САТЫСФА́КЦЫЯ (лац. satisfactio задавальненне),

1) задавальненне ў форме дуэлі, паядынку, якое ў мінулым давалася абражальнікам па патрабаванні абражанага для абароны гонару.

2) Форма міжнародна-прававой адказнасці, пры якой дзяржава-парушальнік дае задавальненне пацярпелай дзяржаве. Віды С.: выказванне спачування, публічнае прабачэнне, пакаранне вінаватых, аказанне асобых шанаванняў пацярпелай дзяржаве і да т.п. Іх выкарыстанне залежыць ад нанесенай шкоды і канкрэтнай паліт. сітуацыі.

т. 14, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАМА́САЎСКІ ПРАЦЭ́С,

сталеплавільны працэс, разнавіднасць канвертарнага працэсу. Вынайдзены С.​Дж.Томасам у 1878. Выкарыстоўваўся для перадзелу высокафосфарыстага (1,6—2% фосфару) вадкага чыгуну ў сталь прадзіманнем праз яго акісляльных газавых сумесей (сціснутага паветра, кіслароду, сумесі кіслароду з вуглякіслым газам і вадзяною параю і інш.). Прамысл. выкарыстанне пачалося з 1879 у Вялікабрытаніі, Германіі. Да сярэдзіны 1970-х г. у большасці краін выцеснены кіслародна-канвертарным працэсам.

т. 15, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЁТА-КАНА́Л, Ёта-канал (Göta kanal),

водны шлях у Швецыі. Злучае Паўночнае і Балтыйскае моры. Агульная працягласць 420 км (ад г. Гётэбарг да г. Сёдэрчэпінг), глыб. 3—5 м. Пабудаваны ў 1810—30. Уключае р. Гёта-Эльв, азёры Венерн, Ветэрн і інш. і ўласна канал (даўж. 200 км). Выкарыстанне канала ў 2 разы скарачае шлях у параўнанні са шляхам па пралівах Катэгат, Скагерак, Эрэсун (паўд. край Скандынавіі).

т. 5, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХІМЕ́ДАЎ ВІНТ,

водападымальная машына, вынайдзеная Архімедам у 3 ст. да н.э. Уяўляе сабой вал з вінтавой паверхняй, устаноўлены ў нахіленай трубе, ніжні канец якой апушчаны ў ваду. Пры вярчэнні (напр., ад ветравога кола ці інш. рухавіка) вінтавая паверхня вала перамяшчае ваду ўверх па трубе (на вышыню да 3—4 м).

Выкарыстанне архімедавага вінта для перамяшчэння вады: 1 — труба; 2 — архімедаў вінт; 3 — ветравы рухавік.

т. 1, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ ЛЯСНА́Я ГАЗЕ́ТА».

Выходзіць са студз. 1995 у Мінску на бел. і рус. мовах. Інфармуе пра рэформы і сац. палітыку ў лясной галіне нар. гаспадаркі Беларусі, пра сучасны стан бел. лясоў, іх захоўванне і выкарыстанне. Знаёміць з распрацоўкамі вучоных, дасягненнямі перадавых лясгасаў, леспрамгасаў, прадпрыемстваў дрэваапр. прам-сці, іх лепшымі працаўнікамі. Друкуе матэрыялы на тэмы прыроды і экалогіі. Дае парады па будаўніцтве, агародніцтве, нар. медыцыне.

т. 2, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНГЛІЯБЛАКА́ТАРЫ, гангліяблакіравальныя сродкі,

рэчывы, якія блакіруюць перадачу нерв. ўзбуджэння ў сінапсах вегетатыўных гангліяў і зменьваюць функцыі ўнутр. органаў. Пад уплывам гангліяблакатараў пашыраецца прасвет перыферычных сасудаў, бронхаў, зніжаецца маторыка страўнікава-кішачнага тракту, тонус мачавога пузыра, пачашчаецца сэрцабіцце, зніжаецца артэрыяльны ціск. Лек. выкарыстанне гангліяблакатараў: пры спазмах сасудаў і ўнутр. органаў, ацёках лёгкіх, гіпертанічных крызах, пры анестэзіі. Да гангліяблакатараў належаць пахікарпін, пірылен, пентамін, тэмехін, бензагексоній, дымекалін, кватэрон і інш.

т. 5, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛЬТУРАЗВАРО́Т,

чаргаванне агароднінных культур, што вырошчваюцца ў культывацыйных збудаваннях (цяпліца, парнік, аранжарэя, уцеплены грунт) на працягу аднаго года. Складаецца з некалькіх абаротаў культур, якія паступова змяняюць адна адну. Адрозніваюць К. агароднінны, расада-агароднінны і расадны. Пры праектаванні К. ўлічваюцца біял. асаблівасці культур, магчымасці атрымання макс. ўраджаю, вырошчванне неабходнай колькасці расады да пэўнага тэрміну, рацыянальнае выкарыстанне вытв. пляцовак, эканам. эфектыўнасць і інш.

У.​П.​Пярэднеў.

т. 9, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАФІНАЛЯЧЭ́ННЕ, парафінатэрапія,

выкарыстанне парафіну ў лек. мэтах; від фізіятэрапіі.

У П. выкарыстоўваюць абязводжаны белы мед. парафін (нагрэты ці расплаўлены), які аддае цяпло арганізму чалавека, што спрыяе паляпшэнню кровазвароту, рассысанню хранічных ачагоў запалення, узмацняе абмен рэчываў і інш. Робяць П. метадамі наслойвання, мясц. парафінавых ваннаў, сурвэткава-аплікацыйным. Спалучаецца з медыкаментозным лячэннем, ЛФК і інш. Эфектыўна таксама пры траўматычных пашкоджаннях суставаў, у гінекалогіі, отарыналарынгалогіі, хірургіі, уралогіі, касметалогіі і інш.

т. 12, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАМЫСЛО́ВЫ ШПІЯНА́Ж,

адна з назваў злачыннай дзейнасці, Накіраванай на процізаконнае набыццё звестак, якія маюць эканам. ці камерцыйную каштоўнасць. Мэта П.ш. — авалоданне камерцыйнай або банкаўскай тайнай і выкарыстанне яе без згоды ўладальніка, здзейсненыя з карыслівай ці іншай асабістай зацікаўленасці. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь прадугледжвае крымін. адказнасць за т.зв. камерцыйны шпіянаж. Адказнасць за гэта злачынства ўзмацняецца, калі ў выніку яго быў нанесены ўрон у асабліва буйным памеры.

т. 13, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫСЦЬ,

балота ў Вілейскім (5 тыс. га) і Маладзечанскім (1,5 тыс. га) р-нах Мінскай вобл., у вадазборах рэк Уша і Ілія. Нізіннага (76%), вярховага (17%) і мяшанага (7%) тыпаў. Пл. 6,5 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 4 тыс. га. Глыб. торфу да 6,3 м, сярэдняя 1,8 м. Пасля спынення здабычы торфу на паліва землі рэкультываваныя, перададзены пад с.-г. выкарыстанне (ворыва і сенажаць).

т. 17, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)