каменяло́мня, ‑і; Р мн. ‑мень, Д ‑мням; ж.
Месца распрацоўкі выкапнёвага будаўнічага каменю і інш. горных парод; кар’ер. Мы цягнікі вадзілі, Палотны на фабрыках ткалі, Лес магутны валілі І ўмелі плавіць метал, У цёмных каменяломнях Белы вапняк ламалі, Гліну і торф здабывалі, — Гарачы ў нас запал! Караткевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
АДГО́Р’Е,
адносна кароткае вузкае адгалінаванне горнага хрыбта, якое адыходзіць ад галоўнага хрыбта пад вуглом; хрыбет другога парадку. Утвараецца пры расчляненні гор мясц. вадасцёкамі, а таксама ў выніку разгалінавання горных ланцугоў, часам пры мясц. неатэктанічных падняццях.
т. 1, с. 100
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРКІРО́ЎНЫ ГАРЫЗО́НТ, апорны гарызонт,
слой (пласт) у тоўшчах горных парод з устойлівымі адметнымі прыкметамі (літалагічны састаў, колер, зярністасць, мінер. ўключэнні, праслоі, арган. рэшткі і інш.). Важнейшы элемент пры геал. карціраванні, карэляцыі разрэзаў, дэшыфраванні аэрагеал. фотаздымкаў.
т. 10, с. 119
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКРАРЭЛЬЕ́Ф (ад макра... + рэльеф),
буйныя формы рэльефу (горныя хрыбты, пласкагор’і, раўніны, нізіны), што ўтвораны пераважна эндагеннымі працэсамі і вызначаюць асн. асаблівасці прыроды вял. рэгіёнаў. Для раўнінных ландшафтаў характэрна занальна-сектарная дыферэнцыяцыя, для горных — вышынная пояснасць.
т. 9, с. 542
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАГЕ́ННЫЯ МІНЕРА́ЛЫ,
мінералы, якія ўзнікаюць пры глыбінных (эндагенных) працэсах мінералаўтварэння. На паверхні Зямлі пад уздзеяннем працэсаў выветрывання большасць гіпагенных мінералаў разбураецца і пераходзіць у гіпергенныя мінералы. На Беларусі гіпагенныя мінералы вядомы ў магматычных горных пародах крышт. фундамента.
т. 5, с. 251
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСНО́ЎНЫЯ ГО́РНЫЯ ПАРО́ДЫ,
магматычныя горныя пароды, адносна бедныя крэменязёмам (44—53% SiO2) і багатыя магніем і кальцыем. Важнейшыя мінералы асноўных горных парод — асноўныя плагіяклазы (лабрадор, бітаўніт, анартыт), піраксены, алівін. Могуць быць інтрузіўныя (габра, нарыты, анартазіты і інш.) і эфузіўныя (базальты і інш.). Пашыраны найб. у літасферы Зямлі, Месяца, Венеры, Марса. Пераважаюць у акіянскай кары Зямлі, на кантынентах больш чым у 5 разоў перавышаюць па аб’ёме іншыя вылітыя магматычныя горныя пароды. Пашыраны ва ўсіх складкавых паясах (Урал, Каўказ і інш.) і кратонах (Еўрапейская, Сібірская і інш. платформы). З кожнай серыяй асноўных горных парод звязаны спецыфічныя карысныя выкапні (руды медзі, нікелю, плаціны, рэдкіх элементаў і гэтак далей). Выкарыстоўваюцца ў многіх галінах буд. індустрыі.
т. 2, с. 39
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСЛАКА́ЦЫІ (ад позналац. dislocatio зрушэнне, перамяшчэнне) ў геалогіі, парушэнні залягання горных парод у зямной кары і на яе паверхні. Адбываюцца ў выніку ўнутрызямных (эндагенных) працэсаў: тэктанічных, магматычных, вулканічных, метамарфічных, гідрастатычнага выштурхоўвання, гравітацыйнага пераразмеркавання парод па шчыльнасці і пластычнасці; паверхневых (экзагенных) працэсаў: крыягенных (звязаных са шматгадовай мерзлатой), гляцыягенных (ледавіковых), эразійных (дзейнасці акіянаў, мораў, рэк, азёр, вадасховішчаў і інш.), гравітацыйных (апоўзні, дэлювіяльна-пралювіяльныя перамяшчэнні), выціскання пластычных парод, карставых, саліфлюкцыйных (апаўзанне глеб на схілах стромкасцю больш за 3°—5°), дзейнасці ветру, тэхнагенных. Істотна ўплываюць на Д. і касм. працэсы: вярчэнне Зямлі, месячныя і сонечныя прылівы і адлівы, а таксама ўздзеянне інш. касм. цел. У выніку Д. адбываюцца дэфармацыі горных парод.
У.І.Шкуратаў.
т. 6, с. 293
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЗІС ДЭНУДА́ЦЫІ, дэнудацыйны ўзровень,
ніжні ўзровень паверхні, да якога перамяшчаюцца (скочваюцца або змываюцца) прадукты разбурэння (выветрывання) горных парод. Звычайна адпавядае падэшве горнага схілу, дзе адбываецца акумуляцыя матэрыялу, які зносіцца зверху, і ўтвараюцца (пры стромкіх схілах) дэлювіяльныя шлейфы (гл. Дэлювій).
т. 2, с. 221
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
жарства́, ‑ы, ж.
Буйны калючы пясок, дробныя каменьчыкі, якія ўтвараюцца ад разбурэння горных народ. Ідзе напіцца мядзведзь. Ступіўшы на прагаліну, дзе стары знаёмы выварацень, дзе друзлы камень асыпаецца крохкай жарствой, спыняе крок. Лынькоў. Міхаська патупаў босымі нагамі ў кут, дзе Юзэф падрыхтаваў для яго самай адборнай калючай жарствы. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дыяфтарэ́з
(ад гр. diaphtora = разбурэнне)
паўторны, рэгрэсіўны метамарфізм горных парод.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)