СЕКВО́Я (Sequoia),

род голанасенных раслін сям. таксодыевых. 1 рэліктавы від — С. вечназялёная (S. sempervirens). Трапляецца на зах. узбярэжжы Паўн. Амерыкі, у гарах Каліфорніі і Паўд. Арэгона (ЗША). Утварае парасткавыя лясы. У Еўропе і Азіі рэшткі С. выяўлены ў юрскіх і ніжнемелавых пластах. Культывуецца.

Вечназялёныя хваёвыя дрэвы з вузкаканічнай кронай. Адносяцца да найвыш. дрэў (выш. ствала 110—112 м, дыяметр 6—10 м). Жывуць больш за 3 тыс. гадоў. Ігліца лінейна-ланцэтная, размешчана грабеньчата. Шышкі амаль шарападобныя, даўж. 2—3 см. Насенне з доўгімі крыльцамі. Драўніна светла-чырв., выкарыстоўваецца для падводных збудаванняў, мэблі і інш.

І.​М.​Гарановіч.

т. 14, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМІТ (Smith) Майкл (26.4.1932, г. Блэкпул, Вялікабрытанія — 4.10.2000),

канадскі біяхімік. Чл. Канадскага каралеўскага т-ва (1981), Лонданскага каралеўскага т-ва (1986), замежны чл. Нац. АН ЗША (1996). Скончыў Манчэстэрскі ун-т (д-р філасофіі, 1956). З 1966 праф. ун-та прав. Брыт. Калумбіі (г. Ванкувер, Канада), у 1987—95 дырэктар створанай ім пры ун-це Лабараторыі біятэхналогій. З 1997 дырэктар Кан. інавацыйнага фонду. Навук. працы ў галіне біятэхналогій. Прапанаваў метад накіраванага мутагенезу пры дапамозе алігануклеатыдаў, што зрабіла магчымым атрыманне малекул бялкоў з неабходнай паслядоўнасцю амінакіслот (бялковая інжынерыя). Нобелеўская прэмія 1993.

Б.​В.​Корзун.

т. 15, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПІЦ (Spitz) Марк (н. 10.2.1950, г. Мадэста, штат Каліфорнія, ЗША),

амерыканскі спартсмен (плаванне). Чэмпіён XIX і XX Алімп. гульняў (1968, Мехіка — у эстафетах 4 × 100 м і 4 × 200 м вольным стылем; 1972, г. Мюнхен, Германія — на дыстанцыях 100 і 200 м вольным стылем, 100 і 200 м батэрфляем, у эстафетах — 4 × 100 м і 4 × 200 м вольным стылем і камбінаванай 4 × 100 м). Сярэбраны прызёр XIX Алімп. гульняў на дыстанцыі 100 м батэрфляем і бронз. прызёр на дыстанцыі 100 м вольным стылем. Рэкардсмен свету (1967—77) на розных дыстанцыях.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 15, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПЯСІ́ЎЦАВА Вольга Аляксандраўна (18.7.1895, г. Растоў-на-Доне, Расія — 16.9.1991),

артыстка балета. Скончыла Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1913). У 1913—23 у Марыінскім т-ры, удзельнічала ў спектаклях Рус. балета Дзягілева за мяжой (1916, 1921, 1927). З 1924 выступала ў т-ры «Гранд-апера» ў Парыжы, у 1932—37 гастраліравала з трупамі М.​Фокіна, В.​Дандрэ (б. трупа Г.​Паўлавай). З 1939 у ЗША. Балерына лірыка-рамант. і трагедыйнага плана. Яе танец вылучаўся дакладнасцю графічных поз, дасканаласцю. Сярод партый: Жызэль («Жызэль» А.​Адана), Аўрора («Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Эсмеральда («Эсмеральда» Ц.​Пуні), Нікія («Баядэрка» Л.​Мінкуса).

т. 15, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАТУ́Т (позналац. statutum ад лац. statuo пастанаўляю, вырашаю),

1) збор законаў у некат. краінах Еўропы 14—18 ст. Напр., Статут Вялікага княства Літоўскага 1588.

2) Звод нарматыўна-прававых правіл, дакументаў, якія вызначаюць структуру, парадак дзейнасці і паўнамоцтвы якога-н. сац. ін-та, арг-цыі, установы. Напр., С., якія рэгламентуюць парадак і асновы дзейнасці Узбр. Сіл (гл. Статуты воінскія), міжнар. арг-цый (статут ААН і інш.).

3) Палажэнне пра што-небудзь. Напр., у С. ордэна — яго апісанне, парадак узнагароды і нашэння.

4) Назва заканадаўчых актаў агульнанарматыўнага характару ў Вялікабрытаніі, ЗША і інш. краінах (напр., статутнае права).

т. 15, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЬЕ́РА-НЕВА́ДА (Sierra Nevada),

хрыбет у сістэме Кардыльераў Паўн. Амерыкі, на ПдЗ ЗША. Даўж. 750 км, выш. 4418 м (г. Уітні). Складзены з гранадыярытаў. Сейсмічны раён. Каля ўсх. падножжа гразевыя вулканы, гарачыя крыніцы. Зах. схіл пакаты, з глыбокімі далінамі, добра ўвільготнены. Расліннасць — вечназялёныя хмызняковыя дубы (да выш. 1000 м), якія змяняюцца хвойнымі лясамі, вышэй за 3000 м — альпійскія лугі. Усх. схіл стромкі, парэзаны цяснінамі, адносна засушлівы. Расліннасць — горныя хваёвыя лясы і рэдкалессі. На вяршынях вечныя снягі. З гор праведзены водаправоды, якія дастаўляюць ваду ў гарады Сан-Францыска і Лос-Анджэлес. Нац. паркі Іасеміцкі, Кінгс-Каньён, Секвоя.

т. 15, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТА́ЎБЕ (Taube) Генры (н. 30.11.1915, г. Саскатун, Канада),

амерыканскі фізікахімік. Чл. Нац. АН ЗША (1959), Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1961). Скончыў Саскачэванскі ун-т (г. Рэджайна; 1937). З 1937 у Каліфарнійскім ун-це (г. Берклі; д-р філасофіі, 1940). З 1941 у Корнелскім (г. Ітака), з 1946 у Чыкагскім (з 1952 праф.), з 1962 у Станфардскім ун-тах. Навук. працы па даследаванні механізмаў рэакцый з пераносам электрона, пераважна ў водных растворах з удзелам комплексаў пераходных металаў. Даказаў (на прыкладзе трохвалентнага іона хрому) існаванне сальватаванага катыёну ў водным растворы (канец 1940-х г.). Нобелеўская прэмія 1983.

Г.Таўбе.

т. 15, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТО́НА (франц. tonne ад позналац. tunna бочка),

адзінка масы; адна з асноўных

адзінак у сістэме МТС (метр, тона, секунда; гл. Сістэмы адзінак). Абазначаецца т. 1 т (метрычная) = 1000 кг. Т. і кратныя адзінкі кілатона (1 кт = 10​3 т) і мегатона (1 Мт = 10​6 т) шырока выкарыстоўваюцца ў тэхн. вымярэннях.

У англамоўных краінах выкарыстоўваюцца: доўгая, або вялікая Т. (1016,047 кг); кароткая, або малая Т. (907,185 кг); прабірная Т. — адзінка масы каштоўных металаў (29,1667 г у ЗША і 32,6667 г у Вялікабрытаніі); рэгістравая Т. — адзінка аб’ёму рэгістравай умяшчальнасці (унутр. памяшканняў) судна (2,831685 м³).

т. 15, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭ́ЙЛАР (Taylor) Элізабет (н. 27.2.1932, Лондан),

амерыканская кінаактрыса. У кіно з 1943. Атрымала вядомасць у фільмах «Месца пад сонцам» (1951), «Рапсодыя» (1953), «Гігант» (1956) і інш. Раскрылася як актрыса псіхал. і драм складу ў фільмах «Кошка на распаленым даху» (1958), «Батэрфілд, 8» (1960, прэмія «Оскар»), «Хто баіцца Вірджыніі Вулф?» (1966, «Оскар»), «Бум!» (1968), «Тайная цырымонія» (1969), «Хамерсміт выйшаў на волю» (1972, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Зах. Берліне), «Люстэрка трэснула» (1980). Знялася таксама ў фільмах «Клеапатра» (1963), «Камедыянты», «Утаймаванне свавольнай» (абодва 1967), «Сіняя птушка» (СССР—ЗША, 1976) і інш. Выступае на тэлебачанні.

Э.Тэйлар.

т. 16, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УА́ЙБ (Wiebe) Рудзі Генры (н. 4.10.1934, Спідуэл, Канада),

канадскі пісьменнік. Вывучаў тэалогію і філасофію ва ун-тах прав. Альберта (Канада), г. Цюбінген (Германія), штата Аява (ЗША). Піша на англ. мове. У раманах «Мір зруйнуе шмат каго» (1962), «Першая і жывучая свечка» (1966), «Сінія горы Кітая» (1970), «Спакушэнні Вялікага Мядзведзя» (1973), «Людзі Выпаленага Лесу» (1977), «Мой мілы вораг» (1983), зб. «Анёл смаляных пяскоў» і іншыя апавяданні» (1970) праблемы сац. адаптацыі рэліг. і расавых меншасцей разглядаюцца з вял. пачуццёвасцю, у рэчышчы супрацьпастаўлення любові да бліжняга радыкальным рэв. метадам змянення грамадскага ладу.

Л.​П.​Баршчэўскі.

т. 16, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)