АЗІЯ́ЦКІ БАНК РАЗВІЦЦЯ́ (Asian Development Bank; АзБР),
рэгіянальны міжнар. банк для фінансавання праграм развіцця. Створаны ў 1966. Члены больш як 40 краін Азіі, Еўропы, Акіяніі, у т. л. 14 развітых краін, якія не ўваходзяць у гэты рэгіён (ЗША, Вялікабрытанія, Германія, Канада і інш.). Штаб-кватэра ў Маніле (Філіпіны). Афіц. мэты: спрыяць развіццю эканомікі і знешняга гандлю краін Азіі, што сталі на шлях незалежнага развіцця; стымуляваць рэгіянальнае супрацоўніцтва, аказваць тэхн. дапамогу і дапамогу ў каардынацыі іх эканам. палітыкі. Вышэйшы орган — савет кіраўнікоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ХНЕР ((Buchner) Эдуард) (20.5.1860, г. Мюнхен, Германія — 13.8.1917),
нямецкі хімік і біяхімік. Праф. (1895). Скончыў Мюнхенскі ун-т (1888), дзе і працаваў. У 1893—1911 праф. у Кілі, Берліне, Брэславе, Вюрцбургу. Навук. працы па арган. хіміі. Адкрыў піразол (1889). У 1897 атрымаў з дражджэй сок, які не меў жывых клетак, але выклікаў энергічнае спіртавое браджэнне. Гэта адкрыццё заклала асновы сучаснай энзімалогіі. Нобелеўская прэмія 1907.
Літ.:
Волков В.А., Вонский Е.В., Кузнецова Г.И. Выдающиеся химики мира: Биогр. справ. М., 1991. С. 81.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЁРНЕР ((Wörner) Манфрэд) (24.9.1934, г. Штутгарт, Германія — 13.8.1994),
палітычны і дзярж. дзеяч ФРГ. Юрыст. Вучыўся ў Гейдэльбергскім, Парыжскім і Мюнхенскім ун-тах. Чл. партыі Хрысц.-дэмакр. саюз з 1956, чл. яе праўлення (з 1973). Саветнік у ландтагу (парламенце) зямлі Бадэн-Вюртэмберг (1962—64). Дэп. бундэстага (з 1965), чл. і старшыня (1977—82) яго камісіі па справах абароны. Міністр абароны ФРГ у 1982—88. У 1988—94 ген. сакратар НАТО (першы немец на гэтай пасадзе), садзейнічаў карэкціроўцы курсу блока (праграма «Партнёрства дзеля міру»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́РМСКІ ЭДЫ́КТ 1521,
заканадаўчы акт, накіраваны супраць пратэстанцкага вучэння ідэолага ням. Рэфармацыі М.Лютэра. Прыняты па патрабаванні імператара «Свяшчэннай Рым. імперыі» Карла V на рэйхстагу ў г. Вормс (Германія) у крас. 1521 пасля таго, як прысутны на рэйхстагу Лютэр адмовіўся адрачыся ад сваіх рэліг. поглядаў. Эдыкт абвяшчаў Лютэра ерэтыком і ставіў па-за законам, яго вучэнне забаранялася падтрымліваць, а творы — чытаць і распаўсюджваць. У час вяртання з Вормса Лютэра схаваў ад праследаванняў у замку Вартбург (каля г. Айзенах) саксонскі курфюрст Фрыдрых Мудры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ЛЕРТ ((Gellert) Крысціян Фюрхтэгот) (4.7.1715, г. Гайніхен, Германія — 13.12.1769),
нямецкі пісьменнік. Прадстаўнік Асветніцтва. Праф. Лейпцыгскага ун-та (1745). Пропаведзі рэліг. абавязку і сямейнай дабрачыннасці прысвечаны «Маральныя лекцыі» (т. 1—2, 1770), «Духоўныя оды і вершы» (1757). У «Байках і апавяданнях» (т. 1—2, 1746—48) адлюстраваў побыт і свядомасць ням. бюргерства. Гелерт першы з ням. пісьменнікаў паспрабаваў стварыць ням.бурж. камедыю («Пяшчотныя сёстры», 1747, і інш.), а таксама асветніцкі раман («Жыццё шведскай графіні фон Гелерт» (т. 1—2, 1747—48).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ТШАЛК (каля 1010—7.6.1066),
князь бодрычаў [1031—66; фактычна з 1044]. Выхоўваўся ў кляштары св. Міхаіла ў г. Люнебург (Германія). Пасля смерці бацькі Прыбыгнева (каля 1030) вярнуўся на радзіму і стаў княжыць, аднак у хуткім часе скінуты саксонцамі і эмігрыраваў у Данію. З дапамогай свайго цесця дацкага караля Кнуда I Вялікага і брэменскага архіепіскапа Адальберта II вярнуў у 1044 княжацкі трон. Заснаваў Вендскую дзяржаву. Укараняў хрысціянства, намагаўся стварыць незалежную слав. царкву. Загінуў у час паўстання (інспіравана племянной знаццю), якое праходзіла пад лозунгам вяртання да язычніцтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́ЙМЛЕР ((Daimler) Готліб Вільгельм) (17.3.1834, г. Шорндорф, Германія — 6.3.1900),
нямецкі інжынер-вынаходнік, стваральнік аўтамабіля (незалежна ад К.Бенца). У 1872—81 тэхн. дырэктар з-да газавых рухавікоў. У 1883 стварыў (з В.Майбахам) быстраходны (800 аб/мін) лёгкі аднацыліндравы 4-тактавы бензінавы рухавік. Устанавіў бензінавыя рухавікі на веласіпедзе (1885), лодцы (1886), 4-колавым аўтамабілі (1887). У 1890 заснаваў кампанію па вытв-сці рухавікоў (выпусціла першы аўтамабіль «Мерседэс», 1901), якая ў 1926 аб’ядналася з кампаніяй Бенца ў карпарацыю «Даймлер-Бенц».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́РТМУНДСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т Засн ў 1965 у г. Дортмунд (Германія). Адкрыты ў 1968. Ф-ты: матэм., фіз., хім., хім. тэхналогій, камп’ютэрных навук, машынабудавання, электратэхнікі, планавання гарадоў і населеных пунктаў, эканам. і сац. навук, адукацыі і біялогіі, спец. адукацыі і рэабілітацыі асоб з цяжкасцямі ў стане здароўя, гуманіт. навук, у т. л. тэалогія, паліт. навукі, псіхалогія і эканоміка хатняй гаспадаркі, мовы і л-ры, журналістыкі, гісторыі, музыкі, мастацтва, спорту і геаграфіі. Пры ун-це працуюць 5 ін-таў і 3 цэнтры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Е́НСЕН ((Jensen) Іаганес Ганс Даніэль) (25.6.1907, г. Гамбург, Германія — 11.2.1973),
нямецкі фізік-тэарэтык. Чл. Гайдэльбергскай АН (1949). Скончыў Гамбургскі ун-т (1932), дзе і працаваў у 1937—41. З 1941 праф. Гановерскага тэхнал. ін-та, з 1949 — Гайдэльбергскага ун-та. Навук. працы па ядз. фізіцы і фіз. цвёрдага цела. Даследаваў узаемадзеянні іонаў у крышталях, атрымаў залежнасць поўнай энергіі крышталя ад міжатамнай адлегласці. Увёў паняцце спін-арбітальнай сувязі і распрацаваў абалонкавую мадэль атамнага ядра (1950). Нобелеўская прэмія 1963 (разам з М.Гёперт-Маер).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́НДРАРТ (Sandrart) Іаахім фон, Старэйшы (12.5.1606, г. Франкфурт-на-Майне, Германія — 14.10.1688), нямецкі гісторык мастацтва, жывапісец і графік. Вучыўся ў Нюрнбергу, Празе, Утрэхце, Лондане. Працаваў у Італіі (1628—35), Нідэрландах (1637—44). Пісаў гістарычныя і жанравыя карціны, групавыя партрэты («Атрад стралкоў капітана Бікера») у духу караваджызму, наследаваў П.П.Рубенсу і А. ван Дэйку. У гал. мастацтвазнаўчай працы — трактаце «Нямецкая акадэмія» (т. 1—2, 1675—79; больш за 800 ілюстрацый) змешчаны каштоўныя звесткі пра мастакоў і музейныя калекцыі, пераклад «Метамарфоз» Авідзія.