МІЛАНІ́Т (ад грэч. mylōn млын),

зборная назва розных паводле саставу і генезісу горных парод, раздробленых у зонах тэктанічных парушэнняў. Першасныя горныя пароды пры перамяшчэнні па разломе пераціраюцца, сціскаюцца, робяцца больш шчыльныя, дробназярністыя; мінералы ў іх набываюць лінейнае арыентаванне, утвараючы характэрную міланітавую (тонкаслаістую) структуру. У выніку працэсаў дынамаметамарфізму, якія часта ўзнікаюць пры такіх абставінах, М. ператвараецца ў сланцаватую метамарфічную пароду (бластаміланіт). На Беларусі зоны міланітызацыі часта трапляюцца ў пародах крышт. фундамента.

т. 10, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАСЕ́ЙН у геалогіі,

адмоўная замкнёная тэктанічная структура, у якой намнажаюцца або залягаюць асадкавыя горныя пароды, нярэдка з карыснымі выкапнямі. Мае будову сінкліналі або прагіну. Адрозніваюць басейны: гідрагеалагічны, або падземных водаў (артэзіянскі, сцёку трэшчынна-грунтавых водаў і інш.), карысных выкапняў (нафтагазаносны, вугляносны, саляносны, сланцавы, рудны і інш.), седыментацыі (азёрныя, марскія, акіянскія, балотныя і інш.), дзе адбываецца намнажэнне асадкаў. Гл. таксама Аршанскі гідрагеалагічны басейн, Брэсцкі гідрагеалагічны басейн, Прыпяцкі гідрагеалагічны басейн, Прыпяцкі нафтагазаносны басейн, Прыпяцкі саляносны басейн.

т. 2, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ЛЬДМЮЛЕР ((Waldmüller) Фердынанд Георг) (15.1.1793, Вена — 23.8.1865),

аўстрыйскі жывапісец. Вучыўся (1807—13) і выкладаў (1829—57) у Венскай АМ. Працаваў у Вене, Заграбе, Празе, Брно. Прадстаўнік аўстр. бідэрмеера. Маляваў паэтычныя горныя ландшафты, сцэны сял. побыту («Вялікі пейзаж Пратэра», 1849; «Збіральнікі галля ў Венскім лесе», 1855; «Пасля апісання маёмасці», 1856) і партрэты, адметныя інтымнай непасрэднасцю і тонкасцю назіранняў («Сям’я натарыуса І.​А.​Эльца», 1835; «Сям’я ў парку», 1840).

Ф.Г.Вальдмюлер. Пасля апісання маёмасці. 1856.

т. 3, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖАВАХЕ́ЦКАЕ НАГО́Р’Е,

у Закаўказзі (Грузія), частка Паўд.-Груз. нагор’я, на Пд ад Трыялецкага хр., паміж р. Кура на З і Ніжнекартлійскай раўнінай на У. Уключае Самсарскі і Джавахецкі мерыдыянальныя хрыбты (выш. да 3300 м) і плато Цалкінскае, Гамарэцкае, Дманіскае і Ахалкалакскае (выш. да 1700 м). Складзена з андэзіта-базальтавых і трахітавых лаў. У катлавінах шмат азёр тэктанічнага ці вулканічнага паходжання (Паравані, Табацкуры і інш.). Горныя стэпы, субальпійскія лугі, якія выкарыстоўваюцца як пашы.

т. 6, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́ЭСТЫ (ад ісп. cuesta адхон, схіл гары),

асіметрычныя грады і ўступы ў рэльефе, часам горныя хрыбты, утвораныя ў выніку размыву і дэнудацыі монаклінальна залягаючых горных парод, складзеных з пластоў рознай трываласці. Спусцісты схіл супадае з нахілам пластоў, стромкі абрываецца ў бок іх падзення. Часам К. размяшчаюцца ў некалькі паралельных радоў, утвараюць куэставы тып рэльефу, які трапляецца на паўн. схілах Вял. Каўказа (Скалісты хр.), у Сярэдняй Азіі, Крымскіх гарах і інш. месцах.

Папярочны профіль куэстаў.

т. 9, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯГЕНЕ́З (ад дыя... + ...генез),

сукупнасць прыродных фізіка-хімічных працэсаў ператварэння рыхлых асадкаў на дне вадаёма і на сушы ў асадкавыя горныя пароды ва ўмовах верхняй зоны зямной кары. Вылучаюць Д. ранні (этап фізіка-хім. ўраўнаважання асадку) і позні (этап пераразмеркавання рэчыва з утварэннем розных мінер. сцяжэнняў). У выніку Д. змяншаецца колькасць глеевай вады, асадак робіцца больш шчыльным і цвёрдым. Ператварэнне асадкавай пароды да поўнай літафікацыі (акамяненне) адбываецца на стадыях катагенезу і метагенезу.

У.​І.​Шкуратаў.

т. 6, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭНУДА́ЦЫЯ (ад лац. denudatio агаленне),

сукупнасць працэсаў зносу і пераносу з узвышшаў прадуктаў выветрывання горных парод (вадой, ветрам, лёдам, сілай цяжару) з наступным іх намнажэннем у паніжэннях рэльефу. На тэмпы і характар Д. ўплываюць размах і хуткасць тэктанічных рухаў. Перавага Д. над эфектам тэктанічных падняццяў прыводзіць да агульнага нівеліравання рэльефу. У выніку працяглай Д. горныя краіны ператвараюцца ў хвалістыя раўніны — пенеплены. Тэрмін «Д.» выкарыстоўваецца таксама для абазначэння працэсаў зносу прадуктаў выветрывання шляхам плоскаснага змыву.

т. 6, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНЕ-АЎСТРАЛІ́ЙСКАЯ КАТЛАВІ́НА,

паніжэнне дна ва ўсх. ч. Індыйскага ак. Акаймоўваецца на Пд Заходне-Аўстралійскім хр., на З Усходне-Індыйскім хр., на Пн падводнымі гарамі паміж а-вамі Какосавымі і Раства, на У мацерыковым схілам Аўстраліі. Пераважае расчлянёны пагоркавы рэльеф. Каля Аўстраліі буйныя горныя масівы, магчыма, рэшткі стараж. мацерыковых структур. Глыб. да 5000—6500 м, на асобных падняццях памяншаецца да 1555 м. Грунты — чырв. гліны, радыялярыевыя і фарамініферавыя глеі. Шырока развіты жалеза-марганцавыя канкрэцыі.

т. 7, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

марфаструкту́ры

(ад гр. morphe = форма + структура)

буйныя формы рэльефу зямной паверхні (нізіны, раўніны, плато, горныя кражы і інш.), асноўныя рысы якіх абумоўлены эндагеннымі працэсамі пры ўзаемадзеянні з экзагеннымі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БЕРАГАВЫ́Я ХРЫБТЫ́ (Coast Ranges),

ланцуг невысокіх горных хрыбтоў і масіваў уздоўж зах. ўзбярэжжа ЗША (ад 34° паўн. ш. да 48°30 паўн. ш.). Найб. выш. 2428 м (г. Алімпус). Складзены з асадкавых і метамарфічных парод. Характэрны землетрасенні. Радовішчы нафты, вугалю, ртуці. На Пн ад 42° паўн. ш. схілы ўкрыты лясамі з сітхінскай елкі, туі, дугласіі, вышэй — лугі, горныя тундры, асобныя ледавікі. На Пд — хваёвыя лясы і вечназялёныя ксерафільныя хмызнякі (чапараль), участкі лясоў з гіганцкай секвоі. Нац. парк Алімпік.

т. 3, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)