БЕ́НІЦА,

вёска ў Беларусі, у Лебедзеўскім с/с Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. За 30 км ад г. Маладзечна, 113 км ад Мінска, 5 км ад чыг. раз’езда Заскавічы. 248 ж., 120 двароў (1995). У Беніцы базавая школа, бальніца. Помнікі архітэктуры 18 ст. — Троіцкі касцёл і брама; царква.

Вядома з 15 ст. як сяло Маркаўскай вол. Віленскага ваяв. З сярэдзіны 16 ст. сяло-маёнтак Ашмянскага пав. З 1554 належала Астравухам, з 1576 — Валовічам, з 1634 — Коцелам (Катлам). У 1701 засн. Беніцкі кляштар бернардзінцаў, быў сядзібны дом з б-кай, архівам, маст. галерэяй, лямусам. У 19 — пач. 20 ст. мястэчка, цэнтр воласці. З 1813 дзейнічала школа, з 1862 — нар. вучылішча. У 1886 пабудавана царква. У 1921—39 у Польшчы, цэнтр гміны Віленскага ваяв. У 1940—59 цэнтр сельсавета.

т. 3, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́ТАЎ (Андрэй Георгіевіч) (н. 27.5.1937, С.-Пецярбург),

рускі пісьменнік. Скончыў Ленінградскі горны ін-т (1962). Першая кніга — зб. апавяданняў «Вялікі шар» (1963). У зб-ках апавяданняў «Аптэкарскі востраў» (1968), аповесцяў «Дачная мясцовасць» (1967), «Спосаб жыцця» (1972), «Дні чалавека» (1976), «Нядзельны дзень» (1980), цыкле аповесцяў «Роля» (1976), раманах «Малады Адоеўцаў» (1976), «Пушкінскі дом» (1987), «Апантаныя» (ч. 1—3, 1995) і інш.філас.-этычныя і эстэт. праблемы, унутраны свет сучаснага інтэлігента. Для стылю пісьменніка характэрна спалучэнне белетрыстыкі і эсэістыкі, прасякнутай лірызмам. Аўтар дзённікаў-падарожжаў («Адна краіна», 1961; «Урокі Арменіі», 1967—68; «Азарт», 72), літ.-біягр. партрэтаў («Падарожжа да сябра дзяцінства», 1966), нататкаў пра л-ру і мастацтва («Выбар натуры», 1971—73; «Ахілес і чарапаха», 1975), філас.-публіцыстычных нарысаў («Птушкі, або Новыя звесткі пра чалавека», 1971—75, і інш.).

т. 3, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РЦАВА (Ларыса Мікалаеўна) (н. 15.9.1942, в. Луцыкоўка Сумскай вобл., Украіна),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1997). Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1963). Працуе ў Тэатры юнага гледача Беларусі. Выконвае разнапланавыя ролі — драматычныя, характарныя, адметныя пластычнасцю, музыкальнасцю. Сярод лепшых: Марынка («Цудоўная дудка» В.​Вольскага), Марына («Экзамен на восень» І.​Шамякіна), Аліна («Сіні снег» Я.​Шабана), Наташа («У спадчыну — жыццё» А.​Петрашкевіча і «Горад на Світанні» А.​Арбузава), Цётка («Далучэнне» А.​Вольскага), Пампея («Зялёная птушка» паводле К.​Гоцы), Марыя («Дванаццатая ноч» У.​Шэкспіра), Маша («Чайка» А.​Чэхава), Мар’яша («Пойдзем у кіно?» А.​Алексіна), Кэт («Стваральніца цуду», У.​Гібсана), Кошка («Кошчын дом» паводле С.​Маршака), Аніта («Вестсайдская гісторыя» паводле А.​Лоўрэнс). Знялася ў тэлефільмах «Апошняя ноч Элаізы» (Цётка), «Водар папараці» (выканала 4 ролі) і інш.

Дз.​І.​Стэльмах.

т. 5, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРА́НДЗІЧЫ,

вёска ў Путрышкаўскім с/с Гродзенскага р-на. Прымыкае да паўн. ўскраіны г. Гродна. 1283 ж., 498 двароў (1996). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў.

У 1561 сяло ў Гродзенскай эканоміі Гродзенскага пав. Трокскага ваяв. ВКЛ. З 1674 маёнтак Грандзічы належаў Гродзенскаму кляштару кармелітаў. У 1705 у час Паўн. вайны 1700—21 у Грандзічах размяшчалася шведскае войска Карла XII, якое мела намер адрэзаць рус. войска ад Вільні. З 1795 у Рас. імперыі. У 1889 маёнткам валодала П.​Сулеўская. У 1904 вёска, 350 ж., і маёнтак, 33 ж. З 1921 у Польшчы, у Гродзенскім пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Гродзенскага р-на. У 1970 — 1611 ж., 418 двароў. З 1987 у Путрышкаўскім сельсавеце.

В.​М.​Князева.

т. 5, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУЛФ ((Wolfe) Томас Клейтан) (3.10.1900, г. Ашвіл, штат Паўночная Караліна, ЗША — 15.9.1938),

амерыканскі пісьменнік. Аўтар цыкла раманаў «Зірні на дом свой, Анёл» (1929), «Пра Час і пра Раку» (1935), «Павуціна і скала» (1939), «Дамоў вяртання няма» (1940), зб-каў навел «Ад смерці да світання» (1935), «Там, за пагоркамі» (1941), п’ес, эсэ «Гісторыя аднаго рамана» (1936). Яго прозе ўласцівыя спалучэнне аўтабіяграфічнасці з універсалізмам, лірычнага пачатку з сатырычным, панарамнасць адлюстравання жыцця, часавыя напластаванні, падрабязнасць у апісаннях, ацэнках, выказваннях.

Тв.:

Рус. пер. — Домой возврата нет: Роман. М., 1982;

Портрет Баскома Хока: Повесть, рассказы. М., 1987;

Жажда творчества: Худож. публицистика. М., 1989;

История одного романа // Писатели США о литературе. М., 1982. Т. 2.

Літ.:

Литературная история Соединенных Штатов Америки: Пер. с англ. Т. 3. М., 1979.

Е.​А.​Лявонава.

т. 4, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫСЯЛЕ́ННЕ,

пазбаўленне грамадзяніна права карыстацца жылым памяшканнем, якое ён займае. З дамоў дзярж. або грамадскага фонду высяленне дапускаецца, як правіла, у суд. парадку. У адм. парадку з санкцыі пракурора высяляюцца асобы, якія самаўпраўна занялі жыллё ці пражываюць у дамах, якім пагражае абвал. Высяленне з выдзяленнем інш. жылога памяшкання дазваляецца ў выпадках, калі дом пагражае абвалам, падлягае зносу ці пераабсталяванню ў нежылы. Гэта датычыцца таксама ваеннаслужачых і членаў іх сем’яў пры выхадзе ў адстаўку ці ў запас і некаторых катэгорый рабочых і служачых пэўных галін нар. гаспадаркі, якія карысталіся жыллём прадпрыемстваў. Без забеспячэння жыллём высяляюць асоб, якія самаўпраўна занялі жылыя памяшканні, тых наймальнікаў і членаў іх сем’яў, што сістэматычна разбураюць ці псуюць жыллё, выкарыстоўваюць яго не па прызначэнні ці робяць немагчымым для іншых пражыванне ў адной кватэры або доме.

С.​У.​Скаруліс.

т. 4, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАБЫЧА́ННЕ,

вёска ў Касцюковіцкім р-не Магілёўскай вобл., на р. Жадунька. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 19 км на ПдЗ ад г. Касцюковічы, 120 км ад Магілёва, 15 км ад чыг. ст. Камунары. 442 ж., 175 двароў (1997).

Упершыню ўпамінаецца ў 1552 як сяло ў Крычаўскай воласці, дзярж. маёмасць. Сяляне вёскі ўдзельнічалі ў Крычаўскім паўстанні 1743—44. У 1747 у Крычаўскім старостве: 10 двароў, царква. Пасля 1772 у Рас. імперыі. У 1779 у Чэрыкаўскім пав., 208 ж., 47 двароў. У 1880—276 ж.. У 1909—322 ж., 3 разы ў год праводзіліся кірмашы. З 1924 у Касцюковіцкім р-не. У 1971—415 ж., 123 двары.

Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — царква (канец 19 — пач. 20 ст.).

т. 6, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВА́ЛЕЦ ((Kawalec) Юльян) (н. 11.10.1916, мяст. Вжавы Тарнабжэскага ваяв., Польшча),

польскі празаік і публіцыст. Вучыўся ў Ягелонскім ун-це. Першы зб. апавяд. «Сцежкі сярод вуліц» (1957). У зб. навел «Звалены вяз» (1962), мікрараманах «Да зямлі прыпісаны» (1962), «Танцуючы ястраб» (1964), «Шэры арэол» (1973), раманах «Вясельны марш» (1966), «Пераплывеш раку» (1973), аповесцях «Шукаю дом», «Заклік» (абедзве 1968), «Выкрасці брата» (1982), зб. апавяд. «Гітара з райскай чарэшні» (1990) паказаў жыццё вёскі ў складаных гісторыка-сац. умовах, змены ў побыце і свядомасці сялян пасля 1945, пошукі гармоніі з сял. светам і інш. Прозе ўласцівы сімволіка, часовыя інверсіі, біблейская стылізацыя. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі В.​Гапава, Я.​Брыль, А.​Бажко, П.​Стафановіч.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1986.

Літ.:

Гапава В.І. Зменлівае і спрадвечнае. Мн., 1975.

М.​М.​Хмяльніцкі.

т. 7, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНАТА́ЦЫЯ [позналац. connotatio ад лац. con (cum) разам + noto адзначаю, абазначаю],

дадатковыя семантычныя або стылістычныя адценні, якія накладваюцца на асноўнае значэнне моўнай адзінкі і служаць для стварэння экспрэсіўна-эмацыянальнай афарбоўкі выказвання (надання тону ўрачыстасці або зніжанасці, ласкі або іроніі і інш). Найб. выразна выяўляецца пры супастаўленні ацэначных слоў і выразаў з адпаведнымі ім стылістычна нейтральнымі сінонімамі («кляча» — худы заезджаны конь; «пражэкт» — неажыццявімы праект). У розных моўных кантэкстах адно і тое слова можа выяўляць розную К. Дадатковыя семантычныя і стылістычныя адценні могуць надавацца словам з дапамогай некат. афіксаў («дом — домік», «даміна — дамішча») або непасрэдна ўключацца ў лексічнае значэнне слова («абязлічка», «вярзці», «задзіра» і інш.).

Літ.:

Туроўская Ф.А. Канататыўныя значэнні «нейтральнай» лексікі // Бел. лінгвістыка. 1982. Вып. 21;

Телия В.Н. Коннотативный аспект семантики номинативных единиц. М., 1986.

т. 7, с. 572

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСЦЮ́ШКАВІЧЫ,

вёска ў Крычаўскім р-не Магілёўскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 9 км на З ад горада і 14 км ад чыг. ст. Крычаў, 95 км ад Магілёва. 415 ж., 131 двор (1998).

Вядома з 1560 як дзярж. сяло ў Крычаўскай вол. ВКЛ. У 1604 сяло Касцюшкі ў Крычаўскім старостве. З 1772 у Рас. імперыі, у Чэрыкаўскім пав. Магілёўскай губ. У 1827 мястэчка, 152 ж. У 1897 сяло ў Крычаўскай вол., 186 ж., 44 двары. У 1908 адкрыта земская школа. З 1919 у Чэрыкаўскім пав. Гомельскай губ. РСФСР, з 1925 цэнтр сельсавета Крычаўскага р-на. У Вял. Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі ў вер. 1943 спалілі вёску. У 1971—276 ж., 91 двор.

Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 8, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)