ПРАТО́Н (ад грэч. prōtos першы),
адна з элементарных часціц, ядро атама вадароду; найлягчэйшы ферміённы адрон. Уваходзіць у групу барыёнаў, складаецца з 3 валентных кваркаў, глюонаў і кварк-антыкваркавых пар. Лічыцца абсалютна стабільнай часціцай. Эксперым. мяжа часу жыцця з улікам магчымых каналаў распаду перавышае 1031 г. Пры моцным узаемадзеянні П. і нейтрон маюць аднолькавыя ўласцівасці і разглядаюцца як розныя квантавыя станы адной часціцы — нуклона. Тэрмін «П». уведзены Э.Рэзерфардам.
Мае спін 1/2, масу спакою 983,9 МэВ, дадатны эл. зарад, роўны элементарнаму эл. зараду. магн. момант прыкладна роўны 2,79 ядз. магнетона. Удзельнічае ва ўсіх відах узаемадзеянняў элементарных часціц Разам з нейтронамі ўтварае ядры ўсіх хім. элементаў, пры гэтым лік П. вызначае зарад ядра і роўны парадкаваму нумару элемента ў Перыядычнай сістэме элементаў Мендзялеева. Антычасціца П. — антыпратон. Пры сутыкненнях паскораных П. з свабоднымі П., рэчывам мішэні ці з антыпратонамі ўзнікаюць ўсе вядомыя элементарныя часціцы. Інтэнсіўныя патокі П. сярэдніх энергій выкарыстоўваюць у прамянёвай тэрапіі ракавых захворванняў.
І.С.Сацункевіч.
т. 13, с. 25
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСАМАФІ́ЛЫ [ад грэч. psammos пясок + ...філ(ы)],
псамабіёнты, экалагічная група жывёл, прыстасаваных да жыцця пераважна ў сыпучых рухомых пясках. Да П. адносяць таксама арганізмы, якія жывуць у паверхневым слоі вільготнага пяску па берагах вадаёмаў вышэй узроўню вады (інфузорыі, калаўроткі, чэрві, лічынкі камароў, крабы і інш.). П. называюць экалагічную групу рыб, якія адкладваюць ікру на пясчанае дно, у вадаёмах трымаюцца месц з пясчаным грунтам.
Асаблівасці П.: здольнасць хутка перамяшчацца (бег, скачкі, палёт) як прыстасаванне да здабычы корму, абароны ад ворагаў і інш.; здольнасць хутка паглыбляцца ў пясок (круглагалоўка, удаўчык пясчаны і інш.); наяўнасць прыстасаванняў для перамяшчэння па рыхлым грунце (рагавыя грабяні на пальцах у круглагалоўкі, аваласенне і рагавыя вырасты на пальцах у танкапальцага сусліка і грэбеняпальцага тушканчыка) або ў яго тоўшчы (членікавыя лапкі тараканаў пясчаных). Сухапутныя П. — ксерафілы з надзвычай эканомным водным абменам і невысокім узроўнем метабалізму. Многія П. зімой і летам упадаюць у спячку або назапашваюць кармы ці робяць сезонныя міграцыі; многія вядуць начны спосаб жыцця.
С.Л.Максімава.
т. 13, с. 99
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКО́ЎСКІ (Георгі Стойкаў) (крас. 1821, г. Коцел, Балгарыя — 9.10.1867),
балгарскі рэвалюцыянер-дэмакрат, паэт і публіцыст; адзін з арганізатараў нац.-вызв. руху балг. народа супраць тур. няволі. Вучыўся ў грэч. вучылішчы ў Стамбуле. У 1841 засн. тайнае т-ва па арганізацыі вызв. антытур. паўстання ў Балгарыі і Грэцыі, у тым жа годзе ўзначаліў антытур. выступленне ў рум. г. Брэіла. У 1853 спрабаваў арганізаваць антытур. паўстанне ў Балгарыі; у 1854 кіраваў там партыз. атрадам у гарах Стара-Планіна. З 1855 у эміграцыі ў Румыніі, Сербіі, Расіі. У 1861—62 засн. у Бялградзе 1-ю Балг. легію (легіён) для барацьбы з туркамі, у канцы 1866 у Бухарэсце аб’яднаў ваявод партыз. чэт (атрадаў) для планамерных дзеянняў у мэтах вызвалення Балгарыі. У 1867 склаў «Часовы закон народных атрадаў». Выдаваў газ. «Българска дневница» («Балгарскі дзённік»), «Дунавски лебед» («Дунайскі лебедзь»), час. «Бъдушност» («Будучыня»), у якіх прапагандаваў ідэю братэрства балканскіх народаў у барацьбе за вызваленне. У паэме «Лясны падарожны» (1857) апяваў барацьбу балг. гайдукоў супраць тур. прыгнёту.
т. 13, с. 285
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Га́нуш ’аніс’ (Нас.), га́нус, гэ́нус (Касп.), га́нусаўка, ганушо́ўка ’анісавая гарэлка’, га́нусавы, ганушо́вы ’анісавы’ (Нас.). Першакрыніцай усіх гэтых слоў з’яўляецца грэч. назва ἄνισον. Дэталі гісторыі паасобных форм у слав. мовах (у тым ліку бел.) не вельмі ясныя. Гл. ані́с (Эт. сл. бел. мовы, 1, 115). Ст.-бел. аныжъ, ганишъ ’аніс’ < польск. (гл. Булыка, Запазыч., 26).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Даль, далёкі (БРС). Рус. даль, далекий, укр. даль, дале́кий, польск. dal, daleki, серб.-харв. даљ і г. д. Прасл. *dalь, *dalekъ. Звычайна звязваецца са словамі *dьliti, *dьlgъ ’доўгі’, якія маюць адпаведнасці ў іншых і.-е. мовах (ст.-інд. dīrghás, грэч. δολιχός і г. д.). Падрабязны агляд у Трубачова, Эт. сл., 4, 184–185, 186–187.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Арга́н (БРС), арга́ны (Нас., Касп.). Рус., укр. орган. Ст.-слав. оръганъ з грэч. ὄργᾰνον (Саднік-Айцэтмюлер, HdWb, 77). Ст.-рус. органъ, органи (XI–XVI ст.), пазней тлумачыцца ў Бярынды, 225, таму можна лічыць, што ст.-бел. арганы (Шакун, Гісторыя, 106) працяг ст.-рус. органы, а сучаснае беларускае — працяг старабеларускага. Аб форме варган гл. варганіць.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Аса́нна — малітвенны выгук. Сустракаецца ў канцы XVI ст. (Гіст. мовы, 1, 223; Жураўскі, Працы IM, 7, 218–219, 224). Ст.-рус. з XIII ст. Таму слова трэба лічыць працягам старарускага, а не вынікам пазнейшага рускага ўплыву (як Крукоўскі, Уплыў, 74) з ст.-слав. осанна < грэч. ὡσαννά < ст.-яўр. hōšanā ’дапамажы ж’ (Фасмер, 3, 156).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бо́дня ’бочачка з векам і замком’ (Шн., Выг. дыс.). Рус. бо́дня, укр. бо́дня, польск. bednia, чэш. bedna, серб.-харв. ба̑дањ, ба́дња і г. д. Слав. *bъdьnь < герм. моў (с.-н.-ням. bodene, ст.-в.-ням. butîn, ням. Bütte, а гэта з лац. butina, грэч. βυτίνη). Бернекер, 106; Фасмер, 1, 184; Слаўскі, 1, 29. Параўн. бэ́дня.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Мармела́д ’кандытарскі выраб з фруктова-ягаднага пюрэ з цукрам і патакай’ (ТСБМ). З рус. мармелад ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 80). Форма ж мармуля́да ’тс’ (Жд. 1; драг., КЭС) паходзіць з польск. мовы, параўн. лэнчыцк. marmulada ’тс’. Абедзве з франц. marmelade < партуг. marmelada ’тс’ < marmelo ’айва’ — скажонае лац. melimēlum, melimēlon < ст.-грэч. μελίμηλον ’мядовы яблык, айва’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Матэма́тыка ’навука аб колькасных суадносінах і прасторавых формах навакольнага свету’ (ТСБМ), ст.-бел. математикъ, математыкъ (XVI ст.). Са ст.-польск. matematyka (matematyk), якое з с.-лац. matematika (ars) < ст.-грэч. μαθηματική (τέχνη) ’мастацтва пазнання навукі’ < μάθημα ’веды, навука, пазнанне’ < μανθάνω ’вучу, вывучаю’ (Голуб-Ліер, 305). Крукоўскі (Уплыў, 89) памылкова выводзіць бел. лексему з рускай.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)