ІБРАГІ́МАЎ (Уладзіслаў Ахмедавіч) (н. 8.1.1945, Кіеў),

бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1979), праф. (1983). Скончыў Маскоўскі ун-т (1968). З 1979 у БПА. Навук. працы па матэм. тэорыі пластычнасці і нелінейнай механіцы разбурэння дэфармаваных цвёрдых цел. Распрацаваў метад абагульненых аналіт. выяўленняў у нелінейных двухмерных сінгулярных краявых задачах, выканаў цыкл даследаванняў па пабудове асімптотыкі рашэння задач аб расколінах, прапанаваў набліжаны метад рашэння краявых задач пластычнасці пры канечных дэфармацыях.

т. 7, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАНО́Ў (Аляксандр Васілевіч) (19.2.1919, Масква — 24.12.1964),

бел. матэматык. Д-р тэхн. н. (1958), праф. (1962). Скончыў Маскоўскі пед. ін-т (1941). З 1957 у Ін-це энергетыкі, з 1959 у Ін-це матэматыкі і выліч. тэхнікі АН БССР. Адначасова выкладаў у БДУ. Навук. працы па аналіт. тэорыі цеплаправоднасці, канечных інтэгральных пераўтварэннях, аперацыйным вылічэнні.

Тв.:

Операционный метод в задачах теплопроводности и тепло- и массопереноса // Теплофизика в литейном производстве. М., 1963.

т. 7, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСАЧЭ́НКА (Анатоль Рыгоравіч) (н. 28.5.1922, г. Гомель),

расійскі географ і картограф. Акад. Расійскай экалагічнай акадэміі (1992). Д-р геагр. н. (1963), праф. Санкт-Пецярбургскага ун-та (1964). Скончыў Ленінградскі ун-т (1947). Навук. працы па ландшафтазнаўстве, фіз.-геагр. раянаванні, складанні ландшафтных картаў (рэдагаваў Ландшафтную карту Беларускай ССР маштабу 1:600 000; 1984), пытаннях экалогіі. Залаты медаль імя П.П.Сямёнава-Цян-Шанскага (1963), Вял. залаты медаль Расійскага геагр. т-ва (1995).

В.А.Ярмоленка.

т. 7, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЛЕР (Уладзілен Лазаравіч) (н. 11.11.1925, г. Мсціслаў Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне біяхіміі. Д-р біял. н. (1972). Скончыў БДУ (1955). З 1994 у Ін-це эксперым. батанікі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па даследаванні біясінтэзу хларафілу і фотасінтэзу з выкарыстаннем метадаў матэм. і кібернетычнага мадэліравання біяфіз. і біяхім. працэсаў у раслінах. Адзін з аўтараў электракаагуляцыйнага спосабу ачысткі прамысл. сцёкавых вод.

Тв.:

Авторегуляция образования хлорофилла в высших растениях. Мн., 1976.

т. 7, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТО́МЦАВА (Людміла Аляксееўна) (н. 10.8.1943, Масква),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1992). Скончыла БДУ (1965). З 1965 у Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па нелінейнай дынаміцы лазераў і аптычных сістэм, унутрырэзанатарнай спектраскапіі. Даследавала прычыны і ўмовы суіснавання некалькіх стацыянарных станаў (мультыстабільнасць), пераключэнне паміж імі з назіраннем гістэрэзісных з’яў, развіццё дынамічных рэжымаў у розных тыпах лазераў.

Тв.:

Автоколебания в лазерах. Мн., 1990 (разам з А.М.Самсонам, Н.А.Лойка).

т. 8, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЧАРГІ́Н (Анатоль Іванавіч) (н. 26.1.1937, г. Жлобін Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне тэхналогіі машынабудавання. Канд. тэхн. н. (1972), праф. (1991). Скончыў БПІ (1960) і БДУ (1968). З 1960 у БПА, з 1984 заг. кафедры. Навук. працы па тэорыі рэзання і канструяванні металарэзнага абсталявання. Даследаваў сувязі паміж уласцівасцямі металаў і іх апрацавальнасцю рэзаннем.

Тв.:

Автоматы и автоматические линии. Мн., 1980;

Конструирование и расчет металлорежущих станков и станочных комплексов. Мн., 1991.

т. 8, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЁНІГСБЕРГ (Якаў Эмануілавіч) (н. 4.8.1939, г. Мазыр Гомельскай вобл.),

бел. вучоны-імунолаг. Д-р біял. н. (1982), праф. (1993). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1962). З 1970 у БелНДІ эксперым. ветэрынарыі, з 1988 у Н.-д. клінічным ін-це радыяцыйнай медыцыны і эндакрыналогіі (нам. дырэктара). Навук. працы па радыяцыйнай медыцыне, гігіене, ахове арганізма ад уздзеяння радыяцыі.

Тв.:

Pathway analysis and dose distributioris: Final report. Brussels;

Luxembourg, 1986 (у сааўт.).

т. 8, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РШУН (Леанард Іванавіч) (4.7.1932, г. Полацк Віцебскай вобл. — 7.4.1995),

бел. вучоны ў галіне буд. механікі. Канд. тэхн. н. (1963), праф. (1988). Скончыў БПІ (1956), дзе і працаваў (з 1977 прарэктар). З 1980 рэктар Брэсцкага політэхн. ін-та. Навук. працы па матэм. мадэлях, метадах і алгарытмах аптымізацыі стрыжнёвых канструкцый ва ўмовах рэальнага праектавання і вывучэнні заканамернасцей іх напружана-дэфармаванага стану пры сілавых уздзеяннях.

Тв.:

Строительная механика Мн., 1986 (разам з Я.П.Доўнарам).

т. 8, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАСО́ЎСКІ (Антон Якаўлевіч) (18.3. 1821, г. Слуцк Мінскай вобл. — 25.4. 1898),

расійскі ўрач; адзін з заснавальнікаў аперацыйнага акушэрства і гінекалогіі ў Расіі. Праф. (1858). Скончыў Пецярбургскую медыка-хірург. акадэмію (1848). Працаваў у ёй (у 1858—76 заг. кафедры). З 1871 дырэктар Пецярбургскай радзільнай установы. Навук. працы па хірургіі, анатама-гісталагічных і фізіял. даследаваннях жаночых палавых органаў. Выканаў першую ў Расіі аперацыю па выдаленні яечніка. Заснавальнік час. «Журнал акушерства и женских болезней».

т. 8, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУ́ТЦЭН ((Crutzen) Паўль) (н. 3.12.1933, Амстэрдам),

вучоны ў галіне метэаралогіі і хіміі атмасферы. Чл. Каралеўскай АН Швецыі (1992), чл.-кар. Каралеўскай АН Нідэрландаў (1990) і Нац. АН ЗША (1994). Скончыў Стакгольмскі ун-т (1963). З 1980 у Ін-це біяхіміі імя М.Планка (г. Майнц, Германія). Навук. працы па даследаванні працэсаў утварэння і раскладання азону ў атмасферы, уплыву забруджання паветра на азонавы слой Зямлі. Нобелеўская прэмія 1995 (разам з М.Моліна, Ш.Роўландам).

Б.В.Корзун.

т. 8, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)