падклас лістасцябловых імхоў. 1 сям., 1 род, больш за 300 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя арктычных пустынь. На Беларусі 35 відаў. Найб. вядомыя: сфагнум адагнуты (Sphagnum recurvum), вузкалісты (S. angustifolium), дуброўны (S. nemoreum), магеланскі (S. magellanicum). Сфагнум Ліндберга (S. lindbergii) і мяккі (S. molle) занесены ў Чырв. кнігу. Трапляюцца на балотах (пераважна вярховых і пераходных), вільготных лугах і ў лясах.
Жоўта-зялёныя, бурыя ці чырванаватыя, двухдомныя або аднадомныя расліны. Дзярнінкі буйныя, мяккія, часта ўтвараюць суцэльнае покрыва. Сцёблы без рызоідаў, прамастойныя, з пучкападобна размешчанымі галінкамі, сабранымі на верхавінцы ў галоўку. Лісце мае 2 тыпы клетак — хларафіланосныя і ваданосныя, якія абумоўліваюць у С.і. высокую вільгацяёмістасць. Спарагоніі адзінкавыя, каробачка шарападобная. Мужчынскія і жан.гаметангіі на розных парастках. Штогод С.і. нарастаюць верхавінкай, знізу адміраюць і ператвараюцца ў торф. Сфагнум магеланскі і буры (S. fuscum) — асн. торфаўтваральнікі на вярховых балотах умеранага пояса Паўн. паўшар’я. Маюць бактэрыцыдныя ўласцівасці.
Да арт.Сфагнавыя імхі. Сфагнум: 1 — магеланскі; 2 — Гіргензона.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАНСГРАНІ́ЧНАЕ ЗАБРУ́ДЖВАННЕ,
забруджванне навакольнага асяроддзя газападобнымі адходамі і пылам прамысл. прадпрыемстваў шляхам трансгранічнага пераносу, якое ахоплівае тэр. некалькіх краін або кантынентаў. На Беларусі адзначаецца з сярэдзіны 20 ст. (назіранні вядуцца з 1980). Краіна знаходзіцца ў неспрыяльных умовах з-за перавагі зах. і паўд.-зах. пераносу. Паводле мадэльных разлікаў на тэр. Беларусі штогод асядае 180—190 тыс.т серы (з іх 84—86% трансгранічнай), 60—70 тыс.т акісленага азоту (89—94% трансгранічнага), 150—170 тыс.т. адноўленага азоту (38—65% трансгранічнага), больш за 400 т свінцу (80% трансгранічнага). Асн. спосаб прадухілення Т.з. — змяншэнне колькасці шкодных выкідаў у атмасферу ва ўсіх краінах. На гэта накіраваны «Канвенцыя аб трансгранічным забруджванні паветра на вял. адлегласці» (1979; скарачэнне выкідаў дыаксідаў серы і аксідаў азоту), «Канвенцыя па ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ў трансгранічным кантэксце (1998; скарачэнне выкідаў цяжкіх металаў, асабліва свінцу, кадмію, ртуці, і стойкіх арган. забруджвальнікаў — пестыцыдаў, прамысл. хімікатаў і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСА́Я,
вёска ў Дуброўскім с/с Ушацкага р-на Віцебскай вобл. За 28 км на У ад г.п. Ушачы. 32 ж., 23 двары (2002).
Вядома з 16 ст. як маёмасць Савічаў і Есьманаў у Полацкім ваяв.ВКЛ. У 1552 ва У. 17 дымоў вольных сялян і 4 дымы, якія належалі царкве св. Спаса. З 1563 цэнтр Усайскай вол.
З 1662 уладанне вознага Левашкевіча. У 19 ст. вёска — цэнтр маёнтка ў Лепельскім пав. У 1808 пабудавана Пакроўская царква, у 1864 адкрыта нар. вучылішча, меўся хлебазапасны магазін, штогод адбываліся 2 кірмашы. У 1878 сяло — цэнтр воласці, уладанне памешчыцы Г.Сомішчавай. У 1886—312 ж., 41 двор, валасное праўленне; у 1905—428 ж., 60 двароў. З 1924 цэнтр Усайскага с/сУльскага раёна, у 1925—498 ж., 109 двароў. З 1931 ва Ушацкім р-не. З 1938 у Віцебскай вобл. У Вял.Айч. вайну ў 1943 ням. фашысты спалілі вёску і загубілі 46 ж. З 1954 у Дуброўскім с/с. Помнік ахвярам фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХМЕЛЯВО́ДСТВА,
галіна раслінаводства па вырошчванні хмелю. Суквецці (шышкі) хмелю маюць эфірны алей, горкія і дубільныя рэчывы і выкарыстоўваюцца ў вытв-сці піва, дражджэй, лек. прэпаратаў, касметычных сродкаў, лакаў, фарбаў. Сцябло прыдатнае для вытв-сці грубага валакна.
Узнікла ў 10 ст. Пашырана ў Германіі (32% пл.сусв. пасеваў), ЗША (24%), Чэхіі (10%), Кітаі (8%), Японіі, Украіне, Расіі і інш. У 1999 пл. хмельнікаў складала больш за 57 тыс.га, у т. л. ў Еўропе 64%. Вылучаюць 4 групы гатункаў хмелю: А — найлепшы араматычны; В — араматычны; С — які не мае значэння ў піваварэнні; Д — горкі. На сусв. рынку найб. каштоўныя араматычныя гатункі хмелю.
На Беларусі Х. развіта слаба. Вырошчваюць 5 замежных гатункаў, якія мала прыстасаваны да мясц. умоў. Плошча пладаносных хмельнікаў 50 га. Найб. гаспадарка — бел.-ням. прадпрыемства «Бізон» у Маларыцкім р-не Брэсцкай вобл. На патрэбы піваварнай прам-сці хмель імпартуюць пераважна з Чувашыі, дзе сканцэнтравана асн.прамысл.вытв-сць хмелю ў Расіі (2,5—3 тыс.штогод).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЫРВО́НАЯ КНІ́ГА,
назва спісаў рэдкіх і знікаючых відаў раслін і жывёл. Змяшчае кароткія дакумент. звесткі пра біял. іх асаблівасці, пашырэнне, прычыны скарачэння колькасці, меры аховы і інш.
Збор звестак пра рэдкія і знікаючыя віды пачаты ў 1949 Міжнародным саюзам аховы прыроды і прыродных рэсурсаў, у 1966 выдадзены тамы «Чырвонай кнігі фактаў» («Red Data Book»), колькасць відаў у якой штогод мяняецца. Для дыферэнцыраванага падыходу ў планаванні ахоўных мерапрыемстваў распрацавана спец. шкала, паводле якой усе віды падзяляюць на 5 катэгорый у залежнасці ад стану папуляцыі. Занясенне ў Міжнар. Ч.к. пэўнага віду азначае сусв. прызнанне неабходнасці паўсядзённага клопату аб яго захаванні, таму кожная краіна, на тэр. якой трапляецца такі від, нясе маральную адказнасць за яго захаванне. У многіх краінах прыняты нарматыўныя акты па ахове асобных відаў, выдаюцца афіц. спісы ахоўных відаў, зборнікі кароткай навук. дакументацыі пра іх умоўна наз.нац. Ч.к. (Аўстралія, ЗША, Швецыя, Японія, Расія, Беларусь; гл.Чырвоная кніга Беларусі), Чырвонымі спісамі (Германія), спісамі рэдкіх і знікаючых раслін (ЗША, Аўстралія, Калумбія, Мексіка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІЯ ГІМНА́ЗІІ.
Існавалі ў 1809—1918. Падпарадкоўваліся Віленскай і Бел.навуч. акругам. Магілёўская мужчынская гімназія адкрыта 15.19.1809 на базе 4-класнага гал.нар. вучылішча (з 15.3.1789). Спачатку мела 3 класы, пазней — 4. Пры ёй дзейнічалі 2-класнае павятовае і 1-класнае прыходскае вучылішчы. У 1830 атрымала агульнарас. статус, пазней адкрыты 5—7-ы класы. З 1836 забаронена выкладанне на польск. мове. З 1838 дзейнічаў шляхетны пансіён, у 1860 адкрыты таксатарскія класы. У 1863 пераўтворана ў няпоўную класічную гімназію. З 1873 — поўная класічная гімназія. У 1870-я г. тут дзейнічаў народніцкі гурток (сярод яго членаў Р.П.Ісаеў, С.П.Кавалік, М.К.Судзілоўскі). У 1915 гімназія ўтрымлівалася за кошт казны, збораў за навучанне і на працэнты з уласных капіталаў. Штогод вучылася 450—550 юнакоў. Сярод выхаванцаў — М.А.Грамыка, О.Ю.Шміт. Магілёўская жаночая гімназіязасн. 1.1.1865. Пры гімназіі існавала пед. аддзяленне і пансіён на 30 дзяўчынак. Штогод вучылася 400—500 вучаніц. Выпускніцы атрымлівалі званне хатняй настаўніцы. Закрыта ў пач. 20 ст. Прыватная жаночая гімназія В.Н.Касовічзасн. ў 1859 як 2-класнае жаночае вучылішча. У 1872 пераўтворана ў 4-класнае, з 1904—7-класнае 1-га разраду; з 1906 прыватная гімназія, з 1911 мела правы дзярж. Утрымлівалася за кошт збораў за навучанне і невял. дзярж. субсідыі. У 1912 адкрыты 8-ы пед. клас. Створана дадатковае 3-класнае прафес. аддзяленне, дзе выкладаліся рукадзелле, кройка і шыццё. У 1915—259 вучаніц. Прыватная жаночая гімназія А.С.Раманоўскай адкрыта 25.8.1907 як 4-класнае прыватнае жаночае вучылішча. З 1913—8-класная гімназія з правамі дзярж. У 1915—159 вучаніц. Прыватная жаночая гімназія С.Л.Залескай адкрыта ў 1907; з 1911 мела правы дзярж. гімназіі. У 1915—8 класаў, 394 вучаніцы; 8-ы клас меў пед. арыентацыю, падзяляўся на матэм. і славеснае аддзяленні. Дзейнічаў прыходскі клас. Прыватная яўрэйская жаночая прагімназія Э.П.Хейфіцзасн. ў 1865 як жаночы пансіён. У 1906—07 рэарганізавана ў прагімназію. Мела 4 класы. У 1915—94 вучаніцы. Дзейнічаў прыходскі клас. Прыватная яўрэйская жаночая прагімназія Б.Д.Каплан адкрыта ў вер. 1905. Мела 4 класы. У 1907—150 вучаніц. Закрыта ў 1911. Прыватныя гімназіі ўтрымліваліся за кошт збораў за навучанне.
Літ.:
Киприанович Г.Я. К истории женского образования в Западной России. Вильна, 1910;
Сборник сведений о средних учебных заведениях Виленского учебного округа. Вильна, 1873;
Созонов М.П. Историческая записка о Могилевской мужской гимназии, 1809—1909. Могилев, 1909;
Пастухова З.А. Среднее образование в дореволюционной Белоруссии. Мн., 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДНАЎЛЕ́ННЕ ЛЕ́СУ,
адбываецца пад полагам дрэвастою, на высечках, гарах і інш. участках, якія раней былі пад лесам. Бывае прыроднае, штучнае і камбінаванае. Прыроднае аднаўленне лесу — біял. самааднаўленне лесу самасевам, пнёвымі і каранёвымі парасткамі. Працякае больш эфектыўна, калі на высечках пакідаюць пэўную колькасць насенных дрэў, лесасекі ачышчаюць ад рэшткаў драўніны, а глебу на іх пэўным чынам апрацоўваюць. Фіз.-геагр. асяроддзе для прыроднага насеннага аднаўлення лесу больш спрыяльнае ў лясной зоне, асабліва ў тайзе, дзе менш падлеску і травяністай расліннасці; горш працякае ў лесастэпавай, стэпавай, паўпустыннай зонах і прытундравай падзоне. Часта пры прыродным аднаўленні лесу адбываецца змена парод і ўтварэнне т.зв. вытворных лясоў: бярэзнікаў, алешнікаў, грабнякоў, асіннікаў і да т.п. Штучнае аднаўленне лесу — пасевы насення, пасадка сеянцаў, саджанцаў, сцябловых і каранёвых чаранкоў. Праводзяць на ўчастках, дзе прыроднае аднаўленне лесу не дае добрых вынікаў. На тэр. Беларусі яно арыентавана пераважна на вырошчванне хвоі, елкі, дубу, лістоўніцы і інш. (у лясах дзярж. фонду штогод праводзіцца на пл. каля 34 тыс.га). Камбінаванае (мяшанае), спалучае прыроднае і штучнае аднаўленне лесу на адной і той жа плошчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЫХО́ДНІЦТВА,
часовы адыход сялян з вёсак у гарады на прамысл. прадпрыемствы, с.-г. работы свайго і інш. рэгіёнаў краіны, а таксама за мяжу. Уласціва большасці еўрапейскіх краін, пачынаючы з перыяду позняга феадалізму. Выклікана ўзмацненнем феад. эксплуатацыі, павышэннем ролі грашовага аброку, развіццём таварнай гаспадаркі і ростам попыту на наёмную працу. У Рас. імперыі адыходніцтва дасягнула вял. памераў з 2-й пал. 18 ст., асабліва ў Цэнтр.прамысл. раёне. На Беларусі ў 1-й пал. 19 ст. значная колькасць сялян ішла на сплаўныя, возніцкія, дарожна-буд. і інш. работы. Пасля сял. рэформы 1861 адыходніцтва набыло масавы характар. У канцы 19 ст. на Беларусі штогод у адыходніцтва было каля 300 тыс.чал.Найб. пашырэнне яно атрымала ў Віцебскай і Магілёўскай губ. З Беларусі адыходнікі ішлі пераважна на заробкі ў інш. рэгіёны імперыі: на буд-ва дарог і чыгунак, на прадпрыемствы Пецярбурга, Масквы, Кіева, Рыгі, шахты і руднікі Данбаса і Крывога Рога, на с.-г. работы на Украіне і інш. У 1880-я г. пачалося адыходніцтва ў Амерыку, напярэдадні 1-й сусв. вайны — у Прусію.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАДЫЁЛУС, шпажнік (Gladiolus),
род кветкавых раслін сям. касачовых. Каля 300 відаў. Пашыраны ў Паўд. і Паўн. Афрыцы, Еўропе, Усх. Азіі. У Беларусі ўсюды зрэдку трапляецца гладыёлус чарапіцавы (G. imbricatus) і вельмі рэдка (у Белавежскай пушчы, наваколлях гарадоў Магілёў і Рагачоў) гладыёлус балотны (G. palustris). Растуць на вільготных лугах, лясных палянах, каля балот, у хмызняках. Гладыёлус чарапіцавы занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь, гладыёлус балотны лічыцца зніклым. У калекцыі Цэнтр.бат. саду Нац.АН Беларусі больш за 600 сартоў гладыёлуса гібрыднага (G. hybridus). У сусв. селекцыі — больш за 10 тыс. сартоў.
Шматгадовыя клубнецыбульныя прыгожаквітучыя травяністыя расліны з прамастойным сцяблом выш. 20—220 см. Клубнецыбуліна круглаватая або пляскатая, з 2—3 плевачнымі ці валакністымі абалонкамі, якія штогод аднаўляюцца. Лісце лінейна-мечападобнае, зялёнае або блакітна-зялёнае. Кветкі лейкападобныя, разнастайнай афарбоўкі, у некат. відаў пахучыя, сабраныя па некалькі (ад 2—5 да 40) у адна- ці двухбаковае коласападобнае суквецце. Плод — 3-створкавая шматнасенная каробачка. Размнажаюцца вегетатыўна (клубнецыбулінамі і «дзеткамі») і насеннем. Выкарыстоўваюць на зразанне, нізкарослыя — для бардзюраў і груп.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЫ́НКАВІЧЫ,
вёска ў Беларусі, у Касцюковіцкім р-не Магілёўскай вобл., на р. Беседзь. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 14 км на ПдУ ад г. Касцюковічы, 174 км ад Магілёва, 2 км ад чыг. ст. Бялынкавічы, 606 ж., 214 двароў (1995), лясніцтва.
У пісьмовых крыніцах упершыню ўпамінаюцца ў 1613 як вёска ў Крычаўскім старостве Мсціслаўскага ваяв.ВКЛ. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у Рас. імперыі, падаравана Р.А.Пацёмкіну. З 1784 — мястэчка ў Клімавіцкім пав. У 1880 — цэнтр воласці; 339 ж., 76 дамоў, правасл. царква, яўр. малітоўная школа, карчма, у фальварку — бровар. У 1886 у Бялынкавічах 292 ж., 51 двор; штогод праводзіўся кірмаш. З 1924 у Калінінскім пав. З 17.7.1924 да 4.8.1927 цэнтр Бялынкавіцкага раёна. З 1927 цэнтр сельсавета Касцюковіцкага р-на, з 1938 у Магілёўскай вобл. У Вял.Айч. вайну са жн. 1941 да 27.9.1943 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі. У 1970 у Бялынкавічах 725 ж., 197 двароў.
У Бялынкавічах сярэдняя школа, вучэбна-вытв. камбінат, дзіцячы сад, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, дом-інтэрнат, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.