ІНФРАГУ́К (ад лац. infra ніжэй, пад + гук),
пругкія ваганні нізкай частаты (менш за 20 Гц), нячутныя чалавечым вухам. Слаба паглынаецца рознымі асяроддзямі, распаўсюджваецца на значныя адлегласці. Генерыруецца атм. і акіянічнымі флуктуацыямі ціску, ветрам, марскімі хвалямі (у т. л. прыліўнымі), вадаспадамі, землетрасеннямі, абваламі, вывяржэннем вулканаў, выбухамі, работай і ваганнямі рухавікоў, машын, канструкцый, збудаванняў. Выкарыстоўваецца пры акіяналагічных і геафіз. даследаваннях, у гідраакустыцы і інш. Моцны І. выклікае пашкоджанне і разбурэнне канструкцый, а І. значнай інтэнсіўнасці (120 дБ і болей) шкодна ўплывае на арганізм чалавека (асабліва небяспечныя для асобных органаў інфрагукавыя вібрацыі з-за магчымых рэзанансных з’яў).
В.І.Вараб’ёў.
т. 7, с. 294
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСАЛЯ́НКА, Перагонка,
рака ў Слаўгарадскім р-не Магілёўскай вобл. і Кармянскім р-не Гомельскай вобл., правы прыток р. Сож (бас. р. Дняпро). Даўж. 34 км. Пл. вадазбору 352 км². Пачынаецца каля паўд.-зах. ускраіны в. Малая Зімніца Слаўгарадскага р-на. Цячэ па паўд.-зах. ускраіне Аршанска-Магілёўскай раўніны. Даліна ў верхнім цячэнні невыразная, ніжэй трапецападобная, шыр. 900 м — 1,5 км. Пойма ў вярхоўі забалочаная, ніжэй сухая, двухбаковая, шыр. 200—900 м. Рэчышча каналізаванае на працягу каля 18 км ад вытоку, далей слаба меандруе, шыр. ракі ў межань у сярэднім цячэнні 8—10 м, у ніжнім 3—5 м.
т. 8, с. 139
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСТАЎЕ́,
возера ў Віцебскім р-не, у бас. р. Зах. Дзвіна, за 28 км на ПнУ ад Віцебска. Пл. 0,65 км², даўж. 3,2 км, найб. шыр. 340 м, найб. глыб. 4,8 м, даўж. берагавой лініі каля 7 км. Пл. вадазбору 5 км². Схілы катлавіны выш. да 15 м, пясчаныя, параслі лесам, участкі на У і З у верхняй ч. разараныя. Берагі зліваюцца са схіламі, на У і З часткова забалочаныя, сплавінныя. Дно да глыб. 1—1,5 м пясчанае, ніжэй выслана сапрапелем. Упадаюць 3 ручаі, на Пд выцякае ручай у Зах. Дзвіну. Зарастае слаба.
т. 8, с. 154
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІМАТЫ́ЧНЫЯ СЕЗО́НЫ,
часткі года працягласцю ў некалькі месяцаў, якія вызначаюцца кліматычнымі асаблівасцямі. У экватарыяльным поясе з раўнамерным увільгатненнем і малой амплітудай змены т-ры на працягу года К.с. амаль не выяўляюцца. У субэкватарыяльным, трапічным і часткова субтрапічным паясах К.с. вылучаюць у асноўным па рэжыме ўвільгатнення, адрозніваюць сухі сезон (з малой колькасцю ападкаў) і вільготны сезон (са значнай колькасцю ападкаў). Ва ўмераным поясе добра выражаны 4 самаст. сезоны — вясна, лета, восень і зіма, якія вылучаюць пераважна па тэрмічных умовах. Для палярных раёнаў характэрны працяглая зіма і кароткае лета, а пераходныя К.с. выражаны слаба.
т. 8, с. 340
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́МПТАНА ЭФЕ́КТ,
павелічэнне даўжыні хвалі эл.-магн. выпрамянення (рэнтгенаўскага і γ-выпрамянення) пры рассеянні яго на свабодных або слаба звязаных электронах. Назіраецца таксама і пры рассеянні эл.-магн. хваль на пратонах, нейтронах, атамных ядрах. Адкрыты А.Комптанам у 1923.
Закон захавання энергіі-імпульсу пры дастасаванні да працэсу рассеяння на вугал v фатона на электроне масы m дае магчымасць вызначыць павелічэнне даўжыні хвалі фатона: Δλ= λ0(1−cosv), дзе λ0 — комптанаўская даўжыня хвалі электрона. Δλ не залежыць ад першапачатковай даўжыні хвалі λ і найбольшая пры рассеянні назад (ν = π). Доследы Комптана, якія пацвердзілі гэтыя вывады, сталі доказам квантавай прыроды святла.
т. 8, с. 399
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАБЕ́НШЧЫНА,
гарадзішча штрыхаванай керамікі культуры каля в. Лабеншчына Мінскага р-на. Пляцоўка з У умацавана 3 валамі і 2 равамі, з ПнЗ — 2 валамі і 2 равамі. У ранні перыяд існавання (4—1 ст. да н.э.) гарадзішча было слаба ўмацавана, пляцоўка выкарыстоўвалася часткова. Выяўлены рэшткі 5 наземных жытлаў слупавой канструкцыі, падзеленых на асобныя жылыя камеры, агнішчы круглай і авальнай форм, абкладзеныя камянямі, печ-домніца. У 2—4 ст. гарадзішча заселена поўнасцю, насыпаны валы, выкапаны равы, па краі пляцоўкі пастаўлена драўляная сцяна. Знойдзена вял. колькасць рэшткаў посуду, жал. сякеры, сярпы, посахападобныя шпількі, скроневыя кольцы, гліняныя прасліцы і інш.
т. 9, с. 81
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯ́ДНА,
возера ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ула, за 8 км на ПнУ ад г. Лепель. Пл. 0,58 км², даўж. больш за 1,9 км, найб. шыр. 510 м, найб. глыб. 22 м, даўж. берагавой лініі больш як 4,8 км. Пл. вадазбору 14,2 км². Схілы катлавіны выш. да 19 м, разараныя, на У і Пн параслі лесам. Берагі высокія, месцамі зліваюцца са схіламі, на ПнЗ пад хмызняком. Дно да глыб. 1,5—2 м (на Пн да 6,5 м) выслана пяском, ніжэй — сапрапелем і ілам. Зарастае слаба. Выцякае ручай у воз. Огзіна.
т. 9, с. 419
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́ЧЫГАН (Michigan, на мове мясц. індзейцаў — вял. возера),
возера ў ЗША, у сістэме Вялікіх азёр. Пл. 58 тыс. км², даўж. 494 км, шыр. да 190 км, глыб. да 281 м. Выш. ўзроўню 177 м. Берагі б.ч. узгорыстыя, слаба расчлянёныя, акаймаваныя тэрасамі; на Пд і ПдУ на берагах дзюны (выш. 10—20 м). Прылівы паўсутачныя (да 4 см). Паўн. ч. возера замярзае са снеж. да красавіка. М. злучаны з воз. Гурон прал. Макіна (шыр. каля 3 км), з сістэмай р. Місісіпі — суднаходным каналам Чыкага — Локпарт. Буйныя парты і прамысл. цэнтры — Чыкага і Мілуокі.
т. 10, с. 491
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЮХ,
успрыманне арганізмам пры дапамозе нюху органаў пэўных уласцівасцей (паху) розных рэчываў, што прысутнічаюць у навакольным асяроддзі; адзін з відаў хемарэцэпцыі. Мае сігнальнае значэнне. Служыць жывёлам для пошуку і выбару корму, высочвання здабычы, выратавання ад ворагаў, для біяарыентацыі, біякамунікацыі і інш. Адрозніваюць жывёл з добра развітым Н. (большасць млекакормячых), са слаба развітым Н. (птушкі, цюлені, вусатыя кіты, прыматы) і з поўнай адсутнасцю органаў Н. (зубатыя кіты). Асобную ролю ў зносінах жывёл адыгрываюць ферамоны. У людзей больш важныя віды дыстантнай чуллівасці — зрок і слых, але ацэнка ежы вызначаецца пераважна з дапамогай Н.
А.С.Леанцюк.
т. 11, с. 402
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́РДАС,
пустыннае плато на ПнЗ вял. лукавіны р. Хуанхэ ў Кітаі. На Пд пераходзіць у Лёсавае плато. Выш 1100—2500 м (на З да 3015 м). Пл. каля 95 тыс. км². Складзена пераважна з пясчанікаў. Паверхня ўяўляе сабой чаргаванне слаба расчлянёных узгоркападобных узвышшаў і паніжэнняў, у якіх салёныя азёры, саланчакі, месцамі забалочаныя. Каля 1/2 тэр. ўкрыта бугрыстымі пяскамі. Клімат рэзка кантынентальны, умераны. Сярэдняя т-ра студз. 10 °C, ліп. 23 °C, ападкаў за год 100—150 мм на ПнЗ, 300—400 мм на ПдУ. Пустынная і паўпустынная расліннасць, сухія стэпы. Качавая жывёлагадоўля. Радовішчы каменнага вугалю, нафты, соды.
т. 11, с. 444
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)