Існаваў 14—17 ст. ў сярэдневяковым г.Друцк (каля сучаснай в. Друцк Талачынскага р-на Віцебскай вобл.). Быў абнесены высокім валам і глыбокім ровам. Звесткі пра замак ёсць у дакументах за 1544, 1545 і 1549, у «Хроніцы Еўрапейскай Сарматыі» (1578, 1581) А.Гваньіні. Д.з. пастаянна пазначаўся на картах Еўропы за 1562, 1589, 1595 і 1613. Заняпаў, верагодна, у сярэдзіне 17 ст. У дакументах перыяду вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 пра Д.з. не ўпамінаецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ОРТ (ням. Ort),
сярэбраная манета Рэчы Паспалітай і германскіх дзяржаў у 17—18 ст. Адпавядаў 1/4талера. Намінальны кошт О. мяняўся са зменай курсу талера. Першыя О., выпушчаныя ў 1608 у Гданьску, раўняліся 10 грошам, пазней 16 і 18 грошам. У 1660-я г. курс О. зраўняўся з коштам злотых (тымфаў), таму ў актавых крыніцах яны абазначалі адну і тую ж грашовую адзінку. На тэр. Беларусі ў 17—18 ст. абарачаліся польскія і прускія О.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБРО́ВЕНСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 16—18 ст. Размяшчаўся каля сутокаў рэк Дубровенка і Дняпро. Меў выгляд прамавугольніка (каля 125 × 45 м). Паводле інвентара (складзены 28.5.1545), у цэйхгаўзе замка знаходзіліся 242 адзінкі агнястрэльнай зброі, шмат інш.ваен. рыштунку. У 1535 і 1562 замак спалены рус. войскам, але хутка адноўлены. У ходзе вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і Паўн. вайны 1700—21 яго зноў займалі і спальвалі рус. войскі. У 1730-я г. Д.з. адноўлены і праіснаваў да 1772.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛАТАРЭ́НКА Іван Нічыпаравіч (? — 7.10.1655),
паплечнік Б.Хмяльніцкага. Нежынскі палкоўнік (з 1653). З 1654 наказны гетман укр. казацкага 20-тысячнага войска (Нежынскі, Старадубскі і Чарнігаўскі палкі). У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 пасланы на Беларусь у распараджэнне цара Аляксея Міхайлавіча. У 1654 заняў Гомель, Рэчыцу, Жлобін, Стрэшын, Рагачоў, Прапойск, Чачэрск і Новы Быхаў, у 1655 — Бабруйск, Глуск, Каралеўскую Слабаду, Свіслач, Койданава, разам з рас. войскамі ўдзельнічаў у захопе Мінска і Вільні. Загінуў у час Быхава аблогі 1654—55.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУЛІМА́ Іван Міхайлавіч (?, с. Рагошчы Чарнігаўскай вобл., Украіна — 12.12.1635),
гетман нерэестравых (не залічаных на каралеўскую службу Рэчы Паспалітай) запарожскіх казакоў. З укр. шляхціцаў. Ратуючыся ад прыгнёту польскіх магнатаў, уцёк у Запарожскую Сеч. Удзельнік паходаў супраць крымскіх татараў і туркаў. Як гетман вядомы з 1628. У 1635 нерэестравыя казакі на чале з С. паўсталі і разбурылі польскую крэпасць Кадак на Дняпры, якая пагражала Запарожскаму войску. С. неўзабаве па-здрадніцку схоплены рэестравымі казакамі і выдадзены польскім уладам. Пакараны смерцю ў Варшаве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УНІВЕРСА́Л (польск. universał ад лац. universalis усеагульны),
від прававога акта ў Рэчы Паспалітай. Выдаваўся каралём як зварот да народа; у ім кароль рэгуляваў гасп., рэліг. і вайсковыя пытанні, склікаў шляхту на соймы і паспалітае рушэнне. У час міжкаралеўя У. выдаваў прымас. У. пабаровыя — ухвалы соймаў на збіранне падаткаў, з 17 ст. выдаваліся разам з соймавымі канстытуцыямі. У. Пастаяннай Рады рэгулявалі арганізацыю судаводства і адміністрацыі. У. абвяшчаліся канфедэрацыі. У час паўстання 1794 У. выдаваў Т.Касцюшка (напр., Паланецкі універсал).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА,
1) адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ у 1507—1795. Утворана ў студз. 1507 з цэнтрам у Навагрудку. Напачатку тэр. ваяводства фактычна адпавядала тэр.Навагрудскага павета. З 1565 складалася з паветаў: Ваўкавыскага, Навагрудскага, Слонімскага. Пл. 36 920 км², нас. ў сярэдзіне 17 ст. 375 тыс.чал. (62 400 дымоў). На тэр. ваяводства 9 гарадоў і мястэчак мелі магдэбургскае права: Ваўкавыск, Капыль, Любча, Мір, Навагрудак, Нясвіж, Ружаны, Слонім, Слуцк. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Н.в. ўтвораны Сталовіцкі пав. з цэнтрам у мяст. Сталовічы, Ваўкавыскі пав. адышоў да Гродзенскага ваяв.Усх. частка Навагрудскага пав. ўвайшла ў Мінскую губ.Рас. імперыі. Паводле 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Н.в. далучана да Рас. імперыі і ўключана ў Слонімскую губ. 2) Адм.-тэр. адзінка ў Польшчы на тэр.Зах. Беларусі ў 1921—39. Утворана паводле закона (Палажэння) ад 4.2.1921. Пл. 22 966,2 км², нас. 822 106 чал. (1921), 1 057 200 чал. (1931). Падзялялася на 8 паветаў: Баранавіцкі, Валожынскі, Лідскі, Навагрудскі; Нясвіжскі, Слонімскі, Стаўбцоўскі, Шчучынскі (з 1929). У 1921 у Н.в. было палякаў 54%, беларусаў 37,8; праваслаўных 51,2, католікаў 39,4%. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР у снеж. 1939 у межах Н.в. створана Баранавіцкая вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЖЭДЗМІ́ТРЫЙ I (каля 1581—17.5.1606),
рускі цар [1605—06]. Самазванец, выдаваў сябе за царэвіча Дзмітрыя, малодшага сына цара Івана IV, які ў 1591 быццам бы пазбег смерці ва Углічы. Асоба І. I не высветлена. Існуе версія, што ён — збеглы манах маскоўскага Чудава манастыра Рыгор Атрэп’еў з дваранскага роду Атрэп’евых, продкі якіх выехалі з Беларусі ў Маскоўскае княства. Выступіў як прадстаўнік апазіц. цару Барысу Гадунову маскоўскага баярства (князёў Раманавых, Чаркаскіх і інш.) і патрыярха. Паводле інш. звестак яго падтрымліваў канцлер ВКЛ Л.Сапега. У 1601 І. I знаходзіўся ў Кіеве, Астрогу, Брагіне, дзе ў 1603 заручыўся падтрымкай уладальніка горада кн. А.Вішнявецкага. У 1604 з дапамогаю караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта III Вазы авалодаў паўд. і паўд.-ўсх.ч. Рускай дзяржавы, заняў Маскву і 21.7.1605 каранаваны як цар Дзмітрый I Іванавіч. Быў адукаваным чалавекам, ведаў некалькі моў і вайск. справу. Адмовіў Рэчы Паспалітай у праве на валоданне Смаленскай і Северскай землямі, якія раней абяцаў перадаць за падтрымку яго выступлення. У знешняй палітыцы намагаўся стварыць антытур. кааліцыю. Забіты змоўшчыкамі-баярамі на чале з В.І.Шуйскім у час нар. паўстання.
Літ.:
Соловьев С.М. Соч.Кн. 4. История России с древнейших времен, т. 7—8. М., 1989;
Скрынников Р.Г. Самозванцы в России в начале XVII в.: Григорий Отрепьев. 2 изд. Новосибирск, 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕЙДА́НСКІ ДАГАВО́Р 1655,
пагадненне пра аб’яднанне ВКЛ са Швецыяй. Заключаны ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 у Кейданах (Жамойць) па ініцыятыве вял. гетмана ВКЛ Я.Радзівіла. Калі побач з маск. войскам у вайну супраць Рэчы Паспалітай уступіла і Швецыя (гл.Паўночная вайна 1655—60), Радзівіл летам 1655 абвясціў пра гатоўнасць прызнаць швед. караля Карла X Густава вял. князем ВКЛ. У Рыгу выехаў пасол ВКЛ Г.Любянецкі прасіць пратэкцыі і ваен. дапамогі. Быў прывезены праект пагаднення, падпісаны ў Кейданах 17 жн. Радзівілам, вольным гетманам ВКЛ В.А.Корвін-Гасеўскім, іерархамі каталіцкай царквы і многімі ваен. чынамі (436 чал.). Большасць шляхты не прыняла дакумент і заставалася на баку караля Яна II Казіміра. Пагадненне прадугледжвала аб’яднанне (унію) ВКЛ са Швецыяй на роўных правах. Унія ВКЛ з Польшчай аўтаматычна касавалася. Шведскі кароль абавязаўся выгнаць з ВКЛ маск. войска. З прычыны разладу ў лагеры прыхільнікаў дагавора 20 кастр. прыняты новы варыянт дакумента, які прадугледжваў у асн. тыя ж умовы аб’яднання ВКЛ са Швецыяй. У выніку К.д. Швецыя ўзяла пад ахову сваіх узбр. сіл частку зах. зямель ВКЛ. Пасля смерці гал. ініцыятара дагавора Радзівіла ў крас. 1656 у Жамойці адбылося антышведскае паўстанне. Шведская адміністрацыя і войска адышлі ў Інфлянты, К.д. канчаткова страціў сілу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІВО́НСКАЯ ВАЙНА́ 1558—83, Інфлянцкая вайна,
вайна Маскоўскай дзяржавы з Лівонскім ордэнам, Вялікім княствам Літоўскім, Рэччу.Паспалітай (з 1569) і Швецыяй за Лівонію (Інфлянты). Пачалася ў студз. 1558 па ініцыятыве цара Івана IV Грознага, які спадзяваўся праз Лівонію здабыць сваёй дзяржаве шырокі выхад да Балтыйскага м. Да восені 1558 маскоўскія войскі авалодалі тэр.Усх. Эстоніі з гарадамі Нарва і Дэрпт (цяпер Тарту), у пач. 1559 (да перамір’я ў сак.) прарываліся да Рыгі і ў Курляндыю. 31.8.1559 Лівонскі ордэн падпісаў у Вільні пагадненне аб пераходзе пад пратэктарат ВКЛ. Праз месяц да пагаднення далучылася Рыжскае арцыбіскупства. Вял. князь ВКЛЖыгімонт II Аўгуст увёў свае войскі ў лівонскія замкі ўздоўж р.Зах. Дзвіна. У пач. 1560 маскоўскія войскі аднавілі ваен. дзеянні. 2 жн. ў бітве пры Эрмесе (цяпер Эргеме, Латвія) яны разбілі лепшыя ордэнскія сілы, да восені авалодалі гал. ўмацаваннямі Лівоніі, акрамя Рыгі і Рэвеля (цяпер Талін). Гэта прымусіла Лівонскі ордэн падпісаць 28.11.1561 у Вільні 2-е пагадненне, паводле якога ордэнскія ўладанні ў Лівоніі перайшлі пад уладу ВКЛ, а магістр ордэна Г.Кетлер стаў васалам Жыгімонта II Аўгуста. У лют. 1562 да дагавора далучылася Рыжскае арцыбіскупства. Горад Рыга да 1581 заставаўся незалежным. 5.3.1562 фармальна спыніў існаванне Лівонскі ордэн, які фактычна распаўся ў 1560—61: у 1561 тэр.Паўн. Эстоніі перайшла пад уладу Швецыі, а Пн Курляндыі і в-аў Эзель (Саарэмаа) з прылеглымі а-вамі Маандзунскага архіпелага яшчэ ў 1560 сталі ўладаннем Даніі. У пач. 1562 маскоўскія войскі разгарнулі ваен. дзеянні супраць ВКЛ, падышлі да Шклова, Копысі, Оршы, Дуброўны і Віцебска. У адказ войскі ВКЛ правялі рэйд па Смаленшчыне і пад Веліж. 15.2.1563 больш як 60-тысячная (з 200 гарматамі) армія Івана IV прымусіла да капітуляцыі гарнізон Полацка, які 2 тыдні гераічна трымаў абарону. Гаспадарская рада ВКЛ заключыла перамір’е з царом, прадоўжанае да ліст. 1563. Перагаворы ў Маскве, якія вялі ў канцы 1563 паслы ВКЛ Ю.Хадкевіч і Р.Валовіч, спыніліся безвынікова, бо Іван IV згаджаўся на працяглае перамір’е толькі пры ўмове захавання пад яго ўладай Лівоніі і Полаччыны. У студз. 1564 ваен. дзеянні аднавіліся. 26 студз. ў бітве пад Улай 24-тысячная групоўка кн. П.Шуйскага, што выйшла з Полацка, была разгромлена гетманам ВКЛ М.Радзівілам, у выніку чаго паспешліва адступілі да Смаленска і войскі братоў кн. Сярэбраных (каля 50 тыс.чал.). У далейшым ваен. дзеянні насілі ў асн. лакальны характар. Увосень 1564 войскі ВКЛ няўдала асаджалі Полацк, у адказ на захоп маскоўскімі войскамі Езярышча зрабілі паход пад Вял. Лукі, а вясной 1565 — на Пскоўшчыну. У жн. 1565 вайна была перапынена, перагаворы ў Маскве (чэрв. 1566) скончыліся пагадненнем аб перамір’і да восені 1567. Земскі сабор 1566 падтрымаў намер Івана IV і далей ваяваць за Прыбалтыку. У 1567 аднавіліся лакальныя баявыя дзеянні. Корпус войск ВКЛ паспяхова хадзіў на Смаленшчыну, пад Лепелем былі разбіты фарміраванні царскіх стральцоў, а ў вер. 1568 войскі ВКЛ штурмам узялі замак Улу. Маскоўскія ваяводы ў 1566—69 умацоўвалі Полацк, пабудавалі крэпасці Сушу, Сокал, Сітна, Красны, Казьян, Туроўлю, Усвят. У 1568 шведскім каралём стаў Ян III — швагер Жыгімонта II Аўгуста. У выніку пачалася вайна Маскоўскай дзяржавы са Швецыяй. Цяжар Л.в. падштурхнуў шляхту ВКЛ да дзярж. уніі з Польшчай. Пасля падпісання акта Люблінскай уніі 1569 і стварэння Рэчы Паспалітай вайна з Маскоўскай дзяржавай стала агульнай для ВКЛ і Польшчы. У канцы 1569 у Маскву прыехала супольнае пасольства (ад Польшчы Я.Карташынскі, ад ВКЛ мінскі кашталян М.Тальваш). 22.7.1570 падпісаны трактат аб трохгадовым перамір’і на ўмовах захавання за кожнай дзяржавай падкантрольных ёй на той момант зямель. У 1571—72 асн.ваен. сілы Маскоўскай дзяржавы былі адцягнуты на барацьбу з нашэсцямі крымскіх татар. У пач. 1573, скарыстаўшы ўнутр. праблемы Рэчы Паспалітай пасля смерці 7.7.1572 Жыгімонта II Аўгуста (фактычнае міжкаралеўскае безуладдзе 1572—75, вайна з Гданьскам 1576—77), Іван IV аднавіў вайну у Прыбалтыцы. 1.1.1573 яго войскі ўзялі апорны пункт шведаў у Эстоніі Вейсенштэйн (цяпер Пайдэ), на тэрыторыі, падначаленай Рэчы Паспалітай, у 1575 занялі Пернаў (цяпер Пярну, Эстонія), а ў 1577 — б. рэзідэнцыю вял. магістраў Лівонскага ордэна Вендэн (цяпер Цэсіс, Латвія). Абраны ў 1575 каралём Рэчы ПаспалітайСтафан Баторый сабраў у 1579 значнае войска (41 тыс.чал.), на чале якога 30.8.1579, пераадолеўшы амаль трохтыднёвае супраціўленне маскоўскага гарнізона, авалодаў Полацкам. На працягу лета і восені 1579 войскі Рэчы Паспалітай узялі крэпасці Казьян, Красны, Сокал і інш. У 1580 яны ўварваліся на тэр. Маскоўскай дзяржавы, у вер. захапілі Вял. Лукі, зрабілі напады на Холм і Старую Русу. У тым жа годзе шведы захапілі ў Карэліі крэпасць Карэла, а ў 1581 — Нарву, Івангорад, Ям, Капор’е, асадзілі Арэшак. У час перагавораў у Вільні (1581) Стафан Баторый адмовіўся ад перамір’я, прапанаванага яму пасламі Івана IV, і ў ліп. 1581 з раёна Полацка пачаў свой 3-і паход. 26.8.1581 войскі Рэчы Паспалітай аблажылі Пскоў, гарнізон і жыхары якога больш за 5 месяцаў гераічна абараняліся, адбілі 30 штурмаў. 13.12.1581 пачаліся перагаворы, якія завяршыліся падпісаннем 15.1.1582 Ям-Запольскага мірнага дагавора 1582 на 10 гадоў. Паводле дагавора Іван IV адмаўляўся ад заваяваных лівонскіх зямель і ад г. Веліж з наваколлем на карысць Рэчы Паспалітай, а Стафан Баторый згаджаўся вывесці сваю армію з тэр. Маскоўскай дзяржавы. Паводле Плюскага перамір’я 1583 Маскоўская дзяржава ўступала Швецыі Паўн. Эстонію, гарады Нарва, Ям, Капор’е, Івангорад і Карэла. Данія ў 1583 перадала Рэчы Паспалітайпаўн. частку Курляндыі. У выніку Л.в. Маскоўская дзяржава пацярпела паражэнне ў сваёй барацьбе за шырокі выхад да Балтыйскага м. Для ВКЛ, у т. л. для Беларусі, якая найбольш пацярпела за гады вайны, перамога ў ёй азначала замацаванне ў складзе ВКЛэтн.бел. зямель. Але вымушанае ў час Л.в. пайсці на падпісанне Люблінскай уніі 1569, ВКЛ страціла частку свайго дзярж. суверэнітэту і многія тэрыторыі (Украіну і Падляшша, перададзеныя ў 1569 Польшчы).
Літ.:
Королюк В.Д. Ливонская война. М., 1954;
Арлоў У. Полацкая вайна // Арлоў У. Таямніцы полацкай гісторыі. Мн., 1994.
Г.М.Сагановіч.
Да арт.Лівонская вайна 1558—83. Узяцце Полацка войскам Стафана Баторыя. Гравюра 16 ст.