інтрыгава́ць, ‑гую, ‑гуеш, ‑гуе; незак.

1. Весці інтрыгі (у 1 знач.). Інтрыгаваць супраць.. [Ланскага] таксама было марна. Інтрыгаваць можна супраць асобы, а ён даўно ўжо не быў ні асоба, ні дзяржаўны муж. Караткевіч.

2. каго-што. Узбуджаць цікавасць таямнічасцю, незвычайнасцю, загадкавасцю. [Гунаву] інтрыгавала і непакоіла паперка ў планшэце, асабліва надпіс, які толькі што зрабіў начальнік. Самуйлёнак. Словы ж аб важных справах, ды, відаць, справах, звязаных з партызанскім злучэннем, насцярожвалі .. [Сыкуна], нават інтрыгавалі. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

запе́ў, ‑певу, м.

1. Пачатак харавой песні або куплета, які выконваецца запявалам. — Глыбокае мора, шырокае мора, — Старая запеў павяла, — Ды толькі глыбейшым было маё гора, Шырэйшаю скруха была. Бялевіч.

2. Пачатак быліны, звычайна не звязаны з яго зместам; зачын. // перан. Пачатак чаго‑н., уступ да чаго‑н. Публіцыстыка Ф. Багушэвіча была толькі запевам да той палымянай і шчырай песні, што велічна прагучала ў «Дудцы беларускай» і «Смыку беларускім». С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

знясла́віць, ‑слаўлю, ‑славіш, ‑славіць; зак., каго-што.

Распаўсюдзіць благія чуткі пра каго‑, што‑н.; зганьбіць, ачарніць. — Два гады кіраваў, стараўся, гаспадарку ладзіў, пра рэпутацыю дбаў, а тут ушчалося напасце. Зняславілі, зганьбілі, раскрытыкавалі... Быкаў. Яго, лепшага брыгадзіра, знялі з пасады, зняславілі на ўвесь калгас ды яшчэ ў раённай газеце распісалі. Б. Стральцоў. // Сваімі паводзінамі, учынкамі пазбавіць добрага імя; абняславіць. — Я табе аддала ўсё. А ты... зняславіў, насмяяўся... З дзіцем хочаш пакінуць? Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

блі́зу, прыназ.

Разм.

1. з Р. Каля. Нехта згадаў, што блізу [крыніцы], на самым узлессі, была магіла трох братоў. Дубоўка. Блізу рэчкі пан і кажа: — Ты, — кажа, — паставіш каня ды ад таго канца зойдзеш, а я буду цябе ля чыстага плёса чакаць. Скрыган.

2. з Н. Амаль. У выглядзе высокага бялявага маўчуна амаль зусім не было нічога семіцкага і ён вось пратрываў ужо блізу два гады ў палоне. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

буга́й, ‑я, м.

1. Самец буйной рагатай жывёлы; бык. Хутка займеў Мікіта пару коней, ды ажно шэсць штук кароў і свайго бугая. Галавач.

2. Начная балотная птушка сямейства чапляў, празваная так за тое, што вясной самец яе, апусціўшы дзюбу ў ваду, утварае вельмі гучныя гукі, падобныя да рову бугая. У зацішку на лужынах тужліва кумкалі зялёныя жабы, а далей у балотах, між лесу, пераклікаліся бугаі, бухаючы, як у пустыя кадушкі. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лаго́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Разм.

1. Прыемны спакой, хараство. [Ганна:] — Нейкая лагода, як ціхія хвалі, агортвае ўсю істоту. Дубоўка. У полі такая лагода, што хоць аставайся тут, на мяжы, прыляж, маўчы ды глядзі навокал. Бядуля.

2. Згода, дружба, прыязнасць. Яны размаўлялі ціха, з лагодай, відаць, раіліся пра запаветнае і блізкае іх душы. Пташнікаў. Ёсць хвіліны прыемнай блізкасці паміж людзьмі, нейкай ціхай узрушанасці і лагоды, светлай, як восеньскі дзень. М. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ліза́цца, ліжуся, ліжашся, ліжацца; заг. ліжыся; незак.

1. Лізаць сябе; лізаць адзін другога. Сабака ліжацца.

2. Разм. зневаж. Цалавацца. — Дар’я Латушка разышлася з Мацеем. А ўжо як .. лізаліся. Дуброўскі. // Разм. неадабр. Вадзіцца, знацца.

3. перан. Разм. Падлізвацца да каго‑н. [Юрка:] — А сам [бацька], дык у той жа дзень пайшоў ды ўсё шчацінне прапіў. На гэта дык ён — маўчыць. А пасля дык ужо ліжацца: можа, кажа, табе, Юрка, новую шапку купіць. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

згі́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Знікнуць, прапасці. Дзень няма козліка, другі няма, цэлы тыдзень няма. Мы ўжо так і падумалі, што ён згінуў назаўсёды. Брыль. // Перастаць існаваць у выніку разбурэння, знішчэння. Дзе была адна пустыня — Елкі ды бярозкі, — Поле будзе, пушча згіне, Стануць хаты, вёскі. Купала. // Загінуць, памерці. Лепей згінуць у змаганні за сваю волю, за права будаваць сваё жыццё па-свойму, чым прызнаць панскую ўладу і панскую волю. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

марнава́цца, ‑нуецца; незак.

1. Траціцца без карысці, прападаць, не ісці на карысць. Марнуюцца сілы. □ Аляксей пагушкаў лямпу на выцягнутай далоні і ўсміхнуўся: — Неашчадна! Гэта ж кілаграмы тры каляровага металу марнуецца. Б. Стральцоў.

2. Тое, што і мардавацца (у 2 знач.). — Ну, Андрушка, пускай дзяцей ды паедзем у Пінск. Годзе табе ўжо марнавацца тут. Колас. — У вёсцы дабра [Рыгор] не бачыў, а цяпер у турме марнуецца. Бажко.

3. Зал. да марнаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дарэ́мшчына, ‑ы, ж.

Разм.

1. Што‑н. дармавое, бясплатнае. Нельга квапіцца на дарэмшчыну. □ — А пан няхай скіне жупан ды сам вядзе саху! — жартавалі мужчыны. Нябось, думалі яны, каб пан меў права ні прыгон, то так лёгка не адрокся б ад дарэмшчыны! Якімовіч.

2. Несправядлівае абвінавачанне; нагавор, паклёп. — Не кажы глупства, — ужо са злосцю паглядзеў на Ягора Чубар, якому вельмі не хацелася, каб узводзілася дарэмшчына на групу палкавога камісара. Чыгрынаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)