыя, прагрэс навукі і тэхналогій, у прыватнасці, стварэнне сусв. сістэмы камунікацыі і ўзнікненне глабальнага грамадства. Пашыранымі сац.-эканам. версіямі індустр. грамадства з’яўляюцца дабрабыту тэорыя і канцэпцыя аб «дзяржаве працвітання». Лагічным працягам тэорыі індустр. грамадства з’яўляюцца тэорыі постіндустрыяльнага грамадства і інфармацыйнага грамадства. Існуюць таксама канцэпцыі адкрытых і закрытых грамадстваў.

Літ.:

Волков А.И. Человеческое измерение прогресса. М., 1990;

Новая технократическая волна на Западе. М., 1986.

В.​І.​Боўш.

т. 5, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)