МІ́НІН (Аляксандр Аляксандравіч) (н. 28.8.1924, в. Арлея Полацкага р-на Віцебскай вобл.),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Вышэйшую парт. школу пры ЦК КПСС (1963). У Вял. Айч. вайну ў 1942—43 разведчык 3-й Бел. партыз. брыгады, з ліст. 1943 на 3-м Бел. фронце. Камандзір аддзялення разведкі палка М. вызначыўся ў Бел. аперацыі 1944 26 чэрв.—14 ліп. на тэр. Беларусі і Літвы. З 1948 на парт. і прафс. рабоце.

А.А.Мінін.

т. 10, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛЕ́ВІЧ (Ільдафонс Юр’евіч) (каля 1835, Віленскі пав. — ?),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Польшчы, Беларусі і Літве. З 1860 каморнік у Гродзенскай губ. З 1861 у Гродзенскай рэв.-дэмакр. арг-цыі, створанай К.​Каліноўскім. У 1863 сакратар паўстанцкага цывільнага начальніка Гродзенскай губ. З лета 1863 у Вільні, адзін з бліжэйшых памочнікаў Каліноўскага па кіраўніцтве паўстаннем, член Выканаўчага аддзела Літвы. У студз. 1864 арыштаваны, прыгавораны да 6 гадоў катаргі. Далейшы лёс невядомы. Г.​В.​Кісялёў.

т. 10, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЕНСКАЕ МЕДЫЦЫ́НСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА,

навуковая грамадская арг-цыя ў 1805—1939. Засн. 12.12.1805 пры Віленскім універсітэце па ініцыятыве прафесараў мед. ф-та. Аб’ядноўвала выкладчыкаў ун-та (пасля яго закрыцця ў 1832 — Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі) і медыкаў-практыкаў Вільні і інш. гарадоў Беларусі і Літвы. Т-ва заснавалі і ўзначалілі прафесары А.​Снядэцкі (прэзідэнт), Я.​Лобенвейн (віцэ-прэзідэнт), І.​Франк (сакратар). Мела на мэце вывучэнне праблем медыцыны, хірургіі, фармакалогіі, даследаванне мясц. мінер, крыніц, барацьбу з заразнымі хваробамі. Як цэнтр навук. мед. думкі Беларусі і Літвы спрыяла разгортванню ў краі даследаванняў у розных галінах медыцыны і прыродазнаўства. Па яго ініцыятыве ў Вільні засн. Ін-т вакцынацыі (1808), Ін-т мацярынства (1809), бактэрыяхім. лабараторыя (1887), Пастэраўская станцыя (1897); у 1807—10, 1860—64 дзейнічала бясплатная амбулаторыя для бедных. Працы т-ва друкаваліся ў навук. зб-ках «Веснік Віленскага медыцынскага таварыства» (т. 1—2, 1818—21), «Дзённік медыцыны, хірургіі і фармацыі» (т. 1—2, 1822—24), «Віленскі фармацэўтычны веснік» (1920, усе на польск. мове), рус. мед. газ. «Друг здравия» (С.-Пецярбург); выдавала час. «Pamięnik Wileńskiego towarzystwa lekarskiego» («Веснік Віленскага медыцынскага таварыства», 1925—39).

А.П.Малчанаў.

т. 4, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕ́ЛЫЯ»,

1) кансерватыўна-ліберальная плынь у нац.-вызв. руху напярэдадні і ў час паўстання 1863—64 на Беларусі, у Польшчы і Літве. У адрозненне ад «чырвоных» выступалі супраць узбр. паўстання, спадзеючыся мірным шляхам дамагчыся ад царскага ўрада ўступак і аднаўлення Рэчы Паспалітай у межах 1772. На Беларусі і ў Літве «Белыя» складаліся з ліберальных памешчыкаў. Іх арганізацыя пачала афармляцца ў 1860, пастаянны к-т створаны ў вер. 1862 у Вільні. Баючыся, каб паўстанне 1863—64 не перарасло ў нар. рэвалюцыю, «Белыя» далучыліся да яго. 11.3.1863 яны абвясцілі ў Польшчы дыктатуру свайго стаўленіка М.​Лянгевіча, адначасова захапілі паўстанцкую ўладу ў Літве і на Беларусі. Замест «чырвонага» Часовага правінцыяльнага ўрада Літвы і Беларусі з прадстаўнікоў «Белых» быў утвораны Аддзел кіраўніцтва правінцыямі Літвы. «Белыя» сабатавалі правядзенне рэв. пераўтварэнняў і тым самым сталі прычынай звужэння сац. базы і размаху паўстання. У выніку рэпрэсій царскіх улад летам 1863 яны сталі адыходзіць ад паўстання. Гал. дзеячы «Белых» на літ.-бел. землях Я.С.Гейштар, А.У.Аскерка, А.П.Яленскі, В.​Стажэнскі (Старжынскі).

2) Неафіц. назва ваенна-паліт. антысавецкіх сіл у час грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі ў Расіі 1918—20. Гл. Белая гвардыя.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 3, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМБРО́ЎСКІ ((Dąbrowski) Яраслаў) (13.11.1836, г. Жытомір, Украіна — 23.5.1871),

дзеяч польск. і міжнар. рэв. руху. Вучыўся ў кадэцкіх карпусах у Брэсце (1845—53) і Пецярбургу (1853—55), Акадэміі генштаба ў Пецярбургу (1859—61). З 1855 у рас. арміі. Удзельнік Каўказскай вайны 1817—64. Разам з З.Серакоўскім узначальваў рэв. арг-цыю ў Пецярбургу (у яе ўваходзілі браты К. і В.​Каліноўскія і інш. выхадцы з Беларусі і Літвы), прапагандаваў ідэі рус.-польск. рэв. саюзу. З 1862 у Варшаве, кіраўнік «чырвоных». Чл. Цэнтр. нац. к-та. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Камітэта рускіх афіцэраў у Польшчы. Правёў нарады ў Вільні з рэвалюцыянерамі Літвы і Беларусі, абавязаўся прадстаўляць іх інтарэсы ў Варшаве. Разлічваючы на спрыяльную сітуацыю і падтрымку рас. рэв. сіл, распрацаваў план неадкладнага ўзбр. паўстання, які адхілілі правыя. У жн. 1862 арыштаваны, з турмы кіраваў падрыхтоўкай паўстання 1863—64. У канцы 1864 уцёк па дарозе на катаргу, выехаў за мяжу. Адзін з лідэраў польск. дэмакр. эміграцыі, кантактаваў з А.​І.​Герцэнам, Дж.​Гарыбальдзі. Генерал і галоўнакаманд. ўзбр. сіламі Парыжскай камуны 1871, загінуў у баі з версальцамі. Аўтар шэрагу ваен.-тэарэт. прац.

Літ.:

Дьяков В. Ярослав Домбровский. М., 1969.

Я.Дамброўскі.

т. 6, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТУЗЯ́ВІЧУС ((Matuzevičius) Эўгеніюс) (24.12.1917, г. Урупінск Валгаградскай вобл., Расія — 20.6.1994),

літоўскі паэт, перакладчык, крытык. Засл. дз. маст. Літвы (1977). Вучыўся ў Каўнаскім і Вільнюскім ун-тах (1939—43). Аўтар паэт. зб-каў «Веснавой сцежкай» (1941), «Песня дружбы» (1953), «Не гасні, агонь маяка!» (1960), «Месячны бераг» (1965), «Млечны шлях» (1970), «Зялёныя астравы гадоў» (1975, Дзярж. прэмія Літвы 1977), «Варыяцыі і вяртанні» (1980) і інш. Для яго вершаў характэрна рамант. прыўзнятасць, песенныя інтанацыі. Для зб. Я.​Купалы на літ. мове «Не жалейка стогне» (1957, укладальнік разам з А.​Жукаўскасам), анталогій «З беларускай паэзіі» (1952) і «Па Нёмане песня плыве» (1958) пераклаў паэмы Я.​Купалы «Курган», «Барысаў», п’есы «Паўлінка», «Раскіданае гняздо», яго вершы і інш. бел. паэтаў. Укладальнік зб. твораў Я.​Купалы «Мая доля» (Вільнюс, 1982). Аўтар артыкулаў пра Я.​Купалу, бел. л-ру, культуру. На бел. мову асобныя яго вершы пераклалі А.​Астрэйка, Р.​Барадулін, А.​Бачыла, А.​Вярцінскі, А.​Грачанікаў, Л.​Дайнека, М.​Калачынскі, Я.​Крупенька, П.​Марціновіч, А.​Разанаў, М.​Танк.

Тв.:

Бел. пер. — Просіцца ў песню мора. Мн., 1965;

Рус. пер. — Крылья над морем. М., 1976.

А.​П.​Лапінскене, А.​В.​Мальдзіс.

т. 10, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛЕ́ВІЧЫ,

старажытны княжацкі род. Прадстаўнікі роду Вішымут, Едзівіл і Спрудзейк удзельнічалі ў валынска-літоўскім дагаворы 1219. На думку гісторыка І.​Бяляева, Булевічы разам з Рушкавічамі валодалі тэр. ад Віліі да Нёмана і Свіслачы (заходняй), на У — да Бярэзіны (дняпроўскай); літоўскі гісторык Э.​Гудавічус лічыць, што Булевічы валодалі Шаўляйскай зямлёй. Магчыма, яны жылі ў Верхнім Панямонні на ПнУ ад Новагародка, таму кн. Міндоўг, імкнучыся пашырыць свае ўладанні на тэр. летапіснай Літвы, знішчыў усіх Булевічаў.

М.​І.​Ермаловіч.

т. 3, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКА-ЛІТО́ЎСКАЯ А́РМІЯ,

аператыўнае аб’яднанне часцей і злучэнняў Чырв. Арміі на тэр. Беларусі і Літвы (Літоўска-Беларускай ССР) у грамадзянскую вайну. Загадам рэўваенсавета Рэспублікі ад 13.3.1919 Зах. армія пераўтворана ў Беларуска-Літоўскую армію. У яе ўвайшлі Заходняя, Літоўская (да 30.4.1919), 8-я і 17-я стралк. дывізіі. Знаходзілася ў складзе Зах. фронту 1919—24. Камандуючыя арміі А.​Я.​Снесараў (да 31.5.1919), П.​К.​Міронаў (в.а. з 31.5.1919). Загадам РВС Рэспублікі ад 7.6.1919 перайменавана ў 16 армію.

т. 2, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНДЫЧЭ́НКА (Віктар Фёдаравіч) (12.2. 1922, в. Міхайлова Лёзненскага р-на Віцебскай вобл. — 31.3.1980),

поўны кавалер ордэна Славы. Скончыў Ташкенцкае пях. вучылішча (1943). З 1943 на Варонежскім, Зах., Бранскім, 1-м Прыбалт. франтах. Удзельнік Курскай бітвы, вызвалення Віцебскай вобл. Вызначыўся ў баях на тэр. Літвы і Латвіі ў 1944: 11 жн. першы фарсіраваў р. Мемеле і знішчыў 2 агнявыя пункты ворага; 18 вер. з групай разведчыкаў разграміў апорны пункт гітлераўцаў; у кастр. вызначыўся ў час прарыву абароны праціўніка.

т. 9, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРМАН ((Krman) Даніэль) (28.8.1663, в. Амшэне, Славакія — 23.9.1740),

славацкі рэліг. і грамадскі дзеяч, падарожнік. Вучыўся ў Браціславе, Лейпцыгу, Вітэнбергу. Выкладаў у славацкіх навуч. установах. Уваходзіў у склад пратэстанцкага пасольства да шведскага караля Карла XII, якога суправаджаў у паходах 1708—09. Аўтар дзённіка на лац. мове, у якім апісаў гаспадарку, культуру, прыродныя і нац. асаблівасці Польшчы, Літвы, Беларусі, Украіны, Малдовы, даў звесткі пра Палтаўскую бітву 1709 і інш. У 1729—40 адбываў пажыццёвае зняволенне ў Браціславе. Пакінуў вял. літ. спадчыну.

т. 8, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)