СЕНТ-ВІ́НСЕНТ І ГРЭНАДЗІ́НЫ (Saint Vincent and the Grenadines),
дзяржава ў Вест-Індыі, на в-ве Сент-Вінсент і паўн.ч. а-воў Грэнадзіны ў групе Малых Антыльскіх астравоў. Пл. 389 км². Нас. 115,5 тыс.чал. (2000). Афіц. мова — англійская, пашыраны яе мясц.дыялект. Сталіца — г.Кінгстаўн. У адм. адносінах падзелена на 6 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (27 кастр.).
Дзяржаўны лад. Канстытуцыйная манархія. Чл. Садружнасці. Дзейнічае канстытуцыя 1979. Кіраўнік дзяржавы — брыт. манарх, якога прадстаўляе ген.-губернатар. Орган заканад. улады — аднапалатная Палата сходу з 15 дэпутатаў (выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў) і 6 сенатараў, прызначаных ген.-губернатарам. Выканаўчая ўлада — урад на чале з прэм’ер-міністрам (кіраўнік парламенцкай большасці).
Прырода. А-вы Сент-Вінсент (пл. 344 км²) і Грэнадзіны (32 дробныя а-вы) вулканічнага паходжання. На в-ве Сент-Вінсент ланцуг старых вулканаў, найвышэйшы пункт — дзеючы вулкан Суфрыер (1234 м). Клімат трапічны, пасатны. Сярэдняя т-ра 26 °C, гадавая колькасць ападкаў ад 1500 мм на Пд і З да 3700 мм на ўсх. схілах гор. Сухі сезон у снеж.—маі. Частыя ўраганы. Пад лесам і хмызнякамі 36% тэрыторыі. Жывёльны свет прадстаўлены пераважна птушкамі. Мора багатае рыбай, малюскамі, ракападобнымі. Ёсць некалькі заказнікаў.
Насельніцтва. Асн. народ сентвінсентцы. Аснову этнасу складаюць нашчадкі неграў-рабоў, якія часткова змяшаліся з французамі і англічанамі; называюць сябе крэоламі. Жывуць таксама выхадцы з Вялікабрытаніі, невял. групы партугальцаў, індыйцаў і чорных карыбаў. Вернікі — англікане і метадысты, ёсць адвентысты, баптысты, католікі і інш. Сярэднегадавы прырост 0,57% (1999). Сярэдняя шчыльн. 296 чал. на 1 км². У гарадах жыве 54% насельніцтва. У сельскай гаспадарцы занята 26% насельніцтва, у прам-сці — 17%, у абслуговых галінах — 57%.
Гісторыя. Першапачатковыя насельнікі астравоў — індзейцы, аравакі і карыбы. В-аў Сент-Вінсент адкрыты Х.Калумбам у 1498. У 17—18 ст. за валоданне астравамі змагаліся Францыя і Вялікабрытанія, замацаваны за апошняй у 1783. Большая ч. індзейскага насельніцтва знішчана, рэшткі яго змяшаліся з неграмі-рабамі, якіх прывозілі для працы на плантацыях. У 1958—62 у складзе Вест-Індскай Федэрацыі, з 1969 «асацыіраваная з Вялікабрытаніяй дзяржава». 27.10.1979 абвешчана незалежнай дзяржавай у складзе Садружнасці. Дзейнічаюць паліт. партыі: Новая дэмакр. партыя, Аб’яднаная лейбарысцкая партыя. С.-В. і Г. — чл.ААН (з 1980).
Гаспадарка. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка і абслугоўванне турыстаў. У структуры валавога ўнутр. прадукту (289 млн.дол., 2,4 тыс. долараў на 1 чал., 1998) сельская гаспадарка складае 10,6%, гандаль і паслугі (укл. турызм) — 71,9%, прам-сць — 17,5%. Цёплы клімат, пясчаныя пляжы, празрыстыя воды, каралавыя рыфы штогод прыцягваюць каля 120 тыс. турыстаў (пераважна з ЗША, Канады і Зах. Еўропы). У 1999 даход ад турызму склаў 77 млн. долараў. Пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі каля 3,9 тыс.га. Асн. экспартныя культуры: бананы (збор каля 80 тыс.т штогод), какосавыя арэхі (20 тыс.т), манга, мускатны арэх, арарут (крухмалазмяшчальны караняплод). Вырошчваюць батат, маніёк, ямс, цукр. трыснёг, тытунь, агародніну, каву, какаву. Гадуюць птушак (200 тыс. галоў, 1997), буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак. Рыбалоўства і марскія промыслы. Прам-сць спецыялізуецца на перапрацоўцы с.-г. сыравіны. Прадпрыемствы па вытв-сці крухмальнай мукі з араруту (150 т штогод), адзення, мэблі, цэменту, рому, піва, тытуню, спарт. інвентару, перапрацоўцы копры, зборцы электраапаратуры. Вытв-сць электраэнергіі 64 млн.кВт∙гадз (1998). Даўж. аўтадарог 1040 км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 320 км. На астравах 5 тыс.пасаж. і 3,2 тыс. грузавых аўтамабіляў. Пад флагам дзяржавы з прычыны льготных падаткаў плаваюць 814 суднаў (агульная грузападымальнасць 7,7 млн. рэгістравых т) з 20 краін. 6 аэрапортаў (гал. — Эрнас-Вейя каля Кінгстаўна). У 1997 экспарт склаў 47,3 млн.дол., імпарт — 158 млн.дол. Экспартуюць бананы (37%), муку з араруту, копру, агародніну, тытунь і інш.; імпартуюць харч. прадукты, машыны і абсталяванне, паліва. Гал.гандл. партнёры: краіны Карыбскага бас. (49% экспарту і 28% імпарту), ЗША (10% і 36%), Вялікабрытанія (16% і 13%). Краіна атрымлівае дапамогу ад Вялікабрытаніі (47,5 млн.дол. 1995). Грашовая адзінка — усх.-карыбскі долар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕНТ-КІТС І НЕ́ВІС (Saint Kitts and Nevis),
Федэрацыя Сент-Кітс і Невіс (Federation of Saint Kitts and Nevis), дзяржава ў Вест-Індыі, у групе Малых Антыльскіх астравоў ва ўсх.ч. Карыбскага м.Пл. 261,6 км². Нас. 38,8 тыс.чал. (2000). Афіц. мова — англійская, пашыраны яе мясц.дыялект. Сталіца — г.Бастэр (на в-ве Сент-Кітс). У адм. адносінах падзелена на 14 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (19 верасня).
Дзяржаўны лад. Канстытуцыйная манархія. Чл. Садружнасці. Дзейнічае канстытуцыя 1983. Кіраўнік дзяржавы — брыт. манарх, якога прадстаўляе ген.-губернатар. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Нац. сход з 3 сенатараў (прызначаюцца ген.-губернатарам) і 11 дэпутатаў (выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам (кіраўнік парламенцкай большасці). Жыхары в-ва Невіс маюць уласныя заканад. і выканаўчыя органы. Губернатара прадстаўляе прызначаны ім намеснік.
Прырода. А-вы Сент-Кітс (168,4 км²) і Невіс (93,2 км²) вулканічнага паходжання, гарыстыя (выш. да 1156 м на в-ве Сент-Кітс). Клімат трапічны, пасатны, гарачы. Сярэднія месячныя т-ры 18—24 °C, ападкаў ад 700 да 1200 мм за год. Горныя схілы ўкрыты трапічнымі лясамі. Пад лесам і хмызнякамі 17% тэрыторыі.
Насельніцтва. Асн. народ сенткітсцы, пераважна негры (86%) і мулаты. Вернікі — пратэстанты (англікане і метадысты) і католікі. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 1,34% (1999). Сярэдняя шчыльн. 148 чал. на 1 км². Гар. насельніцтва 34%. У сельскай гаспадарцы і прам-сці занята 31% працоўных, у абслуговых галінах 69%. Значная эміграцыя, пераважна ў Вялікабрытанію.
Гісторыя. Стараж. насельніцтва — індзейцы аравакі і карыбы, большасць якіх знішчана еўрап. каланізатарамі. В-аў Сент-Кітс адкрыты Х.Калумбам у 1493. У 1623 тут заснавалі сваё пасяленне англічане, у 1624 — французы. Доўгі час за валоданне астравамі ішла барацьба паміж Францыяй і Вялікабрытаніяй; канчаткова замацаваны за апошняй у 1783. У 1871—1956 ч.брыт. калоніі Падветраныя а-вы, у 1958—62 — Вест-Індскай федэрацыі. З 1967 «асацыіраваная з Вялікабрытаніяй дзяржава» (разам з в-вам Ангілья, выйшла ў 1980). 19.9.1983 абвешчана незалежнасць С.-К. і Н. ў складзе Садружнасці. Гал. праблемай дзяржавы з’яўляюцца сепаратысцкія настроі на в-ве Невіс, дзейнічаюць паліт. партыі: Лейбарысцкая, Рух нар. дзеяння, Рэфармісцкая партыя Невіса. С.-К. і Н. — чл.ААН (з 1983).
Гаспадарка. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка і сфера паслуг (абслугоўванне замежных турыстаў). Валавы ўнутр. прадукт на душу насельніцтва 6 тыс.дол. (1999). 5,5% яго ствараецца ў сельскай гаспадарцы, 22,5% — у прам-сці, 72% — у абслуговых галінах (укл. турызм). Краіну штогод наведвае каля 160 тыс. турыстаў, пераважна з ЗША і Вялікабрытаніі. Даход ад турызму 66 млн.дол. (1998). Гал. цэнтр — пас. Фрайгейт на в-ве Сент-Кітс. Для сельскай гаспадаркі выкарыстоўваюць 6,5 тыс.га, у т. л. пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі 5,7 тыс.га, пашай — 0,8 тыс.га. Гал. экспартныя культуры — цукр. трыснёг (каля 1/3 ворных зямель), бавоўнік, какосавая пальма, арахіс. Вырошчваюць таксама бананы, рыс, кукурузу, ананасы, агародніну. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак (14 тыс. галоў), птушак (60 тыс. галоў, 1997). Насельніцтва традыцыйна займаецца рыбалоўствам. Апрацоўчая прам-сць прадстаўлена невял. прадпрыемствамі па вытв-сці цукру-сырцу, патакі-меласы, бавоўны, баваўнянага і какосавага алею, алкагольных напіткаў, тэкстылю, абутку, фармацэўтычных вырабаў. Ёсць невял. прадпрыемствы па зборцы эл. і электронных прылад. Вытв-сць электраэнергіі 85 млн.кВт∙гадз. (1998). Даўж. аўтадарог 320 км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 136 км. На цукр. плантацыях в-ва Сент-Кітс ёсць вузкакалейная чыгунка даўж. 58 км. 2 аэрапорты, у т. л.міжнар. Голдэн-Рок (каля г. Бастэр). Марскія парты: Бастэр і Чарлстаўн. У 1997 экспарт склаў 43,7 млн.дол., імпарт — 129,6 млн.дол. У экспарце пераважаюць цукар-сырэц, патака-меласа (34%), бавоўна (20%), баваўняны і какосавы алей; у імпарце — машыны і абсталяванне, харч. прадукты, нафтапрадукты. Гал.гандл. партнёры: ЗША (68% экспарту і 42% імпарту), Вялікабрытанія (22% і 11%), краіны Карыбскага бас. Краіна атрымлівае дапамогу ад Вялікабрытаніі (каля 5,5 млн.дол. штогод). Грашовая адзінка — усх.-карыбскі долар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Трам ’апорная бэлька ў хаце пад столлю’ (Бяльк., Байк. і Некр., В. В., Мат. Гом., Гарэц.; мсцісл., З нар. сл.; гродз., мін., мсцісл., ельск., ЛА, 4), ’падоўжная бэлька, якая падтрымлівае папярочныя’ (Пятк. 2, Сцяшк., Шушк., ТС), ’ствол дрэва’ (Мат. АЛА), ’кіль’ (Некр. і Байк.), ’калок’ (Яруш.), трамкі́ ’апошнія вянкі зруба’ (ельск., ЛА, 4), тран ’апорная бэлька’ (іўеў., слонім., рэч., ЛА, 4), прам ’тс’ (лун., там жа), отра́м, атра́м ’тс’ (бяроз., чашн., там жа), штрам ’тс’ (брасл., шарк., глыб., лаг., ЛА, 4) і штра́ма ’тс’ (віл., лаг., там жа), а таксама тра́ма ’тс’ (ТСБМ, Бяльк., Кал., Шат., Касп., Сцяшк., Гарэц., Шушк., ТС; гродз., мін., ЛА, 4; Сл. ПЗБ), ’прастора паміж бэлькай і столлю’ (Жд. 1), ’бэлька ў столі’ (брагін., Шатал.). Ст.-бел.трамъ ’бервяно, бэлька’ (XVII ст.; Ст.-бел. лексікон, КГС). На беларускай тэрыторыі сышліся, магчыма, два варыянты адной і той жа лексемы (рэаліі) — тра́м(а) і атра́ма, якія, аднак, могуць мець рознае паходжанне. Лексема трам (польск.tram, tran — дыял.паўд.-усх. ’падваліна, падруба’, паўн.-усх.trama ’апорная бэлька’, в.-луж.trama, н.-луж.tramʼ, trama ’дручок, дубіна’, ’апорная бэлька’, ст.-чэш., славац.trám ’бэлька, брус’, харв.кайк.trȃm, славен.trȃm, tramȗ ’бервяно, брус’) запазычана з с.-в.-ням.trām, drām ’бервяно, бэлька’, параўн. с.-н.-ням.trāme ’бэлька’, ст.-фрыз.trām(e) ’брус, бэлька’, нарв.tram ’драўляны парог’ (Клюге, 785; ЕСУМ, 5, 617) і праз заходнеславянскія мовы (пераважна праз польскую) трапіла на беларускую (і ўкраінскую) моўную тэрыторыю (Брукнер, 574–575; Махэк₂, 649; Скок, 3, 490; Бязлай, 3, 211; Сной₂, 776; Булыка, Запазыч., 323; Голуб-Копечны, 388; Голуб-Ліер, 486). Лексема атра́ма пашырылася з балтыйскай моўнай тэрыторыі, параўн. літ.atramà ’падпорка’, ’апірышча’, ’спінка крэсла, канапы’, atramstýti ’падперці/падпіраць, прыхіліць/прыхіляць’ (Цыхун, Лекс. балтызмы, 50; Лаўчутэ, Балтизмы, 41). Назіраецца іх узаемадзеянне (трам‑а, а‑трам). Далей ням. тэрмін суадносяць са ст.-грэч.τέρεμνον ’сені, гасцёўня’, з лац.trabs < і.-е.*drabma, альбо адносяць да і.-е. асновы *ter‑ ’прабірацца, дасягаць’, ’праходзіць праз што-небудзь’, узмоцненай фармантам *‑т; дапускаецца мажлівасць існавання праславянска-прагерманскай лексемы (Скок, там жа). Петр (В. В., 21, 207–217) дапускае роднаснасць прасл.*tramъ са ст.-грэч.τραφηξ, лац.trabs ’бервяно’, ’дрэва’, ’карабель’, што даволі сумніўна. Сюды ж тру́ма, гл.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
КА́БА-ВЕ́РДЭ (Cabo Verde),
Рэспубліка Каба-Вердэ (Repúblika de Cabo Verde), дзяржава на а-вах Зялёнага Мыса ў Атлантычным ак., за 500 км на З ад берагоў Зах. Афрыкі. Падзяляецца на 14 акруг. Пл. 4033 км²Нас. 394,8 тыс.чал. (1997). Сталіца — г.Прая на в-ве Сант’ягу. Афіц. мова — партугальская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (5 ліп.).
Дзяржаўны лад. К.-В. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1992. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае Нац. асамблея з ліку яе дэпутатаў на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — Нац. асамблея (аднапалатны парламент) з 79 дэпутатаў, што выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчая ўлада належыць прэзідэнту і ўраду на чале з прэм’ер-міністрам, якога прызначае Нац. асамблея з яе складу па прапанове прэзідэнта.
Прырода. А-вы Зялёнага Мыса складаюцца з 2 груп — Наветраных (Барлавенту) і Падветраных (Сатавенту) і ўключаюць 15 астравоў. Найб. з іх (пл. ў км²): Сант’ягу — 991, Санту-Антан — 779, Баавішта — 620, Фогу — 476, Сан-Нікалау — 388, Маю — 269, Сан-Вісенты — 227, Сал — 216. Астравы складзены з вулканічных парод. Берагі пераважна стромкія і скалістыя, зручных гаваней мала (найб. значная — бухта Міндэлу на в-ве Сан-Вісенты). Рэльеф гарысты, са шматлікімі вулканічнымі конусамі, кратэрамі і кальдэрамі. Найвыш. пункт — дзеючы вулкан Фогу на в-ве Фогу (2829 м). Карысныя выкапні: каменная соль, гіпс і вулканічныя буд. матэрыялы. Клімат трапічны пасатны. Сярэднія месячныя т-ры паветра ад 22 °C (люты) да 27 °C (вер.—кастр.). Ападкаў 100—300 мм за год, пераважна са жн. да кастрычніка. Пастаянных рэк няма. Расліннасць у асноўным пустынная і паўпустынная. Пад горнымі лясамі каля 4 тыс.га. Вядуцца пасадкі лесу. Жывёльны свет бедны. Адсутнічаюць млекакормячыя, акрамя завезенай еўрапейцамі свойскай жывёлы, малпаў, пацукоў і інш. Шмат марскіх птушак. Мора багатае рыбай.
Насельніцтва. Большасць насельніцтва — кабавердцы — нашчадкі партуг. каланістаў і неграў-рабоў; пераважна мулаты. Есць выхадцы з Афрыкі (каля 30%) — прадстаўнікі народаў фульбе, балантэ і манджак. У гарадах невял. групы партугальцаў (каля 1%). Больш за 90% вернікаў — католікі, каля 2,5% — пратэстанты, ёсць прыхільнікі традыц.афр. культаў. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва каля 100 чал. на 1 км², на а-вах Сант’ягу і Сан-Вісенты больш за 200 чал. на 1 км. У гарадах жыве 56% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1991): Прая — 82,8, Міндэлу — 51,3. У сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве занята 80% насельніцтва. прам-сці і буд-ве — каля 10, абслуговых галінах — каля 10%.
Гісторыя. А-вы Зялёнага Мыса да з’яўлення тут еўрапейцаў былі бязлюдныя. Адкрыты, верагодна, у 1456 экспедыцыяй А.Кадамоста. У 1462 пачалося засяленне астравоў партугальцамі і прывезенымі імі пераважна з Сенегала неграмі-рабамі. У 1533 пасяленне Рыбейра-Грандзі атрымала статус горада. Тут размяшчалася рэзідэнцыя епіскапа, які прадстаўляў партуг. карону на астравах і афр. узбярэжжы ад Марока да Гвінеі. У 1564 астравы перайшлі пад кіраванне партуг. манархіі, на чале каралеўскай калан. адміністрацыі стаяў губернатар. У сярэдзіне 17 ст. (афіцыйна з 1770) адм. ц. калоніі стала Санта-Марыя (з 1858 наз. Прая). З 1650 тэр.партуг. Гвінеі адміністрацыйна падпарадкавана губернатару К.-В. У 1757 выключнае права на гандаль з К.-В. і Гвінейскім узбярэжжам перададзена на 20 гадоў «Кампаніі Пара і Мараньян» Жорсткая эксплуатацыя кампаніяй і засухі 1775—77 прывялі да масавай гібелі мясц. насельніцтва. Да 19 ст. астравы былі важным транзітным пунктам на шляху з Партугаліі ў Індыю і адным з гал. цэнтраў партуг. гандлю рабамі. У 1832—79 К.-В. аб’яднана з партуг. Гвінеяй у адзіную заморскую правінцыю. потым асобная калонія. У 1956 створана Афр. партыя незалежнасці Гвінеі і А-воў Каба-Вердэ (ПАІГК), якая ў 1963 узначаліла ўзбр. барацьбу супраць каланізатараў. У крас. 1974 Партугалія прызнала ПАІГК адзіным законным прадстаўніком насельніцтва К.-В. і ў ліст. падпісала з ёю пагадненне аб прадастаўленні К.-В. незалежнасці.
5.7.1975 абвешчана незалежная Рэспубліка К.-В. Прэзідэнтам краіны стаў А.М.Перэйра. Гал.паліт. сілай заставалася ПАІГК, якая ў 1981 разарвала адносіны з кіруючай партыяй у Гвінеі-Бісау (тая імкнулася да стварэння уніі абедзвюх дзяржаў), а пазней стварыла асобную Афр. партыю незалежнасці КВ., адзіную легальную партыю ў краіне. У 1980—90-я г. шматгадовая засуха прывяла да эканам. крызісу. У 1990 парламент ухваліў змены ў канстытуцыі, якія прадугледжвалі ўвядзенне ў краіне шматпартыйнай сістэмы. У 1991 адбыліся першыя свабодныя парламенцкія і прэзідэнцкія выбары, перамагла партыя Рух за дэмакратыю, прэзідэнтам выбраны падтрыманы ёю незалежны кандыдат А.Машкарэньяш Мантэйру. К.-В. — чл.ААН (з 1976), Арг-цыі афр. адзінства, Руху недалучэння. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў чэрв. 1992.
Гаспадарка. К.-В. — эканамічна адсталая, пераважна агр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) 440 млн.дол. ЗША (1994); на 1 чал. ў год прыпадае 1040 дол. Доля ў ВУП: сельскай гаспадаркі — 18%, рыбалоўства — 7, прам-сці — 8, абслуговых галін — 67%. У дзярж. сектары ствараецца да 40% ВУП. Гал. галіна — сельская гаспадарка. З-за гарыстага рэльефу і неўрадлівых глеб вядзенне сельскай гаспадаркі магчыма на 12% тэрыторыі, земляробства — на 1,4% (каля 5600 га). С.-г. землі цярпяць ад недахопу вады. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі; ёсць кааператывы. На ўласныя патрэбы вырошчваюць кукурузу, фасолю, батат, цукр. трыснёг, маніёк, бульбу, агародніну. Экспартныя культуры: бананы (штогод 5—10 тыс.т), кава, тытунь, арахіс, клешчавіна, гарчыца. Вырошчваюць таксама апельсіны, фінікі і какосавыя арэхі. Пашавая жывёлагадоўля. Пагалоўе (тыс. галоў, 1990): буйн. раг. жывёлы — каля 13, свіней — каля 40, коз — каля 70, авечак — каля 3. Штогадовы ўлоў рыбы, амараў і крэветак каля 15—20 тыс.т. Прам-сць развіта слаба. На а-вах Сал, Баавішта і Маю здабыча каменнай солі (да 40 тыс.т у год), на в-ве Санту-Антан — пуцаланаў (цэм. сыравіна), гіпсу і кааліну. Вытв-сць электраэнергіі 40 млн.кВт∙гадз (1995) на дробных дызельных электрастанцыях. Будуюцца ўстаноўкі, якія выкарыстоўваюць энергію ветру і сонца. Асн. галіны апрацоўчай прам-сці: рамонт і буд-ва дробных суднаў (г. Міндэлу), вытв-сць адзення і абутку (ф-кі швейная ў Міндэлу, тэкст., швейная і абутковая ў Праі), мэблі (Прая). Харчасмакавая прам-сць уключае перапрацоўку рыбы і вытв-сць рыбных кансерваў, разнастайных харч. тавараў, у т. л. алею і мукі. Працуюць ліцейна-мех. майстэрні (Міндэлу), з-ды жалезабетонных і керамічных вырабаў, буд. матэрыялаў, прадпрыемствы па зборцы з імпартных дэталей эл.-быт. прылад і іх рамонце (Прая). Развіты саматужныя промыслы (ганчарны, пляценне кошыкаў, выраб сувеніраў). У г. Прая саматужна-маст. майстэрні. На астравах Сант’ягу і Сан-Вісенты невял. з-ды па апрасненні марской вады. У порце Міндэлу — бункераванне (забеспячэнне палівам і інш.) суднаў розных краін. Унутр. транспарт аўтамабільны. На астравах 3,2 тыс.км аўтадарог (у т. л. 0,8 тыс.км з цвёрдым пакрыццём), 10,5 тыс. легкавых аўтамабіляў, 5,5 тыс. грузавікоў і аўтобусаў. Сувязь паміж астравамі і з інш. краінамі ажыццяўляецца марскім транспартам і авіяцыяй. Гал. парты Прая і Міндэлу. На в-ве Сал міжнар. аэрапорт. Знешні гандаль мае адмоўны баланс. Штогадовы экспарт каля 5 млн.дол., імпарт каля 170 млн.дол. Краіна экспартуе соль, бананы, каву, тытунь, рыбныя кансервы, імпартуе прамысл. і харч. тавары. Гандаль пераважна з Партугаліяй (49% экспарту і 34% імпарту), Анголай, Нідэрландамі. Дадатковыя сродкі краіне прыносяць турызм, грашовыя пераводы эмігрантаў, дапамога міжнар. арг-цый. Грашовая адзінка — эскуда Каба-Вердэ.
Літ.:
Григорович А.А., Грибанов В.В. Кабо-Верде. М., 1988.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАМІ́БІЯ (Namibia),
Рэспубліка Намібія (Republic of Namibia), дзяржава ў Паўд.-Зах. Афрыцы. Мяжуе на Пн з Анголай і Замбіяй, на У з Батсванай, на ПдУ і Пд з Паўд.-Афр. Рэспублікай (ПАР); на З абмываецца водамі Атлантычнага ак.Пл. 824,3 тыс.км². Нас. 1648,3 тыс.чал. (1999). Дзярж. мова — англійская, шырока ўжываюцца таксама афрыканс і нямецкая. Сталіца — г.Віндхук. Краіна падзяляецца на 13 адм. рэгіёнаў. Нац. свята — Дзень незалежнасці (21 сак.).
Дзяржаўны лад. Н. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1990. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеагульным прамым галасаваннем тэрмінам на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — 2-палатны парламент, які складаецца з Нац. асамблеі (72 дэпутаты выбіраюцца ўсеагульным прамым галасаваннем на 5 гадоў) і Нац. савета (26 прадстаўнікоў рэгіёнаў, што выбіраюцца на 6 гадоў). Выканаўчая ўлада належыць прэзідэнту і ўраду.
Прырода. Большая частка тэр. Н. — пласкагор’е выш. 1300—1500 м на З і 900—1100 м на У. Найб.выш. 2600 м (г. Брандберг). Пласкагор’е спадзіста паніжаецца на У да паўпустыні Калахары, на З уступам абрываецца ў бок прыбярэжнай раўніны — пустыні Наміб. Карысныя выкапні: алмазы, уранавыя, поліметалічныя, медныя, алавяныя, вальфрамавыя, рэдкаметал. руды, сера, прыродны газ і інш. Клімат трапічны, вельмі сухі. Сярэдняя т-ра самага цёплага месяца (студз.) ад 18 °C на беразе акіяна да 27 °C ва ўнутр. раёнах, самага халоднага (ліп.) ад 12 °C на Пд да 16 °C на Пн. Ападкаў ад 10—50 мм за год на ўзбярэжжы, да 500—700 мм на ПнУ. Гал. рэкі на Пн — Акаванга, Кунене, на Пд — Аранжавая, астатнія — часовыя вадатокі. На Пн краіны перасыхаючае воз. Этоша. Пераважаюць пустынныя трапічныя глебы і чырванавата-бурыя глебы саваннаў. Расліннасць у пустыні Наміб сукулентная, на пласкагор’і злакава-хмызняковая і хмызняковая, у больш высокіх раёнах паўпустыні і апустыненыя саванны. У складзе жывёльнага свету горных раёнаў і на У эндэмічныя грызуны (даўганос, капскі сляпыш), асобныя віды зайцоў, трубказуб; шматлікія яшчаркі, змеі і інш. Воды акіяна каля берагоў Н. багатыя прамысл. рыбай (сардзінела, макрэль, анчоўс), марскімі ракамі (амары, лангусты), ёсць цюлені. Нац. паркі: Этоша, Наміб, Бераг Шкілетаў, Ноўклуфберге.
Насельніцтва. Большасць насельніцтва належыць да групы зах. банту: авамба (810 тыс.чал.), каванга (146 тыс.чал.), герэра (114 тыс.чал.) і інш. Жывуць горныя дамара (114 тыс.чал.), гатэнтоты, бушмены (сан). Нас.еўрап. паходжання (100 тыс.чал.) складаецца з афрыканераў, немцаў, англічан. Каля 80% вернікаў хрысціяне (пераважна пратэстанты), астатнія прытрымліваюцца мясц.традыц. культаў. Сярэднегадавы прырост насельніцтва каля 3%. Сярэдняя шчыльн. 2 чал. на 1 км². У пустыні Наміб і паўпустыні Калахары вял. тэрыторыі не маюць пастаяннага насельніцтва. Гар. насельніцтва каля 37%. Найб. гарады: Віндхук (190 тыс.ж., 1995), Людэрыц, Уолфіш-Бей, Цумеб. У сельскай гаспадарцы занята 49%, у прам-сці і гандлі — 25% працаздольнага насельніцтва.
Гісторыя. Першыя стаянкі чалавека, выяўленыя на тэр. Н., адносяцца да 2-га тыс. да н.э.Стараж. насельніцтва Н. — плямёны кой-коін (продкі сучасных нама, 3 групы гатэнтотаў), сан (бушмены) і дамара. У 16 ст. сюды прыйшлі плямёны банту (авамба, герэра, каванга і інш.). У канцы 15 ст. ўзбярэжжа Н. адкрылі партуг. мараплаўцы. У 1878 Вялікабрытанія анексіравала раён бухты Уолфіш-Бей. У 1884 Германія ўсталявала пратэктарат над-раёнам Ангра-Пекена, потым над б.ч.тэр. Н., якая стала герм. калоніяй «Германская Паўд.-Зах. Афрыка» (ПЗА). У адказ на прыгнёт герм. улад герэра на чале з С.Магарэра і нама на чале з Х.Вітбоем узнялі ў 1904—07 паўстанне, якое было жорстка задушана герм. войскамі. У 1915 Н. акупіравана Паўд.-Афр. Саюзам (ПАС; з 1961 — Паўд.-Афр. Рэспубліка, ПАР), які ў 1920 атрымаў ад Лігі Нацый мандат на кіраванне ПЗА. У 1946 урад ПАР анексіраваў ПЗА, ператварыў яе ў сваю правінцыю і распаўсюдзіў на яе рэжым апартэіду. ААН не прызнала анексію і ў 1968 і 1978 прыняла рэзалюцыі аб праве народаў Н. на самавызначэнне. З 1966 узбр. барацьбу супраць акупацыі пачала Народная арганізацыя Паўднёва-Заходняй Афрыкі (СВАПО) на чале з С.Нуёмам. Улады ПАР падтрымліваў створаны з прадстаўнікоў памяркоўных арг-цый Дэмакр. альянс Турнхале. Пад націскам ААН і сусв. супольнасці ўлады ПАР правялі ў ліст. 1989 выбары ва Устаноўчы сход, на якіх перамагла СВАЛО. У студз. 1990 Нуёма выбраны прэзідэнтам Н. 21.3.1990 абвешчана незалежнасць краіны. Урад незалежнай Н. імкнецца праводзіць памяркоўную палітыку, накіраваную на развіццё прыватнага сектара і пазбяганне этн. і сац. канфліктаў. Н. — чл.ААН (з 1990). Дзейнічаюць паліт. арг-цыі: Нар.арг-цыя за вызваленне Паўд.-Зах. Афрыкі, Дэмакр. альянс Турнхале.
Гаспадарка. Н. — аграрная краіна з развітой горназдабыўной прам-сцю. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) на душу насельніцтва ў 1997 склаў 1,9 тыс.дол. ЗША. На долю здабыўной прам-сці прыпадае каля 25% ВУП. Здабыча і экспарт карысных выкапняў пад кантролем паўд.-афр., англа-амер. і ням. капіталу. Н. займае 6-е месца ў свеце па здабычы алмазаў (1,3 млн. каратаў, 1997), пераважна ювелірных; іх здабыча вядзецца ўздоўж узбярэжжа Атлантычнага ак. ад г. Людэрыц да вусця р. Аранжавая. Здабыча вокісу урану (у раёне Свакапмунда), медзі, свінцу, волава, цынку, ванадыю, серабра, кадмію, берылію, літыю, вальфраму, марганцу. На базе руд каляровых металаў у г. Цумеб працуюць з-ды медзеплавільны, па выплаўцы і рафінаванні свінцу, цынку, волава і інш. У 1994 атрымана (тыс.т) вокісу урану — 1,7, свінцу — 24, волава — 1, серабра — 0,09. Вытв-сць электраэнергіі штогод каля 1 млрд.кВт∙гадз. Буйныя ЦЭС у гарадах Віндхук, Цумеб, Уолфіш-Бей; Рваканская ГЭС на р. Кунене. Апрацоўчая прам-сць развіта слаба. Працуюць прадпрыемствы па зборцы машын і абсталявання, суднарамонце (Віндхук, Уолфіш-Бей), дрэваапр.прам-сці, у т. л. мэблевыя, па перапрацоўцы с.-г. сыравіны (малочныя, мясакансервавыя, мукамольныя), па перапрацоўцы рыбы, амараў, цюленяў, малюскаў, гарбарныя, буд. матэрыялаў і інш. На долю сельскай гаспадаркі прыпадае каля 8% ВУП, пераважае жывёлагадоўля. Характэрна наяўнасць буйных таварных фермерскіх гаспадарак, якія належаць еўрапейцам, і адсталых натуральных гаспадарак афрыканцаў. Асн. значэнне мае гадоўля каракульных авечак (адно з першых месцаў у свеце па пастаўках аўчын). Пагалоўе (млн. галоў, 1997): авечак — 2,43, буйн. раг. жывёлы — 2,06, коз (пераважна ангорскіх) — 1,82, птушкі — 2,4. Земляробства мае дапаможнае значэнне. Пад ворнымі землямі каля 1% тэрыторыі. Вырошчваюць проса, кукурузу, сорга, пшаніцу, агародніну, бахчавыя культуры. Улоў рыбы ў 1996—267 тыс.т. Даход краіны ад турызму каля 210 млн.дол. штогод. Даўж. гравійных дарог 37,3 тыс.км, асфальтавых 4,5 тыс.км, чыгунак 2,4 тыс.км. Марскія парты — Уолфіш-Бей і Людэрыц. 11 аэрапортаў, у т. л.міжнар. каля г. Віндхук. У 1996 экспарт склаў 1,45 млрд., імпарт — 1,55 млрд.дол. ЗША. Н. вывозіць мінер. сыравіну (30% алмазы), рыбапрадукты (18,5%), аўчыны (8,1%), мясапрадукты (7%) і інш. Імпартуе маш.-буд. і хім. прадукцыю, спажывецкія і харч. тавары. Гал.гандл. партнёры: ПАР (27% экспарту і 85% імпарту), Вялікабрытанія, Германія, Японія. Грашовая адзінка — намібійскі долар.
Літ.:
Балезин АС., Притворов А.В., Слипченко С.А. История Намибии в новое и новейшее время. М., 1993.
В.І.Сініца (гісторыя), Л.В.Лоўчая (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Намібіі.Да арт.Намібія. Ландшафт у пустыні Наміб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМЯСТВО́,
рамяствоіпромысел, вытворчасць прамысловых вырабаў з дапамогай нескладаных традыц. інструментаў; майстэрства ўмелых рук (ад стараж.-рус. рукамясло); першая гіст. стадыя ў развіцці прамысл. вытв-сці. Паралельнае ўжыванне тэрмінаў «Р.» і «промысел» адлюстроўвае поўнае ці частковае супадзенне іх прадметнага зместу, а разыходжанні звязаны з асэнсаваннем іх з пункту гледжання сац.-эканам. характарыстыкі, сувязі з земляробствам і інш. Вырашальным для Р. з’яўляецца асабістае майстэрства рамесніка і індывід. характар вытв-сці (звычайна рамеснік працуе адзін або з невял. колькасцю памочнікаў). У залежнасці ад зыходнага матэрыялу вылучаюць асобныя групы Р. (дрэва- і металаапрацоўчыя, гарбарна-кушнерскае, апрацоўка мінер. сыравіны, валакністай сыравіны і выраб адзення), якія былі пашыраны на Беларусі і далі пачатак розным галінам прамысл. вытв-сці. Паводле сац. арганізацыі Р. падзяляюць на хатнія (для ўласных патрэб), на заказ і на рынак (дробнатаварная вытв-сць). У гіст. і сацыяльна-эканам. л-ры прадметны сэнс Р. нярэдка абмяжоўваецца вытв-сцю на заказ, а Р. на рынак наз. саматужным промыслам, хатняе Р. — хатнім промыслам. Паводле характару арганізацыі працы вылучаюць таксама стацыянарныя і адыходныя, ці вандроўныя Р. і промыслы (дойлідства, буд-ва мастоў, шапавальнае і інш.). У асобную групу вылучаюць маст. промыслы, у якіх найб. яскрава ўвасоблены нар. творчасць, маст. густы, духоўныя памкненні і нац.вытв. традыцыі народа.
У феад. перыяд амаль кожны сял. двор выступаў як самаст.вытв. калектыў з шырокім дыяпазонам гасп. дзейнасці. Разнастайныя жыццёва неабходныя прадметы (харч. прыпасы, жыллё, адзенне, тканіны, скуры, рэчы хатняга ўжытку, посуд, с.-г. прылады і трансп. сродкі) у большасці вырабляліся на месцы сваімі рукамі. Універсальны характар сял. гаспадаркі быў шырокай базай вытв. вопыту і нар. ўмельства, што абумовіла агульны росквіт Р. і промыслаў. З сельскага насельніцтва вылучаліся майстры, для якіх Р. станавілася важнай ці нават асн. крыніцай існавання. Частка іх несла дваровую службу пры ланскіх ці дзярж. (гаспадарскіх) маёнтках і манастырах. Часам двары-службы ўтваралі цэлыя пасяленні рамеснікаў пэўнай спецыяльнасці — цесляроў, бондараў, гантароў, гарбароў, ганчароў, гутнікаў, буднікаў і інш.; іх прадукцыя забяспечвала патрэбы маёнтка, прадавалася на кірмашах, збывалася за мяжу. Статуты ВКЛ замацоўвалі роўныя прывілеі для рамеснікаў, якія паводле свайго юрыдычна-прававога становішча стаялі ў феад. іерархіі вышэй за сялян-земляробаў. Частку залежных рамеснікаў феадалы сялілі ў горадзе на землях сваіх юрыдык. Гар. Р. ў значнай ступені развівалася за кошт прытоку ў горад сельскіх майстроў і адначасова ўплывала на развіццё і тэхн. ўзровень сельскага Р. Сельскае насельніцтва, якое перасялялася ў горад, прыносіла з сабой абшчынныя традыцыі, што складаліся ў нормы звычаёвага права і адбіваліся на паўсядзённым жыцці брацтваў. Развіццю бел. Р. і промыслаў, іх спецыялізацыі і арганізац. ўпарадкаванню садзейнічала магдэбургскае права. У 16—17 ст. у гарадах Беларусі зафіксавана каля 200 спецыялізаваных відаў Р. і промыслаў. Найб. пашыраны былі ў гарадах — кавальскае, кравецкае, шавецкае, гарбарнае, ганчарнае; у вёсках — розныя віды дрэваапрацоўкі (выраб посуду, с.-г. прылад, цяслярства), апрацоўка лёну і воўны, ткацтва, пляценне. Гар. рамеснікі аб’ядноўваліся ў асобныя прафесійныя арг-цыі — цэхі. Такія карпарацыі наз. брацтвамі (Брэст, Гродна, Мінск, Вільня) або староствамі (Магілёў, Полацк). У склад цэха (40—50 чал.) уваходзілі людзі рамесных прафесій, а таксама рыбаловы, бортнікі, шынкары і інш., што займаліся промысламі ў шырокім сэнсе. У 17 ст. на Беларусі 116 цэхаў, кожны цэх меў свой статут, які вызначаў яго структуру, парадак прыёму новых членаў, рэгуляваў унутрыцэхавыя адносіны і інш., а таксама меў свой сцяг, зброю, сімвал, агульную касу; у час вайны абараняў горад. Цэхавая арг-цыя садзейнічала далейшаму развіццю Р., іх спецыялізацыі і павышэнню ролі ў сістэме грамадскай вытв-сці. Значэнне цэхаў выходзіла далёка за межы карпаратыўна-прафес. арг-цыі. Яны адыгрывалі значную ролю ў паліт. жыцці гарадоў, барацьбе супраць прыгонніцтва, за грамадзянскія правы і незалежнасць. Ваенныя падзеі ў 2-й пал. 17—пач. 18 ст. (войны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, Паўн. вайна 1700—21) згубна адбіліся на развіцці рамеснай вытв-сці на Беларусі. Напр., у Віцебску, буйнейшым цэнтры рамеснай і прамысл. дзейнасці, у сярэдзіне 17 ст. было больш за 1 тыс. майстроў розных спецыяльнасцей, а ў 1665 засталіся 72 рамеснікі. У 2-й пал. 18 ст. назіралася адраджэнне традыц. Р. Асабліва хутка расла колькасць кавалёў, слесараў, цесляроў, шаўцоў, краўцоў, гарбароў і інш. Да 19 ст. цэхавае Р. вычарпала свае магчымасці. Аднак яно падрыхтавала глебу для сучасных форм вытв-сці. Побач з Р. значна пашырыліся мануфактуры, якія ўзніклі і працавалі на базе мясц.нар. Р. і промыслаў. Пэўнае месца ў вытв-сці прамысл. тавараў займала т.зв. рассеяная мануфактура. Часам мануфактурная і саматужна-рамесная вытв-сць аб’ядноўваліся ў адзіную сістэму вытв. сувязей. Больш выразны падзел працы, дыферэнцыяцыя вытв. працэсу на шэраг спецыялізаваных рамесных заняткаў садзейнічалі назапашванню вытв. ведаў, усталяванню новых, больш дасканалых і спецыялізаваных інструментаў, што з’яўлялася перадумовай вынаходства машын, У 19 ст. разам з ажыўленнем гандлёва-эканам. адносін прыкметна вызначылася геагр. спецыялізацыя с.-г. і саматужна-прамысл. вытв-сці. На Падняпроўі былі шырока развіты гарбарная, ганчарная, шкляная вытв-сці, лясныя і дрэваапр. промыслы. У Падзвінні важнае эканам. значэнне набылі вырошчванне лёну і яго апрацоўка, суднабудаванне, каменячосны і кавальскі промыслы, а з дрэваапрацоўкі — цяслярства. У Панямонні былі больш пашыраны вытв-сць сукна, харчовая, гарбарная вытв-сць, шавецкая і кравецкая справы. На Палессі важнае месца займалі здабыўныя промыслы (рыбалоўства, бортніцтва, збіральніцтва), а з рамесных — суднабудаванне, выраб бандарнага і плеценага посуду. Рэформа 1861 узмацніла сац. расслаенне, вызваліўшы частку прац. рэсурсаў для неземляробчых заняткаў. Прыкметна змянілася і структура Р., іх месца ў грамадскай вытв-сці. Развіццё буйной прам-сці абумовіла паступовае скарачэнне ткацтва, ганчарства, звузіліся маштабы вышыўкі, набойкі, крашаніны, апрацоўка ліпавай кары, выраб рагож і цыновак. Аднак некат. Р. да пач. 20 ст. пашырыліся, у іх ліку кравецкае, шавецкае, шапавальнае, аўчыннае, кавальскае, выраб шкла, цэглы, кафлі, а з дрэваапрацоўчых — сталярнае і цяслярнае. Змяніліся сац. характар Р. і промыслаў, іх сувязь з рынкам збыту, узаемаадносіны гар. і сельскага Р., Р. і буйной прам-сці. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 саматужна-рамесніцкая вытв-сць разглядалася як адна з форм пераходу да сацыяліст.прам-сці, што знаходзіла сваё ўвасабленне ў прамысл. кааперацыі.
У сферы грамадскай вытв-сці развіццё буйной прам-сці адцясніла Р. і промыслы на другараднае месца. Аднак яны не зніклі, эканамічна апраўданы як дапаможны промысел, як спецыялізаваная дзейнасць майстроў. Асваенне лепшых традыцый нар. Р. — адзін з важнейшых кірункаў у развіцці мясц.прам-сці. Нар. промыслы, пераасэнсаваныя і адроджаныя на новай арганізац.-прававой і тэхн. асновах, набываюць самаст. ролю як адзін з камерцыйна-эканам. рычагоў грамадскай вытв-сці, а таксама як састаўная частка бел.нац. культуры. З мэтай захавання і адраджэння традыцый бел. Р. створаны Саюз майстроў нар. творчасці (1992). Узоры нар. Р. шырока выкарыстоўваюцца ў розных відах прафесійнага нац. мастацтва.
В.С.Цітоў.
Да арт. Рамяство. Разьба па дрэве. Пляценне з саломы..
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЛЕА́Н (Orléans),
горад у цэнтр. частцы Францыі, на р. Луара. Адм. ц. дэпартамента Луара і гал. горад гіст. вобласці Арлеанэ. 105,5 тыс.ж. (1982). Буйны трансп. вузел. С.-г., эл.-тэхн. машынабудаванне. Харч. цэнтр гароднінна-садавіннага рэгіёна, харчасмакавая (вытв-сць вінаў), тэкст., фармацэўтычная прам-сць. Ун-т. Музеі (у т. л.Жанны д’Арк).
У старажытнасці быў гал. горадам (наз. Цэнабум) кельцкага племя карнутаў. У 1 ст. да н.э. разбураны Цэзарам, адноўлены ў 3 ст.рым. імператарам Аўрэліянам (адсюль назва Аўрэліянум, Арлеан). У 6—7 ст. цэнтр Арлеанскага каралеўства. У 12 ст. буйны гандл. цэнтр з частковым самакіраваннем. У 1309 засн.ун-т. У Стогадовую вайну 1337—1453 Арлеан пасля 7-месячнай аблогі англічан у маі 1429 вызвалены франц. войскамі на чале з Жаннай д’Арк. У перыяд рэлігійных войнаў 16 ст. адзін з цэнтраў гугенотаў. У 1560 у Арлеане скліканы Ген. штаты. У 1870 яго двойчы займалі прускія войскі. Горад захаваў аблічча 18 ст., ёсць помнікі архітэктуры 10—18 ст. (гатычны сабор Сент-Круа, з 13 ст.; царква Сент-Эверт; рэнесансавая царква Нотр-Дамдэ-Рэкуўранс, 1513—19; класіцыстычныя, барочныя збудаванні і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСВЕ́Я,
гарадскі пасёлак у Беларусі, у Верхнядзвінскім раёне Віцебскай вобл., на паўд. беразе Асвейскага воз. За 40 км ад Верхнядзвінска, 37 км ад чыг. ст. Верхнядзвінск на лініі Полацк—Даўгаўпілс. 2 тыс.ж. (1995).
Вядома з 15 ст., цэнтр воласці ў складзе Полацкай зямлі. З 1505 уласнасць Глебавічаў, з 1600 Л.Сапегі, з 1749 мінскага ваяводы Я.Гільзена, які пабудаваў тут палац, касцёл, заснаваў кляштар месіянарыяў, з 1786 да канца 19 ст. ўласнасць шляхціцаў Шадурскіх. З 16 ст. цэнтр воласці Полацкага ваяв. У 1616 і 1633 занята рус. войскамі. З 1695 горад, праводзіліся 2 кірмашы на год. З 1772 у складзе Рас. імперыі, мястэчка. У 1897 — 2830 ж., у 1905 — 3700 ж., нар. вучылішча. У 1924—59 цэнтр раёна, з 27.9.1938 гар. пасёлак. У Вял.Айч. вайну акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія спалілі Асвею і 158 навакольных вёсак, загубілі 4,4 тыс. мірных жыхароў; дзейнічала Асвейскае патрыятычнае падполле. З 1959 у Верхнядзвінскім раёне.
Прадпрыемствы: буд. Матэрыялаў, лёгкай і харч.прам-сці, торфабрыкетны завод. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў, магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры 18 ст. — Асвейскі манастырскі шпіталь, помнік палацава-паркавай архітэктуры 18 ст. — Асвейская сядзіба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАМАТЫ́ЧНАЯ ЛІ́НІЯ,
сукупнасць тэхнал. абсталявання, устаноўленага ў паслядоўнасці тэхнал. працэсу, злучанага аўтам. транспартам і аснашчанага аўтам. загрузачна-разгрузачнымі прыстасаваннямі і адной агульнай ці некалькімі ўзаемазвязанымі сістэмамі кіравання. Аўтаматычныя лініі выконваюць увесь працэс вырабу ці перапрацоўкі прадукту вытв-сці або яго часткі. Аўтаматычныя лініі — аснова комплекснай аўтаматызацыі вытворчасці, іх выкарыстанне скарачае вытв. цыкл, павышае прадукцыйнасць працы, зніжае сабекошт прадукцыі.
Аўтаматычныя лініі бываюць зблакіраванымі (работа тэхнал. абсталявання аб’яднана агульным цыклам) і незблакіраванымі, пераналаджвальнымі, аднапрадметнымі і шматпрадметнымі. Некалькі аўтаматычных ліній, аб’яднаных у адну сістэму, утвараюць аўтам. ўчасткі і цэхі. Аўтам. сістэмы кіравання аўтаматычнымі лініямі забяспечваюць выкананне пэўным агрэгатам ці механізмам асн. і дапаможных аперацый тэхнал. працэсу, а таксама ўзгодненае дзеянне розных участкаў лініі. На аўтаматычных лініях выкарыстоўваюцца сістэмы рэлейнага і лікавага праграмнага кіравання.
Аўтаматычныя лініі выкарыстоўваюцца пераважна ў машынабудаванні, у электра- і радыётэхн., хім. і харч.прам-сці. На Беларусі распрацоўка, праектаў аўтаматычных ліній пачалася ў Мінскім СКБаўтам. ліній у 1956, першыя аўтаматычныя лініі выпушчаны ў 1959 Мінскім з-дам аўтам. ліній. Аўтаматычныя лініі выпускаюць таксама Баранавіцкі з-даўтам. ліній і Мінскі станкабуд. з-д. Гл. таксама Гібкая аўтаматызаваная вытворчасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАХЧЫСАРА́Й,
горад на Украіне, цэнтр Бахчысарайскага р-на ў Рэспубліцы Крым, у даліне р. Чуруксу. 25 тыс.ж. (1993). Чыг. станцыя. Прадпрыемствы харч.прам-сці, вытв-сць будматэрыялаў.
Вядомы з 1502. Да 1783 сталіца Крымскага ханства. У Бахчысараі заключана Бахчысарайскае перамір’е 1681. У рус.-тур. вайну 1735—39 захоплены рус. войскамі, разбураны. У 1783 далучаны да Расіі (разам з Крымам), уваходзіў у Новарасійскую, з 1802 у Таўрычаскую губ. У 1918—54 у складзе РСФСР, з 1954 — Украіны.
Помнікі архітэктуры: Ханскі палац (16 ст., перабудаваны ў 1787, цяпер Гіст.-археал. музей), які ўключае т.зв. «Пасольскія дзверы» (1503, арх. Алевіз Фразін), фантанны дворык з «залатым фантанам» (1737) і «фантанам слёз» (1764, іранскі майстар Амер), мячэць (1740), шматлікія залы і альтанкі. У наваколлі Бахчысарая — пячорны Успенскі манастыр з царквой (14 ст.), келлямі (15—16 ст.); пячорныя гарады Эскі-Кермен, Тэпэ-Кермен і Чуфут-Кале (Кырк-Ор; цяпер археал. запаведнік) з абарончымі сценамі і брамамі, маўзалеем Джаніке-ханым (15 ст.), вял. (14 ст.) і малой (18 ст.) караімскімі кенасамі (малельнымі дамамі), пячорным жыллём (5—14 ст.).