УНУ́ТРАНЫ БЕРАГАВЫ́ КАНА́Л, Берагавы канал,

сістэма каналізаваных водных шляхоў уздоўж узбярэжжа Мексіканскага заліва і Атлантычнага ак. ў ЗША. Прызначаны для скарачэння адлегласці дастаўкі грузаў (у параўнанні з марскімі кабатажнымі перавозкамі) і злучэння вусцяў рэк, якія ўпадаюць у Атлантычны ак. і Мексіканскі заліў (Місісіпі, Бразас, Сабін, Тамбігбі, Савана і інш.) у адзіную трансп. сістэму. Агульная даўж. 4 тыс. км. Складзены з 2 участкаў, якія размежаваны п-вам Фларыда: Атл. (ад. г. Норфалк да г. Кі-Уэст; даўж. 2,1 тыс. км) і ўчастка ўздоўж Мексіканскага заліва (ад р. Сент-Маркс да г. Браўнсвіл; даўж. 1,9 тыс. км).

т. 16, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УРА́НАВЫЯ РУ́ДЫ,

прыродныя мінеральныя ўтварэнні, сыравіна для прамысл. здабычы урану. Вядома больш за 100 мінералаў, якія змяшчаюць уран. Найб. важныя з іх — уранініт, уранавая смолка, уранавая чэрнь, кафініт, бранерыт, уранафан, атэніт, тарберніт і інш. Звычайна У.р. комплексныя. Вылучаюць уласна уранавыя, уранаполіметал, медна-уранавыя, урана-ванадыевыя, золата-уранавыя, урана-торыевыя руды і інш. Адрозніваюць супербагатыя (больш за 0,3% U), багатыя (0,1—0,3%), радавыя (0,05—0,1%), убогія (0,03—0,05%) і забалансавыя (0,01—0,03%). Па паходжанні падзяляюцца на асадкавыя, інфільтрацыйныя (экзагенныя эпігенетычныя), гідратэрмальныя, магматагенныя і постмагматагенныя. Радовішчы ў Расіі, Германіі, Францыі, Канадзе, ЗША, Аўстраліі і інш.

т. 16, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАСФА́ТНЫЯ РУ́ДЫ,

прыродныя мінер. ўтварэнні, якія выкарыстоўваюцца для прамысл. здабычы фасфатаў. Прадстаўлены пераважна фасфарытамі і апатытамі, радзей алюма- і жалезафасфатамі, таксама — гуана. Распрацоўваюцца радовішчы з канцэнтрацыяй аксіду фосфару (V) P2O5 — 2—34%. Вылучаюць Ф.р. багатыя (больш за 28% P2O5), сярэднія (18—28%), бедныя (8—18%), убогія (2—8%).

Паводле саставу нефасфатных мінералаў у рудах адрозніваюць Ф.р. карбанатныя, крамяністыя, гліністыя і інш. Паходжанне эндагеннае, экзагеннае і метамарфагеннае. Выкарыстоўваюцца ў вытв-сці фосфарных угнаенняў, жоўтага фосфару і тэрмічнай фосфарнай кіслаты. Найб. запасы Ф.р. у Расіі, ЗША, Тунісе, Перу, Аўстраліі, Зах. Сахары, Егіпце, Бразіліі, Паўд.-Афр. Рэспубліцы.

т. 16, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІ́ЛЬХНЕРА ШЭ́ЛЬФАВЫ ЛЕДАВІ́К (Filchner Ice Shelf). У Зах. Антарктыдзе, на ўзбярэжжы мора Уэдэла, паміж Берагам Луітпальда і ўзвышшам Беркнер. Да канца 1960-х г. назва пашыралася і на шэльфавы ледавік Роне (на З ад узв. Беркнер). Працяг з 3 на У каля 200 км, з Пн на Пд да 450 км. Выш. ў краявой ч. 30 м, у цэнтр. і тылавой ч. 70—120 м, таўшчыня лёду адпаведна 200 і 450—700 м. Адкрыты ў 1912 ням. экспедыцыяй В.Фільхнера. На ледавіку ў розныя гады дзейнічалі навук. станцыі Аргенціны, Вялікабрытаніі, ЗША, СССР (Дружная).

т. 16, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРЫШ (Frisch) Рагнар Антон Кітыль (3.3.1895, Осла — 31.1.1973),

нарвежскі эканаміст. Чл. Нарвежскай АН, ганаровы чл. Нац. АН ЗША, Вялікабрытаніі, Швецыі і інш. Скончыў ун-т у Осла (1919). У 1926—65 выкладчык, з 1931 дырэктар Ін-та эканомікі ун-та ў Осла. У 1930 выкладаў у Іельскім ун-це, у 1933 у Сарбоне. Распрацаваў дынамічную мадэль эканам. цыкла, сістэму нац. рахункаў, мадэлі прыняцця рашэння для эканам. планавання, увёў тэрмін «эканаметрыка» (выкарыстанне матэматыкі ў эканам. тэорыі і даследаваннях).

Навук. працы па аналізу стат. канфлюэнцыі з дапамогай поўных рэгрэсіўных сістэм, тэорыі вытв-сці і інш. Нобелеўская прэмія 1969 (з Я.Тынбергенам).

Р.А.К.Фрыш.

т. 16, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЯНЬ СЮЕСЕ́НЬ (н. 11.12.1911, г. Ханчжоў, Кітай),

кітайскі вучоны і канструктар у галіне ракетабудавання і касманаўтыкі. Акад. АН КНР, д-р н. (1940), праф. (1947). Скончыў Шанхайскі політэхн. ін-т «Цзяатун» (1934) і Масачусецкі тэхнал. ін-т (1939). У 1939—55 у ЗША; працаваў у Масачусецкім і Каліфарнійскім тэхнал. ін-тах. У 1950—55 пад дамашнім арыштам. З 1955 у Кітаі, арганізатар і кіраўнік Пятай акадэміі пры мін-ве абароны КНР Канструктар першага кіт. ШСЗ «Дунфанхун I» (1970), міжкантынент. ракеты «М-9»; пад яго кіраўніцтвам ажыццяўляецца касм. праграма КНР (да 2000 запушчана 75 ШСЗ).

Сю Лін.

т. 17, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРНАЗЁМЫ,

тып глеб, які фарміруецца ў лесастэпавай і стэпавай зонах умераных паясоў пад шматгадовай травяністай расліннасцю. Развіваюцца пераважна на карбанатных пародах пры недахопе ўвільгатнення, ва ўмовах непрамыўнога ці перыядычна прамыўнога воднага рэжыму. Для Ч. характэрны нейтральная ці слабакіслая рэакцыя глебавага раствору, зярністая ці камякавата-зярністая структура, назапашванне арган. рэчываў у моцным (да 1 м) гумусавым слоі, высокая патэнцыяльная ўрадлівасць. Плошча Ч. у свеце каля 240 млн. га. Пашыраны ў Еўразіі (Аўстрыя, Венгрыя, Балгарыя, Малдова, Паўд. Украіна, Расія, Манголія, Кітай), Паўн. (зах. штаты ЗША, паўд. правінцыі Канады) і Паўд. Амерыцы (Паўд. Аргенціна і Чылі). На Беларусі адсутнічаюць.

т. 17, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯН ЛІВЭ́Й (н. 21.6.1965, павет Сайчжун правінцыі Ляанін, Кітай),

першы касманаўт Кітая. Касманаўт-герой Кітая. Лётчык-знішчальнік. Падпалкоўнік ВПС (2003). Скончыў 8-ы лётны ін-т ВПС Нар.-вызв. арміі Кітая (1987). З 1998 у 1-м атрадзе кіт. касманаўтаў. 15.10.2003 здзейсніў палёт на касм. караблі «Шэнь Чжоў-5» («Чарадзейны карабель-5»), у выніку чаго Кітай стаў 3-й дзяржавай у свеце (пасля СССР і ЗША), касманаўт якой здзейсніў палёт з выкарыстаннем ракетна-касм. тэхнікі сваёй краіны. У космасе правёў 21,4 гадз. Медаль КНР «За дасягненні ў космасе».

У.​С.​Ларыёнаў.

Ян Лівэй.

т. 18, кн. 1, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЎРЫНЕ́НКА Наталля Пятроўна (н. 30.3.1977, г. Крычаў Магілёўскай вобл.),

бел. спартсменка (веславанне акад.). Майстар спорту Беларусі міжнар. кл. (1996). Засл. майстар спорту Беларусі (1997). Скончыла Магілёўскае вучылішча алімп. рэзерву (1999). Бронз. прызёр XXVI Алімп. гульняў (1996, Атланта, ЗША) у складзе васьмёркі з рулявой. 5-е месца на чэмпіянаце свету (1997, Эгвебелет, Францыя) у складзе чацвёркі парнай. Уладальніца Кубка свету (1999) і сярэбраны прызёр (1998) у складзе чацвёркі парнай. У 1994—2000 спартсмен-інструктар па акад. веславанні Мін-ва спорту і турызму Рэспублікі Беларусь. З 2001 метадыст-інструктар Магілёўскага вучылішча алімп. рэзерву.

А.​А.​Дубовік.

Н.П.Лаўрыненка.

т. 18, кн. 1, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЁРС (Nurse) Пол (н. 25.1.1949),

англійскі вучоны ў галіне малекулярнай біялогіі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1989). Замежны чл. Нац. АН ЗША (1995). Праф. філасофіі (1973). Скончыў Бірмінгемскі ун-т (1970). З 1996 генеральны дырэктар Фонду па даследаванні раку (Лондан). Навук. працы па праблемах анкалогіі. Ідэнтыфікаваў, кланіраваў і ахарактарызаваў генет. і малекулярнымі метадамі адзін з ключавых рэгулятараў клетачнага цыкла — фермент цыклінзалежную кіназу. Выявіў, што механізм кіравання клетачным цыклам амаль не змяніўся ў працэсе эвалюцыі і дайшоў у «закансерваваным» выглядзе ад дражджавых клетак да чалавека. Нобелеўская прэмія 2001 (з Т.Хантам і Л.Хартвелам; гл. Дадатак).

В.​Ф.​Ермакоў.

П.Нёрс.

т. 18, кн. 1, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)