КА́РПАЎ (Аляксандр Якаўлевіч) (20.1.1922, в. Харнінская Шатурскага р-на Маскоўскай вобл. —15.1.1998),

бел. кінарэжысёр. Засл. дз. маст. Казахстана (1964), засл. дз. маст. Беларусі (1985). Скончыў Усесаюзны ін-т кінематаграфіі (1956). Працаваў на кінастудыі «Казахфільм». Паставіў фільмы «Далёка ў гарах» (1958), «Сказанне пра маці» (1963, Дзярж. прэмія Казахстана 1966). З 1968 на кінастудыі «Беларусьфільм». Асн. месца ў творчасці займае тэма Вял. Айч. вайны. Паставіў тэлефільмы «Доўгія вёрсты вайны» (1975), «Яго батальён» (1989); кінафільмы «Заўтра будзе позна» (1973, разам з М.​Цяпакам з Чэхіі), «Вясельная ноч» (1981), «Асабістыя рахункі» (1982), «Пайсці і не вярнуцца» (1989), дакумент. фільм «Ад слова «жыць» (1983, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Обергаўзене). У 1981—86 першы сакратар праўлення Саюза кінематаграфістаў Беларусі.

т. 8, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРШУНЫ́ (Milvus),

род драпежных птушак сям. ястрабіных. 2 віды: К. чорны (M. korchun; пашыраны ў Еўразіі, Афрыцы, Паўн. Аўстраліі) і К. чырвоны (M. milvus; у Зах. Еўропе, Паўн. Афрыцы, Пярэдняй Азіі). Пералётныя птушкі. Жывуць у лясах, стэпах і паўпустынях, паблізу вадаёмаў. На Беларусі гняздуюць абодва віды. К. чырвоны занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Даўж. да 70 см, маса да 1400 г. Крылы доўгія і шырокія, хвост доўгі, з выемкай. Апярэнне бурае ў К. чорнага або чырв.-бурае ў К. чырвонага. Гнёзды на дрэвах, скалах, абрывах. Нясуць 2—4 яйцы. Здабычу выглядаюць, лунаючы ў паветры. Кормяцца дробнымі грызунамі, паўзунамі, земнаводнымі, мярцвячынай, часам дробнымі птушкамі і рыбай.

Каршуны: 1 — чырвоны, 2 — чорны.

т. 8, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРГА́ННЫХ ПАХАВА́ННЯЎ КУЛЬТУРА,

група культур сярэднебронзавага веку на большай частцы Цэнтр. Еўропы (1500—1200 да н.э.). Вылучаецца на падставе пахавальнага абраду (інгумацыя, радзей крэмацыя ў каменнай скрыні з тонкіх пліт пад круглым насыпам) і шэрагу тыпаў бронзавых рэчаў, агульных для большасці мясц. субкультур (пальштабы, сякеры, мячы суцэльнаметалічныя ці з дзяржаннем з закраіна́мі, наканечнікі дзідаў, сярпы, упрыгожанні — доўгія шпількі разнастайных форм, дыскі з увагнутасцю, бранзалеты і падвескі, бурштынавыя пласціны). Цэнтрам К.п.к. былі сучасныя Баварыя, Вюртэмберг, Чэхія і Маравія; паступова яна пашыралася на тэр. Германіі на Пн і З (да Эльзаса). Яе элементы сустракаюцца на тэр. Венгрыі, Румыніі і Югаславіі. У канцы сярэднебронзавага веку саступіла месца культуры палёў пахавальных урнаў.

т. 9, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНДРА́С (дацкае Landrace ад land зямля, краіна + гасе парода),

беконная парода свіней. Выведзена ў Даніі ў канцы 19 ст. скрыжаваннем мясц. свіней з буйной белай пародай шляхам працяглай паглыбленай селекцыі. Разводзяць у Скандынавіі, Вялікабрытаніі, ЗША, Канадзе, Аўстраліі, Н. Зеландыі, Бразіліі. На Беларусь Л. завезены са Швецыі ў 1948 г. Выкарыстоўваюць для прамысл. скрыжавання (буйная белая + беларуская чорна-пярэстая парода + Л.). Асн. лініі: Атлас, Бром, Байкал, Элегант.

Даўж. самцоў да 185 см, свінаматак да 170 см, маса адпаведна да 350 і 230 кг. Масць белая. Тулава выцягнутае, галава невял., вушы доўгія. Сцёгны добра развітыя. Мяса ў тушы да 58%. Якасць бекону высокая. Плоднасць да 12 парасят за апарос.

Ландрас.

т. 9, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНО́РКА,

парода курэй яечнага кірунку. Выведзена ў Іспаніі (в-аў Менорка, адсюль назва). Разнавіднасці: чорная (крыху буйнейшая) і белая. Пашыраны М. англ., амер. і ням. тыпаў. Гадуюць пераважна ў міжземнаморскіх краінах, на Беларусі — аматары.

Тулава і шыя падоўжаныя, спіна прамая, грудзі шырокія, глыбокія. Галава сярэдніх памераў, грэбень ліста- (у пеўняў прамастойны) або ружападобны; вушныя мочкі белыя. Махавыя і рулявыя пёры моцна развітыя, у пеўняў коскі доўгія. Ногі высокія. У белых М. дзюба і ногі цялеснага колеру, у чорных — чорнага колеру, апярэнне бліскучае, з зялёным адлівам. Сярэдняя маса пеўняў 3—3,5 кг, курэй 2,5—3 кг. Яйцаноскасць 150—180 яец за год. Маса яйца 60—65 г.

Мінорка (чорная): 1 — певень; 2 — курыца.

т. 10, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЛ (ад лац. mulus),

гібрыд каня (кабылы) і асла (самца); свойская жывёла. Вядомы з 3-га тыс. да н.э. Гадуюць пераважна ў Азіі, Афрыцы, Амерыцы і Паўд. Еўропе. Ад кабылы наследуе велічыню цела, шырокія і глыбокія грудзі, масць, хвост, здольнасць да хуткага руху; ад асла — вял. грубую галаву, доўгія вушы, кароткія шыю і грыву, звіслы крыж, трываласць і працаздольнасць. Больш здольныя да акліматызацыі, даўгавечныя (жывуць да 40—50 гадоў), менш успрымальныя да хвароб, непатрабавальныя да корму і догляду. Звычайна бясплодныя. Адрозніваюць тыпы М.: уючны (выш. ў карку 110—140 см, маса 300—400 кг) і запражны (140—170 см, 400—700 кг). Гл. таксама Лашак.

Л.​Л.​Галубкова.

Мул.

т. 11, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯДЗВЕ́ДКІ (Gryllotalpidae),

сямейства насякомых надсям. цвыркуновых атр. прамакрылых. Каля 50 відаў. Пашыраны ўсюды. Шкоднікі палявых, агароднінных, пладовых культур і лясных парод. На Беларусі ў вільготных мясцінах (каля вадаёмаў, у садах, агародах і інш.) трапляецца М. звычайная (Gryllotalpa gryllotalpa).

Цела даўж. 25—60 мм, цёмнае, густа ўкрытае дробнымі валаскамі. Пярэдняспінка вялікая. Пярэднія ногі капальныя, з моцна развітымі сцёгнамі і галёнкамі. Надкрылы кароткія. Крылы шырокія, доўгія, складзеныя ў выглядзе жгутоў. Жывуць у верхніх слаях глебы. Кормяцца падземнымі ч. раслін, насеннем, насякомымі, іх лічынкамі, чарвямі. На паверхню выходзяць ноччу. Добра плаваюць. Поўны цыкл развіцця 1—3 гады. Зімуюць лічынкі і дарослыя формы.

Да арт. Мядзведкі: 1 — мядзведка звычайная; 2 — пашкоджанні карэньчыкаў сеянцаў хвоі; 3 — гняздо з яйцамі.

т. 11, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУСТАЛЬГА́ звычайная

(Falko tinnunculus, або Cerchneis tinnunculus),

драпежная птушка сям. сакаліных атр. сокалападобных. Пашырана ў Еўропе, Азіі, Афрыцы. Жыве ў невял. лясах, на лясных высечках, узлесках, лугах, палях, у гарах да выш. 4000 м і інш. Селіцца паасобна і калоніямі. Гняздуе на верхавінах і ў дуплах дрэў, займае гнёзды інш. птушак. На Беларусі рэдкі пералётны від, трапляецца ва ўсх. і зах. раёнах. Нар. назвы аралок, шулячок. Занесена ў Чырв. кнігу Беларусі.

Даўж. да 38 см, маса да 285 г. Самкі большыя за самцоў. Афарбоўка рыжая, самец больш яркі. Крылы доўгія, завостраныя. У палёце часта затрымліваецца з прыўзнятымі крыламі і апушчаным хвастом, пырхае на месцы («трасецца»). Корміцца пераважна мышападобнымі грызунамі. Адкладвае да 8 яец.

Пустальга звычайная.

т. 13, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАКШАПАДО́БНЫЯ (Coraciiformes),

атрад птушак. 10 сям., 49 родаў, 194 віды (існуюць інш. класіфікацыі). Пашыраны пераважна ў тропіках і субтропіках, ва ўмераных шыротах пералётныя. Жывуць у разрэджаных лясах, некат. — у саваннах, стэпах, пустынях. Актыўныя днём. Гняздуюцца ў дуплах, расколінах скал, норах; некат. віды ўтвараюць калоніі. На Беларусі трапляюцца зімародак звычайны (занесены ў Чырв. кнігу), сіваграк, удод, шчурка залацістая.

Даўж. да 165 см, маса да 4 кг. Апярэнне шчыльнае, яркаафарбаванае, з метал. адлівам. Дзюбы разнастайныя, пераважна доўгія. Кормяцца насякомымі і іх лічынкамі, зімародак — рыбай. Манагамы. Птушанятныя птушкі. Адкладваюць да 10 (звычайна 2—6) яец.

А.​М.​Петрыкаў.

Ракшападобныя: 1 — шчурка залацістая; 2 — шыракарот усходні; 3 — воран паўночны рагаты; 4 — насарог вялікі індыйскі.

т. 13, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

асе́нні, ‑яя, ‑яе.

Які мае адносіны да восені; звязаны з восенню, які адбываецца восенню; восеньскі. Асенняе раўнадзенства. Асеннія месяцы. □ У Заборцах было некалькі хат, больш прасторных і светлых, дзе ў доўгія асеннія вечары збіралася моладзь. Колас. Золь асенняя, туман. Шэпчуць жоўклыя лісты. Ноч — сяброўка партызан, Друг іх верны — лес густы. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)