АМІНАГЛІКАЗІ́ДЫ (N-гліказіды, другасныя або трацічныя гліказіламіны),
гліказіды, у малекулах якіх гліказідныя сувязі ўтвараюцца з удзелам атама азоту. Амінагліказіды — вытворныя гліказіміну (першасны гліказіламін), утвараюцца ў выніку замяшчэння аднаго ці двух атамаў вадароду ў амінагрупе (-NH2) аліфатычнымі, араматычнымі або гетэрацыклічнымі радыкаламі. Сустракаюцца ў тканках жывёл і раслін, маюць вял.біял. актыўнасць і выкарыстоўваюцца ў медыцыне (напр., фтарафур, цытарабін) і біялогіі. Аліфатычныя і араматычныя амінагліказіды атрымліваюць кандэнсацыяй цукроў з амінамі. Да прыродных амінагліказідаў належаць нуклеатыды і нуклеазіды, некаторыя каэнзімы (напр., адэназінтрыфосфарная к-та, урыдзінтрыфасфат і інш.), глікапратэіды, амінагліказідныя антыбіётыкі, мяшаныя біяпалімеры. Амінагліказіды некаторых араматычных амінаў могуць быць антыаксідантамі каўчуку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНІ́САЎ (Сяргей Рыгоравіч) (парт.псеўд.Пеця, Казлоўскі Мікалай; 19.10.1906, в. Тур’я Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл. — 7.3.1987),
дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі, публіцыст. У 1927—32 на камсамольскай рабоце ў БССР. З 1932 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі, з 1934 1-ы сакратар ЦК КСМЗБ, з 1935 сакратар Брэсцкага акр.к-таКПЗБ. У кастр. 1935 зняволены, з 1939 у ням. лагеры ваеннапалонных. Пасля Вял.Айч. вайны працаваў у друку. Аўтар прац «З гісторыі камсамольскага падполля Заходняй Беларусі» (1958), «За волю і шчасце народа» (1959), «Палымянае юнацтва» (1969), «У змаганні гартаваліся» (1975).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНІ́ШЧЫК (Міхаіл Трафімавіч) (16.10.1905, в. Була Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 8.2.1973),
дзеяч нац.-вызв. і рэв. руху ў Зах. Беларусі. З 1926 у Бел. сялянска-работніцкай грамадзе. З 1929 сакратар Слонімскага акр.к-та КСМЗБ, з 1934 — КПЗБ. Тройчы зняволены польск. ўладамі. З 1939 старшыня Слонімскага гарвыканкома. У Вял.Айч. вайну ў Чырв. Арміі, з 1943 у тыле ворага, пам. упаўнаважанага ЦККП(б)Б і БШПР па Баранавіцкай вобл., сакратар Слонімскага падп. РК КП(б)Б, рэдактар падп. газеты «Вольная праца». Пасля вайны на парт. і сав. рабоце. Дэп. ВС БССР у 1955—63.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТАНЮ́К (Максім Антонавіч) (1895, в. Мацы Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл. — 30.7.1961),
ваенны дзеяч, ген.-лейт. (1940). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1927). З 1915 у арміі, прапаршчык. З кастр. 1917 у Чырв. гвардыі, у грамадз. вайну пам. камандзіра палка, камандзір батальёна, Паўд. групы войскаў 5-й арміі, дывізій. Пасля вайны камандзір стралк. дывізій, нам. ген.-інспектара пяхоты Чырв. Арміі. Чл.ЦВК Узбекістана (1925), ЦВКБССР (1927). У Вял.Айч. вайну камандуючы 2-й, 3-й рэзервовымі і 48-й арміямі, групамі войск Ленінградскага фронту, на інш. камандных пасадах. Пасля вайны да 1947 нам. камандуючага войскамі Львоўскай ваен. акругі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АПО́ВЕСЦЬ ПРА ЖЫГІМО́НТА І БАРБА́РУ РАДЗІВІ́Л»,
гісторыка-літаратурны твор, складзены ў сярэдзіне 16 ст., напэўна, у Вільні і змешчаны ў канцы «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» пад 1545—48 (Пазнанскі спіс). У аповесці апісана гісторыя кахання і шлюбу вял. князя ВКЛ і караля Польшчы Жыгімонта II Аўгуста і прыгажуні Барбары Радзівіл, якія, ідучы насустрач сваім пачуццям, патаемна павянчаліся ў Вільні. Невядомы аўтар з сатырычным адценнем намаляваў усеагульнае грамадскае асуджэнне ў ВКЛ і Польшчы шлюбу караля з жанчынай-удавою некаралеўскага роду. Аднак каханне перамагло, Жыгімонт Аўгуст не адмовіўся ад Барбары і застаўся верны сваёй абранніцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕГЕМО́Т, гіпапатам (Hippopotamus amphibius),
род млекакормячых жывёл атр. парнакапытных. 1 від. Пашыраны ў Цэнтр. і Усх. Афрыцы пераважна ў нац. парках. Жыве ў неглыбокіх (каля 1,2 м) вадаёмах са спадзістымі берагамі і пышнай каляводнай расліннасцю.
Даўж. цела да 4,5 м, маса 3—4,5 т. Тулава падоўжанае, грузнае. Скура амаль голая, медна-бурага колеру, багатая залозамі, якія ахоўваюць яе ад высыхання. Рот шырокі, сківіцы з вял. зубамі. Іклы (да 64 см) растуць усё жыццё. Палавой спеласці дасягае ў 7—9 гадоў. Нараджае 1 дзіцяня. Корміцца каляводнай і наземнай расліннасцю. Жыве да 50 гадоў. Выкарыстоўваюцца мяса, тлушч, скура і зубы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУСІ́Т»
(назва ад Беларусі),
беламін, прыродны металаносны расол бішафітавай стадыі (гл.Бішафіт) згушчэння марской вады стараж. (350—400 млн.г.) дэвонскіх басейнаў. Тыповая «вадкая руда» з вял. (353—444 г/л) колькасцю хларыдаў магнію, кальцыю, брому, ёду, амонію і інш., шмат рэдкіх і рассеяных элементаў. Залягае на глыб.2,4 — больш за 3 км у Прыпяцкім прагіне Беларускага Палесся. Выкарыстоўваецца як бальнеалагічны сродак, у нар. медыцыне, перспектыўны для выкарыстання як полікампанентнае ўгнаенне, у металургічнай прам-сці, на патрэбы транспарту і інш.
Літ.:
Кудельский А.В., Сербин Г.А. Минеральные воды юго-восточной Белоруссии. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ВЫТВО́РЧАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ РАДЫЁТЭ́ХНІКІ,
«БелВАР». Створана ў 1992 на базе Мінскага прыладабуд. аб’яднання. З 1940 у Мінску быў пушчаны радыёзавод на базе з-да «Дрэваапрацоўшчык» (працаваў з 1907). Выпускаў радыёпрыёмнікі «КІМ». У Вял.Айч. вайну разбураны, адноўлены ў 1944. У 1950-я г. асвоіў выпуск радыёвымяральных прылад, перайменаваны ў Мінскі прыладабуд. з-д. У 1960-я г. выпускаў тэлевізары «Нёман» і «Зорка». З 1971 Мінскае прыладабуд. аб’яднанне, з 1992 «БелВАР». Вырабляе каля 200 найменняў прылад. Асн. прадукцыя (1995): складаныя радыёвымяральныя прылады (асцылографы, вальтметры, мультыметры, СВЧ-прыёмнікі), сістэмы тэлекамунікацый, мед. тэхніка, дазіметры і электрабыт. прылады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСО́БЫ БЕЛАРУ́СКІ ЗБОР,
спецыяльныя курсы для падрыхтоўкі арганізатараў партыз. руху на Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Дзейнічалі ў крас.—ліст. 1942 каля г. Мурам Уладзімірскай вобласці. Створаны паводле рашэння ЦККП(б)Б. З 1-га выпуску ў чэрв. 1942 сфарміраваны 12 партыз. атрадаў, якія ў пач.ліп. праз Віцебскія «вароты» перапраўлены на тэр. акупіраванай Беларусі. За час існавання Асобага беларускага збору падрыхтавана 2865 чал. З іх сфарміраваны і накіраваны ў тыл ворага 15 атрадаў і 100 арганізатарскіх груп, 60 інструктараў мінна-падрыўной справы і 2318 падрыўнікоў. Многія атрады выраслі ў партыз. брыгады, групы — у атрады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРО́ГРАФ (ад астра... + ...граф),
астранамічная прылада для фатаграфавання нябесных аб’ектаў. Працуе па схеме рэфрактара, рэфлектара ці люстрана-лінзавага тэлескопа. Відарыс нябеснага свяціла або часткі неба з дапамогай аб’ектыва фіксуецца на фотапласцінцы. Святласіла астрографа і маштаб відарысаў залежаць ад дыяметра і фокуснай адлегласці аб’ектыва. Вял. ўчасткі неба фатаграфуюць караткафокуснымі астрографами з фокуснай адлегласцю менш за 1 м. Для вызначэння зорных паралаксаў, даследавання падвойных зорак, уласнага руху зорак і інш. выкарыстоўваюць астрографы з фокуснай адлегласцю да 10—15 м. Зрушэнне трубы астрографа ўслед за сутачным вярчэннем нябеснай сферы пры фатаграфаванні забяспечваецца гадзіннікавым механізмам і кантралюецца назіральнікам або аўтам. сістэмай.