ВАКАЛІ́З (франц. vocalise ад лац. vocalis галосны гук; гучны, пявучы),
1) практыкаванне для развіцця вакальнай тэхнікі, якое выконваецца на галосным гуку.
2) Канцэртны твор, найчасцей для сапрана з інстр. суправаджэннем. Адсутнасць слоў і кантыленнасць, часам віртуознасць, дазваляюць выявіць прыгажосць і выпрацаванасць голасу («Вакаліз у форме хабанеры» М.Равеля, «Вакаліз» С.Рахманінава). У 20 ст. вакаліз набліжаецца да інстр. жанраў (5 мелодый для голасу ці скрыпкі з фп. С.Пракоф’ева, вакаліз-эцюд К.Шыманоўскага; саната-вакаліз, сюіта-вакаліз для голасу з фп. М.Метнера; канцэрт для голасу з арк. Р.Гліэра). Спецыфічны эфект дасягаецца ў харавым вакалізе («Дафніс і Хлоя» Равеля). Вакаліз ў бел. музыцы: Канцэрціна для голасу з арк. Дз.Лукаса, вакаліз з сімф.арк. памяці Дз.Шастаковіча Л.Абеліёвіча, вакаліз-калыханка з балета «Мара» Я.Глебава і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
В’ЕНЦЬЯ́Н,
горад, сталіца Лаоса. Размяшчаецца на левым беразе р. Меконг каля мяжы з Тайландам. Вылучаны ў асобную адм. адзінку на правах правінцыі. 442 тыс.ж. (1990). Рачны порт, вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Пераважае саматужная прам-сць: рысаачышчальныя, гарбарныя, бавоўнавыя, шаўковыя, мэблевыя прадпрыемствы; мастацкія рамёствы. Буйны рынак драўніны цвёрдых парод, каўчуку, баваўняных, шаўковых, лакавых вырабаў. Ун-т. Археал. музей. Арх. помнікі: манастыры-храмы 16—19 ст., ват Ін-Пенг, каралеўскі ват Фра-Кеа (1565), ват Сісакет (1820), комплекс свяцілішчаў, каралеўскі палац і інш.
Засн. ў 13 ст. У 16 — пач. 18 ст. сталіца (з перапынкамі) лаоскай дзяржавы Лансанг, у 1707—1828 — княства В’енцьян. У 1827—28 разбураны сіямскімі войскамі. З 1899 адм. цэнтр т.зв.Франц. Лаоса. У 1946—75 сталіца каралеўства Лаос, з 1975 — дзяржавы Лаос.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЬГЕ́ЛЬМ III АРА́НСКІ (Willem van Oranje; 14.11.1650, г. Гаага, Нідэрланды — 19.3.1702),
статхаўдэр (правіцель) Нідэрландаў [1672—1702], кароль Англіі, Шатландыі і Ірландыі [1689—1702]. Ва ўмовах пагрозы англа-франц. інтэрвенцыі прызначаны ў 1672 галоўнакаманд., пазней пажыццёвым статхаўдэрам. Стварыў антыфранц. кааліцыю (герм. імператар і брандэнбургскі курфюрст, пазней далучыліся Іспанія і Данія), прымусіў Людовіка XIV вывесці войскі з Нідэрландаў і заключыць мір (1678). У перыяд т.зв. Слаўнай рэвалюцыі 1688—89 (гл. ў арт.Англійскія рэвалюцыі 17 стагоддзя) запрошаны апазіцыяй (вігамі) на англ. трон. У 1689—97 на чале войск новай антыфранц. кааліцыі змагаўся з Людовікам XIV у Фландрыі; у выніку заключанага ў 1697 міру Францыя прызнала яго каралём Англіі.
Садзейнічаў развіццю англ. парламентарызму: пры ім прыняты «Біль аб правах» (1689), Акт аб 3-гадовым парламенце (1694), Акт аб пераходзе прастола ў спадчыну (1701).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУАЦЮ́Р ((Voiture) Венсан) (24.2.1598, г. Ам’ен, Францыя — 25.5.1648),
французскі паэт; прадстаўнік барочнай прэцыёзнай літаратуры. Чл. Французскай акадэміі (1635). Сын гандляра віном, які атрымаў доступ у арыстакратычны салон маркізы Рамбуйе і надоўга стаў заканадаўцам самага вытанчанага густу і паэтычнай дасціпнасці. Яго санеты, стансы, пасланні, песні, рандо вызначаліся адмысловасцю формы і друкаваліся ў калектыўных зб-ках «Збор розных рандо» (1639), «Гэтага часу добрых вершаў новы збор» (1640). У 1650 выйшаў збор твораў Вуацюра, які ўключаў і лісты паэта, прызначаныя для публічнага чытання. Культываваў формы трыялета, рандэля, рандо, што паўплывала на франц. паэзію канца 19 ст., а праз яе — на еўрапейскую, у т. л. на М.Багдановіча.
Тв.:
Рус.пер. — [Стихи] // Европейская поэзия XVII в. М., 1977;
[Стихи] // Колесо фортуны: Из европейской поэзии XVII в. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЙДЭЛЬБЕРГ, Гейдэльберг (Heidelberg),
горад у Германіі на Пн зямлі Бадэн-Вюртэмберг. Прыстань на р. Некар, паблізу ад яе ўпадзення ў Рэйн. 108,8 тыс.ж. (1994). Трансп. вузел. Прам-сць: станкабудаванне, вытв-сцьпаліграф. і хірург. абсталявання, эл.-тэхн., фармацэўтычная, тытунёвая, гарбарная. Выдавецтвы. АН. Гайдэльбергскі універсітэт. Замак курфюрстаў (13—17 ст.), інш.арх. помнікі 15—18 ст. Каля Гайдэльберга ў 1907 знойдзены рэшткі выкапнёвага, т.зв.гейдэльбергскага чалавека. Турызм.
Узнік на месцы стараж.рым. ўмацавання. У дакументах упершыню ўпамінаецца ў 1196, з 1225 уладанне Вітэльсбахаў, пазней сталіца Рэйнскага Пфальца. У 1386 засн. першы на ням. землях ун-т. У час Трыццацігадовай вайны 1618—48 акупіраваны войскамі Каталіцкай лігі і Іспаніі (1622); у 1689 і 1693 разбураны франц. войскамі, сталіца перанесена ў Мангейм (1720). У 1803 адышоў да Бадэна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́ (франц. halo ад грэч. halōs круг, дыск),
адна з аптычных з’яў у атмасферы. Узнікаюць гало ў перыстых, перыста-слаістых і перыста-кучавых воблаках (знаходзяцца на вышыні больш за 6 км) у выніку пераламлення святла ў ледзяных крышталях або адбіцця святла ад іх граней. Назіраюцца вакол Сонца і Месяца, маюць вуглавы радыус 22° і 46° і форму каляровых (як слабая вясёлка) ці белых кругоў, дугаў, слупоў, крыжоў, плям. Гало адрозніваюцца ад вянцоў, што ўтвараюцца пры дыфракцыі святла на дробных кроплях празрыстых, пераважна высокакучавых воблакаў і маюць меншы дыяметр. Ва ўмовах Беларусі (Мінск) гало назіраюцца каля 30 разоў за год.
Асноўныя формы гало: 1 — кругі з вуглавым радыусам 22° і 46°; 2 — слупы вышэй і ніжэй свяціла; 3 — несапраўдныя Сонцы ці Месяцы на гарызантальным крузе; 4 — датычныя дугі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЭЛЬЕ́Ф (франц. haut-rélief літар. высокі рэльеф),
від рэльефнай скульптуры, у якім выявы выступаюць над плоскасцю фону больш як на палавіну свайго аб’ёму. Выкарыстоўваюцца ў манум.-дэкар. мастацтве, надмагіллях, афармленні інтэр’ераў грамадскіх, жылых і культавых будынкаў, мемар. дошках. Можа спалучацца з барэльефам. На Беларусі ў гарэльефе выкананы надмагіллі Вольскіх (пасля 1623), Сапегаў (пасля 1635), у касцёлах у в. Крамяніца Дольная (Зэльвенскі р-н) і в. Гальшаны (Ашмянскі р-н), выявы святых у Гродзенскім езуіцкім касцёле (1736) і інш. У наш час у гарэльефе выкананы надмагілле Я.Коласа, кампазіцыі манумента Перамогі, «Салідарнасць» на фасадзе Беларускага цэнтра моды (1979, скульпт. А.Арцімовіч) — абедзве ў Мінску. Гарэльеф выкарыстаны ў помніку вызваліцелям Полацка і інш.
Гарэльеф «Салідарнасць» на фасадзе Беларускага цэнтра моды ў Мінску. Скульпт. А.Арцімовіч. 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІКАГЕ́Н, жывёльны крухмал (C6H10O5)n, разгалінаваны поліцукрыд, малекулы якога пабудаваны з астаткаў D-глюкозы. Малекулярная маса 105—107. Асн. запасны вуглявод жывёл і чалавека (у пазваночных назапашваецца пераважна ў печані і мышцах), трапляецца таксама ў некат. бактэрый, дражджэй, водарасцей, грыбоў і зернях асобных сартоў кукурузы. Выяўлены франц. фізіёлагам К.Бернарам у печані (1857). Расшчапленне глікагену (глікагеноліз) адбываецца фосфаралітычным (пры ўздзеянні фасфарылазы) і гідралітычным (пры ўздзеянні амілаз) шляхамі. Канчатковым прадуктам з’яўляецца свабодная глюкоза, якая трапляе ў кроў. Пры паніжэнні ўзроўню цукру ў крыві назіраецца высокая актыўнасць фасфарылазы і адбываецца т.зв. мабілізацыя глікагену — знікненне яго запасаў з цытаплазмы. Пры абагачэнні крыві глюкозай (напр., пасля прыёму ежы) пераважае сінтэз глікагену. Значную ролю ў падтрыманні нязменнага ўзроўню цукру ў крыві адыгрывае печань, якая ператварае лішак глюкозы ў глікаген і наадварот.
французскі жывапісец. Вучыўся ў Парыжы ў Ж.Л.Давіда (з 1785), у Каралеўскай акадэміі жывапісу і скульптуры (1787). У 1793—1804 працаваў у Італіі. У 1880-я 1800-я г. афіцыйны жывапісец Напалеона I. Стварыў шэраг карцін, прасякнутых духам гераічнай патэтыкі і прысвечаных паходам і бітвам франц. арміі («Банапарт на Аркольскім мосце», 1796; «Бітва каля Назарэта, 1801; «Бітва каля Эйлау», 1808), парадных партрэтаў (кн. М.Б.Юсупава, 1809; палк. Ф.Фурнье-Сарлавеза, 1812). Вастрыня сюжэтаў, драм. кантрасты і маляўнічыя эфекты карцін Гро паўплывалі на традыц. каноны батальнага жанру. Пісаў таксама карціны на сюжэты антычнасці і сярэднявечча.
Літ.:
Чегодаев А.Д. Легенда о бароне Гро // Чегодаев А.Д. Статьи об искусстве Франции, Англии, США 18—20 вв. М., 1978.