КАБАРДЗІ́НКА прыморскі кліматычны курорт у Краснадарскім краі Рас. Федэрацыі. Уваходзіць у курортную зону Геленджыка. Размешчана на нізкай даліне берага Цэмескай бухты Чорнага м. Расліннасць і клімат субтрапічныя, купальны сезон з мая да кастрычніка. Шмат лячэбных устаноў для тэрапіі і кліматапрафілактыкі хвароб лёгкіх, у т. л. туберкулёзнага паходжання ў дзяцей.

т. 7, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЯПА́ЦКІ Барыс Іванавіч (28.3.1906, С.-Пецярбург — 27.3.1966),

бел. вучоны ў галіне хірургіі. Д-р мед. н. (1959), праф. (1961). Скончыў Ленінградскі мед. ін-т (1931). З 1960 заг. кафедры Гродзенскага мед. ін-та. Навук. працы па асаблівасцях злучэнняў касцей метал. шпянём. Распрацаваў методыку кансерватыўнага лячэння тромбааблітэрыруючых хвароб ног.

т. 8, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСТЭРЭ́ЛЫ (Pasteurella),

род бактэрый сям. бруцэлавых. 4 віды. Найб. пашыраная і вывучаная P. multocida, якая выклікае захворванні свойскай і дзікай жывёлы (напр., пастэрэлёзы, бывае прычынай рэспіраторных хвароб чалавека.

Клеткі шара- ці яйцападобнай формы, нерухомыя, грамадмоўныя, інтэнсіўна афарбоўваюцца на полюсах. Аэробы або факультатыўныя анаэробы. Спор не ўтвараюць.

А.​І.​Ерашоў.

т. 12, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКСКРЭМЕ́НТЫ (ад лац. excrementum адход, выдзяленне), фекаліі,

цвёрдыя і вадкія прадукты выпаражнення жывёл і чалавека. Складаюцца з прадуктаў абмену рэчываў, неператраўленых астаткаў корму, ежы і вял. колькасці мікраарганізмаў. Субстрат для развіцця і корм інш. жывёл, бактэрый і грыбоў. Канчатковы этап — мінералізацыя. Даследуюцца на наяўнасць хвароб органаў стрававання.

т. 18, кн. 1, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКСПЕРЫМЕНТА́ЛЬНАЙ ВЕТЭРЫНАРЫ́І ІНСТЫТУ́Т імя С.​М.​Вышалескага Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі,

рэспубліканскае навук.-даследчае унітарнае прадпрыемства. Засн. ў 1930 на базе Бел. дзярж. ветэрынарна-бактэрыял. ін-та, які знаходзіўся ў Віцебску. Мае аддзелы: туберкулёзу і лейкозу, вірусных і прыродных інфекцый, мікрабіялогіі і калекцыі мікраарганізмаў, паразіталогіі, незаразных хвароб, экалогіі і вет. санітарыі, хвароб птушак, пчол і рыб; лабараторыі: культур клетак і пажыўных асяроддзяў, навук.-тэхн. інфармацыі і патэнтазнаўства. Аспірантура (з 1968), савет па абароне канд. і доктарскіх дысертацый.

Асн. кірункі навук. даследаванняў: вывучэнне заканамернасцей інфекцыйнага і эпізаатычнага працэсаў пры інфекц. захворваннях жывёл — дыягностыка, лячэнне, прафілактыка і ліквідацыя інфекц., паразітарных і незаразных хвароб с.-г. жывёл, птушак, рыб і пчол; забеспячэнне біял. бяспекі прадукцыі жывёлагадоўлі; устанаўленне прычын і прафілактыка бясплоддзя жывёл і падзяжу маладняку с.-г. жывёл. Ін-там атрымана 75 аўтарскіх пасведчанняў і 15 патэнтаў, укаранёна ў практыку больш за 300 навук. прапаноў, 13 дыягностыкумаў, 35 вакцын, 19 фармацэўтычных прэпаратаў. Выпускае перыяд. зб-кі «Ветэрынарная навука — вытворчасці» (з 1960) і «Дасягненні ветэрынарнай навукі і перадавога вопыту — жывёлагадоўлі» (з 1974). Выдаў больш за 100 кніг і манаграфій, у т. л. «Туберкулёз сельскагаспадарчых жывёл» М.​К.​Юскаўца (1963), «Даведнік па ветэрынарнай і медыцынскай паразіталогіі» Р.​С.​Чабатарова (1971), «Бруцэлёз буйной рагатай жывёлы і барацьба з ім» Г.​А.​Аб’едкава (1977), «Туберкулёз сельскагаспадарчых жывёл і птушак» Р.​У.​Тузавай (1983), «Шаленства жывёл» М.​Р.​Таршыса, М.​А.​Кавалёва і П.​П.​Кузняцова (1990), «Хваробы буйной рагатай жывёлы і свіней» (2003) і інш. У ін-це працавалі акадэмікі Нац. АН Беларусі Х.С.Гарагляд, Р.С.Чабатароў, М.К.Юскавец, працуе М.А.Кавалёў, 12 дактароў навук.

т. 18, кн. 1, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Валасні́к 1 ’гнойнае запаленне тканкі пальца’ (Шатал.); ’завусеніца’ (БРС, Гарэц., Некр.); валасень ’хвароба пальца’ (КЭС); ’гнойны стрыжань’ (Гарэц.); ’нарыў на косці’ (Жд.); ’рана’ (Мат. Гом.); ’хвароба нагцей’ (БРС, Грыг.); валасяніца ’хвароба’ (Федар., 1; Сержп., Грам.). Усе назвы хвароб паходзяць ад волас, паколькі грыбок пашкоджвае валасы, скуру і ногці (БелСЭ, 2, 567–568).

Валасні́к 2 ’леска, жылка ў вудзе’ (Гарэц.). Гл. валасень 3.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БЕ́ХЦЕРАЎ Уладзімір Міхайлавіч (1.2.1857, в. Бехцерава Кіраўскай вобл., Расія — 24.12.1927),

расійскі неўрапатолаг, псіхіятр, псіхолаг і нейрафізіёлаг; заснавальнік навук. школы па рэфлексалогіі. Праф. (1893). Скончыў Медыка-хірург. акадэмію ў Пецярбургу (1878). Абараніў доктарскую дысертацыю ў 1881. У 1884 працаваў за мяжой у Э.Дзюбуа-Рэймона. З 1885 у Казанскім ун-це, з 1893 у Ваенна-мед. акадэміі, з 1897 у Жаночым мед. ін-це ў Пецярбургу. З 1908 заснавальнік і дырэктар Псіханеўралагічнага ін-та, з 1918 — Ін-та мозга і псіхічнай дзейнасці (цяпер Ін-т мозга імя У.​М.​Бехцерава). Фундаментальныя працы па анатоміі, фізіялогіі і паталогіі нерв. сістэмы. Залажыў асновы вучэння пра рэтыкулярную фармацыю галаўнога і спіннога мозга, стварыў вучэнне пра кампенсаторныя ўласцівасці мозга, упершыню вылучыў шэраг характэрных рэфлексаў, важных для дыягностыкі нерв. хвароб, апісаў шэраг хвароб і метады іх лячэння. Даследаваў лячэбнае выкарыстанне гіпнозу, у т. л. пры алкагалізме.

Літ.:

Мясищев В.Н. В.​М.​Бехтерев — замечательный ученый, врач, педагог, общественный деятель. Киров, 1956.

У.М.Бехцераў.

т. 3, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІМУНІТЭ́Т РАСЛІ́Н,

неўспрыімлівасць раслін да ўзбуджальнікаў хвароб, шкоднікаў і прадуктаў іх жыццядзейнасці. Заснавальнік вучэння аб І.р. сав. біёлаг М.​І.​Вавілаў. Адрозніваюць І.р. структурны (мех.; залежыць ад марфал. асаблівасцей расліны-гаспадара, напр., густое апушэнне парасткаў) і хімічны (абумоўлены хім. асаблівасцямі, шкоднымі для паразіта). Вылучаюць 2 формы І.р.: сартавы і відавы (радавы), напр., гібрыд яравой пшаніцы № 21 устойлівы да большасці рас бурай іржы (сартавы), бульба наогул не пашкоджваецца ёй (відавы). Адрозніваюць таксама І.р. прыродны (прыроджаны) і набыты (штучны). Прыродны ўзнікае і замацоўваецца ў працэсе эвалюц. развіцця раслін; бывае пасіўны (існуе незалежна ад таго, трапляе ўзбуджальнік хваробы або паразіт на расліну ці не) і актыўны (уласцівасць расліны процістаяць узбуджальніку або шкодніку, якая выяўляецца і актывізуецца толькі пры пападанні на расліну). Набыты І.р. узнікае пасля перанясення раслінай хваробы ці ў выніку ўвядзення ў расліну аслабленай або знішчанай культуры ўзбуджальніка, пры ўжыванні антыбіётыкаў, інгібітараў росту. На выкарыстанні І.р. заснавана селекцыя раслін, устойлівых да хвароб і шкоднікаў.

т. 7, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎЛО́ЎСКІ Яўген Ніканоравіч (5.3.1884, г.п. Краснагвардзейскае Белгародскай вобл., Расія — 27.5.1965),

расійскі заолаг і паразітолаг. Акад. АН СССР (1939), АМН СССР (1944). Ген.-лейт. мед. службы. Герой Сац. Працы (1964). Скончыў Ваенна-мед. акадэмію ў Пецярбургу (1908). З 1921 праф. гэтай акадэміі. У 1933—44 ва Усесаюзным ін-це эксперым. медыцыны ў Ленінградзе, адначасова ў Таджыкскім філіяле АН СССР (да 1951). З 1942 дырэктар Заал. ін-та АН СССР і кіраўнік (з 1946) аддзела Ін-та эпідэміялогіі і мікрабіялогіі АМН СССР, з 1962 кансультант гэтага ін-та. Навук. працы па паразіталогіі і агульнай біялогіі. Стварыў вучэнне аб прыроднай ачаговасці трансмісіўных хвароб, канцэпцыю аб паразітацэнозах. Даследаваў цыклы развіцця і патагенез многіх гельмінтаў, фауну лятаючых насякомых-крывасмокаў. Для вывучэння эпідэмічных заразных хвароб правёў экспедыцыі ў Сярэднюю Азію, Сібір, Закаўказзе, Крым і інш. Залаты медаль імя І.​І.​Мечнікава АН СССР. Дзярж. прэмія СССР 1941, 1950. Ленінская прэмія 1965.

Тв.:

Природная очаговость трансмиссивных болезней в связи с ландшафтной эпидемиологией зооантропонозов. М.; Л., 1964.

Я.Н.Паўлоўскі.

т. 12, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛЭК (Black) Джэймс Уайт (н. 1924),

англійскі фармаколаг. Праф. Лонданскага ун-та (1973). Чл. Лонданскага Каралеўскага т-ва (1978). Навук. працы па стварэнні і выкарыстанні новых проціпухлінных і процівірусных прэпаратаў, для лячэння сардэчна-сасудзістых хвароб і язвавай хваробы страўніка. Нобелеўская прэмія 1988 (разам з Дж.​Х.​Хітчынгсам і Г.​Б.​Элаянам).

т. 3, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)