ЛО́ЕЎСКАЯ БІ́ТВА 1649,

бітва паміж войскам ВКЛ і аб’яднанымі казацка-сялянскімі паўстанцкімі атрадамі ў час антыфеадальнай вайны 1648—51 на Украіне і Беларусі. З мэтай не дапусціць войска ВКЛ на Украіну Б.Хмяльніцкі накіраваў у раён Лоева 6-тысячны атрад казакоў на чале з С.Падбайлам і І.Гаркушам. Казакі замацаваліся ў сутоках Дняпра і Сажа. У ліп. 1649 войска ВКЛ (6 тыс. чал.) на чале з гетманам польным Я.Радзівілам выступіла з-пад Рэчыцы ў напрамку пераправы цераз Дняпро (т. зв. «Лоеўскай брамы»). На дапамогу Падбайлу і Гаркушу з Палесся выйшла 15-тысячнае войска на чале з палкоўнікам кіеўскім М.Крычэўскім, да якога на Бел. Палессі далучылася 15 тыс. сялян-паўстанцаў. 31 ліп. казацкія і сялянскія атрады атакавалі ўрадавыя сілы. Бітва працягвалася з пераменным поспехам, але пад націскам кавалерыі, што падышла на дапамогу Радзівілу, казацка-сялянскае войска было разгромлена. Л.б. знайшла водгук у Еўропе, пра яе намаляваны батальныя сцэны, зроблена серыя габеленаў.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 9, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́НДАНСКІЯ КАНВЕ́НЦЫІ АБ ЧАРНАМО́РСКІХ ПРАЛІ́ВАХ міждзяржаўныя пагадненні аб умовах міжнар. рэжыму Чарнаморскіх праліваў Басфор і Дарданелы

(іх берагі належаць Турцыі),

падпісаныя ў Лондане ў 19 ст. 1) Канвенцыя ад 13.7.1841 паміж Расіяй, Вялікабрытаніяй, Аўстрыяй, Прусіяй і Турцыяй абавязвала Турцыю ў мірны час не прапускаць праз Чарнаморскія пралівы замежныя ваен. судны, у т. л. расійскія. Фактычна скасавала Ункяр-Іскелесійскі дагавор 1833, які прадугледжваў сумеснае выкарыстанне і абарону праліваў Расіяй і Турцыяй; рас. ваен. флот быў запёрты ў Чорным м. 2) Канвенцыя ад 13.3.1871 паміж Расіяй, Турцыяй, Германіяй, Аўстра-Венгрыяй, Італіяй, Вялікабрытаніяй і Францыяй у асноўным пацвердзіла ўмовы канвенцыі 1841, але Турцыі дазвалялася ў мірны час прапускаць праз пралівы ваен. судны «дружалюбных і саюзных дзяржаў», што аб’ектыўна было накіравана супраць Расіі. Санкцыяніравала адмену артыкулаў Парыжскага мірнага дагавора 1856, якія забаранялі Расіі трымаць на Чорным м. ваен. флот і будаваць умацаванні.

Літ.:

Дранов Б.А. Черноморские проливы: Междунар.-правовой режим. М., 1948. С. 95—124.

т. 9, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІ́ЛА (Пётр) (10.1.1597, Малдова — 11.1.1647),

праваслаўны царкоўны і культурны дзеяч Рэчы Паспалітай. Сын гаспадара (князя) Валахіі і Малдавіі Сімяона. З 1627 кіева-пячэрскі архімандрыт. Дамогся ад каралеўскай улады дазволу на аднаўленне легальнай дзейнасці правасл. царквы ў Рэчы Паспалітай. У 1632—47 мітрапаліт кіеўскі, галіцкі і ўсяе Русі. Заснаваў Кіева-Магілянскі калегіум (1632, названы ў яго гонар), Магілёўскую правасл. епархію (1632). Як выразнік інтарэсаў вярхоў правасл. духавенства і шляхты Украіны і Беларусі выступаў супраць Брэсцкай уніі 1596. Садзейнічаў пашырэнню асветы і друкарства на Украіне, Беларусі, у Малдавіі. Непасрэдна кіраваў Віленскім, Слуцкім, Магілёўскім і Аршанскім брацтвамі з манастырамі. У 1635 наведаў Вільню, Мінск і інш. бел. гарады. Аўтар кніг, якія выкарыстоўваліся як падручнікі ў духоўных навуч. установах да пач. 20 ст. («Евангелле вучыцельнае», 1616, «Анфалагіён», 1636, «Еўхалагіён», 1646), шматлікіх палемічных пропаведзяў і інш. Складальнік «Праваслаўнага спавядання веры» (1640), якое ў 1672 на сінодзе ў Іерусаліме было адобрана як гал. дактрына ўсіх правасл. цэркваў. У 1996 кананізаваны Украінскай праваслаўнай царквой.

т. 9, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТРЫЯРХА́Т [ад лац. mater (matris) маці + грэч. archē улада],

адна з форм грамадскага ладу, для якой характэрна дамінуючае становішча жанчыны ў грамадстве, гал. чынам у ранні перыяд першабытнаабшчыннага ладу. У пераважнай большасці народаў М. папярэднічаў патрыярхату, часам захоўваўся ў перыяд пераходу ад родавага ладу да класавага грамадства. Ячэйкай М. была мацярынская сям’я — вял. група блізкіх сваякоў па жаночай лініі. Такія сем’і былі і гасп. адзінкамі. З іх складаўся мацярынскі род, на чале якога стаяла старэйшая жонка старэйшай у родзе сям’і. Унутры свайго роду былі забаронены шлюбы, таму род быў звязаны шлюбнымі адносінамі з інш. родам (т.зв. дуальная экзагамія). З часам дуальная арг-цыя (зачатак племя) перарасла ў фратрыяльную (падзел племя на 2 палавіны, кожная з якіх складалася з некалькіх родаў — фратрый, гал. функцыяй якіх было рэгуляванне шлюбных адносін). Спачатку муж і жонка жылі кожны ў сваім родзе (дыслакальнае пасяленне), захоўваўся групавы шлюб. З развіццём М. дыслакальны шлюб змяніўся матрылакальным, склаўся парны шлюб.

т. 10, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР КАРМЕЛІ́ТАЎ,

помнік архітэктуры барока ў Мінску. Засн. ў 1703 у Мінску Т.​Ваньковічам. Пабудаваны ў 1763 з цэглы па вул. Юр’еўскай (цяпер Ракаўская) па фундацыі М.​Валадковіча. Касцёл св. Марыі Магдаліны — прамавугольны ў плане 3-нефавы 4-слуповы храм з прэсбітэрыем, завершаным паўцыркульнай апсідай. Гал. 2-вежавы фасад (верхнія ярусы вежы не дабудаваны) арыентаваны на вул. Ракаўскую. У інтэр’еры было 6 алтароў (галоўны мураваны, бакавыя паліхромныя ілюзорныя). Побач з касцёлам стаяў 1-павярховы Г-падобны ў плане драўляны будынак кляштара, а таксама комплекс гасп. пабудоў (стайня, вазоўня і інш.). Кляштару належаў фальварак Кальварыя, дзе знаходзіўся невял. драўляны касцёл і комплекс гасп. пабудоў. У фальварку ў 1795—96 створаны гар. каталіцкія могілкі (гл. ў арт. Мінскі кальварыйскі касцёл і брама). У 1799 будынкі кляштара перададзены Мінскаму кляштару францысканцаў. У 1832 кляштар зачынены. У 1872 будынак касцёла прададзены прыватным асобам і перабудаваны пад жылы дом. Цяпер адм. ўстанова.

У.​М.​Дзянісаў.

т. 10, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУКДЭ́НСКАЯ БІ́ТВА 1905,

наступальная аперацыя яп. войск 19 лют. — 10 сак. ў руска-японскую вайну 1904—05. Пасля капітуляцыі рас. гарнізона Порт-Артура (снеж. 1904) і няўдачы студзеньскага наступлення рас. войск на Сандэпу стратэгічнае становішча рас. арміі ў Маньчжурыі ўскладнілася. Аднак рас. сілы (293 тыс. штыкоў і шабляў, 1494 гарматы і 56 кулямётаў), пад кіраўніцтвам ген.-ад’ютанта А.М.Курапаткіна рыхтаваліся да наступлення, запланаванага на 25 лютага. Але яп. войскі (270 тыс. штыкоў і шабляў, 1062 гарматы і 200 кулямётаў) пад кіраўніцтвам маршала І.​Аямы апярэдзілі расіян і 19 лютага перайшлі ў наступленне. Вышэйшае рас. камандаванне дзейнічала нерашуча і не здолела арганізаваць зладжанае кіраўніцтва. У выніку паспяховых дзеянняў яп. войск навісла пагроза акружэння рас. арміі ў раёне г. Мукдэн (Шэньян). Рас. войска вымушана было адступіць на 175 км на Пн ад Мукдэна, дзе заставалася да канца вайны. Гэта паражэнне рас. арміі вызначыла зыход вайны на карысць Японіі (гл. Портсмуцкі мірны дагавор 1905).

т. 11, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАМАЗГА́-ТЭПЕ́,

рэшткі паселішча часоў энеаліту і бронзы плямён Сярэдняй Азіі (гл. Анаўская культура), за 7 км ад чыг. ст. Каахка ў Туркменіі. Пагорак Н.-Т. (выш. 32 м, пл. да 100 га) насыпаны штучна. Насельніцтва займалася земляробствам, існавала ліманнае арашэнне. Характэрны шматпакаёвыя пабудовы з цэглы-сырцу, падзеленыя вузкімі вулачкамі. Пахаванні адзінкавыя, у скурчаным стане, з керамічным інвентаром. Знойдзены крамянёвыя, каменныя, медныя і бронзавыя прылады працы і ўпрыгожанні, у т. л. халцэдонавыя пацеркі, гліняныя жаночыя статуэткі, мадэлі вазкоў, фігуркі жывёл. Керамічны посуд да канца 3-га тыс. да н.э. быў ляпны, потым вырабляўся на ганчарным крузе. Кераміка размалёўвалася геам. узорам у адну ці дзве (чорную і чырвоную) фарбы часам з выявамі птушак і жывёл, выкананых у іранскім стылі папярэдніх часоў. У пач. 2-га тыс. да н.э. Н.-Т. прыйшло ў заняпад. Лічаць, што яго насельніцтва вымушана было шукаць новае месца для пражывання ў сувязі з пачаткам засушлівага перыяду.

т. 11, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́ТАРП ((Natorp) Паўль) (24.1.1854, Дзюсельдорф, Германія — 17.8.1924),

нямецкі філосаф, адзін з гал. прадстаўнікоў марбургскай школы неакантыянства. Вучань Г.Когена. Праф. філасофіі Марбургскага ун-та (1885). Цэнтр. месца ў яго філас. поглядах займае трактоўка кантаўскага паняцця «рэчы ў сабе», якое ён лічыў «гранічным паняццем» і пабуджальным пачаткам навук. пазнання. Н. затушоўвае прынцыповую кантаўскую розніцу паміж апрыёрнымі формамі пачуццёвасці і катэгорыямі розуму і пераносіць яе ў разрад чыста лагічных праблем. Класічным прыкладам навукі, на яго думку, выступае матэм. аналіз, дзе канструкцыі чыстага мыслення выцясняюць усе спец. аб’екты. Н. даследаваў ант. філасофію, асабліва вучэнне Платона, якое разглядаў з неакантыянскіх пазіцый. Сац.-філас. погляды Н. спалучаюць у сабе характэрныя для марбургскай школы ідэі «этычнага сацыялізму» з лібералізмам. Галоўным у сац. педагогіцы Н. было палажэнне пра неабходнасць адукацыі індывіда ў якасці перадумовы яго ўдзелу ў агульначалавечым руху за пабудову ідэальнага грамадства. Аўтар прац: «Сацыяльная педагогіка» (1899), «Вучэнне аб ідэях Платона» (1903), «Філасофія як праблема і яе праблемы» (1911) і інш.

В.​І.​Боўш.

т. 11, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́ЎСКАЯ БІ́ТВА 1240,

бітва паміж наўгародскім і шведскім войскамі 15 ліп. ў сутоках р. Нява і Іжора. Шведы планавалі захапіць вусце Нявы і г. Ладага, каб мець магчымасць авалодаць важным участкам шляху з «варагаў у грэкі», які знаходзіўся пад кантролем Ноўгарада. Разам са шведамі ў паходзе ўдзельнічалі нарвежцы і фіны. Войска ўзначальваў ярл (князь) Біргер (зяць караля Эрыка XI, фактычны правіцель Швецыі). Наўгародскі князь Аляксандр Яраславіч на чале невял. коннага войска з наўгародцаў, іжорцаў і ладажан рушыў да Нявы, раптоўна і нечакана напаў на праціўніка. У выніку шведскае войска было разгромлена. Наўгародцы, іжорцы і ладажане страцілі 20 чал. Вядомы імёны 6 найб. храбрых воінаў, сярод якіх Якаў Палачанін, лоўчы князя, які з мячом уварваўся ў шэрагі праціўніка і «мужествовав крепко». Пасля Н.б. Аляксандра Яраславіча сталі называць Неўскім (гл. Аляксандр Неўскі).

Літ.:

Пашуто В.Т. Героическая борьба русского народа за независимость (XIII в.). М., 1956;

Тихомиров М.Н. Борьба русского народа с немецкими интервентами в XII—XV вв. // Тихомиров М.Н. Древняя Русь. М., 1975.

т. 11, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКІ́ТЧАНКА (Іван Мікалаевіч) (н. 10.1.1939, в. Горыцы Пагарскага р-на Бранскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне генетыкі і селекцыі с.-г. жывёл. Чл.-кар. АН Беларусі (1986), д-р с.-г. н. (1979), праф. (1981). Скончыў Віцебскі вет. ін-т (1960). З 1968 у Бел. НДІ жывёлагадоўлі (з 1971 заг. сектара, з 1974 нам. дырэктара), з 1986 нам. старшыні Дзяржаграпрама Беларусі, з 1988 старшыня Зах. аддзялення УАСГНІЛ, у 1991—93 віцэ-прэзідэнт Нац. цэнтра стратэг. даследаванняў, дырэктар рэсп. праграмы «Экалогія». Навук. працы па гадоўлі і селекцыі с.-г. жывёл, біятэхналогіі. Распрацаваў спосаб адбору свіней па ўстойлівасці да стрэс-сіндрому, вызначэння буйн. раг. жывёлы, устойлівай да лейкозу. Вывеў бел. мясную пароду свіней, Віцебскі тып буйной белай пароды свіней. Дзярж. прэмія СССР 1982.

Тв.:

Гетерозис в свиноводстве. Л., 1987;

Адаптация, стрессы и продуктивность сельскохозяйственных животных. Мн., 1988 (разам з С.​І.​Пляшчанкам, А.​С.​Зяньковым);

Чернобыль: Как это было. Мн., 1999.

І.М.Нікітчанка.

т. 11, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)