ЛАПУ́ШЫН (Радзіслаў Яфімавіч) (н. 10.12.1961, Мінск),

бел. паэт. Канд. філал. н. (1993). Скончыў БДУ (1985). У 1985—87 працаваў у газ. «Автозаводец», у 1990—98 у БДУ. Друкуецца з 1978. Піша на рус. мове. Паэт гар. тэматыкі. Паэт. зб-кам «Тры погляды» (1990), «Між лістотай і снегам» (1993) уласцівы напружаная філасафічнасць, тонкі псіхалагізм, пошук гармоніі, прага духоўнасці. Пераклаў на рус. мову асобныя вершы М.​Багдановіча і інш.

Тв.:

Взрослее облаков. Мн., 1996.

т. 9, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗЫ́РСКІ КА́БЕЛЬНЫ ЗАВО́Д «Мазыркабель». Пабудаваны ў 1959 у г. Мазыр Гомельскай вобл. У 1972 уведзены ў эксплуатацыю цэх серабрэння меднага дроту, у 1975 — цэх мантажных правадоў, у 1982 — цэх тавараў нар. ўжытку. У 1976—90 галаўное прадпрыемства ВА «Беларуськабель». З 1990 наз. Мазырскі кабельны з-д «Беларуськабель», з 1997 адкрытае акц. т-ва «Беларуськабель». Асн. прадукцыя (1999): правады авіяцыйныя, мантажныя, злучальныя шнуры, кабелі сельскай і гар. тэлеф. сувязі, радыёчастотныя, сілавыя і кантрольныя.

т. 9, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЕ́Й ЭТНАГРА́ФІІ ў Магілёве.

Філіял Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея. Адкрыты ў 1981. Пл. экспазіцыі 760 м², 4,5 тыс. экспанатаў асн. фонду (2000). Матэрыялы музея знаёмяць са станам матэрыяльнай і духоўнай культуры сялян Магілёўскага Падняпроўя і гар. побыту магіляўчан канца 19 — пач. 20 ст. Сярод экспанатаў прылады працы, прадметы побыту, нар. адзенне магілёўскага і краснапольскага строяў, калекцыі самабытных ручнікоў Магілёўшчыны, абразоў, кафлі і драўлянай скульптуры 17—19 ст., царк. кнігі, часопісы 19 — пач. 20 ст.

т. 11, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАТА́БЛІ (франц. notables ад лац. notabilis значны),

члены сходаў, якія склікаліся франц. каралём у 14—18 ст. для абмеркавання дзярж. пытанняў, пераважна фін. і адміністрацыйных. У адрозненне ад дэпутатаў Генеральных штатаў не выбіраліся саслоўямі, а прызначаліся каралём з прадстаўнікоў вышэйшага дваранства, духавенства, гар. вярхоў. Сходы Н. склікаліся нерэгулярна, мелі дарадчы характар, падмянялі сабою сходы Ген. штатаў. У 1787 Н. адхілілі падатковыя праекты ўрада, якія парушалі правы прывілеяваных саслоўяў. Апошні іх сход скліканы ў 1788.

т. 11, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́НСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1939—54. Цэнтр — г. Пінск. Утворана 4.12.1939, уключала 5 паветаў: Драгічынскі, Косаўскі, Лунінецкі, Пінскі, Столінскі (часткова). 15.1.1940 паветы скасаваны, утвораны 11 раёнаў: Ганцавіцкі, Давыд-Гарадоцкі, Драгічынскі, Жабчыцкі, Іванаўскі, Лагішынскі, Ленінскі, Лунінецкі, Пінскі, Столінскі, Целяханскі. У 1941 пл. вобласці 16,3 тыс. км², нас. 533,6 тыс. чал., 4 гарады, 5 гар. пасёлкаў, 1 раб. пасёлак, 159 сельсаветаў. 8.1.1954 пасля скасавання тэр. вобласці ўключана ў Брэсцкую вобласць.

т. 12, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ГАЧ з Дубы

(Roháč z Dubé) Ян (? — 9.9.1437),

дзеяч гусіцкага руху ў Чэхіі (гл. Гусіцкія войны), паплечнік Яна Жыжкі. З 1420 кіраўнік табарытаў у крэпасці Ломніцы, з 1421 гетман. У 1423 разам з Жыжкам засн. брацтва арэбітаў. Пасля паражэння табарытаў пад Ліпанамі (1434) узначальваў войскі табарыцкага гар. саюза. У 1436 кіраваў абаронай крэпасці Сіён — апошняй апорнай базы табарытаў, якую асадзілі войскі Сігізмунда I. Пасля падзення Сіёна (1437) пакараны смерцю ў Празе разам з 52 паплечнікамі.

т. 13, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМУНЕ́РАС (ісп. comuneros ад comuna абшчына),

1) паўстанне сярэдневяковых самакіравальных гарадоў Кастыліі (Іспанія) у 1520—22 супраць каралеўскага абсалютызму, у абарону гар. вольнасцей. Выклікана патрабаваннямі караля Карла I грашовых субсідый ад гарадоў. Пасля ад’езду караля ў Германію, дзе ён быў абраны імператарам «Свяшчэннай Рым. імперыі», паўстаўшыя гарады (Таледа, Сеговія, Мурсія, Авіла, Бургас, Мадрыд і інш.) аб’ядналіся ў ліп. 1520 у «Святую хунту» (цэнтр у г. Авіла), да якой далучылася ч. дваранства і духавенства. Паўстанцы патрабавалі, каб Карл I жыў у Іспаніі, рэгулярнага склікання картэсаў, пашырэння гар. самакіравання, забароны вы вазу залатой манеты за мяжу і інш. У бітве каля Вільялары (23.4.1521) сілы К. на чале з Х.​Падзілья разгромлены, ён і інш. кіраўнікі хунты ўзяты ў палон і пакараны смерцю. У 1522 паўстанне канчаткова задушана, урадавыя рэпрэсіі працягваліся да 1526.

2) Антыкалан. паўстанне ў Новай Гранадзе (цяпер Калумбія) у сак.кастр. 1781. Паўстанцы (да 20 тыс. чал.) патрабавалі адмены каралеўскіх манаполій і памяншэння падаткаў, мелі на мэце знішчэнне ісп. калан. панавання і стварэнне рэспублікі на чале з выбарным каралём. Паўстанне задушана ісп. ўладамі, яго кіраўнікі (у т. л. Х.​А.​Галан) пакараны смерцю.

т. 7, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІЯ ПАЎСТА́ННІ 1606—10,

выступленні рамеснікаў і гар. беднаты Магілёва супраць магістрата. Прычынай выступлення 1606 сталі злоўжыванні ўладай і хабарніцтва магістрата, непасільныя падаткі і грашовыя паборы. Яго ўзначаліла група рамеснікаў пад кіраўніцтвам старасты цэха саладоўнікаў Стахора Мітковіча. 20 і 22.6.1606 некалькі соцень гараджан запатрабавалі спыніць злоўжыванні асобных членаў гар. рады, а 25.6.1606 выступілі супраць усяго магістрата і войта. 15 ліп. яны скінулі раду і абралі новы склад магістрата. Паводле скаргі скінутай рады ў войтаўскі суд войт Я.​Валовіч 11.9.1606 адхіліў новы склад рады і прызначыў новыя выбары. Аднак рашэнне войта не было выканана. Жыгімонт III у лісце да гараджан вызначыў, што канфлікт павінен быць вырашаны ў каралеўскім судзе. 22.8.1608 у канцылярыі ВКЛ пры ўдзеле канцлера Л.​Сапегі паміж упаўнаважанымі абодвух складаў магістрата была падпісана дамова, згодна з якой новая рада, за выключэннем бурмістра Ходкі Багдановіча, прыгаворанага каралеўскім дэкрэтам да смяротнага пакарання, павінна была «дабыць свой тэрмін» і перадаць уладу ранейшаму складу рады, што і было зроблена. Аднак барацьба ў горадзе працягвалася. У 1610 да судовай адказнасці былі прыцягнуты арганізатары новага выступлення, якія ўзначалілі напад на ратушу: 5 чал. былі пакараны смерцю, астатнія — турэмным зняволеннем, выгнаннем з горада і канфіскацыяй маёмасці.

В.​І.​Мялешка.

т. 9, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́НЧЭСТЭР (Manchester),

горад на З Вялікабрытаніі. Адм. ц. метрапалітэнскага графства і гал. горад канурбацыі Вял. Манчэстэр. 2252 тыс. ж. з прыгарадамі (1997). Буйны марскі порт на р. Эруэл і Манчэстэрскім канале, які звязвае М. з Ірландскім м. Міжнар. аэрапорт. Важны прамысл., гандл.-банкаўскі і культ. цэнтр краіны. Развіта разнастайнае машынабудаванне (у т. л. аўтамаб., самалётабуд., хім., эл.-тэхн.), хім. (вытв-сць фарбавальнікаў), тэкст. (апрацоўка баваўняных тканін), швейная, папяровая, паліграф., харч. прам-сць. Манчэстэрскі універсітэт. Ун-т Вікторыі (з 1903). Арх. помнікі: гатычны сабор (15—16 ст.) з капэлай Багародзіцы (14 ст.), шпіталь (15—17 ст.). Гар. музей. Маст. галерэя. Канцэртная зала Фры-трэйд-хол.

Першапачаткова паселішча кельтаў Мансеніян, з 79 н.э. рым. ўмацаваны лагер Манкуніум. У англ. летапісах упершыню згадваецца ў 1086. У 1301 атрымаў гар. правы. У 14—17 ст. гандл.-рамесны цэнтр. Пасля прамысловага перавароту (у 1789 тут устаноўлены першы паравы рухавік) з 19 ст. найб. ў свеце цэнтр баваўнянай прам-сці. У 1840 у М. заснавана Нац. чартысцкая арг-цыя (гл. Чартызм). У 1853 горад атрымаў права Прадстаўніцтва ў брыт. парламенце. Пасля пабудовы ў 1894 Манчэстэрскага канала — буйны порт.

т. 10, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ЎРАЧО́Ў, Таварыства мінскіх урачоў. Створана ў 1862 па ініцыятыве губ. ўрачэбнага інспектара Дз.​В.​Спасовіча з мэтай сан. вывучэння губерні, барацьбы з эпідэміямі, арг-цыі ўрачэбнай дапамогі насельніцтву, сан. асветы. У 1863 зачынена. У 1867 дзейнасць адноўлена намаганнямі доктара М.​К.​Берга. Т-ва праводзіла медыка-тапаграфічнае і сан.-стат. апісанне гарадоў і мястэчак Мінскай губ., лабараторныя сан.-гігіенічныя даследаванні вады і прадуктаў харчавання, арганізавала дэзінфекцыйную камеру, сан.-бактэрыялагічную лабараторыю. Засн. мед. б-ку (1867), метэаралагічную станцыю (1869), бясплатную лячэбніцу для бедных (1879), гар. бальніцу сан. к-та (1898), гар. амбулаторыю (1899), дачу-калонію для хворых на туберкулёз (1912). Т-ва выдавала свае «Пратаколы» і «Працы», у 1910—15 штомесячны час. «Минские врачебные известия»; удзельнічала ў стварэнні ў Мінску б-к — імя А.​С.​Пушкіна (1899), чыгуначнай (1902), імя Л.​М.​Талстога (1911). У 1919—21 і 1941—44 дзейнасць т-ва перапынялася. У 1929 пераўтворана ў навук. асацыяцыю, у 1933 — у профільныя т-вы, у 1940 — ва Усебел. мед. т-ва. У 1944 створаны шэраг спецыялізаваных мед. т-ваў.

Літ.:

Молчанов А.П. К истории научных медицинских обществ в Белоруссии // Научные медицинские общества БССР: Сб. справ. сведений. Мн., 1981.

А.​П.​Малчанаў.

т. 10, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)