ПЛАВІ́ЛЬНАЯ ПЕЧ,
прамысловая печ для плаўкі. У П.п. матэрыялы награваюць да т-ры, якая перавышае т-ру плаўлення (у адрозненне ад награвальнай печы). Працуюць на цвёрдым, вадкім, газападобным паліве. Выкарыстоўваюцца ў вытв-сці чыгуну (гл. Доменная печ, Вагранка), сталі, каляровых металаў і сплаваў (гл. Бесемераўскі працэс, Мартэнаўскі працэс, Тамасаўскі працэс), варкі шкла, пераплаўкі базальту і інш.
т. 12, с. 399
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ТНІК,
1) ратны (ваенны) чалавек, які ўваходзіў у склад раці; воін апалчэння ў стараж. усх.-слав. дзяржавах і княствах Русі (9—14 ст.). У адрозненне ад воінаў княжацкай дружыны Р. набіралі на перыяд вайны (паходу) з рамеснікаў і сялян.
2) У Рас. імперыі — салдат дзярж. апалчэння. Р. лічыліся ваеннаабавязанымі запасу 2-й і 3-й чаргі, існавалі да 1917.
т. 13, с. 371
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЦЫЯНАЛІЗА́ТАРСКАЯ ПРАПАНО́ВА,
тэхнічнае рашэнне па новай і карыснай змене канструкцыі ці матэрыялу вырабаў, тэхналогіі вытв-сці і тэхнікі, якія выкарыстоўваюцца, і інш. У адрозненне ад вынаходства з’яўляецца прапановай па ўдасканаленні і больш рацыянальным выкарыстанні ўжо вядомых тэхн. сродкаў. Аўтар Р.п. мае права на аўтарства, узнагароду і інш. правы і льготы, прадугледжаныя заканадаўствам. Гл. таксама Вынаходніцкае права, Вынаходніцтва.
т. 13, с. 382
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́НАЧНЫЯ ЦЭ́НЫ, раўнаважныя цэны,
цэны на тавары і паслугі, якія фарміруюцца пад уздзеяннем законаў попыту і прапаноў. У адрозненне ад дзярж. фіксаваных цэн Р.ц. складваюцца без непасрэднага ўмяшання дзярж. органаў. Дынаміка Р.ц. адлюстроўвае кан’юнктуру рынку, забяспечвае раўнавагу паміж попытам і прапановамі, прадухіляе дэфіцыт ці перавытворчасць тавараў і паслуг. Працэс пераходу ад дзярж. фіксаваных цэн да Р.ц. называюць лібералізацыяй цэн.
т. 13, с. 515
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭПРАГРА́ФІЯ [ад рэпра(дукцыя) + ...графія],
абагульненая назва розных відаў капіравання тэкставых і ілюстрацыйных матэрыялаў, дакументаў і інш., не звязаных (у адрозненне ад паліграфіі) з выкарыстаннем друкарскіх форм. Да Р. адносяцца дыязакапіраванне, ксеракапіраванне (гл. Ксераграфія), мікрафільмаванне, святлокапіраванне, тэрмакапіраванне, фотакапіраванне, спосабы электраграфіі. Адрозніваецца дакладнасцю (факсімільнасцю) узнаўлення арыгінала, магчымасцю змены яго маштабу, кароткім тэхнал. цыклам (копія робіцца непасрэдна з арыгінала). У Р. выкарыстоўваецца разнастайная размнажальная тэхніка.
т. 14, с. 20
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНКЮЛО́ТЫ (франц. sans-culottes ад sans без + culotte кароткія штаны),
тэрмін часоў Французскай рэвалюцыі 1789—99. Першапачаткова С. арыстакраты зняважліва называлі прадстаўнікоў гар. беднаты, якія насілі доўгія штаны з грубай матэрыі (у адрозненне ад дваран і буржуа, якія насілі кароткія штаны з шаўковымі панчохамі); пазней (асабліва ў час якабінскай дыктатуры 1793—94) тэрмін «С.» быў саманазвай радыкальных рэвалюцыянераў.
т. 14, с. 155
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУСВЕ́ТНАЯ ВАЙНА́,
глабальнае проціборства кааліцый (саюзаў, блокаў) дзяржаў з выкарыстаннем усіх форм барацьбы (узбр., паліт., эканам., ідэалаг. і дыпламат.). У адрозненне ад лакальнай вайны С.в. ахоплівае большасць краін свету, вял. тэрыторыі. Паліт. змест і характар С.в., як і кожнай інш. вайны, вызначаецца мэтамі бакоў, якія ваююць. Гл. таксама Вайна, Першая сусветная вайна 1914—18, Другая сусветная вайна 1939—45.
т. 15, с. 287
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
У́ЗУС (ад лац. usus выкарыстанне, звычай) у мовазнаўстве, агульнапрынятае ўжыванне моўнай адзінкі (слова, фразеалагізма) у адрозненне ад яго часовага ці індывідуальнага (аказіянальнага, гл. Аказіяналізм) ужывання (напр., неалагізмы не з’яўляюцца узуальнымі адзінкамі мовы). Паняцце У. цесна звязана з паняццямі норма моўная і сістэма мовы. Звычайна узуальнае выкарыстанне моўных адзінак фіксуецца ў слоўніках (тлумачальных, фразеалагічных, арфаграфічных, арфаэпічных і інш.).
т. 16, с. 186
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЭ́КАВАЯ КНІ́ЖКА,
збрашураваны блок чэкавых фармуляраў, які выдаецца ўкладчыку пры адкрыцці рахунка. Кліент атрымлівае наяўныя грошы з бягучага рахунка з дапамогай чэкаў і расплачваецца імі з інш. фіз. і юрыд. асобамі. Звычайна чэкі афармляюцца на спец. бланках, якія вырабляюцца друкарскім спосабам на спец. паперы і забяспечваюцца паслядоўнай нумарацыяй. У адрозненне ад банкаўскіх іх называюць «чэкамі з чэкавай кніжкі».
т. 17, с. 325
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
дыскрэ́цыя
(лац. discretio = адрозненне)
вырашэнне службовай асобай або дзяржаўным органам якога-н. пытання паводле ўласнага меркавання.
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)