вышыня́, ‑і; мн. вышыні, вышынь і вышыняў; ж.
1. Адлегласць ад асновы да вяршыні. Вышыня вежы. Вышыня паверха дома. □ Насып каля моста меў пяціметровую вышыню. Шамякін. // Адлегласць ад зямлі ўверх да чаго‑н. Вышыня палёту. Вышыня зрэзу расліны. □ На вышыні больш чым тысячы метраў бліснулі ў ранішнім сонцы.. самалёты. Лынькоў.
2. Высокая прастора над зямлёй. Завоблачная вышыня. □ Луналі чайкі ў сінім паднябессі І крыкам нас віталі з вышыні. Аўрамчык.
3. Узвышша, пагорак. Заняць вышыню. □ На безыменнай вышыні Зноў разгарэўся бой. Танк.
4. Велічыня, памер, узровень чаго‑н. Вышыня ціску паветра. Вышыня голасу.
5. Перпендыкуляр, апушчаны з вяршыні фігуры на яе аснову. Вышыня трохвугольніка, трапецыі.
6. Вугал стаяння свяціла над гарызонтам.
•••
Быць на вышыні гл. быць.
З вышыні птушынага палёту — з вышыні, на якую падымаюцца птушкі.
Узняць на належную вышыню гл. узняць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адвалі́ць, ‑валю, ‑валіш, ‑валіць; зак.
1. што. Адвярнуць што‑н. цяжкае ад чаго‑н., што было прывалена ім ці перашкаджала чаму‑н. Адваліць каменную глыбу. // Зняць заваду ў дзвярах, варотах. Прытрымліваючы рукою крысы кажуха, да брамы падышоў гаспадар, не спяшаючыся адваліў завалу і адчыніў веснічкі. Пальчэўскі.
2. што. Аддзяліць, выдзеліць, адрэзаць каму‑н. значную частку чаго‑н. Адваліць лусту хлеба. / у іран. ужыв. Выхапіў.. [начальнік] з рук Паранькі паперы і, як бы для адчэпнага, піша — выдаць два рулоны. Во, колькі адваліў! Ракітны.
3. ад чаго і без дап. Адысці, адплысці, адляцець (пра судна, самалёт і пад.). Параход плаўна адваліў ад прыстані. Даніленка. Нарэшце пікіроўшчыкі адвалілі. Я думаў, што на палянцы сапраўды не асталося нічога жывога. Сабаленка. // Адысці, паменшаць колькасна, разысціся. У паўзе, калі пакупнікі адвалілі, Аксана разгарнула ілюстраваны часопіс. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ата́ка, ‑і, ДМ атацы, ж.
Імклівы напад на пазіцыі праціўніка. Ісці ў атаку. Псіхічная атака. Лабавая атака. □ Батарэя, у якой служыў Зыбін і ў якой засталася толькі адна гармата, адбівала атаку нямецкіх танкаў. Мележ. Пад шчыльнай завесай агню партызаны падняліся ў атаку. Навуменка. / У спартыўных гульнях. Люблю я ў футболе юнацкую сілу, Дакладнасць удараў, атак прыгажосць. Панчанка. // перан. Рэзкае абвастрэнне хваробы. Паведамленне ўрача аб тым, што хворая перанесла першую атаку рэўматызму ў нямецкім лагеры, узварухнула [Праша]. Шамякін. // перан. Разм. Дзеянне, накіраванне на дасягненне якой‑н. мэты. Тым часам маці даставала Чыгунчык з печы, лыжку брала І верашчаку налівала. А за сталом на верашчаку Падгатаўлялі ўжо атаку. Колас. Давайце песняй весці людзей За камунізм у атаку. Панчанка. — А як гэта ты, сусед, умудрыўся Антосевых качак перастраляць? — Макарчук перайшоў у атаку на Сіняўскага. Курто.
[Фр. attaque.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ве́ра, ‑ы, ж.
1. Упэўненасць у чым‑н., у здзяйсненні, ажыццяўленні чаго‑н. Вера ў свае сілы. □ Вера гартавала волю, надавала мужнасці. Шамякін. Маці больш не галасіла, Хоць з мякіны хлеб пякла, Бо адчулі рукі сілу, Вера ў сэрцы ажыла. Грахоўскі. Без меры няма веры. Прыказка.
2. Перакананне ў дадатных якасцях каго‑н. Ні суцяшэння, ні пажаданняў не трэба — Не, я не страціла чыстае веры ў людзей... Тарас. Цудоўны верш, наскрозь прасякнуты верай у чалавека і болем за яго. Бярозкін.
3. Перакананне ў рэальным існаванні звышнатуральных сіл. Вера ў бога. // Рэлігійнае вучэнне; веравызнанне. Каталіцкая вера.
•••
Браць (узяць) на веру што гл. браць.
Вачам веры не даваць гл. даваць.
Мера і вера гл. мера.
Мець веру ў каго-што гл. мець.
Сімвал веры гл. сімвал.
Служыць верай і праўдай гл. служыць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́лецець, ‑лечу, ‑леціш, ‑леціць; зак.
1. Узняўшыся адкуль‑н., паляцець. Птушка вылецела з гнязда. □ З самага крайняга вулля нечакана вылецеў рой. Кулакоўскі. // З’явіцца, паказацца адкуль‑н. у час палёту. Самалёты вылецелі з-за хмары. // Пачаць палёт, адправіцца, адляцець. Самалёт ужо вылецеў з Кіева.
2. З сілай вырвацца, выйсці на паверхню, прастор. Куля вылецела з ствала. Корак вылецеў з бутэлькі. // Імгненна выпасці адкуль‑н., з чаго‑н. Вылецелі шыбы ад выбуху.
3. перан. Імкліва выехаць, выбегчы адкуль‑н. Раптам з-за павароту дарогі вылецелі насустрач.. машыне тры грузавікі. Шамякін. Грыша схапіў кашулю і подскакам вылецеў з пакоя. Пестрак.
4. перан. Разм. Выбыць адкуль‑н. не па свайму жаданню. Вылецець з інстытута. Вылецець са службы.
•••
Вылецець (выскачыць) з галавы (з памяці) — забыцца.
Вылецець кулём (куляю) — тое, што і выскачыць кулём (куляю) (гл. выскачыць).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абрэ́заць, ‑рэжу, ‑рэжаш, ‑рэжа; зак., каго-што.
1. Адразаючы па краях ці з канцоў, пакараціць, паменшыць што‑н.; падрэзаць. // Аддзяліць, адрэзаць што‑н.; зрэзаць. Абрэзаць на яблыні сухія галіны. □ Не марудзячы ні хвіліны, ён [Маеўскі] абрэзаў стропы і адскочыў убок. Шамякін. // Зняць, зразаючы збоку, па ўсёй паверхні. Абрэзаць гарэлую скарынку ў хлебе. // перан. Паменшыць, скараціць памеры ці колькасць чаго‑н. Абрэзаць паёк. □ У адных абрэзалі зямлю, другім далі. Каваль.
2. Пашкодзіць, параніць чым‑н. вострым. [Жэнька] яшчэ не ўмее жаць, — раз прабавалі: ды палец абрэзала — яшчэ знак ёсць. Крапіва.
3. перан. Разм. Рэзка перапыніць, абарваць чым‑н. гаворку, прымусіць змоўкнуць. — Як з цябе прымак, калі кашуля ў цябе чорная, як у камінара, — абрэзала жартаўніка бойкая Зоя. Грахоўскі.
•••
Абрэзаць (падрэзаць) крылле (крылы) каму — перашкодзіць каму‑н. шырока разгарнуць сваю дзейнасць, выкарыстаць свае здольнасці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
крыклі́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які многа крычыць, любіць крычаць, гучна гаварыць. Крыклівае дзіця. □ Байцы трошкі крыўдавалі за яго залішнюю строгасць, але ў баях цанілі крыклівага старшыну. Быкаў. Меў .. [Ніканор] пяток дзяцей і крыклівую бабу. Яна заўсёды крычала па яго, што ён гультай. Бядуля.
2. Гучны, моцны, прарэзлівы (пра голас, гукі). Крыклівы голас. // Які мае такі голас, з такім голасам. У густых верхавінах елак цэлымі днямі кружацца ля сваіх гнёздаў крыклівыя вароны, нібы сварацца між сабой. Якімовіч.
3. Які суправаджаецца крыкам; шумны, сварлівы. Крыклівая размова.
4. перан. Які прымушае звярнуць на сябе ўвагу сваёй яркасцю, стракатасцю. Крыклівая рэклама. □ Фінця Паўлаўна прытрымлівалася ранейшага рэжыму і заставалася прыгожай. Аднак увесь гэты нейлон, перлон цяпер на ёй быў крыклівы. Грамовіч. [Візэнера] не радавалі крыклівыя паведамленне аб паспяховым наступленні нямецкіх войск... Чаго варта гэтае наступленне. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зарадзі́цца 1, ‑родзіцца; зак.
Узяць пачатак, узнікнуць. Задума напісаць паэму пра Кастуся Каліноўскага зарадзілася ў Танка пры абставінах, вартых асобнай увагі. У. Калеснік. У беларускіх саўгасах масавае спаборніцтва зарадзілася ў веснавую пасяўную кампанію 1929 г. «Весці».
зарадзі́цца 2, ‑раджуся, ‑радзішся, ‑радзіцца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць зараджаным (пра агнястрэльную зброю, зарад і пад.). Стрэльба зарадзілася. Міна зарадзілася.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць гатовым да дзеяння, выкарыстання. Фотаапарат зарадзіўся.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Назапасіць патрэбную колькасць якой‑н. энергіі (пра якое‑н. цела, прыбор і пад.). Акумулятар зарадзіўся.
4. перан.; чым і без дап. Пабыць некаторы запас энергіі, падбадзёрыць сябе. Зарадзіцца бадзёрасцю. □ Шыковіч не толькі «не разрадзіўся» ў той дзень, як яму здавалася, зморанаму фізічна і душэўна, а наадварот — «зарадзіўся». Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
змо́ўкнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. змоўк, ‑ла; зак.
1. Перастаць раздавацца, сціхнуць (пра гукі). Песня змоўкла. □ Змоўкла музыка ў гарадскім парку. Хадкевіч. Гоман працы змоўк у полі, Сціхлі гукі за ракой. Гілевіч.
2. Перастаць гаварыць, крычаць, пець і пад.; замоўкнуць, заціхнуць. Мікіта Мінавіч на хвіліну змоўк і зноў абвёў усіх спакойным поглядам. Кулакоўскі. Недзе далёка зноў закукавала зязюля і адразу змоўкла. В. Вольскі. / Пра музычны інструмент, радыё, тэлефон і пад. Ужо і радыё змоўкла, але сама [Маша] ніяк не магла заснуць. Гроднеў. // Спыніць стральбу (пра агнястрэльную зброю). Кулямёт змоўк. □ Самаходка тым часам змоўкла, затое ротныя мінамёты пачалі біць раз-поразу. Кулакоўскі. // Перастаць напаўняцца гукамі, гоманам і пад. Неяк нечакана змоўкла вёска, не чуваць было ні галасоў, ні шуму машын. Шамякін. Не інакш, як перад наступленнем Змоўкла франтавая паласа. Аўрамчык.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бяско́нцы, ‑ая, ‑ае.
1. Бязмежны, бяскрайні, без канца і пачатку. Недзе ў бясконцым блакіце неба курлыкалі жураўлі. Гамолка.
2. Надзвычай доўгі, працяглы. Бясконцая прамова. Бясконцы шлях. Бясконцая ноч. □ [Вася:] — Я не спаў, добра памятаю, што не спаў, але сніў сны, бясконцыя, цяжкія, жудасныя. Шамякін. // Бесперапынны, няспынны. Бясконцым патокам у гумны Снапы залатыя плылі... Панчанка. // Які ніколі не канчаецца, не змаўкае, працяглы. З вышыні на зямлю лілася бясконцая песня нябачных жаваранкаў. Алешка.
3. Вельмі моцны, нязмерны па сіле праяўлення, па велічыні. У яго [Ляткоўскага] голасе была тая бясконцая радасць жыцця, якую толькі і можна выказаць песняй. Вітка.
4. Які маецца ў вялікай колькасці; шматлікі. Дзе б гэта магло быць? У Мінску? Ці ў адной з гэтых бясконцых вёсак, у якіх пабываў.. [Павел], крочачы па доўгіх франтавых дарогах? Васілёнак. Школа акуналася ў новае жыццё, поўнае бясконцых цікавых таямніц. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)