НЕЙРО́ННАЯ ТЭО́РЫЯ,

тэорыя будовы, развіцця і функцый нерв. сістэмы; прыватны выпадак клетачнай тэорыі. Аснова Н.т. — прызнанне анат. адасобленасці структурнай адзінкі нерв. сістэмы — нейрона, яго генет. самастойнасці і функцыян. спецыфічнасці. Абгрунтавана на мяжы 20 ст. працамі ісп. вучонага С.​Рамона-і-Кахаля і Ч.С.Шэрынгтана. Доказы поўнай структурнай адасобленасці нерв. клетак атрыманы з дапамогай электроннага мікраскопа, які даў магчымасць устанавіць, што кожны нейрон абкружаны мембранай і паміж мембранамі асобных клетак ёсць свабодныя поласці. Да гэтага часу нерв. сістэма разглядалася як бесперапынны пераход клетачнага рэчыва аднаго нейрона ў другі з утварэннем адзінай цытаплазматычнай сеткі.

А.​С.​Леанцюк.

т. 11, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЗАМА́ТАЧНАЯ ЦЯЖА́РНАСЦЬ,

развіццё аплодненага яйца па-за маткай (у матачнай трубе, яечніку, брушной поласці). Прычыны: запаленчыя захворванні палавых органаў, пухліны, эндакрынныя захворванні, выкарыстанне гарманальных сродкаў, інфантылізм і інш. Часцей бывае трубная П.ц. (95—98%). Эктапічная цяжарнасць уключае ўсе віды П.ц. і матачную цяжарнасць з няправільнай лакалізацыяй плоднага яйца. Пры П.ц. звычайна (у 2—3 месяцы цяжарнасці) разрываецца ёмішча плода з вонкавым або небяспечным для жыцця ўнутр. крывацёкам (рэзкі боль жывата, зніжэнне артэрыяльнага ціску, непрытомнасць, шок). Асабліва небяспечны крывацёк развіваецца пры разрывах у шыйцы маткі, у рудыментарнай матцы. Лячэнне хірургічнае.

І.​У.​Дуда.

т. 11, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАДАНТО́З [ад пара... + грэч. odus (odontos) зуб],

амфадантоз, піярэя альвеалярная, хранічная хвароба парадонту — тканак, якія акружаюць зуб (дзясна, альвеалярная косць, зубная звязка); дыстрафічны працэс з рассысаннем касцявой тканкі ямак альвеалярных адросткаў і запаленнем сківіц. Узнікае ад парушэння нерв. рэгуляцыі працэсаў абмену рэчываў у тканках парадонту часта пры гіпавітамінозах, недахопе мінер. солей, мікраэлементаў, недастатковым доглядзе ротавай поласці, адкладанні зубнога каменю, падагры, цукр. дыябеце. Прыкметы: прыпухласць, пачырваненне дзяснаў і адслаенне іх ад зубоў, крывацёк, хістанне і выпадзенне зубоў. У запушчанай стадыі — гінгівіт, утвараюцца кішэнепадобныя ўпадзіны з гноем. Лячэнне комплекснае: выдаленне зубнога каменю, агульнаўмацавальныя і процізапаленчыя сродкі, фізіятэрапія.

т. 12, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАСАВА́ННЕ,

1) тэхналагічны працэс апрацоўкі розных матэрыялаў ціскам з мэтай ушчыльнення, змены формы, аддзялення вадкай фазы ад цвёрдай, змены мех. і інш. уласцівасцей. П. атрымліваюць загатоўкі і вырабы з металаў, пластмас, драўняных матэрыялаў і інш. 2) Спосаб апрацоўкі металаў ціскам, пры якім метал выціскаецца з замкнёнай поласці кантэйнера праз канал матрыцы, форма і памеры якога вызначаюць сячэнне прасаванага профілю.

3) Спосаб атрымання вырабаў з пластмас і гумы ў прэс-формах, пры якім размякчаюць матэрыял награваннем і фіксуюць форму вырабу вытрымкай пад ціскам.

4) Разгладжванне бялізны, адзення, тканін і інш. прасам. Для П. карысталіся духавымі, наплітнымі, пазней эл. прасамі.

т. 13, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУЛЬПІ́Т,

запаленне пульпы зуба. Узнікае пры пападанні ў яе бактэрый, іх таксінаў, прадуктаў распаду тканак з карыёзнай поласці, парушаных калязубных тканак, пры траўме зуба, з крывацёкам пры цяжкіх інфекц. захворваннях і інш. Бывае востры і хранічны, ачаговы і дыфузны (пашыраецца на ўсю пульпу зуба). П. пашкоджвае малочныя і пастаянныя зубы. Характарызуецца моцным болем, які можа ўзнікаць, напр., пры пападанні на хворы зуб халоднай (гарачай) ежы; пры некат. формах П. холад купіруе боль. Часам П. закранае галіны трайчастага нерва і боль пераходзіць на пэўныя часткі твару. Лячэнне: поўнае ці няпоўнае выдаленне пульпы з далейшым пламбаваннем зуба.

І.​М.​Семяненя.

т. 13, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

прэс, ‑а, м.

1. Машына, прыстасаванне для апрацоўкі матэрыялаў піскам. Ручны прэс. Гідраўлічны прэс. Вінтавы прэс. // Прылада або цяжар для надання формы чаму‑н., ушчыльнення чаго‑н., выціскання вадкасці з чаго‑н.

2. Тое, што і прэс-пап’е.

3. перан. Пра тое, што прыгнятае, прыціскае каго‑, што‑н. Цэнзурны прэс буржуазнага друку.

•••

Брушны прэс — група мышцаў брушной поласці і дыяфрагмы.

[Ад лац. pressus — ціск.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

слі́на, ‑ы, ж.

Цягучая вадкасць, якая выдзяляецца асобымі залозамі ў поласці рота чалавека і жывёлы і садзейнічае змочванню і пераварванню ежы. [Кузьма:] — Ды такая паляндвіца! Свіціцца проста. У мяне аж сліна пацякла, калі ўбачыў. Ермаловіч. [Пніцкі] ўжо .. у смак гаворкі ўваходзіў: пырскаў слінаю, патрасаў плячыма. Чорны. Стаіць ураднік, выцірае рукавом сліну з рота, твар злосны і крывіцца ад знявагі. Каваль.

•••

Глытаць сліну гл. глытаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сана́цыя

(лац. sanatio = лячэнне, аздараўленне)

1) прафілактычныя і лячэбныя мерапрыемствы па аздараўленню поласці рота;

2) экан. сістэма мерапрыемстваў, якія праводзяцца з мэтай папярэдзіць банкруцтва банкаў, трэстаў і інш.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

вакуо́лі

(фр. vacuole, ад лац. vacuus = пусты)

невялікія поласці ў клетках жывёльных і раслінных арганізмаў, напоўненыя клетачным сокам.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

таракаско́п

(ад гр. thoraks, -akos = грудзі + -скоп)

мед. інструмент з аптычнай і асвятляльнай сістэмамі для даследавання плеўральнай поласці.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)