добраахвотная яўр. абшчына каланістаў у дзяржаве Ізраіль. Першапачаткова меў с.-г., пазней агр.-прамысл. характар. Засн. на прынцыпах агульнай уласнасці (або арэнды) на зямлю і сродкі вытв-сці, добраахвотнай працы, роўных правоў і абавязкаў, супольнай матэрыяльнай адказнасці яго членаў. К. кіруюць абраныя камітэты. Узнікненне К. звязана з мэтамі сіянісцкага руху і рассяленнем яўрэяў у Палесціне, якое развівалася з пач. 20 ст. Першы К. створаны ў 1909 у Паўн. Галілеі; да 1914 на землях, што належалі Яўр.нац. фонду, было 14 К. Пасля 1-й сусв.вайны К. ператварыліся ў агр.-прамысл. паселішчы. У 1990 было 270 К. (ад 200 да 700 чал.), аб’ядноўвалі каля 125 тыс.чал. Яны адыгрываюць значную ролю ў нац. эканоміцы Ізраіля. Ідэалогія К. (прынцыпы дэмакратыі і роўнасці) значна паўплывала на фарміраванне грамадства краіны і яе паліт. эліты.
Літ.:
Гвати Х. Киббуц: так мы живем: Пер. с иврита. СПб.;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІПРЭ́НСКІ (Арэст Адамавіч) (24.3.1782, мыза Нежынская каля Капор’я, цяпер Ленінградская вобл. — 17.10.1836),
расійскі жывапісец і графік; прадстаўнік рамантызму. Скончыў Пецярбургскую АМ (1803), яе акадэмік з 1812. З 1809 у Маскве, у 1811 у Цверы, з 1812 у Пецярбургу, у 1816—22 і з 1828 у Італіі.
Працаваў пераважна ў жанры партрэта, у якім імкнуўся ўвасобіць рамант. ідэал яркай, унутр. незалежнай асобы. Творчасці ўласцівы прыўзнятасць вобразаў, эмац. насычанасць у раскрыцці псіхал. стану мадэлі, вылучэнне твару святлом на цёмным фоне, кантрасты плям насычанага колеру, вытанчаны каларыт, дакладнасць і выразнасць малюнка. Аўтар жывапісных партрэтаў А.К.Швальбе (1804), Я.В.Давыдава (1809), хлопчыка Чалішчава (каля 1809), Д.М.Хвастовай (1814), А.С.Пушкіна (1827), М.А.Патоцкай і С.А.Шувалавай з эфіопкай (каля 1835), аўтапартрэта з пэндзлямі за вухам (1808—09), серыі графічных партрэтаў удзельнікаў Айч.вайны 1812 і інш.
Літ.:
Турчин В.С. О.Кипренский. М., 1975;
Кислякова И.В. О.Кипренский: Эпоха и герои. М., 1977;
Валицкая А.Т. О.Кипренский в Петербурге. Л., 1981;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́САЎ (Сільвестр) (канец 16 ст., маёнтак Жаробычы Віцебскага ваяв. — 23.4.1657),
бел. і ўкр. царкоўны дзеяч, пісьменнік-публіцыст. Скончыў Віленскую брацкую школу, Люблінскі езуіцкі калегіум і Замасцянскую акадэмію. Выкладаў рыторыку ў Вільні і Львове. З 1631 праф. філасофіі ў Кіева-Пячэрскай школе, з 1633 архімандрыт Кіева-Пячэрскай лаўры, з 1634 епіскап магілёўскі, аршанскі, мсціслаўскі. У 1646 заснаваў Магілёўскі жаночы манастыр пры царкве св. Мікалая. У 1647—57 мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Русі (у межах Рэчы Паспалітай), экзарх канстанцінопальскага патрыяршага прастола. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 выступаў супраць падначалення Кіеўскай мітраполіі Маск. патрыярхату і далучэння ўкр. і бел. зямель да Расіі. Пісаў на польск. і царк.-слав. мовах. Аўтар публіцыст. і багаслоўскіх твораў «Экзегезіс» (1635, Вільня; прапанаваў новую сістэму адукацыі, абараняў правасл. святароў ад абвінавачванняў у пратэстантызме), «Патэрыкон, або зборнік жыццяў святых пячорскіх айцоў» (1635, перавыд. 1661, 1678), «Дыдаскалія, або навука для святароў» (1637, Куцейна) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОЎШ (Святаслаў Аляксандравіч) (1917, в. Ілья Вілейскага р-на Мінскай вобл. — 1997),
рэлігійны і грамадскі дзеяч бел. эміграцыі, пісьменнік. Сын А.Каўша. Скончыў Віленскую бел. гімназію і Віленскі ун-т. Пасвячоны ў дыяканы, быў псаломшчыкам у в. Засулле Стаўбцоўскага р-на. З 1939 завуч сярэдняй школы ў Стаўбцоўскім р-не. У 1941—44 супрацоўнічаў з ням.-фаш.акупац. ўладамі, быў старшынёй павета ў Клецку. З 1944 у Германіі, з 1949 у ЗША. У 1969 пасвячоны ў святары, і да 1977 быў настаяцелем бел. прыхода св. Кірылы Тураўскага ў Рычманд-Гіле (Нью-Йорк), у 1976—86 — прыхода св. Ефрасінні Полацкай у г. Саўт-Рывер (штат Нью-Джэрсі). З 1970 чл. епархіяльнай рады Бел.правасл. царквы Паўн. Амерыкі і Канады. У 1976—88 старшыня Злучанага беларуска-амерыканскага дапамогавага камітэта. Пасля 1976 рэдактар час. «Царкоўны сьветач», выдаваў «Беларускі праваслаўны каляндар». Аўтар кнігі балад і прозы «Русалчына балада», аповесці «На дарогах вайны» і інш.
Тв.:
Шляхам аўтакефаліі // Беларуская думка XX ст. Варшава, 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЗО́ВІЦА,
вёска ў Клімавіцкім р-не Магілёўскай вобл., каля р. Лабжанка, на аўтадарозе Клімавічы—Касцюковічы. Цэнтр сельсавета. За 6 км на ПдУ ад г. Клімавічы, 130 км ад Магілёва, 4 км ад чыг. ст. Асмолавічы. 141 ж., 61 двор (1998).
Вядома з 18 ст. У 1752 заснавана Лазовіцкая езуіцкая рэзідэнцыя. У 1780 у Клімавіцкім пав. Магілёўскай губ.; 115 ж., 23 двары. З 1784 мястэчка, праводзіліся 2 кірмашы на год. У 1861—236 ж., 32 двары, вадзяны млын, сукнавальня, царква, касцёл, малітоўны дом. У 1909 у мястэчку 202 ж., 24 двары, у аднайм. сяле 269 ж., 42 двары, царква, царк.-прыходская школа, вінная крама. З 1924 цэнтр сельсавета Клімавіцкага р-на Калінінскай акругі. У Вял.Айч. вайну ў вер. 1943 ням.-фаш. захопнікі часткова спалілі Л., пасля вайны адноўлена. У 1972—247 ж., 67 двароў.
Клуб, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнік архітэктуры — царква (пач. 20 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАФАЕ́Т (La Fayette, Lafayette) Мары Жазеф Мацье (Motier) дэ (6.9.1757, замак Шаваньяк, Францыя — 20.5.1834), французскі паліт. дзеяч, военачальнік. Ген.-маёр арміі ЗША (1780). На вайск. службе з 1771. З 1777 удзельнік вайны за незалежнасць у Паўн. Амерыцы 1775—83, вызначыўся ў вырашальных баях каля Йорктаўна (1781). З 1789 дэп.Генеральных штатаў ад дваран. У час Французскай рэвалюцыі 1789—99 да 1792 адзін з яе лідэраў, адзін з ініцыятараў і аўтараў Дэкларацыі правоў чалавека і грамадзяніна, з 14.7.1789 камандзір Нац. гвардыі. Выступаў за канстытуцыйную манархію, супраць радыкалізму якабінцаў. Пасля няўдалай спробы захаваць франц. манархію ў жн. 1792 намагаўся эмігрыраваць у Нідэрланды, аднак трапіў у аўстр. і прускі палон. Вызвалены ў 1797, вярнуўся ў Францыю ў 1800. Пасля 1815 адзін з лідэраў ліберальнай апазіцыі, чл. палаты дэпутатаў (з 1818). У час рэвалюцыі 1830 зноў камандаваў парыжскай Нац. гвардыяй, садзейнічаў узвядзенню на прастол Луі Філіпа. Падтрымліваў польск. эмігрантаў і польскі нац.-вызв. рух, адзін з заснавальнікаў Амерыканска-польскага к-та па аказанні дапамогі паўстанню 1830—31.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́БЕДЗЕЎ-КУМА́Ч (сапр.Лебедзеў) Васіль Іванавіч
(8.8.1898, Масква — 20.2.1949),
расійскі паэт. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1919—21). З 1922 супрацоўнік шэрагу газет, час. «Крокодил». Друкаваўся з 1916. Аўтар сатыр. вершаў, апавяданняў, фельетонаў (зб-кі «Чаінкі ў сподачку», 1925; «Сумныя ўсмешкі», 1927; «Калючыя вершы», 1945, і інш.). Адзін са стваральнікаў сав. масавай песні. Напісаў тэксты песень да кінафільмаў «Вясёлыя хлопцы» (1934), «Цырк» (1936), «Волга-Волга» (1937). Аўтар тэкстаў папулярных песень, у т. л. «Песня пра Радзіму», «Вясёлы вецер», «Спартыўны марш» (усе 1936); яго песня «Свяшчэнная вайна» (апубл. 24.6.1941) стала своеасаблівым гімнам у час Вял.Айч.вайны. Выдаў паэт.зб-кі «Кніга песень» (1938), «У бой за Радзіму» (1941), «Вершы для эстрады» (1948) і інш. Пісаў п’есы («Кірушкава перамога», 1926; «Жонка заўмага», 1940), вершы для дзяцей. На бел. мову асобныя яго вершы пераклалі А.Астрэйка, А.Куляшоў. Дзярж. прэмія СССР 1941.
Тв.:
Избранное. М., 1984;
Песня о Родине: Избр. стихотворения. Кемерово, 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕНЦ ((Lenz) Зігфрыд) (н. 17.3.1926, г. Элк, Польшча),
нямецкі пісьменнік. Дэбютаваў раманам «Ястрабы ў небе» (1951). Вядомасць прынёс раман «Урок нямецкай» (1968) пра антыфаш. Супраціўленне ў 2-ю сусв. вайну. У раманах «Хлеба і відовішчаў» (1959), «Жывы прыклад» (1973), «Краязнаўчы музей» (1978), «Страта» (1981), «На пляцы» (1985) узаемадачыненні асобы і гісторыі, маральныя паводзіны чалавека ў трагічных абставінах 2-й сусв.вайны, пошукі ідэальнага героя. Аўтар зб-каў апавяд. «Такой пяшчотнай была Зулейкен» (1955), «Парушальнік спакою» (1965), «Эйнштэйн перасякае Эльбу каля Гамбурга», «Пах мірабелі» (абодва 1975), філас. драмы-прытчы «Час бязвінных» (1961), радыёп’ес. Яго творам уласцівы сюжэтная разгалінаванасць, дакладнасць дэталі, ускладненасць сімволікі, уплыў філасофіі экзістэнцыялізму.
Тв.:
Рус.пер. — Урок немецкого. М., 1971;
Хлеба и зрелищ. М., 1975;
Живой пример. М., 1977;
Краеведческий музей. М., 1982;
Эйнштейн пересекает Эльбу близ Гамбурга. М., 1982;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ЕЎСКАЯ БІ́ТВА 1649,
бітва паміж войскам ВКЛ і аб’яднанымі казацка-сялянскімі паўстанцкімі атрадамі ў час антыфеадальнай вайны 1648—51 на Украіне і Беларусі. З мэтай не дапусціць войска ВКЛ на Украіну Б.Хмяльніцкі накіраваў у раён Лоева 6-тысячны атрад казакоў на чале з С.Падбайлам і І.Гаркушам. Казакі замацаваліся ў сутоках Дняпра і Сажа. У ліп. 1649 войска ВКЛ (6 тыс.чал.) на чале з гетманам польным Я.Радзівілам выступіла з-пад Рэчыцы ў напрамку пераправы цераз Дняпро (т. зв. «Лоеўскай брамы»). На дапамогу Падбайлу і Гаркушу з Палесся выйшла 15-тысячнае войска на чале з палкоўнікам кіеўскім М.Крычэўскім, да якога на Бел. Палессі далучылася 15 тыс. сялян-паўстанцаў. 31 ліп. казацкія і сялянскія атрады атакавалі ўрадавыя сілы. Бітва працягвалася з пераменным поспехам, але пад націскам кавалерыі, што падышла на дапамогу Радзівілу, казацка-сялянскае войска было разгромлена. Л.б. знайшла водгук у Еўропе, пра яе намаляваны батальныя сцэны, зроблена серыя габеленаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́ДЭНДОРФ ((Ludendorff) Эрых) (9.4.1865, маёнтак Крушэўня каля г. Познань, Польшча — 20.12.1937),
германскі ваен. і паліт. дзеяч. Ген. пяхоты (1916). Скончыў ваен. акадэмію ў Берліне (1893). У 1908—12 нач. аператыўнага аддзела Генштаба. У 1-ю сусв. вайну памочнік ген. П.Гіндэнбурга і фактычны кіраўнік дзеянняў герм. войск на Усх. фронце. 23—31.8.1914 разбіў 2-ю рас. армію ген. А.В.Самсонава каля Таненберга (цяпер в. Стэмбарк у Вармінска-Мазурскім ваяв. Польшчы). 3 ліст. 1914 нач. штаба фронту, са жн. 1916 1-ы ген.-кватэрмайстар штаба вярх. камандавання і фактычны кіраўнік дзеянняў узбр. сіл Герм. імперыі. 3 кастр. 1918 у адстаўцы. Удзельнік антысеміцкага руху, Капаўскага путчу 1920 і кіраўнік (разам з А.Гітлерам) «піўнога путчу» 1923 супраць Веймарскай рэспублікі. У 1924—28 дэп. рэйхстага. У 1926 разам з жонкай заснаваў т.зв. Таненбергскі саюз (у 1933 забаронены), які меў на мэце барацьбу з «унутранымі ворагамі дзяржавы» (яўрэямі, масонамі, камуністамі). Аўтар кніг «Вядзенне вайны і палітыка» (3-е выд. 1923), «Татальная вайна» (1936).