навукова-даследчая і культурна-асветная ўстанова, якая ажыццяўляе камплектаванне, улік, захоўванне, вывучэнне і папулярызацыю помнікаў гісторыі і культуры, прыродных аб’ектаў. Паводле формы ўласнасці падзяляюцца на дзярж., грамадскія і прыватныя, паводле профілю — на гістарычныя (археал., этнагр., ваенна-гіст., нар. славы і інш.), прыродазнаўчыя, мастацкія, літаратурныя, тэхнічныя, музычныя і інш. Прыкладам комплекснага профілю з’яўляюцца краязнаўчыя М.
Перадмузейныя зборы вядомы з глыбокай старажытнасці ў Афінах, Трэзене, Пергаме, Антыёхіі. Найб. вядомы стараж.Александрыйскі мусеян. У сучасным разуменні М. узнік у Фларэнцыі (Італія) у эпоху Адраджэння. У 16—17 ст.маст. і гіст. каштоўнасці зберагаліся ў Капіталійскім М. (Рым), «Антыкварыуме» (Мюнхен), Збраёўні герояў (замак Амбрас, Аўстрыя), Кунсткамеры (Дрэздэн) і інш. У 18 ст. вядомы Брытанскі музей (Лондан), Луўр (Парыж), Уфіцы (Фларэнцыя), Эрмітаж (С.-Пецярбург). Хуткае павелічэнне колькасці М. у 19 ст. абумоўлена развіццём навук і спецыялізацыі ведаў, культам нац. старажытнасцей. Адбываецца сістэматызацыя музейных збораў, утвараюцца новыя тыпы М (скансэн, музей-панарама і інш.), іх профілі (навукі і тэхнікі, літ., мемарыяльныя і інш.). У 20 ст. павялічваецца ўрадавая фін. падтрымка, узмацняецца роля ўлад у каардынацыі дзейнасці М., адбываецца прафесіяналізацыя музейнай дзейнасці. З 1946 каардынацыяй М займаецца Міжнар. савет музеяў (ІСОМ). На мяжы 3-га тыс. ў свеце больш за 40 тыс. М. Найб. развітую сетку М. маюць Вялікабрытанія, Германія, ЗША, Італія і Францыя.
На Беларусі ў 14—15 ст. існаваў перадмузейны збор пры канцылярыі вял.кн.ВКЛ, дзе нешматлікім наведвальнікам дэманстраваліся вайск. трафеі, творы выяўл. мастацтва, габелены, дываны, медалі, манеты. Музейныя зборы мелі Радзівілы, Сапегі, Тышкевічы, Алелькавічы, Войны, Слушкі, Хадкевічы, некат. заможныя шляхціцы, мяшчане, навуч. ўстановы. Да 1-й сусв. вайны існавала больш за 50 М., якія ствараліся стат. к-тамі, навук. т-вамі, земствамі, царк.-археал. к-тамі і навуч. ўстановамі (гл.арт. пра віцебскі, магілёўскі, мінскі, мсціслаўскі царк.-археал.М., Мінскі гарадскі музей, Магілёўскі музей). У 1921 у БССР утворана музейная камісія (Галоўмузей), якая ўпершыню паставіла задачу стварэння дзярж. музейнай сеткі з цэнтр. кіраўніцтвам. Да пач.Вял.Айч. вайны працавала каля 60 М., дзейнасць якіх была звязана з краязн. рухам. З уз’яднаннем Зах. Беларусі з БССР музейны фонд БССР папоўніўся каштоўнымі калекцыямі, лепшая з якіх належала Беларускаму музею ў Вільні. Важнымі падзеямі ў гісторыі музейнага будаўніцтва былі Першы з’езд даследчыкаў беларускай археалогіі і археаграфіі (1926) і Усебел. нарада музейных работнікаў (Мінск, 1932). У Вял.Айч. вайну музейны фонд панёс вял. страты. У пасляваенны час да 1950 працавала 20 М., асаблівая ўвага ў дзейнасці якіх аддавалася ваенна-паліт. тэматыцы. Пастановай ЦККПСС «Пра павышэнне ролі музеяў у камуніст. выхаванні працоўных» (1964) былі замацаваны ўжо сфарміраваныя да таго часу асн. кірункі музейнай палітыкі: канцэнтрацыя ўвагі на стварэнні аддзелаў гісторыі сав. перыяду, адлюстраванне перамог камуніст. будаўніцтва ў СССР, пашырэнне прапагандысцкай работы і інш. На канец 1999 на Беларусі 130 дзярж. М. сістэмы Мін-ва культуры (каля 3 млн. адзінак фонду). Дзейнічаюць таксама М. інш. мін-ваў і ведамстваў, грамадскія (у школах, навук. і навуч. установах), колькасць якіх перавышае колькасць дзярж. М. Мін-ва культуры. З 1997 існуе Бел. асацыяцыя М., якая накіроўвае дзейнасць М. усіх форм уласнасці і ведамаснай прыналежнасці. Гл. таксама Музеязнаўства, Музеі гістарычныя, Музеі літаратурныя, Музеі мастацкія, Музеі музычныя, Музеі прыроды, Музеі тэатральныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСЯКО́МЫЯ (Insecta, або Hexapoda),
надклас (клас) беспазваночных жывёл тыпу членістаногіх. Найбуйнейшая група жывёл (больш за 1 млн. відаў, каля 70% ад агульнай колькасці відаў). Вядомы з сярэдняга дэвону (каля 380 млн. гадоў назад). Пашыраны ўсюды, большасць наземныя, жывуць таксама ў вадаёмах, глебе, інш. арганізмах, арган. рэштках. 2 класы (падкласы): скрытнасківічныя (Entognatha) і адкрытасківічныя (Ectognatha). Клас скрытнасківічных уключае падкласы (атр.): бязвусікавыя насякомыя, двуххвосткі і нагахвосткі; адкрытасківічных — шчацінахвостак і вышэйшых, або крылатых, Н. (Pterygota, каля 30 атр.), якіх падзяляюць на 2 групы: з няпоўным і поўным ператварэннем. У групу з няпоўным ператварэннем уваходзяць атр.: аўсянікі, багамолы, вошы, вяснянкі, клапы, палачнікі, пузыраногія, пухаеды, раўнакрылыя хобатныя, сенаеды, скурыстакрылыя, стракозы, тараканавыя, тэрміты, эмбіі, гемімерыды, грылаблатыды, зараптары, прамакрылыя; у групу з поўным ператварэннем — блохі, вееракрылыя, віслакрылыя, вярблюдкі, двухкрылыя, жукі, матылі, перапончатакрылыя, сеткакрылыя, скарпіёнавы мухі, шыцікі. На Беларусі больш за 30 тыс. відаў з 26 атр. (найб.: блохі, двухкрылыя, жукі, клапы, матылі, перапончатакрылыя, пузыраногія, раўнакрылыя хобатныя, стракозы, шыцікі). У Чырв. кнізе Беларусі 79 відаў з 16 атрадаў.
Даўж. ад 0,2 мм (наезнікі-яйцаеды) да 33 см (трапічныя палачнікі). Цела членістае, укрыта кутыкулай (утварае вонкавы шкілет) і адчувальнымі ўтварэннямі — сэнсіламі; падзелена на галаву, грудзі і брушка. Галава нясе ротавыя органы (грызучага, сысучага, колюча-сысучага або ліжучага тыпу), простыя і пару складаных (фасетачных) вачэй, пару вусікаў — антэн. Грудзі з 3 членікаў (пярэдня-, сярэдня- і заднягрудзі), якія нясуць па пары членістых ног і ў большасці відаў 1—2 пары перапончатых крылаў (на сярэдне- і заднегрудзях). Брушка з некалькіх (да 11) сегментаў, у многіх Н. мае канцавыя прыдаткі (джалы, яйцаклады, цэркі). Поласць цела другасная. Будова органаў стрававання залежыць ад тыпу корму. Крывяносная сістэма незамкнёная, рух крыві (гемалімфы) забяспечваецца пульсуючым аддзелам спіннога сасуда — сэрцам. Органы дыхання — сістэма трубачак (трахей), праз якія паветра непасрэдна дасягае тканак і клетак цела, у водных лічынак — шчэлепы. Развіты эндакрынныя, пахучыя, слінныя, воска- і шоўкааддзяляльныя, ядавітыя і інш. залозы. Выдзяляльная сістэма прадстаўлена мальпігіевымі сасудамі, ц. н. с. — т.зв. галаўным мозгам, падглотачным гангліем і брушным ланцужком тулаўных гангліяў. Валодаюць зрокам, нюхам, слыхам, дотыкам, смакам і гігратэрмічным пачуццем. Паводзіны разнастайныя і складаныя. Большасць Н. раздзельнаполыя, з выяўленым палавым дымарфізмам. Развіццё з метамарфозам — няпоўным (уключае 3 стадыі: яйцо, лічынка, або німфа, і дарослае Н., або імага) ці поўным (паміж лічынкай і імага — стадыя кукалкі).
Н. ўдзельнічаюць у кругавароце рэчываў у біясферы (выкарыстоўваюць разнастайныя кармы і самі з’яўляюцца кормам для многіх арганізмаў, выконваюць сан. функцыю), у глебаўтварэнні, апыляюць расліны. Многія Н. — шкоднікі раслін (гл.Шкоднікі збожжа і збожжапрадуктаў, Шкоднікі лесу, Шкоднікі сельскагаспадарчых культур), паразіты жывёл і чалавека, пераносчыкі ўзбуджальнікаў хвароб (напр., крывасмокі). Некат Н. выкарыстоўваюць для атрымання харч., лек. рэчываў, тэхн. сыравіны (напр., пчол, шаўкапрадаў), у біял. ахове с.-г. і лясных раслін (напр., божых каровак, жужаляў, наезнікаў). Вывучае Н. энтамалогія.
Літ.:
Яхонтов В.В. Экология насекомых. 2 изд. М., 1969;
Бей-Биенко Г.Я. Общая энтомология. 3 изд. М., 1980;
Фабр П.Ж.А. Инстинкт и нравы насекомых: Пер. с фр.Т. 1—2. М., 1993;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУДНАБУДАВА́ННЕ,
галіна прам-сці, якая займаецца буд-вам і рамонтам суднаў усіх прызначэнняў. Паводле характару вытв-сці суднабуд. прадпрыемствы падзяляюцца на суднабуд. і суднарамонтныя, паводле арг-цыі вытв-сці — на суднабуд. з-ды, суднабуд. і судназборачныя верфі. Пабудова сучаснага стальнога судна ўключае: падрыхтоўку ліставога і профільнага матэрыялу, выразанне дэталяў корпуса, зварку асобных карпусных канструкцый, зборку ў цэхах секцый і блокаў і мантаж з іх корпуса, спуск судна на ваду, наладку і выпрабаванне суднавага абсталявання і судна ў цэлым.
Існавала яшчэ ў Стараж. Егіпце і Кітаі. У сярэднія вякі судны будаваліся ў краінах Міжземнамор’я, Паўн. Еўропы. У 15—16 ст. С. пачало разгортвацца ў Італіі (Венецыя, Генуя, Неапаль), Партугаліі і Іспаніі, пазней — у Англіі, Галандыі, Францыі і інш. У Расіі значна развілося пры Пятру I: пабудаваны верфі ў гарадах Архангельск, Варонеж, Ціхвін і інш., у 1770—80-х г. — у гарадах Херсон, Мікалаеў, Севастопаль. У 19 — пач. 20 ст. суднабуд. і суднарамонтныя з-ды пабудаваны ў гарадах Пецярбург, Ніжні Ноўгарад, Кранштат, Рыга, Адэса, Баку, Уладзівасток і інш. У 1920—30-х г. у працэсе рэканструкцыі суднабуд. прам-сці пабудаваны новыя заводы ў гарадах Камсамольск-на-Амуры, Находка, Мурманск, Поці і інш. Наладжана буд-ва лесавозаў, груза-пасажырскіх, рэфрыжэратарных і наліўных суднаў, пабудаваны ваен. караблі і падводныя лодкі. З 1950-х г. будаваліся судны змешанага плавання, сухагрузныя, скорасныя на падводных крылах, атамныя ледаколы, плывучыя рыбазаводы і інш.Сусв. С. характарызуецца высокай канцэнтрацыяй у невялікай колькасці краін: ЗША, Францыя, Вялікабрытанія, Іспанія, Германія, Японія, Швецыя і інш. У большасці з іх судны будуюцца гал. чынам (60—70 %) на экспарт.
На Беларусі са стараж. часоў будавалі ладдзі, лодкі, выдзеўбаныя са ствала дрэва, а таксама баркі (каля Лоева, Мазыра), віціны (Стоўбцы, Новы Свержань), барліны і інш. Першае прадпрыемства па будаванні байдарак і яхтаў з’явілася ў 1785 (Крычаўская суднаверф), у 1884 пабудаваны суднабуд. з-д у Пінску, які выпускаў параходы магутнасцю 240 к.с., карпусы для суднаў і інш. (гл.Пінскі суднабудаўніча-суднарамонтны завод), у 1900 створаны суднарамонтныя майстэрні ў Віцебску, пазней у Гомелі. У 1918 заснаваны Гомельскі суднабудаўніча-суднарамонтны завод. У 1925 пабудаваны суднарамонтныя майстэрні ў Бабруйску (у 1939 рэканструяваны ў суднарамонтны з-д), у 1929 — Петрыкаўская суднабудаўнічая верф, якая у 1974 рэканструявана ў Петрыкаўскі суднабудаўніча-суднарамонтны завод, у 1931 Рэчыцкі суднабудаўніча-суднарамонтны завод і інш. У перадваенныя гады суднабуд. прадпрыемствы Беларусі выпускалі грузапасажырскія і буксірныя паравыя судны, несамаходныя баржы невялікай грузападымальнасці. У 1920—30-я г. ў Пінску будаваліся і ваенныя судны (кананерскія лодкі, катэры і інш.) для польскай Пінскай флатыліі. У Вял.Айч. вайну ўсе з-ды разбураны Да 1950 яны былі адноўлены. У 1960—90-я г. суднабудаўнічыя прадпрыемствы Беларусі выпускалі буксірныя і грузавыя цеплаходы, карпусы суднаў тыпу «рака-мора», пасаж. судны розных мадыфікацый, у т. л. на падводных крылах («Палессе»), несамаходныя баржы, грэйферныя земснарады, брандвахты, плаўэлектрастанцыі і інш. У цяперашні час (2002) рэчыцкі з-д па кантракце з галандскай фірмай выпускае карпусы грунтаадвозных баржаў унутр. плавання, Гомельскі з-д — велікагрузны цеплаход — пляцоўку тыпу «рака-мора». Астатнія прадпрыемствы галіны рамантуюць самаходныя і несамаходныя рачныя судны. Гл. таксама Судна, Судна на паветранай падушцы, Судна на падводных крылах.
В.С.Сяліцкі.
Да арт.Суднабудаванне. Гомельскі суднабудаўніча-суднарамонтны завод. Сухагрузны цеплаход-пляцоўка «Надзея». 2002.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́ДЗЕРНЫ ВЫ́БУХ,
магутны выбух, выкліканы надзвычайна хуткім вылучэннем велізарнай колькасціядзернай энергіі ў выніку ланцуговай ядзернай рэакцыі дзялення цяжкіх ядраў або тэрмаядзернай рэакцыі сінтэзу. У цэнтры Я.в. развіваюцца вялізныя т-ра (~108К) і ціск (~1012атм.). Рэчыва пераўтвараецца ў плазму і разлятаецца. Утвараюцца асн. паражальныя фактары Я.в.: светлавое выпрамяненне, ударная хваля, пранікальная радыяцыя, радыеактыўны пыл. Магутнасць Я.в. вымяраецца тратылавым эквівалентам (для ядз. бомбаў 1—20 кт, для тэрмаядз. парадку 105—106т).
Могуць выкарыстоўвацца ў ваен. (гл.Ядзерная зброя) і мірных (для буйнамаштабных горных работ, здабычы карысных выкапняў і інш.) мэтах.
Для ажыццяўлення Я.н. ў выніку ланцуговай рэакцыі дзялення неабходна. каб маса падзельнага рэчыва (урану-235, плутонію-239; гл.Ядзернае паліва) перавысіла т. зв. крытычную масу, якая залежыць ад шчыльнасці рэчыва і яго геам. канфігурацыі. Да выбуху сістэма павінна быць падкрытычнай. Пераход у надкрытычны стан ажыццяўляецца хуткім збліжэннем некалькіх кавалкаў падзельнага матэрыялу. Для гэтага выкарыстоўваецца звычайнае выбуховае рэчыва, выбух якога дае высокі (-106атм.) ціск і выклікае сцісканне падзельнага матэрыялу. У тэрмаядз. выбуховым прыстасаванні Я.в. дасягаецца з дапамогай ядз. бомбы дзялення. выбух якой служыць дэтанатарам.
Адрозніваюць Я.в. паветраныя (на вышыні, пры якой святлівая вобласць не дакранаецца да паверхні зямлі, але не вышэй за 10 км), вышынныя (вышэй мяжы трапасферы — вышэй за 10 км), надводныя і надземныя (на паверхні вады або зямлі. або на такой вышыні. калі святлівая вобласць датыкаецца да іх), падводныя і падземныя. Светлавое выпрамяненне Я.в. складаецца з ультрафіялетавых. бачных і інфрачырвоных прамянёў. Крыніца яго — вогненны шар, які для бомбы ў 20 кт праз 0,1 с дасягае радыуса 150 км. т-ры 8000 К. За некалькі секунд свячэння ў эл.-магн. выпрамяненне пераходзіць 10—20% энергіі Я.в., якое выклікае пажары, абвугліванне матэрыялаў, апёкі. Ударная хваля — вынік сціскання паветра або інш. асяроддзя пры расшырэнні вогненнай сферы, распаўсюджваецца са звышгукавой скорасцю. Выклікае разбурэнні наземных збудаванняў. Радыус моцнага паражэння для ядз. бомбы ў 20 кт да 1 км. Пранікальная радыяцыя — магутны паток нейтронаў і гама-выпрамянення. складае каля 1% усёй вылучанай энергіі Я.в. Пры выбуху на вышыні -1 км можа дасягаць паверхні зямлі (атмасфера аслабляе паток удвая на адлегласці 150 м), ствараючы лятальную дозу. На адкрытай паверхні паражае жывыя арганізмы ў радыусе некалькіх кіламетраў, паражэнне людзей прыводзіць да прамянёвай хваробы (гл.Радыяцыя, Іанізавальнае выпрамяненне). Радыеактыўны пыл дзейнічае на арганізм чалавека гэтак жа. як і пранікальная радыяцыя. Разрэджанае нагрэтае паветра, якое нясе радыеактыўныя прадукты Я.в., падымаецца ўверх і праз некалькі мінут дасягае 10—15 км. пасля чаго расплываецца на сотні кіламетраў. Радыеактыўныя часціцы выпадаюць на паверхню зямлі і ўтвараюць т.зв. радыеактыўны след. Пры прыземным Я.в. вогненны шар дакранаецца да паверхні зямлі. падымае ўверх пыл. радыеактыўныя нукліды прыліпаюць да часцінак зямлі і выпадаюць паблізу эпіцэнтра выбуху ў канцэнтрацыі. лятальнай для чалавека. Пры падводным і падземным Я.в. ў цэнтры ўзнікае газавы пузыр высокага ціску, асн. разбурэнні выклікае ўдарная хваля. Першы Я.в. ажыццёўлены ў ЗША у 1945. у СССР у 1949, тэрмаядз. ў 1953. Гл. таксама Ядзерная бомба, Радыеактыўнае забруджванне.
Літ.:
Ядерный взрыв в космосе. на земле и под землей: Пер. с англ.М., 1974: Израэль Ю.А. Мирные ядерные взрывы и окружающая среда. Л., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГАНІЗАЦЫЯ АХОВЫ ПРЫРОДЫ
Арганізацыя аховы прыроды на Беларусі накіравана на захаванне, аднаўленне і рацыянальнае выкарыстанне прыродных багаццяў і з’яўляецца часткай дзярж. палітыкі. Яна мае экалагічнае, эканам. і сац. значэнне, накіраванае на забеспячэнне ўстойлівага развіцця дзяржавы і рацыянальнае прыродакарыстанне.
На Беларусі спрадвеку выхоўвалася пачуццё ашчаднага і беражлівага стаўлення да прыроды: паляванне на пэўных звяроў і птушак вялося толькі ў адпаведныя сезоны; ашчадна высякаліся дрэвы ў лесе (каб не пашкодзіць маладняк-падрост); каля вясковых пабудоў і двароў, уздоўж вуліц і дарог высаджваліся дрэвы і кусты. Не знішчаліся без патрэбы рэдкія звяры і птушкі; ствараліся буслянкі, шпакоўні; дзецям забаранялася разбураць гнёзды птушак; бортнікі ў дзікіх пчол забіралі толькі частку мёду. Рыбу не лавілі ў час нерасту; нават не званілі царкоўныя званы, каб не пужаць яе. Многія з гэтых звычаяў пазней уведзены ў заканадаўчыя акты. У 16 ст. ў сувязі з памяншэннем у лясах колькасці паляўнічых жывёл прымаліся спец. статуты, якія абмяжоўвалі здабычу каштоўных жывёл, вызначалі правілы палявання і памер штрафаў за іх парушэнне. Ахоўныя «правілы», вызначаныя ў «Статуце на валокі» (1557), у Статутах Вял. княства Літоўскага 1529, 1566, 1588, былі накіраваны на ахову жывёл і асяроддзя іх пражывання. У савецкі час прынята значная колькасць дэкрэтаў і пастаноў аб выкарыстанні і ахове лесу, паляўнічай жывёлы, водных рэсурсаў, рыбных запасаў, садоў і паркаў, помнікаў прыроды, курортных мясцін і інш. У 1923 і 1926 СНКБССР выдаў пастановы аб парадку аховы помнікаў старажытнасці, мастацтва, нар. побыту і прыроды, абвясціў іх дзярж. уласнасцю. У 1925 створаны 1-ы на Беларусі Бярэзінскі дзярж. запаведнік, у 1939 — запаведнік «Белавежская пушча». У 1930—40 у Беларусі вяліся работы па ўпарадкаванні і аднаўленні лясоў, асушэнні балот, вызначаны водаахоўныя лясы. У пасляваенны час адноўлена дзейнасць запаведнікаў, створаны органы рыбааховы, упраўленні пры СНКБССР па справах паляўнічай гаспадаркі, запаведнікаў, у 1960 — Дзярж. камітэт Савета Міністраў БССР па ахове прыроды (з 1994 Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя). У 1961 прыняты закон аб ахове прыроды. У ліку першых у незалежнай Рэспубліцы Беларусь прыняты закон «Аб ахове навакольнага асяроддзя» (1992), які рэгулюе прыродаахоўныя адносіны ў сферы навакольнага асяроддзя і з’яўляецца асновай для галіновых законаў, прынятых у 1993—2003. Галіновыя законы прадугледжваюць правядзенне экалагічнай экспертызы, паляпшэнне санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва, ахову прыродных тэрыторый і аб’ектаў, ахову і выкарыстанне жывёльнага і расліннага свету, ахову атмасфернага паветра, радыяцыйную бяспеку, гідраметэаралагічную дзейнасць і інш. У 1997—2002 прыняты шэраг кодэксаў Рэспублікі Беларусь, у т. л. аб нетрах, вадзе, зямлі, лесе і інш. Беларусь падпісала 18 (на пач. 2004) міжнар. прыродаахоўных канвенцый і пратаколаў да іх, супрацоўнічае з міжнар. міжурадавымі і фінансавымі арганізацыямі ў галіне прыродаахоўнай дзейнасці. Спецыялістаў па ахове прыроды рыхтуюць у БДУ і Бел.тэхнал. ун-це. Пры Мін-ве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя працуюць Бел.н.-д. цэнтр «Экалогія», Бел.н.-д. геолагаразведачны ін-т, Рэсп.навук.-тэхн. цэнтр «Экамір», Цэнтр.НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў. Вынікі навук. даследаванняў па ахове прыроды разглядаюцца на Навук. савеце па праблемах біясферы і Экалагічнай камісіі Нац.АН Беларусі. Даследаванні па ахове прыроды ажыццяўляюць н.-д. ін-ты Нац.АН Беларусі, ун-ты, нац. паркі і запаведнікі. Гл. таксама Ахова прыроды (т. 2).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
сы́пацца, ‑плецца; заг. сыпся; незак.
1. Падаць (пра што‑н. сыпкае, дробнае або пра многія прадметы). Лоўка ходзіць моцны струг, Стружкі сыплюцца наўкруг.Дзеружынскі.Цяпер Ніна бачыць, што вугаль сыплецца ў паравоз з тэндэра.Арабей.Віця не паспеў апамятацца, як адчуў, што за каўнер сыплюцца валасы, а галаву прыемна казыча халаднаваты метал.Нядзведскі.// Асыпацца. Выбухі грымелі адзін за адным. Няспынна сыпалася лісце і хвоя.Шамякін.[Брыгадзір:] — Якая муха цябе ўкусіла? Сыплецца жыта, а ты [Аксіння] — дамоў.Вярцінскі.
2. Ляцець, разлятацца ва ўсе бакі (пра што‑н. сыпкае, дробнае або многія прадметы). Іскры вогненным дажджом так і сыпаліся ў .. [электразваршчыка] з-пад рук.Краўчанка.Сыпаліся разбітыя кулямі шыбы, ляцеў тынк і руды цагляны пыл.Грахоўскі.Пырскі ад нявысах[л]ай гразі і лужын градам сыпаліся навокал.Якімовіч.Сыпаліся іскры з каменя, а кнот не запальваўся.Кулакоўскі./уперан.ужыв.Адзін момант Ядвіся памаўчала, як бы вельмі засмуціўшыся, але з яе вачэй так і сыпаліся іскры смеху.Колас./ Пра частыя, дробныя гукі. У травяністых нізоўях скрыпелі дзеркачы, у кустоў’ях сыпаўся адчайны салаўіны пошчак.Кірэйчык.
3. Ісці, выпадаць (пра часты, дробны дождж, снег і пад.). На шэрую прамёрзлую зямлю бязгучна і густа сыплецца першы снег.Брыль.Неба ноччу нізкае, чорнае, з яго сыплецца і сыплецца імжа.Пташнікаў.// Ліцца, цячы частымі, дробнымі кроплямі (пра слёзы, пот і пад.). [Ганну] ахапіў жаль, яна не мела сілы стрымаць слёз, якія сыпаліся з пачырванелых вачэй.Гурскі.Горача стала, буйныя кроплі поту сыпаліся з твару [Алёшкі].Якімовіч.
4.перан. Ляцець, навальвацца ў вялікай колькасці на каго‑н.; паступаць у вялікай колькасці з усіх бакоў. З розных кірункаў у .. [танк] сыпаліся кулі.Мележ.Ішла калектывізацыя. Пастрэльвалі, выходзячы з лясоў, банды, сыпаліся з-за мяжы варожыя адозвы.Лужанін.// Бесперапынна або з усіх бакоў гучаць, чуцца. За .. [Янушэўскім] наўздагон сыплюцца моцныя слоўцы, смех.Якімовіч.Дзе толькі ..[Цвірка] з’яўляўся, сыпаліся жарты, чуліся смех і песні.Сяргейчык.
5.Разм. Разбурацца ў выніку выпадання нітак па абрэзаным краі (пра тканіну).
6.перан.Разм. Імкліва бегчы; ісці, ехаць і пад. у спеху. Тут нам відаць стала, як польскія коннікі пачалі высыпацца з лесу і сыпацца з узгорка ў лагчыну.Чорны.Квактуха з крыкам адступае, а за ёю сыплюцца кураняты.Брыль.
7.Зал.да сыпаць (у 1, 3 знач.).
•••
Манна з неба не сыплеццагл. манна.
Пясок сыплеццазкагогл. пясок.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
засы́паць1, ‑плю, ‑плеш, ‑пле; зак., каго-што.
1. Запоўніць, закідаць да верху чым‑н. сыпкім. Засыпаць роў. □ Жораў ішоў за труною Міхася, а потым, калі засыпалі магілу, узняўся і паляцеў.Брыль.
2. Пакрыць слоем чаго‑н. сыпкага. Забілі дзве палі, палажылі бервяно, пакідалі каля яго камення і засыпалі жвірам, каб вада не размывала плаціны.Пальчэўскі./убезас.ужыв.За адну ноч ваенны гарадок засынала чыстым мяккім снегам.Хомчанка.
3. і чаго. Насыпаць, усыпаць куды‑н. Засыпаць зерне ў млынавы кош. Засыпаць крупы ў гаршчок. □ Язэп засыпаў каню аўса і вярнуўся ў кватэру.Бядуля.
4.перан.; чым. Накіраваць што‑н. у вялікай колькасці каму‑н. [Хлопцы] адразу ж засыпалі дзядзьку Тамаша пытаннямі: «А гэта што? А для чаго?»Якімовіч.— Залатыя ў Анюты сыны! Прыехалі — матку падарункамі засыпалі. Дварок ёй дагледзелі, дроў навазілі.Ракітны.
•••
Засыпаць насенныя фонды — падрыхтаваць патрэбную колькасць насення для пасеву.
засы́паць2, ‑плю, ‑плеш, ‑пле; зак.
Пачаць сыпаць (у 4, 6 знач.).
засыпа́ць1, ‑а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.
Незак.да засы́паць 1.
засыпа́ць2, ‑а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.
Незак.да заспаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
матэрыя́л, ‑у, м.
1. Прадмет, рэчыва, сыравіна, з якіх будуецца, вырабляецца што‑н. Будаўнічы матэрыял. □ Лесапілка так забіта матэрыялам, што нават невядома, калі тыя дошкі будуць напілаваны.Васілевіч.
2. Розныя звесткі, крыніцы, якія служаць асновай для чаго‑н., доказам чаго‑н. Гістарычны матэрыял для рамана. □ У архіве [Багушэвіча] вялікае месца займаюць матэрыялы па беларускаму фальклору, сабраныя самім паэтам.Ларчанка.Мне давялося пазнаёміцца з навуковымі матэрыяламі Чарнаморскага запаведніка на Украіне, у вусці Дняпра, з якіх відаць, што чайкі сапраўды знішчаюць у вялікай колькасці насякомых, шкодных для сельскай і лясной гаспадаркі.В. Вольскі.Дзяўчына разгортвала газету і чытала найбольш цікавыя матэрыялы, расказвала аб важных падзеях, што адбываюцца ў свеце.Шчарбатаў.//звычайнамн. (матэрыя́лы, ‑аў). Збор звестак, дакументаў па якому‑н. пытанню. Матэрыялы XXV з’езда КПСС. □ Дзікавіцкі дастаў з шуфляды папку з матэрыяламі і падаў яе Шаманскаму.Дуброўскі.
3. Тканіна, матэрыя. Хлопцы былі ў новых касцюмах, дзяўчаты ў прыгожых сукенках з дарагіх матэрыялаў, пашытых па апошняй модзе.В. Вольскі.
•••
Інертныя матэрыялы — рэчывы (пясок, гравій, шчэбень і інш.), якія ўваходзяць у склад будаўнічых раствораў, бетонаў і пад. у якасці запаўніцеляў.
Супраціўленне матэрыялаўгл. супраціўленне.
[Ад лац. materialis.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
насе́сці, ‑сяду, ‑сядзеш, ‑сядзе; пр. насеў, ‑села; заг. насядзь; зак.
1.(1і2ас.неўжыв.). Сесці куды‑н., на што‑н. у вялікай колькасці. У вагон насела многа народу. На плот населі птушкі.
2.(1і2ас.неўжыв.). Асядаючы на чым‑н., пакрыць сабою. На мэблю насеў пыл.// Прычапіцца да чаго‑н. На адзежу населі асцюкі.
3. Націснуць сваім цяжарам, наваліцца з сілай. Злуецца прымус на вялікі чыгун, што насеў, цісне яго крывыя ножкі.Баранавых.// Насунуцца, навіснуць. Выехалі [людзі] падвечар. Ледзь толькі мінулі бярэзнічак за мястэчкам, насеў поцемак.Мележ.Неба .. насела на самыя верхавіны дрэў.Быкаў.
4.перан.Разм. Настойліва патрабаваць ад каго‑н. чаго‑н. Клічка была зацверджана большасцю галасоў. — Лена, а як мы будзем цябе зваць? — населі дзяўчаты. — У мяне ўжо ёсць імя. Можаце зваць Алёшкам.Няхай.
5. Накінуцца на непрыяцеля. На гэты раз нам часта даводзілася вылазіць з машыны, бо нямецкі знішчальнік як насеў на нас у пачатку дарогі, дык не даваў спакою аж да самай вёскі.Казлоў.І населі тут на лебедзя Птахі дробныя.Багдановіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ро́ссып, ‑у, м.
1.Дзеяннепаводледзеясл. рассыпа́ць — рассы́паць (у 1 знач.).
2.Разм. Пра што‑н. рассыпанае ў вялікай колькасці. «Анюціны вочачкі», — расчульвалася цётка над сітам з мікраскапічным россыпам насення.Брыль.//перан. Пра вялікую колькасць, мноства чаго‑н., быццам бы рассыпанага на паверхні. Мацвей Сымонавіч за якія два дзесяткі метраў убачыў россып лісічак.Мяжэвіч.На траве ляжаў бліскучы россып вадзяных кропель.Савіцкі.Каленік уздымае вышэй галаву і ўзіраецца ў густы россып зор на Млечным шляху, аж пакуль стамляюцца вочы.Галавач.
3.Спец. Лес, які сплаўляецца асобнымі бярвеннямі, а не плытамі.
4.Спец. Страты пры пагрузцы і перавозцы сыпкіх рэчываў.
5.Спец. Адкладанні, у складзе якіх маюцца крупінкі, крышталі карысных мінералаў (золата, плаціны і пад.). Алмазны россып.
6.Спец. Вялікая колькасць каменных глыб рознай велічыні і формы, якія ўтвараюцца пры выветрыванні горных парод. Пароды, якія выветрываюцца, утвараюць вялікія каменныя россыпы.
7.узнач.прысл.ро́ссыпам. Хто куды, у розныя бакі; урассыпную. Зноў пачуўся ўсё большы і большы гул матораў. Людзі кінуліся россыпам.Гурскі.
8.узнач.прысл.ро́ссыпам. У рассыпаным, разрозненым стане. Лес сплаўляюць россыпам.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)