СВІ́РНАВЫЯ АГНЁЎКІ,

матылькі сям. агнёвак. Шкоднікі зерня, насення, харч. прадуктаў і фуражу. Пашыраны паўсюдна, найб. млынавая, зерневая, паўд. свірнавая і мучная.

Крылы ў размаху 12—30 мм, пераважна шараватага колеру. Самкі адкладваюць яйцы на паверхню зерня. Вусені даўж. 12—20 мм, жаўтаватыя, зеленаватыя, ружаватыя ці інш., жывуць групамі ці адзіночна ў камяках ці трубачках, якія склейваюць з рэшткаў прадуктаў і павуціны.

Да арт. Свірнавыя агнёўкі. Млынавая агнёўка: 1 — імага; 2 — яйцы: 3 — лічынка; 4 — кукалка ў кокане з мукі. Мучная агнёўка: 5 — імага; 6 — яйцы; 7 — лічынка; 8 — кукалка.

т. 14, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́ПАРЫС (Siparis) Юозас (10.3.1894, в. Кусяй Таўрагскага пав., Літва — 5.4.1970),

літ. акцёр. Нар. арт. СССР (1954). У 1920—25 акцёр т-раў сатырычнага «Вілкалакіс» і Нацыянальнага, у 1925—40 Дзярж. т-ра ў Каўнасе, у 1940—59 Драм. т-ра Літвы. Выканаўца яркіх характарных роляў: Шарунас («Шарунас» В.​Крэве), Вінгіс («Нявестка» паводле Жэмайтэ), Кнураў («Беспасажніца» А.​Астроўскага), Земляніка («Рэвізор» М.​Гогаля), Пішчык («Вішнёвы сад» А.​Чэхава), Ленін («Крамлёўскія куранты» М.​Пагодзіна, «Незабыўны 1919» У.​Вішнеўскага; Дзярж. прэмія СССР 1952) і інш. Здымаўся ў кіно.

т. 14, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКРЫПІ́ЦА, млечнік апушаны (Lactarius vellereus),

шапкавы базідыяльны грыб сям. сыраежкавых. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляецца з ліп. па вер. у хвойных і мяшаных лясах (часцей у ельніках).

Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка спачатку плоская, потым лейкападобная з загнутым уніз хвалістым краем, дыяметрам 7—20 см, тонкаапушаная, сухая, белая, з бураватым адценнем. Мякаць з млечным сокам, белая, потым жаўтаватая, шчыльная, горкая на смак. Пласцінкі белаватыя, каротка-зыходныя. Ножка цыліндрычная, суцэльная, гладкая, выш. да 7 см. Споры бясколерныя, авальныя. Ядомая. Гл. іл. да арт. Млечнік.

т. 14, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАЎКО́Ў Уладзімір Іванавіч (9.5.1926, г. Курск, Расія — 1995),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1967). Працаваў у розных тэатрах краіны. У 1964—69 у Гомельскім абл. драм. т-ры. Акцёр героіка-драм. плана. Творчасці ўласцівы яркі знешні малюнак ролі, сац. завостранасць, рамантычная прыўзнятасць. Найб. значныя ролі ў Гомельскім т-ры: Яраш («Сэрца на далоні» паводле І.​Шамякіна), Торчыкаў («Заглянуць у калодзеж» Я.​Волчака), Прохар Громаў («Угрум-рака» паводле В.​Шышкова), Еўдакімаў («104 старонкі пра каханне» Э.​Радзінскага), Раман Кошкін («Любоў Яравая» К.​Транёва), Чарлз Касл («Зорка Галівуда» К.​Одэтса).

т. 14, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛЯПНЁЎ Юрый Ільіч (22.5.1926, Масква — 23.7.1965),

бел. танцоўшчык. Засл. арт. Беларусі (1955). Вучыўся ў харэагр. студыі пры Маскоўскім Палацы культуры чыгуначнікаў (1943), скончыў Мінскі ін-т фіз. культуры (1961). З 1949 у Бел. ансамблі песні і танца пад кіраўніцтвам Р.​Шырмы, з 1950 у Ансамблі песні і танца БВА, з 1952 у Дзярж. нар. хоры Беларусі пад кіраўніцтвам Г.​Цітовіча, з 1964 у Бел. філармоніі. Танцоўшчык характарнага плана, стварыў яркія вобразы ў бел. нар. танцах, паставіў ганцы «Падушачка», «Ланская кадрыля» і інш.

Г.​І.​Цітовіч.

т. 15, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУВО́ЙКІ (Vorticella),

род раснічных інфузорый. Больш за 100 відаў. Пашыраны ў прэсных і марскіх водах. На Беларусі найб. адзначаецца С. маларотая (V.microstoma).

Даўж. каля 150 мкм. Цела званочкападобнае. Адзіночныя формы на скарачальнай спіральнай сцяблінцы, якой прымацоўваюцца да субстрату Па краі ротавага дыска раснічны апарат; каляротавая спіраль пастаянна рухаецца і накіроўвае ток вады да ротавай адтуліны. Кормяцца бактэрыямі, дэтрытам. Пры бясполым размнажэнні ўтвараюцца «бадзяжкі», якія свабодна плаваюць, потым прымацоўваюцца. Ёсць і палавы працэс — кан’югацыя. Фільтратары вадаёмаў. Некат. — вонкавыя паразіты рыб. Іл. гл. да арт. Інфузорыі.

т. 15, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́ХАНЬ (Suchoń) Эўген (25.9.1908, г. Пезінак, Славакія — 1993),

славацкі кампазітар, адзін з заснавальнікаў сучаснай славацкай музыкі. Нар. арт. Чэхаславакіі (1958). Вучань В.Новака. З 1933 выкладаў у Муз.-драм. акадэміі (з 1941 кансерваторыя), у 1948—74 ва ун-це, адначасова ў 1954—59 у пед. ін-це ў Браціславе. Для твораў характэрна арганічнае спалучэнне нар. муз. традыцыі з навейшай кампазітарскай тэхнікай; оперы «Водаварот» (паст. 1949), «Святаплук» (паст. 1959), кантата «Псалом зямлі Падкарпацкай» (1938), арк. творы, хоры і інш. Аўтар муз.-тэарэт. прац. Дзярж. прэміі Чэхаславакіі 1951, 1954, 1973.

Э.Сухань.

т. 15, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЦЕПАНКО́Ў Канстанцін Пятровіч (н. 3.6.1928, с. Печаскі Хмяльніцкай вобл., Украіна),

украінскі акцёр. Нар. арт. СССР (1977). Скончыў Кіеўскі ін-т тэатр. мастацтва (1953). У 1955—68 у Кіеўскім т-ры імя Франко. Мастацтва С. адметнае псіхал. глыбінёй, вастрынёй і дакладнасцю малюнка ролі. З 1957 здымаецца ў кіно. Сярод лепшых роляў у кіно; Фёдар Лабачоў («Камісары», 1971), Фёдар Жухрай («Як гартавалася сталь», 1973), Каўпак («Дума пра Каўпака», 1974—78). Зняўся таксама ў фільмах: «Дзесяты крок» (1967), «Каменны крыж» (1968), «Сям’я Кацюбінскіх» (1971), «Мора» (1979), «Легенда пра княгіню Вольгу» (1983).

т. 15, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЦЯПА́НАВА Таццяна Пятроўна (н. 9.5.1935, Мінск),

бел. цымбалістка, педагог. Засл. арт. Беларусі (1975). Скончыла Бел. кансерваторыю (1959, кл. І.Жыновіча). З 1954 артыстка Дзярж. нар. аркестра Беларусі, у 1969—93 выкладчык Мінскага муз. вучылішча, адначасова ў 1974—82 арганізатар і кіраўнік цымбальнага ансамбля. Аўтар пералажэнняў твораў бел., рус. і інш. кампазітараў, у т. л. канцэртнай фантазіі «Жураўлі на Палессе ляцяць» І.​Лучанка, «Раманса» Г.​Свірыдава (з муз. ілюстрацыі да аповесці А.​Пушкіна «Мяцеліца»), уверцюры да оперы «Квартал анёлаў» М.​Тэадаракіса і інш. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу артыстаў эстрады (1974, Масква).

А.​В.​Скорабагатчанка.

т. 15, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАКАІШВІ́ЛІ Сесіль Дзмітрыеўна (13.10.1906, г. Батумі, Грузія — 21.5.1984),

грузінская актрыса. Нар. арт. СССР (1966). Скончыла драм. студыю пад кіраўніцтвам А.​Пагавы (1926). З 1926 у Т-ры імя Ш.​Руставелі. у 1930—67 у Т-ры імя К.​Марджанішвілі ў Тбілісі. Мастацтва Т. адметнае вастрынёй формы, самабытнасцю, гумарам, яркай характарнасцю. Сярод роляў: Анка («Паэма пра сякеру» М.​Пагодзіна), Катарына («Утаймаванне свавольніцы» У.​Шэкспіра), Агудалава («Беспасажніца» А.​Астроўскага), каралева Лізавета («Марыя Сцюарт» Ф.​Шылера), Бабуля («Я, бабуля, Іліко і Іларыён» Н.​Думбадзе і Р.​Лордкіпанідзе). Здымалася ў кіно. Дзярж. прэмія Грузіі 1983.

т. 15, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)