выступленне гараджан Мазыра і сялян навакольных вёсак у час антыфеадальнай вайны 1648—51 на Беларусі. Пачалося ўлетку 1648. Выступленне ўзначаліў мазырскі рамеснік Іван Сталяр. Жыхары Мазыра склалі асобную харугву на чале з мясц. седлавым майстрам Седляром. У жн. да гараджан далучыўся пасланы Б.Хмяльніцкім атрад Міхненкі. З мэтай закрыць казацкім загонам шлях на Беларусь, у пач.студз. 1649 на Тураў і Мазыр рушыла 15-тысячнае войска ВКЛ на чале з гетманам польным Я.Радзівілам. Радзівіл паслаў да гараджан ганца з лістом, у якім прапанаваў здаць горад без бою, за што абяцаў усім паўстанцам права на свабодны выхад. Гараджане не прынялі прапановы. 19 студз. войска Радзівіла падышло да Мазыра. Драгуны, пад прыкрыццём саней з дрывамі, падышлі да варот, выбілі іх бярвёнамі і ўварваліся ў горад. К канцу дня горад і замак былі захоплены, рэшткі паўстанцаў адцеснены да Прыпяці і перабіты, горад разрабаваны, часткова спалены. Кіраўнік паўстання Сядляр прарваўся праз акружэнне і выратаваўся, Міхненка быў узяты ў палон і пакараны смерцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКА́РАЎ (Сцяпан Восіпавіч) (8.1.1849, г. Мікалаеў, Украіна — 13.4.1904),
расійскі флатаводзец, акіянограф, палярны даследчык, вынаходнік. Віцэ-адмірал (1896). Скончыў марское вучылішча ў Нікалаеўску-на-Амуры (1865). З 1869 на Ціхаакіянскім, з 1871 на Балтыйскім, з 1876 на Чарнаморскім флоце. З 1881 даследаваў марскія цячэнні ў праліве Басфор. У 1886—89 на карвеце «Віцязь» і 1894—96 ажыццявіў 2 кругасветныя падарожжы. У 1898—99 і 1901 на першым у свеце ледаколе «Ярмак», пабудаваным паводле яго праекта, вёў даследаванні ў Арктыцы. На пач.рус.-яп.вайны 1904—05 камандаваў Ціхаакіянскай эскадрай у Порт-Артуры, загінуў на браняносцы «Петрапаўлаўск», які падарваўся на міне. Аўтар прац па ваен.-марской тактыцы, караблебудаванні, артылерыі, міннай справе, гідраграфіі. За працу «Віцязь» і Ціхі акіян» (т. 1—2, 1894) прэмія Пецярбургскай АН і залаты медаль Рус.геагр.т-ва.
Літ.:
Деятельность вице-адмирала С.О.Макарова в судостроении: [Очерки]. Л., 1977;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РКАВА,
вёска ў Маладзечанскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 19 км на З ад Маладзечна, 95 км ад Мінска, 3 км ад чыг. станцыі Пруды. 772 ж., 291 двор (1999).
Вядома з 1415 як велікакняжацкае сяло і двор у складзе ВКЛ. З 1476 да пач. 16 ст. цэнтр павета і воласці. У 1519 разбурана ў час вайны Маск. дзяржавы з ВКЛ 1512—22. У 1532 уласнасць Яна Радзівіла, у 2-й пал. 16 ст. мястэчка, гаспадарскае ўладанне. У 18 ст. цэнтр староства. З 1793 у Рас. імперыі. У 1897 765 ж., 122 двары, царква, капліца, нар. вучылішча. З 1921 у Віленскім ваяв. Польшчы, з 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета ў Маладзечанскім р-не. У Вял.Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі знішчылі 72 хаты. З 1949 цэнтр калгаса.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аптэка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Свята-Успенская царква (1860).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РЧАНКА (Іван Ягоравіч) (2.6.1923, в. Людкоў Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл. — 19.4.1997),
бел. гісторык. Чл.-кар.АН Беларусі (1980). Д-ргіст.н. (1969). Праф. (1970). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1950). Удзельнік Вял.Айч.вайны. У 1945—51 на парт. рабоце. З 1954 у Ін-це гісторыі АН Беларусі: навук. супрацоўнік, вучоны сакратар, у 1962—68 і 1976—81 нам. дырэктара, адначасова заг. сектара і аддзела. Асн. працы па гісторыі рабочага класа, калгаснага сялянства і культ. будаўніцтва. Адзін з аўтараў «Гісторыі Беларускай ССР» у 5 т. (т. 3, 5, 1973—75), «Гісторыі рабочага класа Беларускай ССР» (т. 1—4, 1984—87), «Нарысаў гісторыі Беларусі» ў 2 ч. (ч. 2, 1995).
Тв.:
Аграрные преобразования в Белоруссии в 1917—1918 гг.Мн., 1959;
Рабочий класс БССР в послевоенные годы (1945—1950). Мн., 1962;
Белоруссия—Литва: содружество множит силы. Мн., 1985 (разам з Г.С.Мельянковым);
Белорусская ССР курсом перестройки. Мн., 1989 (разам з У.І.Навіцкім).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЧУ́ЛЬСКІ (Раман Навумавіч) (30.11.1903, в. Крываносы Старадарожскага р-на Мінскай вобл. — 26.4.1990),
парт. і дзярж. дзеяч Беларусі. Герой Сав. Саюза (1944). Засл. работнік культуры БССР (1980). Скончыў Рэсп. школу прапагандыстаў пры ЦККП(б)Б (1937). З 1937 на парт. рабоце ў Грэску, Чэрвені, Плешчаніцах. У Вял.Айч. вайну ў тыле ворага ўпаўнаважаны ЦККП(б)Б па Мінскай і Палескай абл., сакратар Мінскага падп. абкома КП(б)Б, у кастр. 1942 — маі 1943 в.а. камандзіра Мінскага партыз. злучэння, з жн. 1943 камандзір партыз. злучэння Барысаўска-Бягомльскай зоны. Пасля вайны на сав. і парт. рабоце, з 1950 1-ы сакратар Пінскага абкома КПБ, у 1954—59 старшыня Брэсцкага аблвыканкома. Чл.ЦККПБ у 1949—60. Дэп. Вярх. СаветаБССР у 1947—55, Вярх. Савета СССР у 1954—62. Нам. Старшыні Прэзідыума Вярх. Савета БССР у 1947—51. Аўтар мемуараў «Старонкі бессмяротнасці» (1972), «Людзі высокага абавязку» (1975), «Вечны агонь» (3-е выд., 1978), «На вогненнай зямлі» (1983).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЦ (Metz),
горад на ПнУ Францыі. Адм. ц. дэпартамента Мазель. Засн. рымлянамі да н.э. на месцы гальскага паселішча. Каля 130 тыс.ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на р. Мозель. Аэрапорт. Прам-сць: маш.-буд., хім., харчовая. Ун-т. Руіны стараж.-рым. пабудоў, шматлікія арх. помнікі 4—18 ст., у т. л. гатычны сабор Сент-Эцьен (13—16 ст.).
У старажытнасці паселішча гальскага племя медыяматрыкаў. Пры рымлянах важны адм. і гандл.-рамесны цэнтр 3 4 ст. рэзідэнцыя епіскапаў. У пач. 6 ст.гал. горад франкскага каралеўства Аўстразіі. Важнейшы культ. цэнтр «Каралінгскага адраджэння». У 870 у складзе Усх.-франкскага каралеўства, эканам. і паліт. цэнтр Латарынгіі. З 13 ст. імперскі горад. У 1552 далучаны да Францыі (замацаваны за ёй у 1648), ператвораны ў ваен. крэпасць. Пасля франка-прус. вайны 1870—71 паводле Франкфурцкага мірнага дагавора 1871 адышоў да Германіі, паводле Версальскага міру 1919 вернуты Францыі. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны ням. войскамі (1940—44).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКАЛА́ЙЧЫК ((Mikołajczyk) Станіслаў) (18.7.1901, Гольстэргаўзен, Германія — 13.12.1966),
польскі паліт. і дзярж. дзеяч. Удзельнік Велікапольскага паўстання 1918 супраць прускага панавання, савецка-польскай вайны 1920. У 1920—31 чл. партыі Польске стронніцтва людовэ-«Пяст» (у 1930—31 чл.Гал. рады), у 1931—39 чл.Гал. рады партыі Стронніцтва людовэ. Адзін з заснавальнікаў (1927) Велікапольскага Саюза сял. моладзі. Дэпутат сейма (1930—35). За кіраўніцтва сял. забастоўкай 1937 быў зняволены. У 2-ю сусв. вайну ўдзельнік вераснёўскай кампаніі 1939. Пазней у эміграцыі. У 1940—43 віцэ-прэм’ер, у 1943—44 прэм’ер-міністр польскага эмігранцкага ўрада. З 1946 віцэ-прэм’ер і міністр земляробства кааліцыйнага Часовага ўрада нац. адзінства. У 1945 засн. партыю Польскае стронніцтва людовэ (ПСЛ, у 1945—47 яе старшыня). Дэпутат Краёвай рады нарадовай (1945—47), сейма (1947). Арганізатар легальнай антыкамуніст. апазіцыі ў Польшчы. Пад пагрозай арышту выехаў у ЗША. У 1947—66 старшыня ПСЛ у эміграцыі. Аўтар успамінаў «Згвалтаваная Польшча» (1948), прысвечаных падзеям 1939—47.
Літ.:
Paczkowski A Stanisław Mikołajczyk, czyli Klęska realisty. Warszawa, 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛЮ́ЦІН (Дзмітрый Аляксеевіч) (10.7.1817, Масква — 7.2.1912),
расійскі ваен. і дзярж. дзеяч. Ген.-фельдмаршал (1898), граф (1878). Чл.-кар. (1853) і ганаровы чл. (1866) Пецярбургскай АН. Брат М.А.Мілюціна і У А.Мілюціна. Скончыў Шляхетны пансіён пры Маскоўскім ун-це (1833) і Ваен. акадэмію (1836). У арміі з 1833. Удзельнік Каўк.вайны 1817—64 (баі 1839—45 супраць Шаміля). У 1845—56 праф.Ваен. акадэміі. У 1856—59 нач.Гал. штаба Каўк. арміі; пры яго ўдзеле распрацаваны план дзеянняў па далучэнні Усх. Каўказа да Рас. імперыі. У 1860 таварыш (нам.) ваен. міністра, у 1861—81 ваен. міністр Расіі, кіраваў правядзеннем Ваенных рэформаў 1860—70-х г. у Расіі, пры ім сфарміраваны Ген. штаб. У рус.-тур. вайну 1877—78 адзін з ініцыятараў паспяховай аблогі Плеўны (гл.Плевен). Пасля Берлінскага кангрэса 1878 фактычна кіраваў знешняй палітыкай Расіі. Ганаровы чл. шэрагу ваен. акадэмій. Аўтар работ па ваен. геаграфіі, гісторыі, статыстыцы.
Літ.:
Корнилов А.А. Курс истории России XIX в. М., 1993. С. 297—304.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ МАСТА́ЦКАЕ ПРАДПРЫЕ́МСТВА «СКУЛЬПТУ́РНЫ КАМБІНА́Т» Беларускага саюза мастакоў.
Створана ў 1991 у Мінску на базе Мінскага мастацка-вытворчага камбіната. Выконвае заказы на стварэнне манум. і станковай скульптуры, у т. л. помнікаў, манументаў, эмблем, гербаў, мемар. дошак і інш. Сярод работ помнікі Ф.Скарыне ў Празе (Э.Астаф’еў, 1991—92), у г. Ліда (В.Янушкевіч, 1992—93), воінам-інтэрнацыяналістам у Мінску (Ю.Паўлаў, 1995—96), у г. Светлагорск (У.Жбанаў, А.Каструкоў), М.Шагалу ў Віцебску (В.Магучы; абодва 1997), А.Пушкіну ў г. Мазыр (Ю.Вараб’ёў) і Мінску (Ю.Арэхаў), «Святая Соф’я — князёўна слуцкая» ў г. Слуцк (М.Інькоў), воінам, што загінулі ў гады Вял.Айч.вайны, у Магілёве (Паўлаў; усе 1999), Скарыне (А.Дранец, 1999—2000); бюсты М.В.Доўнар-Запольскага ў г. Рэчыца (Э.Агуновіч, 1995), У.Л.Бядулі ў г. Камянец (С.Гарбунова, 1997) і інш.; гербы Беларусі на рэзідэнцыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (У.Папсуеў, 1996), на будынках Дома ўрада (В.Мурашоў, 1997), Нац. банка (Жбанаў, 1998); на гар. ратушы ў Віцебску (Магучы, 1997); паркавая скульптура ў Нясвіжскім парку (У.Слабодчыкаў, Г.Гаравая і інш., 1992) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА АМА́ТАРАЎ ПРЫРОДАЗНА́ЎСТВА, ЭТНАГРА́ФІІ І АРХЕАЛО́ГІІ.
Існавала ў 1912—15 у Мінску. Яго праграма прадугледжвала навук. вывучэнне прыроды краю, гісторыка-археал. даследаванні, ахову помнікаў прыроды, пашырэнне прыродазнаўча-гіст. і геагр. ведаў на тэр. Мінскай губ. Размяшчалася ў памяшканні Мінскай губ. земскай управы і гімназіі К.В.Фальковіча, з 1913 — у Мінскім гарадскім музеі. Кіравалася радай з 6 чал. 1-ы старшыня — дырэктар Мінскай балотнай доследнай станцыі А.Ф.Флёраў, члены: урачы А.П.Грацыянскі і С.М.Урванцоў, інж.-тэхнолаг, чл.гар. управы Ф.Цывінскі, кіраўнік Упраўлення земляробства і дзярж. маёмасцей Мінскай губ. І.М.Шэмігонаў, старшыня губ. казённай палаты Ф.М.Ястрэмскі і інш. Члены т-ва займаліся навук. работай, чыталі даклады па медыцыне, геалогіі, глебазнаўстве, флоры і фауне Беларусі, праблемах зберажэння нар. багаццяў. Т-ва падтрымлівала сувязі з шэрагам ун-таў і т-ваў. У 1914 выдала навук.зб. «Весці». Сабрала калекцыі стараж. кніг, манет, мінералаў, бел.нац. адзення, гербарыі, якія захоўваліся ў створаным т-вам гар. музеі. Спыніла дзейнасць у сувязі з падзеямі 1-й сусв.вайны.